Умовы пашырэння Усходняга партнёрства ў галіне адукацыі і навукі
Умовы пашырэння Усходняга партнёрства ў галіне адукацыі і навукі
Аляксандр Палоннікаў
Паездка за мяжу, перадусім у краіны далёкага замежжа, усё яшчэ застаецца экстраардынарнай падзеяй беларускага навуковага і адукацыйнага жыцця. Вось чаму прапанову брусельскага “Офіса за дэмакратычную Беларусь” паўдзельнічаць у навукова-адукацыйным візіце аўтар гэтых радкоў успрыняў як знакавую. Гаворка ішла аб наладжванні сувязяў паміж прафесіяналамі ў вобласці навукі і адукацыі Беларусі і Еўрапейскага Саюза, а таксама аб паляпшэнні абазнанасці супрацоўнікаў беларускіх універсітэтаў наконт механізмаў функцыянавання еўраінстытутаў.
З гэтай мэтай меркаваліся сустрэчы з прадстаўнікамі Еўракамісіі (ЕК), Рады Еўрапейскага Саюза (Рады ЕС) і Еўрапарламента, якія працуюць ва ўсходнееўрапейскім і, у прыватнасці, беларускім, кірунку.
Чытач, наўпрост не звязаны з універсітэтам, лёгка зразумее маю зацікаўленасць паездкай, калі скажу, што прастора навуковай і адукацыйнай кааперацыі беларускіх гуманітарыяў з еўрапейскімі калегамі, узніклая на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, апошнім часам сціскалася нібы шчыгрынавая скура, што электроннае ліставанне праз сетку Інтэрнэт вырашыла задачу першасных кантактаў і арыентыраў – і вычарпала сябе, не адбiўшыся ў сумесных даследаваннях, практычных зачынах, жывых кантактах. Між тым, цяперашняе становішча ў беларускай універсітэцкай гуманітарнай навуцы і звязанай з ёй адукацыяй можна назваць крытычным. (Не наогул, вядома, а з гледзішча еўраінтэграцыі нашай адукацыі і навукі).
У іх крызісным стане няцяжка ўпэўніцца, прааналізаваўшы навуковыя і педагагічныя публікацыі на замежных мовах універсітэцкіх навукоўцаў і выкладчыкаў. Нават іх колькасць не падлягае ўліку, бо трапляе ў разрад статыстычнай хібнасці, дык што казаць пра якасць, якая звычайна выяўляецца ў публікацыях у вядучых навуковых часопісах Еўропы і Амерыкі і ў індэксе цытаванасці. Апошняе ўвогуле не пра нас…