Дзённік настаўніцы. 1 снежня

Ганна Севярынец
01.12.2021

Менавіта цяпер нешта шчоўкнула, і ў тых падлеткаў, якіх я назіраю, знікла фактычна цалкам пагарда да беларускага. Шчэ ў мінулым годзе заходзіць з беларушчынай у непадрыхтаваную падлеткавую аўдыторыю было адчувальна складана, у гэтым амаль няма ніякіх унутраных перашкод.

І гэта адказ на пытанне, якое цяпер часта гучыць у пастах дарослых што рабіць, што мае сэнс, ці ня кінуць гэтую праклятую краіну, што нас чакае, што я магу.

Што мы можам?

Паступова, без гвалту і ціску, пашыраць беларускую прастору вакол рускамоўных дзяцей.

Абавязкова схадзіць з імі ў музеі ніколі не падвядуць Стары Менск Глеба Лабадзенкі, музей конкі і ўвесь комплекс на вул.Кірыла і Мефодзія (толькі там асобна трэба замаўляць беларускую экскурсію, а то па змаўчанні правядуць па-руску), музей Купалы (трэба хутка, бо там мяняецца калектыў), музей Багдановіча (аналагічна), Гістарычны (тое самае), Агінскага (гэта Залессе за Маладзечна, па дарозе абавязкова наведайце Ракуцёўшчыну). Гэта проста мастхэв, і гэта заўсёды дае плён, паверце, нават калі падлетак крывіцца і паціскае плячыма, уражанні ўсё адно застаюцца.

Хадзіць і ездзіць на экскурсіі беларускамоўных экскурсаводаў і праграм цяпер вельмі шмат. Вывучаць разам Менск альбо родны горад  дзеці фантастычна мала ведаюць пра горад, у якім яны жывуць. Млын Мянеска за два апошнія гады, што я працую ў Менску, мне не паказаў ніводны менскі вучань. А смалявіцкія ведалі, ага.

Слухаць дома самім беларускіх музыкаў - гвалтам запхнуць у навушнікі падлетку беларускі плэйліст немагчыма, але фонам - у дарозе, падчас сямейных святаў, на кухні няхай гучыць, дзеці адчувальныя найперш да мелодыкі, да рытму, мова ляжа наверх.

Разам глядзець перакладзеныя на беларускую альбо адразу па-беларуску створаныя фільмы і мульцікі. Іх няшмат, але яны ёсць.

Завесці сабе беларускамоўнага суразмоўцу, з якім вы будзеце раз-пораз размаўляць па-беларуску па тэлефоне, каб дзеці бачылі і чулі, што беларуская гэта мова побыту, звычайных зносінаў, нармальных гутарак паміж сябрамі.

Слухаць беларускамоўныя зумы, эфіры, перадачы не ў навушніках, а на поўны гук, каб беларуская проста прысутнічала ў прасторы.

Імкнуцца самім несці мову ў свет  удзельнічаць у конкурсах з беларускай тэматыкай альбо, як ужо можаце, цалкам па-беларуску, абіраць матэрыялам для конкурсаў беларускіх герояў, аўтараў, творы, выявы, саундтрэкі.

Мець на паліцах беларускія кніжкі  нават калі дзеці іх не чытаюць. Няхай будуць, кожнай кніжцы прыходзіць свой час. Абавязкова чытаць нешта беларускае самім няхай адну кніжку на паўгода, няхай даведнік альбо нон-фікшн, неважна.

Перавесці тэлефон, асабліва калі іншы раз даеце з яго пагуляцца малым, на беларускую. І самім моўная практыка, і дзецям доказ, што мова існуе не толькі на ўроках белліту.

Карыстацца ў банкамаце беларускай мовай.

Усталяваць у кампутары і ноўтбуку беларускую раскладку і прывучаць дзяцей гугліць па-беларуску. Беларускі інтэрнэт за апошнія часы надзвычай імкліва расце, і якасць беларускіх матэрыялаў пра беларускія рэаліі ўжо даўно лепшая за рускі кантэнт пра беларусаў. Пра вікіпедыі я ўжо і не кажу  навошта хадзіць у рускія вікіпедыі, мне мала зразумела. А нашы вельмі якасныя, абедзьве (так, іх дзве).

Навошта гэта трэба і чаму гэта мае сэнс?

Таму што ў чалавека мусіць быць унутры нейкі доказ таго, што ён мае права пачувацца гаспадаром на гэтай зямлі. Сёння такі доказ у нас застаецца хіба толькі адзін мова. Не, яшчэ ёсць  продкі, гісторыя сям'і. Гэта цяпер таксама наш важны ўнутрысямейны клопат  гісторыя сваёй сям'і, як мага глыбей і шырэй.

Мы як мы. Але нашы дзеці мусяць расці ў адчуванні свайго бясспрэчнага права на гэтую зямлю і свайго шчаслівага абавязку не шукаць дабротаў у чужых краінах, а рабіць іх сабе тут.