Бачу, шмат хто ў стужцы пераходзіць на беларускую:) І шмат хто вагаецца: ці пераходзіць цалкам, ці не згубіцца "ахват", ці будзе зразумела рускамоўным фрэндам, ці не будзе выглядаць ненатуральным пераклад вашай рускамоўнай рэчаіснасці на беларускую ў сеціве.
Хачу падзяліцца досведам і даць некалькі практычных парадаў:)
Я пачынала свой фэйсбук па-руску. Да таго ж стужка мая на палову складалася з расейскіх настаўнікаў, бо я тады была моцна інтэграваная ў расейскую прафесійную супольнасць, друкавалася ў педагагічных часопісах там і наогул у мяне па-руску выйшлі тры кніжкі значна раней, чым я стала друкавацца па-беларуску. Такім чынам, такія ж пытанні стаялі і перада мной, калі я паступова пачала пераходзіць на беларускую ў фб.
Дык вось. З-за беларускай мовы ад мяне ніхто і ніколі не адпісваўся. Болей за тое. Мае расейскія калегі пачалі задаваць пытанні наконт мовы, сталі браць у сваю практыку беларускую для нейкіх лінгвістычных заданняў, вершы для перакладаў і параўнанняў - адным словам, ніякіх страт, адні выгоды і для мяне, і для іх, і для мовы.
З беларускай стужкі ніхто ніколі не папрасіў "а напішыце па-руску, бо ніпанятна". Па-беларуску ў нас ў рэальнасці спакойна чытаюць усе.
Што тычыцца ахопу і шырыні распаўсюду - клянуся вам, мова тут ні пры чым:))
Рэчаіснасць на беларускую таксама перакладаецца з прыбыткам:) Беларуская мова - не пафасная, іранічная, у ёй заўсёды апрыёры прысутнічае лёгкі гумар і самаіронія, па-беларуску значна цяжэй распусціць пафасныя соплі альбо збіцца на самалюбаванне:)
Таму - не бойцеся і пераходзьце, ад гэтага адны выгоды вам у сацсетках і па жыцці:)
Што ў дапамогу. Па-першае, http://slounik.org/. Люблю гэты рэсурс яшчэ і за тое, што, акрамя асобных словаў, тут можна глядзець беларускія адпаведнікі фразеалагізмаў, каб не калькаваць рускія выразы, а выкарыстоўваць свае (кшталту "мех і торба" замест "вагон і маленькая тележка").
Па-другое, моўная суполка Толькі пра мову. Там пішуць і чытаюць найлепшыя знаўцы мовы, вельмі хутка прыходзяць у каменты, даюць парады, ніколі не крыўдзяць і заўсёды ставяцца з павагай. А яшчэ там бываюць ачуменныя дыскусіі (не блытаць з бульбасрачамі:))
Што пачытаць проста зараз, каб мець перад вачыма харошы беларускі тэкст. Янка Брыль "Ніжнія Байдуны" - надзвычай тэрапеўтычная вясёлая кніжка з сакавітай мовай. Уладзімір Караткевіч "Чазенія" - шмат нечаканай для школьнай беларускай літаратуры лексікі. Міхась Стральцоў - што заўгодна, добрая гарадская беларуская мова.
І не бойцеся памыляцца і трасяніць:) Гэта і ёсць навучанне, цяпер ніхто не робіць заўваг дурным тонам, папраўляюць ласкава і не крыўдна:) Ці не папраўляюць увогуле:))
Абдымаю ўсіх, дарагія суайчыннікі, ну, і саацечэственнікаў таксама:)
slounik.org: беларускія слоўнікі і энцыкляпэдыі
беларускія слоўнікі і энцыкляпэдыі