Здаровы лад жыцця хворых людзей

Тамара Мацкевіч
01.03.2016

Некалькі год таму ў прэсе быў артыкул пра тое, як замежнікі, якія наведалі беларускую школу, не маглі зразумець, чаму нашых дзяцей так хвалюе тэма здароўя. Пытанні здароўя ва ўсім свеце выходзяць на першае месца толькі ў пенсіянераў ці хворых людзей, а дзеці і падлеткі традыцыйна цікавяцца музыкай, модай, хочуць быць незалежнымі, мець свае фінансы, сяброў, павагу і пры гэтым пратэставаць, весяліцца і кахаць. І толькі ў Беларусі школьнікі замест жыцця выбіраюць ЗОЖ. Што з імі не так?

Калі для замежнікаў гэта загадка, то для беларусаў – не. Наша школа вучыць дзяцей лгаць.

Тэмаў, якія не забаронена абмяркоўваць у школе, насамрэч мала: спорт, здаровы лад жыцця, ура-патрыятызм, БРСМы-піянеры – тэмаў мёртвых, нецікавых, мала актуальных. Настаўнікі настолькі прывучылі дзяцей да самацэнзуры, да прытворства і няшчырасці, што тыя прынялі правілы гульні і, як у турме, не выходзяць за дазволеныя рамкі, мысляць штампамі, гавораць лозунгамі. Адсюль і прытворства, што здаровы лад жыцця іх моцна хвалюе. Настаўнікі самі падтрымліваюць канфармізм і правакуюць цынізм.

Калі чэхі, наіўна спадзеючыся наладзіць супрацоўніцтва з беларускімі адукацыйнымі чыноўнікамі і зрабіць добрую справу, абвесцілі разам з імі конкурс “Я – грамадзянін”, перамагчы павінен быў праект, які падымаў самую актуальную для моладзі і грамадства тэму. Хочаце ведаць якая тэма перамагла? – "Адсутнасць грамадскіх прыбіральняў у горадзе Барысаве". Вам сорамна? Мне таксама. Але вучням-грамадзянам – не! І гэта самае страшнае.

А тэмы, якія сапраўды хвалююць моладзь, ніхто ў праектах не закрануў: ці пабаяліся, ці не рызыкнулі, ці думалі, што так і трэба. Выбіраць пераможцаў не было з каго – аддалі перавагу прыбіральням.

Проста барысаўскія вучні разам з настаўніцай “схітрылі” – прыдумалі нестандартную з дазволеных тэмаў і… паехалі ў Прагу на экскурсію. А як апраўдваліся чэхі за  конкурс “Я – грамадзянін”, што меў на мэце вучыць будаваць дэмакратыю, а не прыбіральні – я не ведаю.

Нашы дзеці сапраўды хворыя. Хворыя маральна. Менавіта таму насценгазеты ў школах навязліва прапануюць займацца спортам і распавядаюць пра курэнне і наркотыкі. Любы першакласнік зможа вам без запінкі распавесці пра ўсе шляхі перадачы СНІДу. Дзякуй богу, пакуль не ўвялі практычных заняткаў. Асвятленню жыцця наркаманаў, курцоў і віч-інфекаваных прысвечана больш гадзінаў, чым усёй сусветнай культуры. Школьныя стэнды распісаныя золатам па залатым, але нідзе няма месца для графіці ці прэзентацыі даследчага праекта вучня.  Немагчыма ўявіць падчас класнай гадзіны жывы дыспут хаця б пра патрэбнасць і выгляд школьнай формы, пра справядлівасць, андэграўндную беларускую музыку, моладзевую эміграцыю ці сацыяльную няроўнасць.

Паказуха і двудушша школы сталі нормай. Настаўнікі на паперы асвойваюць любыя навучальныя інавацыі і пішуць справаздачы пра свае поспехі. Дзеці-канфармісты ўзялі на ўзбраенне лозунг “мы – лідары” і здымаюць ролікі, робяць школьныя газеты, ладзяць канцэрты, маршыруюць не горш за паўночных карэйцаў! Глядзець на гэта немагчыма – адразу ўзгадваецца знакаміты дэматыватар, дзе Джордж Оруэл апраўдваецца “1984 – гэта папярэджанне, а не інструкцыя”.

Здаровы лад жыцця ў нашай школе настане тады, калі школьная сістэма перастане калечыць дзяцей, прыніжаць настаўнікаў, прымушаючы іх хлусіць, хаваць свае думкі, лічыць хлусню нормай для нашага грамадства… Тады дзеці, якія вырастуць у праўдзе, перанясуць свае навыкі і каштоўнасці ў дарослае жыццё, якое стане больш здаровым.  І не будзе патрэбы з такой помпай прапагандаваць здаровы лад жыцця хворых людзей.