Варшаўская вандроўка

14.12.2009

Варшаўская вандроўка, або чым польская школа адрозніваецца ад нашай.

Кожная магчымасць выехаць і ўбачыць свет для мяне – падарунак лёсу. У гэты раз падарунак і лёс у асобе Настаўнік.інфо і праграмы «Спрыянне развіццю найноўшых метадаў адукацыі" перанеслі мяне ў Варшаву. Мэта – убачыць, як на практыцы выкарыстоўваюць метад АА* (актыўнай ацэнкі) польскія настаўнікі, пазнаёміцца с сістэмай адукацыі ў Польшчы.

Школьная адукацыя максімальна прыстасавана да патрэб вучня і сітуацыі развіцця свету!
Першае, што мяне ўразіла – разняволеная атмасфера ў школе. Дзеці без формы, настаўнікі ў выгодных джынсах на ўроках сядзяць на стале і пацягваюць з кубачка каву, класы без “афрарамонту” аформлены дзіцячымі праектамі па тэме ўрокаў або выхаваўчых гадзін. Школьнае жыццё ідзе павольна, без напругі і перабольшанай рэгламентаванасці, якую ў нас называюць “парадкам”.
Класныя журналы аформлены рознымі колерамі на адным лісце па прадмету, ёсць школы дзе няма званкоў – усе самі трапляюць на заняткі.
Прастора школы выкарыстоўваецца вельмі нестандартна ў параўнанні з нашай – урокі могуць ісці ў фае, у сталоўцы, проста на калідоры для некалькіх вучняў. Працэс навучання не хаваецца за дзвярыма кабінетаў.
Педагагічная рада мае вялікую прастору замацаваную юрыдычнымі дакументамі па вядзенню адукацыі. Можна выпрацаваць сваю сістэму адзнак, колькасць гадзін па прадметах і вывучаць усе прадметы на двух узроўнях – базавым і паглыбленым.

Школьны журнал – Розныя колеры чанілаў не ўплываюць на якасць ведаў вучняў.

Вучні не абавязова вядуць дзённік. Дзённік электронны вядуць абавязкова настаўнікі. У ім не толькі адзнакі і актыўнасць вучня на ўроку, але і хатнія заданні, інфармацыя аб паводзінах вучняў, іх удзеле ў жыцці школы. Бацькі могуць зазірнуць на сайт школы і даведацца аб усім у любы момант, нават раней, чым дзіця прыдзе са школы.

Беларуская група настаўнікаў у польскай школе

Свабода ў сферы адукацыі праяўляецца і ў магчымасці выбраць школу.
У Польшчы на сённяшні дзень тры формы арганізацыі школ – дзяржаўныя, якія найбольш падобныя на нашыя, грамадскія, як палякі кажуць – “сполэчныя”- школы арганізаваныя пад кіраўніцтвам адной арганізацыі, вельмі падобныя на грамадскую арганізацыю з прадстаўніцтвамі ў розных гарадах. У педкалектывах такіх школ працуюць аднадумцы, людзі, якія ажыццяўляюць сваю ідэю, будуюць у адпаведнасці з ёй і школу і адукацыю. І трэці варыянт – прыватныя школы, якія створаны на камерцыйнай аснове. Два апошніх варыянты – платныя школы. Аплата складае прыкладна 850 злотых (каля 800 тысяч беларускіх рублёў), якія бацькі аплочваюць 12 месяцаў. Але па статутах школ існуюць магчымасці навучацца без аплаты: для вельмі здольных вучняў прадугледжаны стыпендыі і для сем’яў малазабяспечаных – льготы, або бесплатнае навучанне. Апроч гэтага на апошняй ступені адукацыі – ліцэй – дзеці могуць выбраць узровень матуры.

Дзеці займаюцца там, дзе ім зручна і апранаюццатак, каб было зручна займацца

Матура- гэта выніковы экзамен, які з’яўляецца адначасова экзаменам аб заканчэнні школы і экзаменам для паступлення ў ВНУ. Матура можа быць не толькі польская, але і міжнародная. Па выніках міжнароднай можна атрымліваць вышэйшую адукацыю амаль у любым ВНУ за межамі краіны. Навучанне пры падрыхтоўцы да міжнароднай матуры ідзе на англійскай мове і навучаюць настаўнікі, якія прайшлі спецыяльную падрыхтоўку на еўрапейскім узроўні. Наогул, моладзь у Польшчы можа з лёгкасцю перайсці на англійскую мову, калі спытацца, як прайсці ці даехаць. Пасля сканчэння школы амаль усе ведаюць і карыстаюцца дзьвума замежнымі мовамі: англійскай і нямецкай, або англійскай і гішпанскай, або іншымі.

Сацыалізацыя праз развіццё вучнёўскага самакіравання.
Прыемна ўразіла развіццё вучнёўскага самакіравання. У старэйшых класах ліцэя вучні арганізуюць усё настолькі самастойна, што дзіву даешся, як яны жывуць без БРСМ?! Арганізуюцца імпрэзы кшталту класных заняткаў і такіх памераў, як фестываль моладзевых культур. Працай па арганізацыі фестывалю ў мінулым годзе ў ліцэі Стэфана Баторыя былі аб’яднаны 150 валанцёраў і невялікі аргкамітэт з 5-ці вучняў.

Школьны праект.

Таксама вучні ствараюць самастойна праекты звязаныя з сімуляцыяй працы польскага сейму і паседжанняў ААН. Праводзяць выбары ў органы вучнёўскага самакіравання, якія складаюцца з працэдур падобных на выбары дэпутатаў сейму і прэзідэнта. Карацей, выхаванне накіравана на фарміраванне сацыяльных кампетэнцый, неабходных у свеце дарослых.

Старшакласнікі

Тры пытанні, якія прыехалі са мной у Беларусь з вандроўкі.
1) Чаму, п’ючы каву на ўроку, палякі маюць нашмат вышэйшы ўзровень дабрабыту ў параўнанні з нашым?
2) Колькі спатрэбіцца часу, каб чыноўнікі ад адукацыі зразумелі, што навучанне па аднаму падручніку і адной зацверджанай праграме – гэта падтрымка філасофіі гомасавецікуса?
3) Праз колькі пакаленняў школьная адукацыя будзе вольная ад татльнага фармалізму?
________________
*Актыўная ацэнка — гэта ацэнка, якая «дапамагае вучыцца». У шматлікіх краінах гэты метад лічыцца адным з найболей перспектыўных. Даклад Арганізацыі эканамічнага развіцця і супрацоўніцтва (OEDC) 2005 года сведчыць аб эфектыўнасці гэтага метаду для паляпшэння вынікаў навучання, матывавання агульнай цікаўнасці да жыцця і выраўноўвання адукацыйных магчымасцяў.