Адукацыя на пальцах або шпаргалка для экспертаў

Тамара Мацкевіч
05.01.2023

У адукацыі, як і ў футболе, разбіраюцца ўсе. І гэта небяспечна, бо ў адукацыйныя эксперты апошнім часам трапляюць выпадковыя людзі. Хто больш раскручаны – той і эксперт! Вядзеш інстаграм з кветачкамі і пейзажамі – эксперт у мастацтве! Маеш фэйсбук – ужо аналітык! З’явіўся на YouTube – кіраўнік think tank.

Таму напішу шпаргалку для адукатараў. Не прэтэндую на аўтраства ці know-how, гэта азы, які ведаюць усе, хто чытае літаратуру па прадмеце або цікавіцца, што робіцца ў адукацыйным свеце. У канцы будзе спіс літаратуры, без прачытання якой вы – не эксперт.
Спадзяюся, будзе карысна пачытаць тым, хто плануе адукацыйныя праекты, і тым, хто будзе іх экспертна ацэньваць і прымаць рашэнні.


 

Што такое рэформа адукацыі і калі для яе будзе час?

Пачнем з таго, што любая рэформа пачынаецца з падрыхтоўкі кадраў, а не з напісання новых падручнікаў.
Таму цяпер самае галоўнае, каб усе суб’екты адукацыйнага працэсу ведалі, як працуе сістэма адукацыі, да якой мы імкнемся, што ў адукацыі мае эфект, а што – не, і пачалі рабіць змены ў тым месцы, дзе магчыма. Умоўна кажучы, з’есці вялікі кавалак сыру лягчэй, калі кожны будзе рабіць у ім сваю дзюрку. Адны паціху мяняюць змест, другія – методыкі і тэхналогіі, трэція – сістэму кіравання. З методыкамі прасцей – з дапамогай ТБШ амаль усе настаўнікі ведаюць, куды рухацца і нават вялікая частка педагогаў мае у сваім арсенале практычны досвед выкарыстання самых сучасных адукацыйных тэхналогій. Самы час узяцца за змест.

Змест

Бадай, самая важная частка. Ён найбольш састарэў, не адпавядае патрэбам рынку працы, забруджаны ідэалогіяй… У змест раней дзяржава не пускала нікога. Але часы змяніліся, з’явілася паралельная школа: анлайн-навучанне, адукацыйныя курсы, рэпетытары, самаадукацыя і нават беларускія школы ў замежжы, але ўсё гэта ідзе ўраздроб, несістэмна – не мае добрага сучаснага зместу і адной мэты. Здаецца, трэба напісаць новыя падручнікі і ўсё будзе ок. І гэта вялікая памылка.

Падручнікі

Падручнікі – наогул, апошняе, што павінна нас цікавіць, калі мы думаем пра змест, бо яны становяцца неактуальнымі раней, чым на іх высыхае тыпаграфская фарба. Каб мець якасныя вучэбныя дапаможнікі (не толькі падручнікі) – трэба якасная ПРАГРАМА. Калі ёсць рамкавая праграма – дзяржава абвяшчае конкурс на іх напісанне. Але дэмакратычная дзяржава нават гэтага не робіць – усё аддае ў рукі камерцыйных выдавецтваў. Яны канкуруюць паміж сабой, шукаюць аўтараў, ствараюць ім умовы, друкуюць сігнальныя экзэмпляры, ствараюць відэа-дадаткі, працоўныя сшыткі, цэлыя навучальныя комплексы і рэкламуюць сярод школ. Настаўнікі толькі выбіраюць з прапанаваных і школа іх закупляе. Найлепшыя аўтары і выдавецтвы маюць сур’ёзную замову і, адпаведна, прыбытак. Падручнікаў паводле адной праграмы можа быць шмат.
На жаль, некаторыя людзі, якія сябе лічаць абазнанымі у адукацыі, не здагадваюцца, што, любыя навучальныя матэрыялы ствараюцца адпаведна праграмам з мэтамі і стандартамі. Няма сэнсу іх пісаць з галавы. Атрымаецца, марнаванне сілаў і сродкаў.

Праграмы

Дзе ўзяць праграму?
У ідэале праграму па кожным прадмеце трэба напісаць, абапіраючыся на вучэбныя стандарты. Менавіта ў стандартах прапісана што і ў якім узросце павінен ведаць, умець наш вучань. Перакладай на свой прадмет – і гатова!

Вучэбныя стандарты

Калі нехта скажа, што стандарты ў нас ёсць – дык іх не можа быць. Бо як можна распрацаваць  стандарты для таго, не ведаю чаго? У адукацыі не прапісана мэта. Без яснай вызначанай мэты школа не ведае, каго і для чаго яна павінна рыхтаваць.

 

Мэта

Мэта - гэта не прыгожыя, але пустыя словы, напісаныя ў актуальным кодэксе аб адукацыі, а кампетэнтнасная мадэль вучня (такі ідэал выпускніка). Крытэрыі вымярэння кожнай кампетэнцыі – гэта і ёсць стандарты адукацыі.

Калі будзе такая мадэль (мэта), толькі тады можна распрацаваць вучэбныя стандарты, праграмы (змест), якія будуць працаваць на стварэнне такога выпускніка, падабраць адпаведныя методыкі, і толькі потым напісаць падручнікі, навучыць усім гэтым карыстацца настаўнікаў, а праз некалькі гадоў памераць гэтыя кампетэнцыі па распрацаваных крытэрах і зрабіць карэкціроўку праграм, методык, падручнікаў, і так па коле. Гэта называецца Цыкл Дэмінга — мадэль развіцця, якая прыйшла з бізнесу ў адукацыю і працуе. Так робіць увесь свет.

Рэформа адукацыі – гэта і ёсць перманентны працэс кручэння гэтага кола. Мяняецца свет – мяняюцца мэты – мяняецца адукацыя.
 

З чаго пачаць?

 

Усё вышэй сказанае запусціць не складана. Толькі тут патрэбна нашая самаарганізацыя і мінімальная каардынацыя.
Галоўнае, каб мы не пачалі мітусіцца, і не ставілі воз перад кабылай. Думаю, цяпер самы час узяцца за змест адукацыі і прывесці яго да такога стану, каб ён адпавядаў патрэбам вучня. Міжнародныя дакументы прапануюць разглядаць іх з чатырох ракурсаў: патрэбы развіцця і самавыяўлення асобы, будучага працаўладкавання, сацыяльнай інклюзіі і актыўнай грамадзянскасці.

Эксперты павінны хуценька вывучыць еўрапейскія  рамкавыя дакументы, якія апісваюць тэндэнцыі развіцця адукацыі і рэкамендацыі для стваральнікаў адукацыйных праграм, напісаць паводле іх невялікія рэзюмэ, каб настаўнікі і бацькі і ўсе зацікаўленыя арыентаваліся, і маглі свядома паўдзельнічаць у абмеркаванні мэтаў адукацыі (чаго мы ад яе хочам).
Маючы ясныя мэты, можна стварыць праграмы, зрабіць якасны змест. Адданых прафесіі людзей у Беларусі шмат, ды і дыяспары дапамогуць ў вывучэнні досведу іншых краін. Пасля таго, як мы будзем мець праграмы, можна спакойна брацца за агульнанацыянальную Новую беларускую школу. Няхай на першых парах яна будзе анлайн-офлайнавай. Не важна. Ёй будуць карыстацца беларускія дзеці і настаўнікі ў Беларусі і ў замежжы, бо цяпер галоўнае – якасныя запатрабаваныя веды, а не паперка дзяржаўнага ўзору. І рана ці позна новая беларуская школа стане асновай новай беларускай адукацыйная сістэмы.

Літаратура:

  1. Key competences for all - Publications Office of the EU (europa.eu) (https://op.europa.eu/fr/publication-detail/-/publication/40e3f123-b564-11ec-b6f4-01aa75ed71a1/language-en/format-PDF/source-254679928 ) exe summary
  1. Key competences for all - Publications Office of the EU (europa.eu) (https://op.europa.eu/en/publication-detail/-/publication/a5b0c2a2-b562-11ec-b6f4-01aa75ed71a1/language-en ) study. Final Report
  1. Key competences for all - Publications Office of the EU (europa.e (https://op.europa.eu/en/publication-detail/-/publication/56046bc9-b16b-11ec-83e1-01aa75ed71a1/language-en/format-PDF/source-254680109 ) recommendations
  1. ) OECD FUTURE OFEDUCATION AND SKILLS 2030. OECD Learning
    Compass 2030. A SERIES OF CONCEPT NOTES

https://www.oecd.org/education/2030-project/teaching-and-learning/learning/learning-compass-2030/OECD_Learning_Compass_2030_Concept_Note_Series.pdf

  1. Рэкамендацыі Еўрапарламента і Рады Еўропы аб ключавых кампетэнцыях навучання на працягу жыцця (2006/962/EC) Recommendation on key competences for lifelong learning, (2006/962/EC), 18.12.2006 — Рэжым доступу: https://eur-lex.europa.eu/legal-content/EN/TXT/?uri=celex%3A32006H0962  (пераклад дакумента па-беларуску тут: https://nastaunik.eu/metoda/quality/9486 ).

У рэкамендацыях сфармуляваны спіс базавых кампетэнцыяў, якімі павінен валодаць чалавек у сучасным інфармацыйным грамадстве. Дае разуменне пра вынікі навучальнага працэсу і кампетэнтнасны падыход.

  1. Hattie, John. Visible Learning: [Электронны рэсурс]. — Рэжым доступу : https://www.visiblelearningmetax.com/Influences

Па-беларуску агляд кнігі Дж. Хэці тут: https://nastaunik.eu/files/f/1064_mackievic_orsa-romana-fpv.pdf

(Карысна для разумення, якая палітыка ў менеджменце школаў і выбары методык добра ўплывае на навучальныя дасягненні. Кніга “Бачнае навучанне: сінтэз 800 метааналізаў уплыву на дасягненні” прафесара Оклендскага і Мельбурнскага ўніверсітэтаў Джона Хэці абагульняе вынікі 15-гадовых даследаванняў уплыву на навучальныя дасягненні школьнікаў з розных краінаў свету.)

7. Канцэпцыя Новай украінскай школы https://nastaunik.eu/node/15477