Дзень настаўніка на беларускім тэлеэкране

Тамара Мацкевіч
03.10.2016

Дзень настаўніка я прахварэла ў вёсцы без інтэрнэту і цэлы дзень шчоўкала 9 сацыяльных тэлеканалаў, якія ўваходзяць у набор абавязковай трансляцыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Спадзявалася паглядзець які фільм пра школу, настаўнікаў… Ну хоць бы якую “Большую перемену”.

Аднак замест гэтага тэлевізар расказаў мне, што каталіцкая царква цалкам прагніла, але Ватыкан дагэтуль правіць светам праз свае банкі і афшорныя зоны, памнажаючы ў свеце галечу. І 112-ты Папа будзе апошнім перад канцом свету. Потым той жа канал распавёў, што ўсе амерыканскія прэзідэнты – гэта агенты брытанскай разведкі. І папраўдзе свет вядзе да апакаліпсісу каралеўская дынастыя. Праўда, усё ніяк не давядзе. (А як жа Ватыкан?) А ўсё таму, што у жылах каралевы Лізаветы Другой цячэ кроў Дракулы. Праз колькі хвілін я даведалася, што Барак Абама – наогул таемны стаўленнік мусульманскага свету, які стаў прэзідэнтам у выніку спецаперацыі арабскіх шэйхаў, якія кіруюць сусветным тэрарызмам.

Я не спыняла надзеі знайсці фільм. Аднак у Дзень настаўніка беларускае тэлебачанне мне прапаноўвала толькі крымінальныя серыялы, дзе героі, вядома ж, расійскія сілавікі, а не настаўнікі. Праўда, натрапіла на фільм “Судьба”, дзе галоўны герой у выкананні Яўгенія Матвеева адразу заклікаў мяне паміраць “За Родину, за Сталина!”

Ага, добра, што я шматкроць прачытала дапаможнік “Медыяадукацыя ў школе”. Як абазнаны медыяадукатар я палюбавалася абліччам галоўнага героя, пераканалася, наколькі ён падобны да Брэжнева. Няма сумневаў, што СССР спрыяў малаталенавітаму актору і яшчэ менш таленавітаму рэжысёру, ствараў яму амплуа героя, такім чынам фармуючы добрае стаўленне да генеральнага сакратара КПСС.

Беларускія навіны змяняліся расійскімі нават без перапынку на рэкламу. Даведацца, пра каго дыктар кажа “у нас в стране” – пра нас ці пра іх – было амаль немагчыма ні па мове, ні па змесце, ні нават па акцэнце. Ускосна можна было здагадацца, што гаворка ідзе “пра іх”, калі нешта казалі пра рублі, колькасць якіх не адпавядала рэальнасці.

Праз пару гадзін я ўсё ж такі навучылася адрозніваць “нашыя” навіны ад “іхніх”, бо ў нашых усе правалы ў эканоміцы падаюцца як дасягненні сацыяльнай дзяржавы. Напрыклад, дыктар аптымістычным звонкім голасам, быццам прайшоў стажыроўку ў Паўночнай Карэі, пачаў хваліць палітыку дзяржавы, калі распавядаў пра субсідыі на ЖКГ. Аж 400 тысяч сем’яў маюць права на такія субсідыі! Божа, – падумала я, – гэта ж больш за 10% людзей, якія працуюць на поўную стаўку (беспрацоўе ж у нас – 1%) не могуць заплаціць за ваду і святло. Дзякуючы, вядома, граматнай палітыцы сацыяльнай дзяржавы. А што ж будзе, як пачнецца ацяпляльны сезон?

Але я ўпарта працягвала пераключаць каналы, шукаючы хоць якую перадачу пра настаўнікаў ці адукацыю. І нарэшце знайшла! Гэта быў паўгадзінны маналог Задорнава пра тое, што тупыя амерыканцы навязалі нам (так! Пра Белоруссію ён гаворыць “наши люди”) рэформу адукацыі. Вы не паверыце: аказваецца, мы ўжо яе зрабілі на амерыканскі ўзор і таму нашы дзеці цяпер таксама тупыя. Бо тупыя філолагі пераклалі тупыя амерыканскія падручнікі матэматыкі, дзе гаворыцца, што "вераб’і сядаюць на ваду". Вядома, усё зло ў адукацыі ад гэтай амерыканскай рэформы, а савецкая адукацыя была найлепшай у свеце.

Каб я не правяла 3 тыдні у амерыканскіх школах, я б можа і паверыла, што “няма дыму без агню”. Але я дакладна ведаю, што наша адукацыя мае праблемы, бо дагэтуль не адбылася рэформа і яна па сутнасці застаецца савецкай. Адмыслова рыхтуе дзяцей, каб тыя не былі здольныя адрозніць праўду ад хлусні. Бо на хлусні трымалася і трымаецца савецкая сістэма. І дапамагае ёй трымацца не толькі адукацыя, але і інфармацыйная прастора, якая кожны дзень выдае столькі атруты, дэзінфармацыі, нянявісці, што непадрыхтаваны чалавек гатовы хапацца за аўтамат, каб бараніць “нашых” ад “нянашых”. Як казала Святлана Алексіевіч, “нас вучаць не жыць, а паміраць”. За Сталіна, за Брэжнева, за сілавікоў з серыялаў, за савок з яго сістэмай адукацыі.

Не, дарагія настаўнікі! Хварэць нам нельга. Хаця б для таго, каб з маладога пакалення не выраслі інваліды халоднай вайны.

Са святам! Здароўя вам, педагогі.