Дзённік настаўніцы. 24 снежня.

Ганна Севярынец
24.12.2023

А сёння дзень народзінаў Алеся нашага Дудара, добрага майго таварыша з тых дваццатых, які сустрэўся мне якраз перад нашымі дваццатымі –  і мне з ім ісці лягчэй.

За гэты год зрабілася для яго зусім няшмат, але нешта ўсё ж ёсць: самым невераемным чынам пры дапамозе ўкраінскіх калег адшукалася частка Дударова перакладу "Германіі. Зімняй казкі" Гайнэ. Некалькі лістоў з гэтага перакладу былі тут, сярод папер, знойдзеных у 2017, а частка –  нейкім чынам невядома калі апынулася ў Кіеве, і вось там, пад бомбамі, была знойдзена. Такая вось ягоная ўласцівасць – апынацца пасярод трындзяцоў. 

Шчэ з'явіўся новы пераклад ягонай Зоркі - на французскую гэты верш пераклала Yana Hultsiayeva, і для франкафона Дудара, які быў першым перакладчыкам Бамаршэ, гэта дарагі падарунак) Апынацца на скрыжаванні моў - таксама ягоная ўласцівасць)

А яшчэ ў гэтым годзе з'явілася цудоўная песня на верш Дудара - "Завяжу я, завяжу я", музыку напісала Галіна Казіміроўская, а выканаў яе адзін наш легендарны хор, спасылку даць не магу, як вы разумееце. Таксама не магу даць спасылку на радыёсерыял пра Дудара, створаны камандай Васіль Дранько-Майсюк, а серыял такі, між тым, таксама выйшаў у гэтым годзе. Шчэ адна ўласцівасць майго таварыша –  апынацца пасярод экстрэмістаў, алкаголікаў і тунеядцаў. Багема:)

Верш сёння будзе, дарэчы, вельмі спакойны. Я яго вельмі люблю, гэты верш кніжнага хлопчыка, які сам стаў кнігай.

 

Змора ня хіліць, ня вабіць яда

ад вобразаў, слоў і форм.

Поэта нарэшце скончыў і здаў,

і кніга пайшла ў набор.

Гарэла вітрына у сотні фарб.

Кніг столькі – глядзі ды глядзі!..

Поэта-ж убачыў поўны чар

маленькі томік адзін.

За годам год – чарада прайшла.

Шмат кніг – вялікіх, малых…

Хто ўспомніць, канчаючы дальні шлях,

слупоў прыдарожных лік.

І там, на асфальце, пад шэрай сьцяной,

дзе кнігі расклаў букініст,

вялікі поэта штурхнуў нагой

забытага томіка ліст.

1928