Дзённік настаўніцы. 17 лістапада

Ганна Севярынец
18.11.2021

Як бы гэта не забывацца, што ў кожнага з нас свае механізмы ўспрыняцця рэальнасці, свае матрыцы паводзінаў, свае стартавыя кропкі для дзеяння альбо ня-дзеяння, свае рэальнасці. Як бы гэта помніць, што не існуе адзіна правільнай "палітыкі партыі", а "паразуменне" гэта найперш прыняцце рознасці. Паразуменне гэта не прывядзенне ўсіх да адзінай думкі, гэта стратэгія, якая сыходзіць з рознасці і супрацьлегласці.

Хтосьці прызвычаіўся ў жыцці стартаваць да любой актыўнасці з кропкі "усё прапала, мы ў дупе", хтосьці з наяўнасці надзеі на выйсце. Хтосьці можа сабе дазволіць бязмежную эмпатыю, хтосьці не. Хтосьці можа працаваць толькі ў сітуацыі поўнай свабоды, і адтаго з'язджае з краіны, а хтосьці ўмее адшукаць апірышча якраз ва ўпёртасці, і адтаго застаецца дома. Няма ніякай праблемы ў тым, што існуюць розныя стратэгіі жыцця, супраціву, чакання, рэагавання.

Больш за тое. Адзінае, што варта сёння прызнаць усім  што ніхто з нас не валодае поўнай карцінкай падзей, каб лічыць, што менавіта ён мае ў карыстанні аб'ектыўную рэальнасць. Вакол нас закруціўся ўвесь свет, нават геаграфічна.  Мы не ведаем не толькі абставінаў жыцця іншых краін  мы не ведаем напоўніцу, як мы самі жылі апошнія 27 год, бо, як высвятляецца, асноўныя праблемы нашы канцэнтраваліся не на людскіх вачах і не толькі ў нашых і суседніх геаграфічных межах.

Таму "непаразуменне"  гэта не бяда наша, а рэсурс. Гэта якраз і ёсць магчымасць зразумець, што наша ўласная карцінка скажоная, а праўда, як заўсёды, нават не пасярэдзіне, а паўсюль.  Як і няпраўда.

Паразуменне гэта не перацягванне іншых на свой бок альбо прымус думаць як я. Паразуменне  гэта прыняцце чужога пункту гледжання і роўнае стаўленне да чужых і сваіх думак.

Пры гэтым існуе нешта па-за сферай інтэлекту  мараль. Думкі могуць быць колькі заўгодна розныя, але абмен гэтымі думкамі, безумоўна, мусіць быць маральным. Ну хаця б таму, што нам усім, у незалежнасці ад асабістых якасцяў і асабістых рэальнасцяў, аднолькава цяжка. Ці таму, што дыскусія, якая вядзецца амаральна, ніколі не бывае канструктыўнай.

Гэта ўсё, безумоўна, абсалютна простыя і відавочныя рэчы. Але мне, напрыклад, часта даводзіцца нагадваць іх самой сабе.