Пераклад з рускай – Настаўнік.info
Паездка за мяжу, перадусім у краіны далёкага замежжа, усё яшчэ застаецца экстраардынарнай падзеяй беларускага навуковага і адукацыйнага жыцця. Вось чаму прапанову брусельскага “Офіса за дэмакратычную Беларусь”1 (дырэктар Вольга Стужынская) паўдзельнічаць у навукова-адукацыйным візіце аўтар гэтых радкоў успрыняў як знакавую. Гаворка ішла аб наладжванні сувязяў паміж прафесіяналамі ў вобласці навукі і адукацыі Беларусі і Еўрапейскага Саюза, а таксама аб паляпшэнні абазнанасці супрацоўнікаў беларускіх універсітэтаў наконт механізмаў функцыянавання еўраінстытутаў. З гэтай мэтай меркаваліся сустрэчы з прадстаўнікамі Еўракамісіі (ЕК), Рады Еўрапейскага Саюза (Рады ЕС) і Еўрапарламента, якія працуюць ва ўсходнееўрапейскім і, у прыватнасці, беларускім, кірунку.
Чытач, наўпрост не звязаны з універсітэтам, лёгка зразумее маю зацікаўленасць паездкай, калі скажу, што прастора навуковай і адукацыйнай кааперацыі беларускіх гуманітарыяў з еўрапейскімі калегамі, узніклая на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, апошнім часам сціскалася нібы шчыгрынавая скура, што электроннае ліставанне праз сетку Інтэрнэт вырашыла задачу першасных кантактаў і арыентыраў – і вычарпала сябе, не адбiўшыся ў сумесных даследаваннях, практычных зачынах, жывых кантактах.
Між тым, цяперашняе становішча ў беларускай універсітэцкай гуманітарнай навуцы і звязанай з ёй адукацыяй можна назваць крытычным. (Не наогул, вядома, а з гледзішча еўраінтэграцыі нашай адукацыі і навукі). У іх крызісным стане2 няцяжка ўпэўніцца, прааналізаваўшы навуковыя і педагагічныя публікацыі на замежных мовах універсітэцкіх навукоўцаў і выкладчыкаў. Нават іх колькасць не падлягае ўліку, бо трапляе ў разрад статыстычнай хібнасці, дык што казаць пра якасць, якая звычайна выяўляецца ў публікацыях у вядучых навуковых часопісах Еўропы і Амерыкі і ў індэксе цытаванасці. Апошняе ўвогуле не пра нас…
Такое становішча, бясспрэчна, мае гістарычныя карані і звязана як са шматгадовым ідэалагічным прымусам, сервільным статусам сацыяльных і гуманітарных дысцыплін, з “уцечкай мазгоў” у навуковыя цэнтры Масквы і Ленінграда – так і з адметнасцямі навукова-адукацыйнай палітыкі “эпохі незалежнасці”, якая надае “чалавеказнаўчым” ведам другасны (у параўнанні з тэхнічнымі) статус. Крызіс гуманітарных дысцыплін Беларусі абумоўлены і іх ізаляванасцю ад вядучых замежных інтэлектуальных цэнтраў (перадусім, заходнееўрапейскіх). Замкнёныя сістэмы, як вядома, не развіваюцца, бо функцыянуюць пераважна ў рэжыме самазахавання.
Не толькі аўтар гэтых радкоў, але і, як выявілася з кароткай гутаркі ў аэрапорце Мінск-2, яго спадарожнікі ўспрынялі запрашэнне “Офіса за дэмакратычную Беларусь” са спадзевам, а сябе адчувалі упаўнаважанымі беларускіх універсітэтаў, хоць насамрэч, вядома, ніхто ніякіх даручэнняў нам не даваў. Гэта, як кажуць французы, noblesse oblige – становішча абавязвае, што збольшага адпавядае наскаму выразу “Калі з роду баравік, то лезь, браце, у кошык”.
І вось мы (прадстаўнікі трох беларускіх універсітэтаў – БДУ, БНТУ і БДУКМ) сядзім у кабінеце Вікторыі Лавенберг (Viktoria Lovenberg), якая курыруе ў Генеральным камісарыяце Рады Еўропы ўсходні кірунак знешняй палітыкі ЕС. Гутарка вядзецца, вядома ж, аб адносінах Беларусі і Еўрасаюза. Пазіцыя аб’яднанай Еўропы досыць адназначная: Беларусь – еўрапейская краіна і яе прысутнасць у сям’і еўрапейскіх народаў не патрабуе дадатковых абгрунтаванняў. Больш за тое, менавіта яе еўрапейскі статус (месцазнаходжанне, культурны і эканамічны рэсурс) робяць гэтую краіну вельмі зручнай для рэалізацыі шматлікіх зачынаў ЕС, якія без удзелу Рэспублікі Беларусь значна губляюць у эфектыўнасці. Для Беларусі, у сваю чаргу, развіццё адносін з Еўрасаюзам адчыняе доступ новым эканамічным і культурным крыніцам, сучасным тэхналогіям, інвестыцыям, без якіх устойлівае функцыянаванне сучаснай народнай гаспадаркі немагчымае. Такім чынам, інтэграцыя Беларусі ў партнёрскія праграмы Еўрасаюза прывабная і шматперспектыўная з гледзішча абодвух бакоў.
Між тым, асновай еўрапейскага аб’яднання была і застаецца Канвенцыя па правах чалавека, якая надае дэмакратычным каштоўнасцям фундаментальны статус. На гэтай базе ЕС будуе не толькі сваю ўнутраную, але і знешнюю палітыку. Адпаведная дамова аб партнёрстве паміж Еўрасаюзам і Рэспублікай Беларусь была падпісаная яшчэ ў 1995 г., аднак, у 2008 г. яе рэалізацыя, разам са стварэннем прававой базы двухбаковых адносін, з вядомай прычыны была прыпыненая. Нягледзячы на пэўнае пацяпленне адносінаў паміж ЕС і Беларуссю ў пачатку 2009 г., стварэнне рэальных механізмаў супрацы ўсё яшчэ застаецца на рахунку знешнепалітычных перамоваў у няпэўнай перспектыве. Гэта не можа не адбівацца на характары ўзаемадзеяння палітычных інстытутаў ЕС і Беларусі, у тым ліку і тых, якія вызначаюць палітыку ў вобласці навукі і адукацыі.
Рэальна ацэньваючы цяперашняе становішча, краіны Еўропы, па-першае, выпрацавалі формулу “тэхнічнай супрацы” аператыўных структур ЕС з “тактычнымі” структурамі беларускай дзяржавы і грамадства, што дазваляе шляхам “малых” (непалітычных) справаў рыхтаваць глебу будучыні міждзяржаўнага ўзаемадзеяння. І, па-другое, дыферэнцыявалі сваю знешнюю палітыку адносна Беларусі, перайшлі ад цэнтралізаваных высілкаў (кіравання, сканцэнтраванага ў інстанцыях ЕС) да шматцэнтравага дыялогу (на ўзроўні асобных адносна аўтаномных суб’ектаў: ведамстваў, праграмаў, прафесійных асацыяцый). У рамках “тэхнічнай супрацы” быў арганізаваны і наш візіт, фінансавая падтрымка якога, дарэчы, была забяспечаная дацкім урадам.
На пытанне прадстаўнікоў нашай групы аб стане і перспектывах развіцця міжуніверсітэцкіх адносінаў, акадэмічнай мабільнасці выкладчыкаў і студэнтаў спн. Лавенберг адказала, што папярэднія дамовы на гэты конт паміж краінамі-удзельніцамі перамоваў ёсць, аднак адсутнасць належнай прававой базы, а таксама засцярогі беларускага боку аб масавым невяртанні ўдзельнікаў абмену на радзіму, тармозяць прагрэс у гэтым кірунку. Няяснай застаецца і пазіцыя Беларусі адносна Балонскага працэсу, які робіць, як вядома, стаўку на стварэнне агульнаеўрапейскай адукацыйнай прасторы, узаемаканвертацыю навучальных праграмаў і формаў атэстацыі студэнтаў універсітэтаў.
Аднак, нягледзячы на ўсе гэтыя міждзяржаўныя недамоўленасці, Еўрапейскі Саюз прыняў рашэнне аб адкрыцці 2-гадовага гуманітарнага калідору для суб’ектаў рознага статусу з Беларусі (галоўным чынам, навукоўцаў, выкладчыкаў, студэнтаў). З гэтай прычыны для прадстаўнікоў нашай краіны былі адчыненыя альбо рэактывізаваныя шматлікія навукова-адукацыйныя праграмы агульнаеўрапейскага значэння.
Знаёмства беларускай групы з гэтымі праграмамі адбылося ў Выканаўчым агенцтве3 па пытаннях адукацыі, аўдыёвізуальных сродкаў і культуры ЕК4 [The Education, Audiovisual and Culture Executive Agency (EACEA) http://eacea.ec.europa.eu/index.html]. Яго прадстаўніца — Джулія Мора (Giulia Moro) распавяла нам аб функцыях нядаўна створанага агенцтва і тых магчымасцях, якія ўзнікаюць у сувязі з рэалізацыяй усходне-еўрапейскай перспектывы. Калі рэзюмаваць выніковае ўяўленне аб гэтым агенцтве (і агенцтвах увогуле), то можна сказаць, што яно з’яўляецца структурным аддзелам ЕК, ведае як асобнымі праектамі і праграмамі, так і групамі навуковых і адукацыйных праектаў. Кампетэнцыя агенцтва ахоплівае ўсю разнастайнасць сувязяў паміж дырэкцыяй праграмаў і іх выканаўцамі. Вядзецца, галоўным чынам, пра пасярэдніцкую функцыю: распаўсюд інфармацыі, звязанай з культурнымі, навуковымі і адукацыйнымі ініцыятывамі ЕК, комплекс дзеянняў па ацэнцы, адбору і падтрымцы прынятых да выканання праектаў, кантроль якасці іх рэалізацыі і пошук сродкаў падвышэння сацыяльнай эфектыўнасці сродкаў, укладзеных у навукова-адукацыйнае і культурнае прадпрыемства.
Падчас гэтай сустрэчы (акрамя Джуліі Мора, у ёй удзельнічалі і супрацоўнікі агенцтва), мы пазнаёміліся з некалькімі датычнымі Беларусі праграмамі:
" Comenius – арыентаваную на развіццё сярэдняй школы.
" Erasmus – арыентаваную на падтрымку вышэйшай адукацыі.
" Leonardo da Vinci – арыентаваную на адукацыйныя паслугі ў перыяд вакацыяў.
" Grundtvig – арыентаваную на адукацыю сталых асобаў і падтрымку альтэрнатыўных формаў навучання.
" Jеаn-Monnet – арыентаваную на забеспячэнне праграмаў бесперапыннай адукацыі і даследаванне праблемаў Еўраінтэграцыі.
" TEMPUS – арыентаваную на мадэрнізацыю вышэйшай адукацыі ў краінах, суседніх з ЕС.
Ведаючы аб тым, што беларуская дэлегацыя складаецца з прадстаўнікоў вышэйшай школы, супрацоўнікі агенцтва ў сваіх выступах акцэнтавалі праграмы, найбольш адпаведныя інтарэсам сучасных беларускіх універсітэтаў5. Сярод ініцыятываў Еўрасаюза былі вылучаныя наступныя:
1. Праект Erasmus, які спрыяе акадэмічнай мабільнасці студэнтаў і выкладчыкаў, паляпшэнню іх прафесійных перспектываў, напрыклад, атрыманню магістарскай кампетэнцыі (http://erasmushouse.net ). Акрамя гэтага, Erasmus падтрымлівае праграмы супрацы вышэйшых навучальных установаў, прафесійныя сеткі, шматбаковыя практычныя праекты, у якіх удзельнічаюць дзесяткі навучальных арганізацый. З 2009 г. дзейнічае яго падпраграма Erasmus Mundus (2009–2013 гг. – http://eacea.ec.europa.eu/erasmus_mundus/index_en.php ), якая адчыніла шлях да рэсурсаў праекту Erasmus краінам, што непасрэдна не ўваходзяць ў ЕС. Да іх ліку з нядаўняга часу адносіцца і Беларусь.
2. Праект Jеаn-Monnet забяспечвае некалькі кірункаў еўрапейскай супрацы, мае такі актуальны раздзел, як “Aсtion” (http://eacea.ec.europa.eu/llp/funding/2010/call_jean_monnet_action_ka1_2010_en.php ). Сярод іншага, “Aсtion” спрыяе інфармацыйнаму пошуку і даследчай дзейнасці, падтрымлівае прафесійныя асацыяцыі выкладчыкаў і навуковыя распрацоўкі ў вобласці Еўрапейскай інтэграцыі. Дадзены праект уключае ў сябе некалькі падпраграмаў:
Jean Monnet Chairs – раздзел праграмы, які падтрымлівае выкладчыцкую дзейнасць са спецыялізацыяй у “Еўрапейскіх даследаваннях” (http://ec.europa.eu/education/programmes/ajm/index_en.html ).
Centres of Excellence – падпраграма стварэння міждысцыплінарных навуковых гуманітарных структур, а таксама дакументальных рэсурсаў Еўрапейскіх даследаванняў у межах аднаго ці некалькіх універсітэтаў (http://www.sun.com/products-n-solutions/edu/programs/coe ).
European Module – міждысцыплінарная кароткатэрміновая праграма вывучэння праблемаў Еўрапейскай інтэграцыі (http://steconomice.uoradea.ro/jmp/). Удзельнічаць у праекце Jеаn-Monnet могуць толькі афіцыйна зарэгістраваныя навучальныя ўстановы ўніверсітэцкага ўзроўня. Больш грунтоўнае асвятленне дадзеных праектаў і праграмаў зацікаўлены чытач знойдзе на сайце: http://ec.europa.eu/education/lifelong-learning-programme/doc88_en.htm
3. Праект TEMPUS (http://eacea.ec.europa.eu/tempus/index_en.php) падтрымлівае мадэрнізацыю вышэйшай адукацыі ў краінах, якія суседнічаюць з ЕС. На сёння ў межах гэтага кірунку фінансуюцца дзве формы актыўнасці:
– Праграмы шматбаковай супрацы паміж вышэйшымі навучальнымі ўстановамі ЕС і іх партнёрамі. Вядзецца аб мадэрнізацыі і распаўсюдзе навучальна-метадычных рэгламентаў, метадаў навучання, схемаў кіравання ВНУ.
– Праграмы развіцця і рэфармавання ВНУ ў партнёрскіх краінах, з мэтай паляпшэння якасці адукацыі і набліжэння адукацыйных сістэмаў партнёраў да той, якая існуе ў ЕС.
Абмеркаванне магчымасцяў супрацы беларускіх навукоўцаў і выкладчыкаў з іх еўрапейскімі калегамі (пры пасярэдніцтве агенцтва) выявіла, што функцыя агенцтва не зводзіцца толькі да ўсталявання сувязяў паміж партнёрамі. Сёння яго супрацоўнікі спрыяюць патэнцыйным удзельнікам розных праграмаў на ўсіх стадыях іх рэалізацыі: ад падрыхтоўкі заяўкі да афармлення справаздачнай дакументацыі. З нядаўняга часу яны дапамагаюць заяўнікам у пошуку сувыканаўцаў, падборы пэўных падпраграмаў і формаў удзелу. Пры гэтым, з прычыны фармальнай блізкасці і, такім чынам, слабой адрознасці гуманітарных праектаў ЕС для беларускіх удзельнікаў, агенцтва здзяйсняе і неабходную кансультацыйную дапамогу ў высвятленні дэталяў функцыянавання тых ці іншых аспектаў еўрапейскіх навукова-адукацыйных акцый.
Як выявілася, ужо сёння беларускія навукоўцы і педагогі могуць уключыцца ў працэс рэалізацыі дзейных праграмаў і праектаў ЕС у якасці знешніх экспертаў, для чаго ім варта запоўніць адпаведную старонку на сайце агенцтва. Экспертны ўдзел дае не толькі магчымасць пэўнай падпрацоўкі (праца экспертаў аплачваецца паводле самай высокай шкалы), але і прапануе шанец рэальнага ўдзелу ў прыняцці рашэнняў у дыяпазоне вырашаных агенцтвам задач.
Аб маштабе, у прыватнасці, даследчых праграмаў мы атрымалі ўяўленне на сустрэчы ў Генеральным Дырэктараце па даследаваннях ЕК. Супрацоўнікі Дырэктарата Іў Мэйзані (Yves Maisonny) і Марцін Пені (Martin Penny) акрэслілі кола новых для Беларусі ініцыятываў, актывізаваных у 2009 г. Гэта такія праграмы, як INCO-Net, ERO-Net, ERA-Wide, ERC/IDEAS Frontier Research Funding Programme. З бюджэтам і дакументамі гэтых праграмаў можна пазнаёміцца на сайце: http://cordis.europa.eu/; http://ec.europa.eu/research/research-eu/.
Праграма Frontier Research, арыентаваная на вывучэнне праблемаў памежжа, напрыклад, уключае ў сябе два кірункі: ядзерныя і няядзерныя даследаванні. Найболей фондаёмістай з’яўляецца яе першая частка. План даследаванняў паводле праграмы складаецца штогод у канцы ліпеня, пасля чаго абвяшчаецца адпаведны тэндэр. Фінансавыя ўмовы для навукоўцаў з Беларусі і іншых краін-удзельніц аднолькавыя.
Праграма INCO-Net, у сваю чаргу, арыентаваная на развіццё кааперацыі навуковых структур ЕС і іншых краін, падтрымку навукоўцаў і даследчых цэнтраў за межамі ЕС.
ERA-Wide – спрыяе навукоўцам у пошуку партнёраў, афармленні навучальных курсаў, правядзенні канферэнцый, наладжванні міждзяржаўных навуковых сувязяў. І, нягледзячы на значную ўдзельную вагу натуральна-навуковых і тэхнічных распрацовак, у ёй знайшлося месца і гуманітарнаму кірунку. Сярод 10 прыярытэтаў 7 Рамкавай Праграмы “Супраца” знайшлося месца і для адной гуманітарнай пазіцыі “Сацыяльна-эканамічныя і гуманітарныя навукі”. (Гл. http://cordis.europa.eu/fp7/cooperation/socio-economic_en.html ).
Тут на сустрэчы ў Генеральным Дырэктараце даследаванняў ЕК паміж яго прадстаўнікамі і беларускімі экспертамі паўстала невялікая дыскусія. У адказ на заўвагу Іва Мэйзані, які зазначыў недастатковую зацікаўленасць беларускіх навукоўцаў у праграмах ЕК (у 2009 г. ніводнай заяўкі з Беларусі), паўстаў шэраг сустрэчных пытанняў арганізацыйна-камунікатыўнага кшталту.
Мы спыталі, напрыклад, аб тых каналах, праз якія пашыралася інфармацыя распарадчых структур ЕС. Высветлілася, што асноўным адрасатам Генеральнага Дырэктарата выступала Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, у функцыі якога ўваходзіла давядзенне гэтай інфармацыі да патэнцыйных выканаўцаў і зацікаўленых арганізацый. Акрамя гэтага, для падвышэння ўзроўня даступнасці інфармацыі, на базе БДУ быў створаны Інфармацыйны цэнтр Еўрапейскага Саюза, дзейнасць якога, на думку яго стваральнікаў, павінна была дапоўніць і канкрэтызаваць актыўнасць Міністэрства адукацыі ў гэтым кірунку. Мы выказалі здагадку, што, па ўсім відаць, гэтыя каналы пакуль не запрацавалі напоўніцу, а таму малаэфектыўныя, аб чым ускосна сведчыць і неабходнасць арганізацыі серыі адукацыйных візітаў беларускіх навукоўцаў і педагогаў у Брусель.
Частка пытанняў датычыла характару арыентацыі прадстаўнікоў Генеральнага Дырэктарата ў беларускіх акалічнасцях і, у прыватнасці, іх ацэнкі стану нашай гуманітарнай навукі і адукацыі. Выявілася, што дасведчанасць арганізатараў усходне-еўрапейскага партнёрства носіць занадта агульны, недыферэнцыяваны характар.
Так, ім няўцям, што пры цяперашніх умовах экспертызы і тэматычных абмежаваннях (сумесныя даследаванні ў асноўным павінны датычыць праблемаў еўрапейскай інтэграцыі) большасць беларускіх навукоўцаў не ў стане на роўных канкураваць не толькі са сваімі заходнееўрапейскімі калегамі, але і з партнёрамі з краін былога сацыялістычнага лагера (Польшчы, Чэхіі, Балгарыі, а сёння і Украіны). І гэта не толькі таму, што мы не мелі 15-гадовага постсавецкага досведу адкрытасці Еўропе і свету, але і з прычыны арганізацыйных адметнасцяў беларускай навуковай вытворчасці, напрыклад, бюракратычнай цэнтралізацыі навукі, якая цугляла індывідуальную і групавую ініцыятыву навукоўцаў, ставіла іх у жорсткую залежнасць ад адміністрацыйнай самаўпраўнасці, блакавала развіццё нефармальнай навуковай інфраструктуры6.
У адказ на нашыя заўвагі прадстаўнік Генеральнага Дырэктарата адказаў наступнае: “Што ж, калі ў вас сапраўды такое складанае становішча, ператварыце сваю слабасць у сілу!”. У нечым ён, несумнеўна, мае рацыю. Беларускія навукоўцы-гуманітарыі і практыкі адукацыі павінны змяніць чакальную пазіцыю на актыўны пошук і самавыяўленне. Але ці толькі ад нас залежыць такая метамарфоза?
Калі аўтар гэтага артыкула сыходзіў з прадстаўніцтва Генеральнага Дырэктарата даследаванняў ЕК, ён працягнуў перарваную дыскусію, гэтым разам сам з сабою.
Шмат каму ў Беларусі ясна, што непасрэдным следствам шматгадовай замкнёнасці з’яўляецца, напрыклад, слабое веданне айчыннымі навукоўцамі моваў7 сённяшняй заходняй гуманітарнай навукі, ужо не кажучы пра валоданне англійскай. Абазнанасць у сацыяльных мовах прадугледжвае не простае знаёмства, напрыклад, з навуковай перыёдыкай, але і пэўную кампетэнтнасць у рэчышчы сучаснай традыцыі заходняга пісання, мыслення, разумення, дзеяння. У лінгвістыцы ў такіх выпадках кажуць пра карыстанне, практыку мовы, якая прадугледжвае здольнасць да непасрэднага і шматбаковага сімвалічнага абмену. Нашы заходнееўрапейскія калегі, дарэчы, збольшага вывучаюць (і вельмі эфектыўна!) замежную (нацыянальную) мову ў краіне гэтай мовы. Гэтак жа, як і чужую навуковую традыцыю, якую здаўна засвойваюць у цэнтрах яе распрацоўкі. Каталіком, як вядома, найлепш рабіцца ў Рыме. Пры засваенні нацыянальнай мовы нагода для гутаркі меней значная, чым сама гутарка. Гэта ж можна сказаць і аб мовах навукі, адукацыі, правілах паводзінаў у агульнаеўрапейскай прасторы.
У той жа час ствараецца ўражанне, што менавіта гэта нашыя еўрапейскія калегі не да канца разумеюць, збольшага, магчыма з прычыны пэўнага “эгацэнтрызму” альбо кагнітывісцкіх ілюзіяў. Для іх веданне акалічнасцяў еўрапейскага аб’яднання альбо праблемаў людзей з абмежаванымі магчымасцямі суадносiцца з задачамі дэмакратызацыі. Адгэтуль, пэўна, і жорсткае тэматычнае абмежаванне навуковых даследаванняў кантэкстам еўраінтэграцыі, праблемамі нацыянальна-культурных меншасцяў ці гендэрнай няроўнасці – несумнеўна, значных для працэсаў дэмакратызацыі ў краінах ЕС. Аднак для Беларусі гэта праблемы, як той казаў, другога эшалону. Ды і сам сэнс дэмакратызацыі сёння для нас некалькі іншы. Ён звязаны галоўным чынам з “нявыйсцем” з сацыялізму. У сувязі з чым надзённай задачай дэмакратызацыі ў беларускім рэгіёне з’яўляецца вертыкальная і гарызантальная стратыфікацыя сацыяльнай структуры грамадства, пераадоленне этатысцкіх спадзеваў і патэрналісцкіх чаканняў, эмансіпацыя індывідуальнай і грамадскай зацікаўленнасці, стварэнне маршрутаў і формаў яе выяўлення. Адрозненне інтарэсаў грамадства і дзяржавы ў такім рэчышчы трапляе ў першы шэраг. Калі для аб’яднанай Еўропы, з яе развітай грамадскай інфраструктурай, дыялог з дзяржавай – з’ява хутчэй звычайная, хоць і небезпраблемная, то для Беларусі гэта пакуль праект на стадыі ўсталявання. Сапраўдны дыялог магчымы толькі пры наяўнасці раўнапраўных партнёраў і прававога поля, які рэгулюе іх інтэракцыі. Грамадская зацікаўленнасць у нас пакуль маргінальная. У гэты ж час дыверсіфікацыя сацыяльнай структуры, з’яўленне дэмакратычных інстытутаў стварае праблему іх выкарыстання. Для гэтага таксама неабходны час. Як зазначыў некалі М.К. Мамардашвілі, мала мець закон, трэба яшчэ напрактыкаваць мускулы, здольныя прывесці гэты закон у дзеянне.
Дыяпазон такога кшталту (і некаторых іншых) значэнняў утварае праблемнае поле беларускай гуманітарнай навукі, адукацыі і прадугледжвае, у выніку, фармаванне адмысловых праграмаў і праектаў ЕС, “завостраных” пад спецыфіку беларускай сітуацыі, якія маглі бы стацца добрым дадаткам да ўжо дзейных. Вядзецца, напрыклад, аб распрацоўцы такіх ініцыятываў, якія б дазвалялі невялікім беларускім і еўрапейскім калектывам навукоўцаў атрымоўваць кароткатэрміновыя і адносна невялікія (з фінансавага гледзішча) навукова-даследчыя гранты, пры выкананні якіх навукоўцы нашай краіны (пажадана маладыя) набывалі б рэальны досвед узаемадзеяння са сваімі заходнімі калегамі, асвойвалі б рэсурс прафесійных выданняў і публічных навуковых падзеяў. Вядома, што і ўтрыманне гэтых праграмаў, роўна як і формы магчымага партнёрства ў іх, павінны быць прадметам пільнай сумеснай экспертызы і кваліфікацыі. Адметнае значэнне з гэтага гледзішча можа мець досвед нашых найбліжэйшых суседзяў: Прыбалтыкі, Польшчы, Чэхіі і некаторых іншых, дзе сённяшняе становішча гуманітарных навук і адукацыі выклікае пэўны аптымізм. З гэтага вынікае, напрыклад, што гранты, стымулюючыя ўзаемадзеянне ўсходнееўрапейскіх партнёраў, на гэтым этапе маглі б мець пэўную перавагу перад іншымі ініцыятывамі ЕС ва ўсходнім кірунку. Калі пазбягаць двухкоссяў, беларускай гуманітарнай навуцы і адукацыі неабходныя ўмовы разнапланавага і разнаякаснага вучнёўства. У сучасных прэфігуратыўных грамадствах (М. Мід), дзе сталыя чальцы вучацца ў дзяцей, уменне быць вучнем нават больш важнае, чым уменне быць настаўнікам.
Не меншае значэнне мае, на нашую думку, і спосаб адрасацыі зваротаў да беларускіх партнёраў, якім сёння карыстаецца Еўрасаюз. “Тэхнічнае партнёрства”, як мы зазначылі вышэй, у тым выглядзе, якім яно рэалізуецца рознымі праектамі і праграмамі, апелюе перадусім да структур дзяржавы, буйных навучальных установаў, альбо ўключае іх, як неабходнае звяно, у розныя формы супрацы. Напрыклад, шэраг падпраграмаў праекту Ж. Мане прадугледжвае абавязковы ўдзел дзяржаўных арганізацый, у тым ліку і ў якасці партнёра пры фінансаванні. Пэўна, такая стратэгія, калі яна здзяйсняецца дзяржаўнымі органамі ЕС, інакш і не можа будавацца. У гэты ж час, на нашую думку, у праграмах Еўрасаюза недастаткова задзейнічаны пасярэдніцкі рэсурс дзейных у Беларусі стуктураў грамадзянскай супольнасці: недзяржаўных навучальных установаў, недзяржаўных педагагічных арганізацый, прафесійных асацыяцый ды інш. Пры добрым веданні становішча на месцах гэтыя грамадскія фармаванні маглі б стаць пунктамі канцэнтрацыі навуковай і педагагічнай ініцыятывы, пераразмеркавання замовы на навуковыя распрацоўкі і адукацыйныя праекты.
Не апошняе месца ў фармаванні такога кшталту праграмаў, зарыентаваных на спецыфіку беларускіх умоваў, мусіць заняць карэкцыя экспертных крытэрыяў, якія вызначаюць допуск навукоўцаў і выкладчыкаў з Беларусі да выканання навуковых даследаванняў і правядзення практычных акцый. Выканаць патрабаванне шэрага даследчых праграмаў ЕС, якое прадугледжвае ў якасці неабходнай умовы наяўнасць публікацый кіраўнікоў і ўдзельнікаў праектаў у вядучых навуковых часопісах Еўропы, навуковыя працаўнікі Беларусі могуць толькі ў выключных выпадках. Прынамсі, на гэтым этапе. Вядома, паслабленне такога роду крытэрыяў спараджае праблему пацверджання навуковага статусу патэнцыйных выканаўцаў. Мяркуем, што ў гэтым выпадку сваё слова маглі б сказаць як прадстаўнікі прафесійных асацыяцый, так і незалежныя аналітыкі ЕС, абазнаныя ў беларускамоўнай (рускамоўнай) традыцыі. Апошняе не выключае, напрыклад, увядзенне новага патрабавання – справаздачных публікацый выконваемага альбо выкананага праекту ў прызнаваных экспертамі заходніх выданнях. З’яўленне такога роду сведчанняў магло бы быць важным паказчыкам прагрэсу беларускіх даследаванняў у еўрапейскім кантэксце.
Не апошняе месца ў навукова-адукацыйнай палітыцы ЕС магла б займаць адмысловая праграма забеспячэння доступу беларускіх навукоўцаў і выкладчыкаў ВНУ да навуковых перыядычных выданняў на заходнееўрапейскіх мовах. Выдатна, што ўжо сёння сайты шматлікіх замежных бібліятэк перыядычна адкрытыя для чытачоў з нашай краіны. Тым не менш, наяўнасць падпіскі альбо сталая магчымасць бясплатнага карыстання рэсурсамі электронных бібліятэк ЕС магла б стварыць лепшыя ўмовы для пабудовы дыялогу, у параўнанні з сённяшнімі. Вядома, што вядзецца толькі пра пачатковы этап арганізацыі ўзаемадзеяння. умовы партнёрства маглі б карэктавацца з улікам росту навуковай самастойнасці і фінансавай незалежнасці прадстаўнікоў беларускага боку.
P.S. Палітыка, як вядома, ёсць мастацтва магчымага.
_____________________
1 “Офіс за дэмакратычную Беларусь” у Брусэлі – грамадская арганізацыя, заснаваная беларусамі, якія пражываюць за мяжой, з мэтай умацавання сувязяў паміж беларускімі прадэмакратычнымі групамі, разам з НДА, палітычнымі партыямі, незалежнымі СМІ з аднаго боку, і інстытутамі ЕС, Радай Еўропы, НАТО, ААН, міжнароднымі арганізацыямі, якія займаюцца правамі чалавека, і міжнароднай прэсай – з другога (гл. http://democraticbelarus.eu/).
2 Крызіс мы разумеем не як дэструкцыю сістэмы, а як неадпаведнасць тым ці іншым выклікам сітуацыі.
3 Раней некаторыя функцыі агенцтваў выконвалі гэтак званыя “Бюро спрыяння”.
4 Еўрапейская камісія (ЕК) складаецца з 27 Камісараў – прадстаўнікоў кожнай краіны ЕС. У яе функцыі ўваходзіць распрацоўка агульнаеўрапейскай палітыкі і маніторынг выканання прынятых рашэнняў, а таксама рэалізацыя праграмаў ЕС. Значная частка канкрэтных праграмаў ЕК, у тым ліку і праграмы навукова-адукацыйнай супрацы, перададзены ЕК адмыслова створаным агенцтвам, якія і забяспечваюць іх рэалізацыю. На сёння ў ЕК 6 агенцтваў, у якіх працуе 400 асобаў.
5 Універсітэцкі аспект экспазіцыі агенцтва мы і рэтранслявалі ў гэты тэкст. Чытачы, (напрыклад, прадстаўнікі нефармальнай і недзяржаўнай адукацыі Беларусі), зацікаўленыя ў актывізацыі навуковага і адукацыйнага рэсурса ЕС, лёгка зліквідуюць інфармацыйныя прагалы, калі набяруць ў Інтэрнэт-пошуку неабходнае ім імя праграмы.
6 “Для заходняй навукі, піша аналітык А. Фрэнкель, вельмі важна падзяляць функцыі кіравання навукі, з аднаго боку, і яе падтрымкі – з другога. Сусветная навуковая супольнасць мае сеткавую структуру, якая дазваляе каардынаваць навуковыя даследаванні розных краін на базе самарэгуляцыі і ўнутранай мабільнасці. У Беларусі выбудавана адмысловая, іерархічная структура навуковай супольнасці, дзе ўсё кіраванне навукай адбываецца толькі за кошт адміністрацыйных рэсурсаў” (гл. Френкель А. Потемкинские деревни белорусской науки – http://nmnby.eu/pub/0701/18j.html).
7 Тут вядзецца не толькі пра нацыянальныя мовы (англійскую, нямецкую, французскую ды г.д.), а і пра тыя, якія М. Бахцін называл “сацыяльнымі” (мову філасофіі, сацыялогіі, псіхалогіі, канкрэтных навуковых праграмаў).