Адраджэнне ці пахаванне: Што медыя пішуць пра адукацыю?

Тамара Мацкевіч
30.10.2022

Праглядаю крытычным вокам медыяпедагога адукацыйныя навіны ўсіх беларускіх СМІ, асабліва люблю рэгіянальную прэсу і сайты. Дык маю крыху пазітыву (хаця, як для каго).

1. Вельмі радуюць артыкулы, дзе журналісты даюць магчымасць выказацца па праблеме самім беларусам. Тады мы бачым, што, напрыклад, праблема празмернага ідэалагічнага ціску і кантролю за мазгамі вучняў у беларускіх школах моцна перабольшана. І настаўнікі, і дзеці, і кіраўнікі школ навучыліся яе вырашаць самастойна: усё спускаць на тармазах, а калі што – у нас гатовыя ўсе паперкі. Узгадайце нашыя вуліцы 2 гады таму і не забывайцеся, што і бацькоў з каштоўнасцямі свабоды ў Беларусі абсалютныя большасць (трэба толькі ведаць, што пусты посуд далёка чуваць, а нармальныя людзі нікуды не падзеліся, але пакуль не высоўваюцца). Бацькі таксама дапамагаюць дзецям не згубіць арыентыры, заставацца сабой, бесканфліктна існаваць і нават атрымліваць асалоду ад акцый салідарнасці. Сёлета ў некаторых школах на Дзень настаўніка вучні ўзялі і павіншавалі толькі тых настаўнікаў, якіх паважаюць. Угадайце, людзі з якімі поглядамі засталіся без кветак.
Тое самае і пра іншыя праблемы. Шмат добрых настаўнікаў павыдалялі са школ, але не з адукацыі. І якасныя веды ў Беларусі атрымаць яшчэ можна. Таксама настаўнікі дзеляцца, як у складаных умовах вучыць свабодзе і адказнасці. І добра, што пра гэта пішуць.

2. Медыя, якія адарваліся ад Беларусі або ідуць за навязанай павесткай, а не фармуюць сваю, губляюць рэйтынгі. Гэта таксама добра. Бессэнсоўныя абмеркаванні школьнай формы ці змены кантролю ведаў без змены зместу адукацыі ні на што не ўплываюць і мала каго хвалююць. Спадзяюся і вельмі чакаю, што хутка знікне са старонак прэсы і тое, што я называю "магільная дэмакратыя" і "пахавальны патрыятызм". Людзі стаміліся ад негатыву, хочуць перспектывы і якаснага інфармавання, а ім у якасці нацыянальнай ідэі прапануць крыжы-пахаванні-перапахаванні і ўсё пад песню “гіне мова – гіне культура”. Ствараецца ўражанне, што ўсё, што мы можам - гэта прайсціся на Дзяды, Чарнобыль шляхам да могілак і іх прыбраць.  Я наогул дзіўлюся, колькі мы, беларусы, трывалі, як мужна выстаялі і не дэмаралізаваліся за дзесяцігоддзі такой медыйнай палітыкі.  І загаловак артыкула ў дзень ліквідацыі Таварыства беларускай школы “Замест беларушчыны смерць і тэрор!” я запомніла. Чаму б яго не назваць "Не загаснуць зоркі ў небе"?

3. Беларусы аказаліся больш адпорнымі прапагандзе, чым нашыя суседзі. І тут справа не толькі ў медыяадукацыі, якая, безумоўна, не дала нам прайграць інфармацыйную вайну. Эфект папулярнасці Лукашэнкі сярод нашых суседзяў растлумачыў украінскі мэдыяэксперт. Ён кажа, што ў кожнай краіны свае праблемы: алігархі, рост цэн, фінансавыя крызісы і г.д. Дык вось, прыходзіць дахаты ўмоўны ўкраінец ці літовец, стомлены пасля працы, і ўключае БТ. А там у кожнай серыі супер-герой перамагае ўсе крызісы адным махам: адкручвае галовы карупцыянерам, мые брудных кароў, садзіць у турмы тых, хто падвышае цэны… Беларусаў не правядзеш на мякіне – яны ведаюць, што карцінка не паляпшае жыццё, а суседзі падселі на гэта рэаліці-шоў, як на наркотык. Таму пасля 24 лютага, калі адключылі трансляцыю расійска-беларускай прапаганды, там была ломка.

4. Ну і яшчэ адна небяспечная тэндэнцыя, якая часам транслюецца праз медыя, гэта што ў Беларусі ўсё кепска, а тым, хто з'ехаў, бязмежна пашанцавала. Ужо прайшоў час, і мы можам аб'ектыўна паглядзець на рэальную карціну. На прыкладзе адукацыі магу сказаць, што гэта далёка не так. Пра гэта будзе асобны допіс.