Што будзем сеяць?

Тамара Мацкевіч
31.08.2016

У першы дзень навучальнага года заўсёды гучыць шмат прыгожых словаў рознай ступені шчырасці. Не ведаю як вы, а я іх слухаць не магу. Асабліва пра “сеяць разумнае, добрае, вечнае”. Хто-небудзь ведае, што за імі стаіць?

Я вось сёння хачу пажадаць настаўнікам не балбатаць, а задумацца, каго мы выхоўваем? Навошта нашым дзецям той розум? Для каго дабрыня? Што значыць вечнае?

Традыцыйна лічыцца, што беларусаў паўсюль любяць. І беларусы гатовы вылузнуцца са скуры, каб і надалей трымаць свой імідж. Асабліва распаўсюджаны армейскія показкі старэйшага пакалення пра “хахлоў” і “чурак”, якіх не любілі ў войску, пры гэтым беларусаў, пазбаўленых нацыянальнай самасвядомасці, салідарнасці, грамадзянскай пазіцыі, якія не стаялі за свайго, не адстойвалі праўду, начальства адбірала для халуйскіх справаў. Гэта тое, за што нас, беларусаў, “любілі”. 

Што змянілася з тых часоў? А нічога!

“Што мы за нацыя такая – нацыя рабоў!” – усклікнуў мой сусед, які некалькі год спрабаваў дастукацца да настаўнікаў, кіраўніцтва школы і бацькоў, каб спыніць траўлю свайго сына ў прэстыжнай установе адукацыі. Салідарызавацца беларусы не ўмеюць – ад вырашэння праблем  “хаваюцца ў бульбу”, з’язджаюць за мяжу, сыходзяць ва ўнутраную эміграцыю.

Болей за дзве траціны маладых людзей ад 18 да 24 гадоў жадаюць пераехаць у іншую краіну. Назаўжды. Аб гэтым кажуць дадзеныя сацыёлагаў.  Нашы выпускнікі, якіх школа аберагае ад нацыянальнага выхавання і грамадзянскай адукацыі, імкнуцца ў парабкі за мяжу. Разумныя – на Захад, іншыя – у Маскву. У парабкі, бо шукаюць лепшага начальства, уцякаюць ад праблем.  

Я не люблю словаў пра патрыятызм і тое, што мы абавязаны любіць сваю мову і краіну. Я прагматычна ведаю, што быць беларусам, трымацца сваіх каранёў і ўмець расстаўляць прыярытэты – эканамічна мэтазгодна. Больш за тое, гэта адзіны спосаб выжыць у глабальным свеце. (Гэта маё разуменне “сеяць вечнае”, калі хочаце)

Вы можаце ўявіць, каб чалавек, які мае сваю сям’ю, зарабляў грошы для суседа? Ці маці, якая нарадзіла дзіця, аддала яго іншым людзям і тым ганарылася?  А чаму ж тады нас, беларусаў, не любіць, калі мы (бацькі і школа) мэтанакіравана вырошчваем адукаваных і прывучаных да палкі і паслушэнства людзей, каб бясплатна накіраваць іх у халуі да іншых?  Ды пры гэтым яшчэ не саромеемся пахваліцца: маўляў, мой лепшы вучань працуе ў Амерыцы!  Пры гэтым настаўнікі скардзяцца на малыя заробкі, не ўсведамляючы, што яны падвысяцца, толькі калі іх лепшыя вучні будуць жыць і плаціць падаткі ў сваёй краіне, а не аддаваць амерыканскім настаўнікам, якія іх не вучылі.

А хто, як не мы, настаўнікі і бацькі, вінаватыя, што нашыя вучні не саромеюцца быць эмігрантамі? Гэта значыць, свядома зарабляць грошы на пенсіі чужым бацькам, пакінуўшы сваіх. Гэта значыць пагадзіцца “жыць” у сацыяльных сетках, бо эмігранты ў першым пакаленні не інтэгруюцца. Гэта значыць, ведаць, што іх дзеці (каму ўдасца пабудаваць сям’ю) будуць чужыя і тут, і там, і ў іх будзе расці незадаволенасць, агрэсія. (Прааналізуйце, хто здзяйсняе тэрарыстычныя акты у Еўропе – у бальшыні гэта дзеці “шчасліўцаў”, якія пакінулі Радзіму). Я ўжо не кажу пра тых, якія наймаюцца на працу на птушыных правах, і, атрымаўшы заробак, часам знікаюць на прасторах усходняй суседкі…

Таму ў Дзень ведаў, я заклікаю да таго, каб мы, настаўнікі, навучыліся супрацоўнічаць, аб’ядноўвацца, адстойваць свае правы, і вучылі гэтаму дзяцей. Толькі тады нас будуць паважаць, не любіць. Любоў  – гэта пачуцце для сваіх блізкіх: дзяцей, бацькоў, сям’і, Радзімы. Ад любові да раба трэба пазбаўляцца. Хто мяняе свабоду на хлеб, не атрымлівае ні хлеба, ні свабоды.