Чаму нам усім кепска ў нашай школе?

Тамара Мацкевіч
23.06.2018

Кожны год дзіўлюся: калі нам усім надакучаць школьныя лінейкі?  Фальшывыя  словы, фальшывыя слёзы. Гэтыя грымучая сумесь з бантаў, гіпюру, абцасаў і вечных беларускіх фігаў у кішэнях.

Школа, армія, турма – гэта інстытуты прымусовага ўтрымання (гл. тут). Іх не выбіраюць. Адпаведныя законы прымушаюць грамадзян там знаходзіцца нейкі тэрмін. Паводле Мішэля Фуко, яны падобныя сваімі рытуаламі, іерархіяй, дысцыплінай, якія, “не дапускаючы самавольства, а ў строгай адпаведнасці з правіламі, з дапамогай канстатацыі і ацэнкі ўсталёўваюць іерархію, дыферэнцуюць, санкцыянуюць, караюць”. (Мишель Фуко. Надзирать и наказывать. Рождение тюрьмы. — М.: Ad Marginem, 1999.)  Так было ў сярэднявеччы, так засталося ў аўтарытарных краінах.  Пакідаючы гэтыя ўстановы, нелагічна сумаваць. 

Цяжка сабе ўявіць карціну, калі якога злачынцу вызваляюць з турмы, а ён плача, кажа словы падзякі вертухаям, а тыя, прыгожа апранутыя, пляскаюць у далоні перад выстраенай калоніяй. Чаго ж мы тады ламаем камедыю на лінейках?  Чаму шыхтуем дзяцей як на армейскі парад? Нашыя вучні адседзелі 11 год, размеркаваныя  па класах і школах без уліку здольнасцяў, перспектываў і жаданняў. Яны вымушаны былі ўставаць, вітаючы настаўніка, насіць форму, аддаваць салют, вытрымліваць ідэалагічныя накачкі. У школах панавала дысцыпліна, кантроль, а не творчасць.  Адно адрозненне - вертухаям у турмах і афіцэрам у казармах дзяржава плаціць нашмат больш, чым педагогам, за адны і тыя ж функцыі. 

Толькі не трэба сабе лгаць! Нам усім кепска ў нашай школе. І дзецям, і настаўнікам, і адміністрацыі.  Дакладна як нам усім – і беларусам, і рускім і яўрэям, і малым і дарослым – усім было кепска ў СССР. «Мы ўсе мучыліся ў СССР» - гэты тэзіс аб'яднаў народ Эстоніі. «Ніколі болей!» - кажуць украінцы не толькі пра вайну, але і пра савецкае мінулае. Калі хочаце, гэта і наша аб’яднаўчая ідэя. Якую б прапаганду з дапамогай Спутнікаў і прыдворнага БТ нам ні ўкладалі ў галовы пра савецкі рай, мы павінны памятаць і перадаць дзецям праўду. І пра калготкі з пузырамі на каленях, і пра школьную форму, якая калолася і па паўгода не мылася, пра мілітарызацыю, пра неталерантнасць і выхаванне нянавісці да ўсяго інакшага – будзь тое капіталістычны свет, музыка, зручныя джынсы ці хлопчык Саша, які рос у сям’і, не адпаведнай маральнаму кодэксу строителя коммунизма. Дзеці павінны ведаць пра дэфіцыт і масавыя рэпрэсіі, пра тое, што за наяўнасць доларавай паперкі, знойдзенай у тваёй кватэры, па гуманных савецкіх законах пагражаў расстрэл, а за грошы нельга было купіць ні лядоўню, ні кватэру, ні машыну, ні якасную ежу ці адзенне – усё гэта размяркоўвалася - выдавалася, як у турме пайка.  Мы ўсе жылі ў краіне-турме, дзе чалавек быў – нішто. І школа той краіны рыхтавала да гэтай турмы. “Раньше думай о Родине, а потом о себе! Общественное выше личного!», – крычалі піянеры на лінейках. А Великая Родина ваявала ў Афганістане, запускала касмічныя караблі і не бачыла сэнсу вырабіць туалетнай паперы – а навошта? Газета “Правда” па абавязковай падпісцы яе замяняла.

 Тк A' Я ш 1- г j *4 V ¿F АЩ ' V i* 11 I # )llLCdl |rt¿A 'J* mSK 'Л+г*,девочка,суровость,1 Мая
Фота. Шчаслівая сваецкая дзяўчынка на першамайскай дэманстрацыі. Львоў, 1968 г. 

Нам усім аднолькава цяжка і цяпер, бо сашы з дзіцячымі комплексамі, закладзенымі савецкай (самай лепшай у свеце – ха-ха!) школай, кіруюць на ўсіх узроўнях. Прапануюць нам вярнуцца назад, нібыта хочуць адпомсціць за сваё савецкае дзяцінства, за прыніжэнні сістэмы, за свае крыўды. Яны не разумеюць, што прыніжаныя былі ўсе.

Несвабода параджае агрэсію  - менавіта ў інстытутах прымусовага ўтрымання (школах), а не ў гуртках па інтарэсах, узнікае цкаванне, - піша псіхолаг Петраноўская. І новае пакаленне зацкаваных людзей-рэваншыстаў зноў будзе ствараць нам невыносныя ўмовы. Зачараванае кола дзяржава не разарве, бо без свабоды выбару ў чыноўнікі трапляюць самыя горшыя і самыя сапсаваныя савецкай школай вучні. Надзея толькі на сябе - на рэформу школы "знізу", ад настаўнікаў і бацькоў, якая ўжо ідзе. Кожны можа да яе далучыцца. Можна пачаць хаця б з ігнаравання армейскіх рытуалаў у школах.