«Какой подлец!»

Тамара Мацкевіч
21.11.2015

Учора, прабягаючы міма Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, у імправізаванай курылцы на вуліцы  ўбачыла каля дзясятка святочна апранутых настаўніц, якія бавілі час за размовамі і перакурам. “Подумай, какой подлец!” – даляцела да маіх вушэй фраза адной з курыльшчыц. Я ні на кроплю не здзівілася ўзроўню дыскусіі адукацыйнай эліты і пабегла далей.

Ужо дома на сайце Міністэрства адукацыі я прачытала, што ў гэты дзень у АПА праходзіў форум «Роль русского языка и литературы в современном культурно-образовательном пространстве», ідэйным натхняльнікам і спонсарам якога быў сумнавядомы расійскі фонд “Русский мир”.

У тым жа артыкуле сцвярджаецца, што форум для “Русского мира” арганізоўваў Нацыянальны інстытут адукацыі. Дазвольце нагадаць – структура Міністэрства адукацыі незалежнай Рэспублікі Беларусь. На форум сабраліся больш за 100 дэлегатаў, сярод якіх "молодые учителя из всех регионов Беларуси”.

Цікава, а хто іх дэлегаваў? Якія арганізацыі? Можа структуры тога самага Русского міра? Ці яны не падпадаюць пад арт. 193.1 Крымінальнага кодэкса?

Далей можна прачытаць, што за ідэі гучалі на тым форуме. Цытую:

“Человек с детства думает и выражает свои мысли на родном языке, с его помощью он познает мир и приобщается к национальной и мировой культуре… Преподавание русского языка и литературы в школе призвано обеспечивать выполнение этих задач. К тому же, изучение русского языка и литературы, освоение воплощенных в литературе образцовых форм русской речи играют ведущую роль в процессах воспитания личности, развития ее нравственных качеств и творческих способностей, в приобщении к отечественной и зарубежной культуре, в продолжении национальных традиций и сохранении исторической преемственности поколений.”

Ці можна сабе ўявіць, каб якія немцы праводзілі падобны форум у Польшчы з мэтай навучыць настаўнікаў нямецкай мовы прышчапляць нямецкія нацыянальныя традыцыі польскім вучням, пры гэтым называючы нямецкую мову і літаратуру роднай для палякаў! І яшчэ каб для гэтага Міністэрства адукацыі Польшчы сваімі рукамі збірала настаўнікаў. Ці каб фіны раптам вырашылі, што іх дзецям трэба ідэнтыфікаваць сябе як шведаў, і прымушалі іх называць шведскую культуру “ацечэственнай”, а сваю – “зарубежнай”.

Не, людцы! Такое магчыма рабіць толькі з намі – таму што мы краіна “победившего социалистического сюрреализма".

Хаця… Сёння я ўзгадала фразу, якая даляцела да маіх вушэй. А раптам настаўніцы-дэлегаткі, якія курылі каля ганку, абмяркоўвалі не чарговую плётку ці салідарнічалі з няшчаснай гераіняй серыялу. Раптам гэтая фраза была адрасаваная амбасадару Расіі Сурыкаву, які не пасаромеўся прыйсці на той форум і папраўляць свечкі ў чужым храме. Ці нашаму міністру Міхаілу Жураўкову, якому не хапіла мужнасці забараніць тое  мракобесие пад выглядам адукацыйнага мерапрыемства. Што думаеце?