У Кодэксе аб адукацыі прапісаны кампетэнтасны падыход да навучання і выкладання. Але ў апошні час чамусьці зноў пачалі яго замяняць "функцыянальнай граматнасцю". Давайце разбяромся, каб не блытацца, у чым розніца паміж функцыянальнай граматнасцю і ключавымі кампетэнцыямі.
Па-першае, функцыянальная граматнасць – тэрмін, які не прыняты ў сучаснай навуковай педагагічнай літаратуры і міжнароднай практыцы для вызначэння неабходных ведаў, навыкаў і якасцяў, якія павінна даваць школа. Ёсць тэрмін “функцыянальная няграматнасць”. Яго можна часцей сустрэць у сацыялогіі, чым у педагогіцы. У асноўным ён фігуруе ў ААНаўскіх дакументах, выкарыстоўваецца ў адносінах да самых бедных краін Афрыкі і абазначае няўменне дарослага чалавека пісаць, чытаць, лічыць у такой ступені, каб быць здольным выконваць самыя простыя функцыі ў соцыуме: прачытаць інструкцыю да лекаў, разлічыцца ў краме, запоўніць анкету… Адпаведна, функцыянальная граматнасць у міжнародным разуменні – гэта валоданне чытаннем, пісьмом і лічэннем на самым элементарным узроўні (гл. тут).
На сайце БДПУ ёсць іншае, невядомага аўтарства азначэнне. "Функциональная грамотность (ФГ) – вид грамотности, который проявляется в конкретных действиях при реализации определенных функций субъекта в различных жизненных ситуациях; интегративная готовность человека к компетентным и эффективным действиям (познавательным, эмоциональным, поведенческим и др.), нахождению оптимальных способов решения жизненных задач в различных сферах". Розніца істотная.
Па-другое, калі мы выкарыстоўваем тэрмін функцыянальная граматнасць, то адразу фармуем у настаўніка ўяўленне, што наш вучань ці студэнт – не асоба са сваімі патрэбамі, каштоўнасцямі, мэтамі, а выканаўца нейкіх функцый. Мы адразу вызначаем яму ролю “калёсіка і вінціка” у вялікім механізме (С), пасіўнага выканаўцы нейкіх функцый, а не актыўнага ўдзельніка адукацыйнага працэсу. У нас, еўрапейцаў, каштоўнасць – чалавек, яго свабода, а не функцыя (пасада, званне, статус), якую ён выконвае.
Па-трэцяе, тэрмін функцыянальная граматнасць – не дыягнастычны. Гэта значыць, мы ніяк не можам яе (граматнасць) памераць. Таму ён бессэнсоўны для пастаноўкі адукацыйных мэтаў. Ва ўсіх еўрапейскіх краінах для гэтага выкарыстоўваюць паняцце ключавых кампетэнцый (не трэба іх блытаць з прафесійнымі!). Кожная краіна фармуе для сябе такі спіс, дзе ясна прапісаныя веды, навыкі, стаўленні і каштоўнасці, якія патрэбны індывіду для самавыяўлення, сацыяльнай інклюзіі, актыўнага грамадзянства і паспяховага працаўладкавання ў сваёй краіне і глабальным свеце.
Кожная кампетэнцыя дакладна апісаная, і ёсць ясныя крытэры яе вымярэння для кожнага ўзросту, пачынаючы з дзіцячага садка. Гэты спіс ключавых кампетэнцый, як правіла, абмяркоўваецца ўсім грамадствам: бацькамі, настаўнікамі, самімі навучэнцамі, мясцовымі супольнасцямі, звяраецца экспертамі з сусветнымі тэндэнцыямі развіцця адукацыі і рынку працы і потым зацвярджаецца ў заканадаўстве як мэта адукацыі. Менавіта ўсё грамадства вызначае патрабаванні да школы, каб вучань быў задаволены, шчаслівы, актыўны, здаровы, а не толькі працаўладкаваны ў будучыні. Спіс ключавых кампетэнцый мяняецца з часам, бо мяняецца свет, і яму трэба адпавядаць. Функцыянальная граматнасць – тэрмін, які нічога такога за сабой не мае. Ні дакладнасці, ні адказнасці, ні каштоўнасці.
Па-чацвёртае, педагогіка – гэта навука, дзе ёсць агульнапрынятая тэрміналогія, метадалогія вымярэнняў адукацыйных дасягненняў, рэйтынг навуковых выданняў. Рана ці позна беларусам прыйдзецца прыслухоўвацца да цывілізаванага свету і стаць ягонай часткай. Ёсць такое паняцце, як універсальнасць навуковых ведаў. Напрыклад, універсальнасць правоў чалавека азначае, што не можа быць местачковага талкавання правоў чалавека, правы чалавека – універсальныя і распаўсюджваюцца на ўсіх людзей. Так і ў педагогіцы. У спісе SCOPUS (https://www.scopus.com/) 1771 навуковы журнал, дзе пішуць пра адукацыю. Сярод іх ёсць і адкрытыя крыніцы. Нават у нешматлікіх расейскіх выданнях, якія маюць індэкс цытавання, панятка функцыянальнай граматнасці няма, кампетэнцыі – ёсць. Варта б было задумацца над гэтым нашым навукоўцам з НІА і Міністэрства адукацыі, якія прасоўваюць тэму функцыянальнай граматнасці як навуковую і блытаюць людзей.
Па-пятае, калі мы замяняем паняцце ключавых кампетэнцый функцыянальнай граматнасцю, то нібыта ўсе рэкамендацыі навукоўцаў, усе даследаванні, якія робяцца па замове ААН (ЮНЕСКА), АЭСР (арганізацыя, якая праводзіць даследаванні PISA), Еўракамісіі, – усё гэта ідзе міма нас. Усе грунтоўныя працы экспертаў, якія даследуюць новыя тэндэнцыі развіцця рынкаў працы, выклікі, якія ставіць перад адукацыяй жыццё, вызначаюць новыя кампетэнцыі, якія спатрэбяцца маладой генерацыі ў будучыні і пішуць рэкамендацыі для палітыкаў у адукацыі: складальнікаў праграм, метадыстаў, аўтараў падручнікаў, настаўнікаў. Усе гэтыя рэкамендацыі тычацца кампетэнтнаснай мадэлі вучня. І калі мы карыстаемся іншай тэрміналогіяй, то трэба шмат намаганняў, каб перанесці гэтыя рэкамендацыі ў іншую сістэму каардынат.
Па-шостае, і бадай самае галоўнае, што функцыянальная граматнасць не ўлічвае каштоўнасці. Функцыянальная граматнасць была актуальнай для індустрыяльнага грамадства, калі чалавек разглядаўся як рэсурс. Сёння іншыя мэты адукацыі. Адукацыя ўсё больш арыентуецца на сацыяльна-эмацыйную сферу, тое, што вызначае агульную атмасферу ў грамадстве. Быць добрым, справядлівым чалавекам, умець спачуваць, дапамагаць, актыўна ўдзельнічаць у жыцці грамадства, супрацоўнічаць і прымаць людзей з рознымі меркаваннямі, не канфліктаваць, а мірна вырашаць праблемы становіцца больш важным, чым проста валодаць прафесіяй.
Ну і апошняе. Тэрмінам функцыянальнай граматнасці, якія прасоўваюць у адукацыйную прастору толькі некаторыя расейскія аўтары, мы прывязваем сябе да Расіі з яе ідэалогіяй, імперскасцю і вечнымі войнамі. Непрыняцце міжнародных стандартаў і тэрміналогіі аддаляе нас ад цывілізаванага свету. На жаль, шмат беларускіх навукоўцаў сваімі дысертацыямі, артыкуламі, мовай далучаныя да той прасторы, якую цяпер называюць “рускім мірам”, трымаюцца за яе ўсімі сіламі, не зважаючы, што тым самым маргіналізуюць беларускую педагогіку. Але трэба мець мужнасць, адказнасць і сумленне, каб змяніць прызнаць гэта і вярнуцца да доказнай педагогікі, навуковай абгрунтаванасці.
Міжнародныя дакументы, якія вызначаюць кампетэнцыі, важныя для разумення, як і куды рухаць адукацыю:
klyuchavyya_kampetencyi_dlya_navuchannya_na_pracyagu_zhyccya.pdf