Наколькі сістэма адукацыі Беларусі адпавядае еўрапейскім стандартам?
Паводле Радыё Свабода
Чаму Беларусь застаецца адзінай еўрапейскай краінай, якая не далучылася да гэтак званага Балонскага працэсу, які мае выпрацаваць агульныя стандарты вышэйшай адукацыі ў Еўропе?
З канца 1990-х у Еўропе пачаўся працэс стварэння адзінай прасторы вышэйшай адукацыі. Менавіта ў 1999 годзе ў Балоні была зацверджана 29 міністрамі адукацыі і прадстаўнікамі ўнівэрсітэтаў дэкларацыя, у якой прапісана мэта — да 2010 года стварыць агульнаеўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі.
Да працэсу рэфармавання адукацыі згодна з стандартамі балонскага працэсу Беларусь пакуль не далучылася. Хаця спробы былі гадоў 10 таму, калі намеснікам міністра адукацыі, а потым рэктарам БДУ быў Аляксандр Казулін.
У 2004 годзе была прынята нават адпаведная пастанова Савета Міністраў. Але працэс затармазіўся.
Былы прарэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэта, прафесар Уладзімір Дунаеў лічыць, што з кожным годам ад Балонскага працэсу Беларусь аддаляецца: Уладзімір Дунаеў «Думаю вельмі далёкая, далей, чым яна была 5 гадоў таму. Па архітэктуры, па змесьце, па асноўных акадэмічных імператывах — такім жыцці ўніверсытэцкім. Па ўсіх гэтых парамэтрах далёкая. Больш за тое — усё далей і далей...»
Старшыня камісіі па адукацыі, культуры, навуцы Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Здановіч прытрымліваецца іншага меркавання: «Калі паглядзець фармальна, то даўно знаходзімся ў гэтым самым Балонскім працэсе, толькі некалькі па-свойму. Дзве ступені вышэйшай адукацыі ў нас даўно ёсць: гэта спецыяліст і магістратура. Што тычыцца мабільнасці студэнтаў і выкладчыкаў — такая мабільнасць таксама існуе. Але яна існуе ў рамках міжнародных пагадненняў, у прыватнасці, абмену студэнтамі і выкладчыкамі. Адзіная ўмова і адзінае адрозненне (гэта патрабаванне да ўсіх) — абавязак вярнуцца назад. Што тычыцца акадэмічных свабодаў ды іншага — дык яны таксама ў нас ёсць».
Прафесар Уладзімір Дунаеў наконт двухузроўневай сістэмы падрыхтоўкі спецыялістаў цалкам не згодны з Уладзімірам Здановічам: «Па-першае, ніякіх бакалаўраў няма, ёсць спецыялісты. Другая ступень — магістр — таксама не мае ніякага дачынення да таго, што з'яўляецца гэтай другой акадэмічнай ступенню ў Балонскім працэсе. Таму што наш магістр — гэта прамежкавая ступень у падрыхтоўцы навуковых кадраў, то бок аспірантура».
У лютым 2010 года міністр адукацыі Беларусі Аляксандр Радзькоў паведаміў на калегіі міністэрства, што яно прадставіла ў Адміністрацыю прэзідэнта афіцыйны дакумент па ўваходжанні ў Балонскі працэс і будзе актыўна працаваць, каб да яго далучыцца.
Выкладчык Беларускага ўніверсітэта культуры дацэнт Алег Трусаў перакананы, што ўсё залежыць ад волі вышэйшага кіраўніцтва краіны: Алег Трусаў «Я лічу, што ўсё залежыць ад Адміністрацыі прэзідэнта, перш-наперш ад самога кіраўніка дзяржавы. І мне здаецца, што зараз у мэтах паляпшэння адносінаў з Захадам трэба тэрмінова прыняць дакумент, у якім распісаць усе стадыі далучэння да Балонскага працэсу. Калі мы хочам быць дзяржавай, спецыялісты якой цэняцца ва ўсім свеце».
Балонскі працэс складаецца з 10 асобных кірункаў. І двухузроўневая сістэма навучання (бакалаўр/магістр) — не самае галоўнае. Найбольш важныя сярод складнікаў:
* Стварэнне сістэмы ацэнкі ведаў студэнтаў, якая была б зручнай для ўсіх ВНУ з розных краін. Гэта так званыя «крэдыты»;
* Мабільнасць. Студэнты, выкладчыкі і маладыя спецыялісты могуць бесперашкодна перамяшчацца з адной краіны ў іншую. Так, можна вучыцца ў любой краіне і потым самому выбіраць месца працы ў любой краіне Еўропы;
* Кантроль якасці адукацыі. Распрацоўваюцца пэўныя стандарты і структуры, якія б рэгламентавалі і кантралявалі высокую якасць еўрапейскай адукацыі;
* Акадэмічныя свабоды.
Студэнтка-другакурсніца Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Кацярына Сцяпанава лічыць, што беларуская мадэль істотна адрозніваецца ад еўрапейскай адукацыйнай сістэмы: «На маю думку, Балонскі працэс аказаў значна больш уплыву на еўрапейскія ВНУ, бо ў нас навучанне праходзіць больш самастойна, у нас роля выкладчыка не столь значная, бо ён адыгрывае ролю проста медыюму, які проста суправаджае ў працэсе пошуку ведаў, і не столькі пытаецца, кантралюе, як у беларускіх ВНУ, дзе вельмі шмат залежыць ад волі настаўніка, ад яго нават настрою. Больш таго, мы нашмат больш часу прысвячаем самастойнай працы, чытаем розныя тэксты. Я ўжо нават не кажу пра ўзровень гэтых сур’ёзных тэкстаў, больш акадэмічных, усясветна вядомых аўтараў чытаем. Пра такое ў беларускай сістэме навучання не можа быць нават і размовы».
Прафесар Уладзімір Дунаеў перакананы: «Самае галоўнае — гэта імператывы акадэмічнага жыцця. Прынцыпы ўніверсітэцкай аўтаноміі і акадэмічныя свабоды. Без гэтага Балонскай мадэлі быць не можа. У нас у 2009 годзе з Закону аб адукацыі прыбраны 34 артыкул, які якраз і прысвечаны акадэмічным свабодам і ўніверсітэцкай аўтаноміі. У Адукацыйным кодэксе, які рыхтуецца, яшчэ горш: там нават намёку няма на ўсё гэта».
Старшыня парламенцкай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы Уладзімір Здановіч выказаў асабістае меркаванне, што паколькі ў самой Балонскай дэкларацыі прапісана мэта — да 2010 года стварыць агульнаеўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі, то, магчыма, Беларусі ўжо няма куды спяшацца: «Фармальна мы туды не ўступілі і, мабыць, ужо не будзем уступаць па той прычыне, што, наколькі мне вядома, у найбліжэйшы час гэты Балонскі працэс у тым выглядзе, і тыя задачы, якія ён перад сабой ставіў, ужо будуць выкананыя, і пачнецца нейкі іншы этап у яднанні адукацыйных сістэм на тэрыторыі Эўропы».
У Беларусі бясконца ідуць спробы рэфармавання сістэмы адукацыі. Рэформу па пераводзе школы на дванаццацігодку да канца так і не давялі, абвясціўшы яе правальнай. Зноў вярнуліся да 11-гадовага навучання ў школе. Зараз вырашылі, што зноў неабходна рэфармаванне адукацыі, і Беларусь будзе працаваць над уключэннем у Балонскі працэс. У прыняты ў 2007 годзе Закон аб адукацыі ўносяцца папраўкі, а зараз у парламенце рыхтуецца да прыняцця ў другім чытанні Адукацыйны кодэкс.
Няма канца рэформам...
Паводле Радыё Свабода
Наколькі сістэма вышэйшай адукацыі Беларусі адпавядае еўрапейскім стандартам?
08.03.2010