Пра плюсы ваеннага часу

Тамара Мацкевіч
23.04.2022

Падчас крызісных сітуацый, калі свет робіцца чорна-белым, шмат што становіцца на свае месцы. Цяпер лягчэй адрозніць фальшывых экспертаў ад сапраўдных, заўважыць маніпулятараў, хейтараў, хайпераў і іхныя матывы і правільна на іх рэагаваць (г.зн.— ніяк). Але не трэба нерэагаванне блытаць з бяздзеяннем. Сварак, укідаў, пагоні за колькасцю падпісчыкаў  і т.п. сапраўды цяпер не трэба, хоць не ўсе гэта разумеюць і працягваюць вучыць і гуртаваць “гарадскіх самашэччых”. Патрэбныя дзеянні. І тут важна найперш разабрацца не памыліцца.

Дэмакратычныя структуры Беларусі доўга хавалі праблемы, каб гэтым не скарысталіся прапагандысты, не ведалі пра нашыя хібы нашыя ворагі. Але цяпер настаў час нарэшце вынесці смецце з хаты, расставіць усё па палічках і назваць, хто ёсць хто. Калі гэта збеглыя генералы, пакінуўшыя войска ў самы патрэбны час, то яны ніяк не могуць называцца нацыянальнымі лідарамі. Калі эксперты гатовыя гаварыць пра ўсё без лічбаў і жадання ўзяць на сябе адказнасць за выкананне нагаворанага — гэта не эксперты. Трэба пра гэта спакойна заявіць і шукаць, вучыць, ствараць новых, падтрымліваць сапраўдных.

Як гэта робіць Зяленскі — ён адкінуў паліткарэктнасць і называе рэчы сваімі імёнамі, рэжа праўду-матку ў вочы сусветным лідарам, хай выкручваюцца ці дзейнічаюць. Беларусы гэтаму толькі вучацца. Але першыя ластаўкі ёсць.

Чалы ў сваім стрыме добра прайшоўся па ідэях Шчадравіцкага і ягоных паслядоўніках – адэптах “деятельностного подхода” і аўтарах ідэалогіі “Рускага міра”: яны падзяляюць людзей на  абраных (актараў, якія валодаюць таемнымі ведамі) і шэрую масу (пластылін) — гэта, па меркаванні Чалага, сектанцкі падыход да “социального конструирования и насильственного осчастливливания людей”, недавер да чалавека, здольнага мысліць. Цяпер не час маніпуляцый, постмадэрніцкага падыходу, цяпер час новай шчырасці. Гаспадары мы свайго лёсу, ці не? Ці згодныя мы быць чарговым аб’ектам маніпуляцый? – вось асноўнае пытанні.

Ганна Севярынец таксама змагаецца, як можа. Не толькі троліць троляў (а яны часта гэтага не заўважаюць і прымаюць тонкі тролінг Ганны за чыстую манету), але і дае канструктыўныя прапановы, у тым ліку ад сваіх вучняў. Напрыклад,  як распазнаць надзейную крыніцу інфармацыі (надзейнага чалавека гэта таксама тычыцца). Калі чалавек (ці СМІ) прызнаюць свае памылкі, выбачаюцца, то яны, хутчэй за ўсё, — надзейныя. Калі не — чакай ад іх подласці.

Яшчэ адзін плюс ваеннага часу — мы ўсе былі вымушаныя разабрацца, начытацца псіхалогіі. Бо прыходзілася і ратавацца, і ратаваць іншых. У кожнага з маіх сяброў сыходзілі гадзіны на размовы, парады, падтрымку тых, каму яшчэ горш, каб яны не думалі, што іх у бядзе кінуў увесь свет.

Дык вось, якія я высновы зрабіла для сябе на будучыню. Калі выжывем пасля вайны, трэба ў курс грамадазнаўства абавязкова ўключыць асноўныя веды з сацыяльнай псіхалогіі, ды і асабовай не пашкодзіць. У СССР псіхалогія была пад забаронай, каб людзі не ведалі, як імі маніпулююць улады. Ды і навука пра мозг чалавека за апошнія дзесяцігоддзі зрабіла значны прагрэс. Прынамсі са школы трэба ведаць пра 10 асноўных разладаў асобы (расстройства личности, не блытаць з псіхічнымі захворваннямі!). Хаця б пра тыя тры, якія нясуць небяспеку іншым. Гэта паводле міжнароднай класіфікацыі разлады катэгорыі "bad"— антысацыяльныя разлады: псіхапаты, нарцысы і сацыяпаты. Дзякуй богу, такіх людзей няшмат — не больш за 2-3%. Існуе вельмі простая дыягностыка па адпаведных прызнаках. Хто хоча — знойдзе ў спецыялістаў. Калі каротка, псіхапаты — гэта эгацэнтрычныя людзі, якія не маюць ад прыроды ні эмпатыі ні сумлення. Нарцысы - толькі эмпатыі, але сумленне і сорам ў іх застаецца ў нейкай ступені, імі лёгка маніпуляваць, сацыяпаты — няма ні эмпатыі, ні сумлення, і яны не адчуваюць маральных і сацыяльных нормаў, для іх усё добра, што прыносіць ім прыбытак (рэсурс), могуць вас падставіць, бо не разумеюць межаў паміж дабром і злом.

Разлады асобы не лечацца, бо гэта не хвароба. Адзінае — трэба не дапускаць гэтых людзей да ўлады, нават маленькай, не браць на працу, каб не псавалі атмасферу, не галасаваць за іх на выбарах, каб не атрымаць катастрофы ці расчаравання.

Настаўнікам таксама крытычна важна ведаць азы гэтай навукі: трэба ведаць, чаму на некаторых вучняў не ўздзейнічаюць ніякія педагагічныя метады: іх немагчыма ні прысароміць, ні ўгаварыць, ні растлумачыць, што трэба думаць пра бацькоў, аднакласнікаў, якім яны робяць балюча.

Так што трэба скарыстаць асноўны плюс нашага часу, калі стала бачна хто ёсць хто.  Трэба каб мы для сябе вызначыліся і чорнае назвалі чорным, а белае — белым. Хто можа — уголас. Хто не можа — у думках і дзеяннях. Тады стане лягчэй дыхаць. Я паспрабавала — працуе!