Калі б здарыўся цуд і мяне ўзялі назад у школу настаўніцай, я б хацела выкладаць... рускую літаратуру. Не, фізіку сваю я люблю бязмерна, але як грамадзянка я рабіла б самую важную справу, ад якой залежыць: будзем мы, беларусы, жыць — ці знікнем. А гэтую справу лепш рабіць у гуманітарнай сферы.
Нашая нацыянальная ідэя на гэты момант – быць, выжыць, захавацца як нацыя. А фізіка-матэматыка-ІТ спатрэбяцца потым, каб чалавек мог зарабіць дабрабыт для сябе (і паспрыяць развіццю сваёй краіны). Бо з голай фізікі-матэматыкі без нацыянальнай ідэі не будзе дабрабыту. Будзеш працаваць, як кажуць, “на дзядзю”.
Я ўяўляю сябе такой Ганнай Севярынец (Ганна – фіналістка сёлетняга конкурсу “Настаўнік года” па Мінскай вобласці), якая можа і пра Тургенева па праграме, а можа і пра Дубоўку – для душы. Выбірайце, хто вам бліжэйшы. Вызначайцеся, дзеткі. Каб не ўмёрлі…
Свет змяніўся, і каб выжыць у ім, ведаў мала. Трэба шмат чаго яшчэ: уменні адрозніваць праўду ад хлусні, кіраваць сваімі эмоцыямі і не паддавацца на маніпуляванне.
Жыць далей па схеме “не высоўвайся, абы ціха, абы не было вайны” ўжо не атрымаецца. Вайна у Беларусі ідзе поўным ходам, і не толькі інфармацыйная. За некалькі апошніх дзён затрыманыя, кінутыя у турмы, аштрафаваныя, збітыя 202 чалавекі. А б’юць і хапаюць іх міліцыянты ў форме і без формы, на аўтамабілях і ў сацыяльных сетках якіх – расійская імперская сімволіка.
Але людзі выходзяць на вуліцы, не хаваюцца ад камераў, а шукаюць мікрафону, прамога эфіру, каб пракрычаць свой боль: яны хочуць годна жыць і працаваць у Беларусі.
Тэлевізар зноў нас палохае „пятай калонай”. Маўляў, усе, хто не задаволеныя, – гэта тая “калона” і ёсць. Нібыта ім плоцяць за пратэсты. Я хаджу амаль на ўсе мітынгі і магу, як у тым анекдоце, спытаць – калі мітынгоўцам плоцяць, тады дзе мая доля?
Давайце разбярэмся, каб ведаць “пятую калону” ў вочы і бараніць ад яе сябе і вучняў.
Выраз “пятая калона” прыйшоў з часоў іспанскай вайны (так казалі пра агентуру франкістаў у Мадрыдзе), а потым пашырыў значэнне. Ім апісваюць сітуацыю, калі агрэсар тайна ці яўна фармуе на чужой тэрыторыі агентурную групу, якая можа ўдарыць з тылу і такім чынам спрыяць захопу тэрыторыі. Так было, калі войны вялі арміі. Тады ўсё было зразумела.
Сёння навукоўцы кажуць пра вайну чацвёртага пакалення. У сучасным свеце ваююць не толькі за рэсурсы, але за інтэлект, за грамадскую думку. “Пятая калона” ў такой вайне вельмі дарэчы.
Спецыяліст у камунікацыі прафесар Георгій Пачапцоў кажа, што зараз ідзе вайна культураў, вайна за ідэнтычнасць: “Чацвёртае пакаленне вайны многімі разглядаецца ў плоскасцях інфармацыйнай, псіхалагічнай, культурнай, дзе аб’ектам з’яўляецца масавая свядомасць, нават калі гэта адзін з кампанентаў, які папярэднічае ваенным дзеянням або суправаджае іх у фізічнай прасторы”.
Выходзіць, той, хто заяўляе: “беларусы – гэта рускія”, або выступае за "славянскае ці праваслаўнае адзінства", дзеліць суседзяў на братоў і небратоў, хто супраць будавання беларускай дзяржавы, зарыентаванай на беларускія інтарэсы, – гэта і ёсць пятая калона. Пятая калона – гэты тыя, хто хоча, каб наша працоўная сіла і інтэлект эксплуатавалася за капейкі на карысць іншай дзяржавы. (Праўда, мой сусед Коля і яго тэлевізар з антэнай “Трыкалор” упэўнены, што пятая калона - гэта амерыканскія найміты.)
Пра тое, што мы - амерыканцы, я пакуль не чула, але што мы - савецкія, што трэба захаваць савецкую сістэму адукацыі і эканомікі, я чую апошнія 20 год…
Прафесар Пачапцоў сцвярджае, што Расія змірылася з падзелам эканамічнай і нават часткова палітычнай прасторы, аднак яна ніяк не можа пагадзіцца з пераходам суседніх народаў ад савецкай ідэнтычнасці да ідэнтычнасці грузінскай, украінскай, беларускай…
Чым жа так перашкаджае былой імперыі наша ідэнтычнасць?
Навукоўцы сцвярджаюць, што самавызначаны самадастатковы чалавек не паддаецца прапагандзе. Яго амаль немагчыма пераканаць ні працаваць “на дзядзю”, ні ваяваць “за дзядзю” у якім-небудзь Данбасе, я ужо не кажу пра тое, каб шчаміць свой народ і кідаць людзей за іх пазіцыю ў турмы у мірны час.
І наадварот: прывучы беларусаў думаць, што яны “рускія” (ды яшчэ “са знакам якасці”), а руская мова – гэта і наша мова, і бяры іхную тэрыторыю голымі рукамі: будуй вайсковыя базы, захоўвай хімічныя адыходы, выкарыстоўвай наш інтэлект на сваю карысць. (Узгадайце, хто будуе дамы і дарогі, стварае навукова-метадычныя комплексы і сучасныя падручнікі для нашага ўсходняга суседа? Каму выгадна, каб мы не маглі годна жыць у сябе дома і працаваць на свае патрэбы?)
Выходзіць, што пятая калона – гэта якраз тыя, хто перашкаджае станаўленню беларускай ідэнтычнасці: настальгуе па савецкіх падручніках, хто вучыць рускай мове і літаратуры як сваёй, а не як замежнай, хто забівае маладым беларусам у падсвядомасць стэрэатыпы каланіяльнага мыслення, пераказвае пастулаты фальсіфікаванай гісторыі і замшэлых школьных праграм, водзіць вучняў на камуністычныя суботнікі, парады, лінію Сталіна, хто ў выбарчых камісіях фальсіфікуе выбары, хто заганяе моладзь у піянеры-БРСМы, хто пускае ў школу казакоў і папоў, але баіцца запрасіць беларускага гісторыка, пісьменніка, навукоўца.
Так, шаноўныя калегі! Вялікая частка настаўнікаў і ёсць сапраўдная пятая калона... Яны нічым не лепшыя за тых АМАПаўцаў, якія пад сімваламі чужой дзяржавы ў жывым эфіры затрымлівалі беларусаў. Настаўнікі дапусцілі, што гэтыя хлопцы выраслі без нацыянальнай ідэнтыфікацыі, без крытычнага мыслення, без роднай мовы і каштоўнасцяў, без павагі да закону і правоў чалавека.
Вядома, настаўнікі і міліцыянты – толькі салдаты пятай калоны. Генералы ж вядуць палітыку, каб, не дай бог, у настаўнікі не патрапілі разумныя (таму трымаюць нізкі конкурс у педагагічныя ВНУ), каб не было магчымасці адкрыць беларускую школу ці універсітэт, каб тое, што “не дарабіў рускі штык, дарабіла руская школа і рускі поп” (папячыцель Карнілаў, эпоха губернатара Мураўёва-Вешацеля).
Сёння пятай калонай з’яўляюцца тыя, хто не дае беларусамі выбіраць сваю ўладу, вучыцца на сваёй мове, мець сваю культурную адметнасць, сваю ідэнтычнасць, патрабаваць годнага заробку і выступаць супраць прыніжэння. Пятая калона – гэты тыя, хто не дае нам працаваць на сябе.
Вернемся да літаратуры.
Дык вось, каб я выкладала рускую літаратуру, я распавядала пра яе як пра частку сусветнай і паміж Талстым і Лермантавым (дарэчы, чаму станоўчыя персанажы іх твораў вядуць захопніцкія імперскія войны на чужой зямлі і гэта лічыцца натуральным?) знайшла б месца для Марка Твэна. Памятаеце “Прынца і жабрака”, калі здодзей вучыў караля крычаць “Лаві злодзея!”, каб збіць абрабаваных людзей з толку. (Можа і ў нас пра дармаедаў як “пятую калону” крычыць сапраўдная пятая калона?)
А каб не губляць надзею, мы з вучнямі абавязкова б прачыталі “Маці ўрагану” Уладзіміра Караткевіча: “Апошняй кропляй сваёй беларускай крыві я помню правіла свайго народа. Здраду прымаюць, а здрадніка вешаюць.”
Пятая калона некалі знікне. І тады я зноў буду мець шанец выкладаць фізіку ў беларускай школе, а Ганна Севярынец зможа атрымаць званне “Настаўнік года”. А цяпер – наўрад. І не таму, што яе брата Паўла схапілі тыя ж АМАПаўцы і кінулі ў турму. А таму, што яна сапраўдны настаўнік і сваім прыкладам вучыць беларусаў любіць і ведаць сваё.
Для таго, каб у пятых калонаў не было перспектываў, трэба адно – каб настаўнікі, былі ўпэўнены, што іх вучань на іх дубінку не падыме ніколі, хто б яму ні загадаў.