Абарона ад дурака

Тамара Мацкевіч
04.08.2015

У электроніцы ёсць такі тэрмін – абарона ад дурака. Г. зн., калі дурань нешта зробіць не так, прыкладам, пераблытае “плюс” з “мінусам”, прылада не павінна папсавацца.

Амаль усе складаныя тэхнічныя механізмы маюць такую схему.  Мела яе і Чарнобыльская станцыя, аварыю на якой, справакаваў па звестках МАГАТЭ якраз дурань, што па загадзе зверху адключыў тую самую абарону ад дурака.

Я вяду да таго, што дурань, які трапляе наверх, які надзелены паўнамоцтвамі, нашмат страшней любой тэхнагеннай катастрофы. Ён і ёсць катастрофа сам па сабе.

Здаецца, схема абароны ад дурня у грамадзтвае відавочная – трэба каб уладу атрымлівалі самыя  разумныя і адказныя людзі. Дзеля гэтага прыдумалі выбары. Але так здарылася, што у Беларусі яны ніяк не запрацуюць.

Я магу зразумець дырэктароў школ, якія ўзначальваюць выбарчыя камісіі. Яны мысляць па-свойму лагічна. Маўляў, выбараў усё роўна няма, змяніць нічога немагчыма, то калі я пайду на прынцып і не ўзначалю камісію, не падпішу той пратакол, не падпарадкуюся “дурню зверху”, то мяне пазбавяць паўнамоцтваў, і школу ўзначаліць такое “чмо”, што ўсяму жывому, што выбудоўвалася гадамі насуперак сістэме – інавацыям, супрацоўніцтву ў педкалектыве, прыйдзе гамон. Так было ў Беларускім гуманітарным ліцэі, калі на месца дырэктара міністэрствам была прызначана тэрмінатарша, за што пазней атрымала пасаду дэпутаткі палаты. Вядома, праз “чэсныя” выбары.

“Дзяцей шкада. Хто іх будзе вучыць, калі і мяне прымусяць сыйсці?” – так думаюць настаўнікі і таксама не адмаўляюцца ад удзелу ў выбарчых камісіях і падпісваюць тыя  выбарчыя пратаколы, хаця на свае вочы бачаць, што яўка і лічбы зусім не адпавядаюць таму, што яны падпісваюць. Выбары ператварыліся ў чарговыя неўласцівыя абавязкі, да іх педагогі ставяцца, як да непазбежнага зла і фармальнасці – хутчэй падпісаў і забыўся.

 

Я не ведаю, ці правільна яны робяць, свядома ідучы на крымінальнае злачынства. Па вялікім рахунку, на сваім маленькім узроўні яны выстройваюць абарону дзяцей ад дурня ў выглядзе яшчэ горшага дырэктара і настаўніка.

Я нават ведаю дырэктара, які, выконваючы план, запісваў у БРСМ сваіх уласных дзяцей, каб не калечыць іншых – сваім ён дома мог усё патлумачыць. Праўда, доўга яго ўсё адно не пратрымалі, відаць, раскусілі хітрыкі. Маладзечанскія настаўнікі некалі прыдумалі сваю абарону ад саўдзелу у злачынстве – яны раілі сваім калегам падпісацца хоць на месяц на “Народную волю”. З працы за гэта пакуль не праганялі, але і ў выбарчую камісію і пікеты не бралі.

Нядаўна група беларускіх настаўнікаў была на навучанні разам з армянамі, украінцамі, казахамі, шведамі… У кулуарах было шмат размоваў. Казахі, паслухаўшы нашых, як тыя спрабуюць на голым энтузіязме насуперак сістэме ўкараняць сучасныя падыходы ў адукацыі,  нам паспачувалі. Кажуць, іхні Назарбаеў, хоць стары, але інтэлекту не пазбаўлены, таму ён ўвесь час свайго кіравання клапоціцца пра інтэлект нацыі, нават усе школы будуюцца і перабудоўваюцца пад сучасныя патрабаванні, насычаюцца тэхнікай, перакладаюцца на казахскую мову найлепшыя ў свеце падручнікі.  Школа – не казарма і турма з калідорам і стандартнымі стэндамі. Яна сёння месца для саманавучання, працэсам якога кіруе настаўнік. То і дызайн прасторы робіцца іншым: закуткі з партамі ці канапамі, бібліятэка з камп’ютарамі і сучаснымі медыякансультантамі, кавярні з wi-fi. Усе суседзі па “сацлагеры” не маглі паверыць, што дагэтуль у нас захаваліся піянеры, школьная форма, замест выхаваўчай працы – псеўдапатрыятычная паказуха, якая больш нагадвае прапаганду мілітарызму.

Проста ў нас на самым версе – троечнікі і няўдачнікі. Яны не прымаюць новыя тэндэнцыі, бо IQ не дазваляе іх зразумець і асэнсаваць. Яшчэ горш, што і падначаленых сабе падбіраюць паводле інтэлекту, каб, крый божа, не разумнейшыя. Вось і маем, як пісаў бессмяротны Уладзімір Караткевіч, найгоршае ў свеце начальства. Катастрофы, калі і ўдаецца пазбягаць, дык толькі дзякуючы тым нармальным разумным людзям-прафесіяналам, якія выстройваюць свае маленькія абароны ад вялікіх дурняў, як тыя дырэктары і настаўнікі, што фальсіфікуюць выбары дзеля таго, каб ім дазволілі вучыць дзяцей.  Атрымліваецца зачараванае кола.

Што з гэтым рабіць – я не ведаю. Асабліва цяпер, калі дзяржпрапаганда выцягнула з нафталіну стары савецкі лозунг “абы не было вайны” і  палохае ўсіх Украінай. Але я дакладна ведаю адно – калі не працуе абарона ад дурняў – сумленныя выбары – тады вайна і здараецца. Можа ўсё ж такі рызыкнуць і паспрабаваць, каб не нашымі рукамі?