Таварыства беларускай школы сярод іншых арганізацыяў было запрошана на двухдзённы семінар «Падрыхтоўка і перападрыхтоўка настаўнікаў у Арменіі, Азербайджане, Беларусі, Грузіі, Малдове і Украіне», які праводзіўся пры падтрымцы Еўракамісіі ў Баку ў сярэдзіне кастрычніка 2011 года.
Узровень прадстаўніцтва адлюстроўваў інтарэс дзяржаваў да праблемаў падрыхтоўкі настаўнікаў і далучэння да еўрапейскай адукацыйнай прасторы. Большасць краінаў Еўрапартнёрства даслалі на семінар намеснікаў міністраў адукацыі, кіраўнікоў педагагічных універсітэтаў, інстытутаў падвышэння кваліфікацыі. Ад Беларусі было запрошана 9 асобаў – 7 ад дзяржаўных структураў і 2 ад недзяржаўных адукацыйных арганізацый (Таварыства беларускай школы і Адукацыйны цэнтр «ПОСТ»). Міністэрства адукацыі сваю квоту не выбрала і накіравала толькі 3 асобы, адбор якіх праводзіўся паводле вядомых толькі Міністэрству крытэраў. Беларуская афіцыйная дэлегацыя была прадстаўлена трыма бязмежна стомленымі ад жыцця жанчынамі з педагагічных універсітэтаў і АПА.
Семінару папярэднічалі даследаванні стану падрыхтоўкі і падвышэння кваліфікацыі настаўнікаў пачатковай і сярэдняй школы ў шасці краінах Усходняга Партнёрства. Удзельнікам семінара быў прадстаўлены пакет дакументаў, куды ўвайшлі не толькі вынікі гэтых даследаванняў (асноўная справаздача на 129 старонках плюс дадаткі па кожнай краіне), але і іншыя карысныя, у першую чаргу для дзяржаўных полісімэйкераў, дакументы: прафесійныя стандарты для ацэнкі кваліфікацыі настаўнікаў у краінах Еўразвяза, сучасныя патрабаванні да адукацыі, дакументы, якія вызначаюць крытэры для ацэнкі якасці адукацыі, умовы розных адукацыйных праграмаў, дзе Беларусь чакаюць у якасці партнёра.
Відаць, еўрапейскія арганізатары былі ўзрадаваныя ўдзелам беларускіх дзяржаўных чыноўнікаў, бо большасць еўрапейскіх праграм разлічана на ўзровень дзяржаўных структур. Мы, прадстаўнікі НДА, таксама разлічвалі пры нагодзе пазнаёміцца і сёе-тое абмеркаваць з нашымі чыноўнікамі. Можа, калі не наладзіць супрацу, дык хоць знайсці паразуменне – робім жа адну справу.
Арганізатары прадставілі час беларускаму дакладчыку ў плянарным паседжанні ў раздзеле «Паспяховыя практыкі – абмен досведам». Прарэктарка з АПА годна распавяла пра арганізацыю конкурсу педагагічнага майстэрства «Настаўнік года» і ініцыятыву клуба «Крыштальны журавель» стварэння метадычнага аб’яднання педагогаў-практыкаў. Сапраўды, ёсць чым пахваліцца, даклад выклікаў цікаўнасць прысутных. Потым да беларусаў падыходзілі розныя людзі па ўдакладненні ў арганізацыі конкурсу. А ўкраінцы паскардзіліся, што на іх конкурс «Настаўнік года» педагогаў прыходзіцца заганяць пад прымусам. (Нібыта нашыя настаўнікі ідуць на той конкурс з гімнам «Мы выйдзем шчыльнамі радамі»!) На наступны дзень былі запланаваныя працоўныя тэматычныя групы – вось там самы час заняцца навязваннем кантактаў і планаваннем таго, як мы можам палепшыць беларускую адукацыю з прыцягненнм еўрапейскіх напрацовак, фінансаў і ўдзелу ў сумесных праектах.
Аднак, назаўтра нашых афіцыйных удзельнікаў на працоўных тэматычных групах знайсці не ўдалося. Яны зніклі ў невядомым кірунку. Прадстаўніца Еўракамісіі змагла злавіць іх толькі падчас банкета, які ладзіла Міністэрства адукацыі Азербайджана. (Асобна скажу, што на нас – прадстаўнікоў НДА – Еўракамісія глядзіць як на шкло. Мы іх мала цікавім, большасць Еўрапейскіх праграмаў прадугледжваюць супрацоўніцтва паміж міністэрствамі, універсітэтамі, іншымі ўстановамі). Перакрыкваючы гукі азербайджанскіх рэстаранных мелодый, прадстаўніца Еўракамісіі сказала беларускай дэлегацыі прыблізна наступнае: Еўракамісія вельмі задаволеная, што нарэшце прадстаўнікі афіцыйных беларускіх структур прынялі ўдзел у мерапрыемствах Еўразвяза. Ранейшыя запрашэнні, якія Еўракамісія дасылала на адрас Міністэрства адукацыі Беларусі, заставаліся без адказу, таму арганізатары былі прыемна здзіўленыя, што хаця б палову адведзеных Беларусі месцаў змаглі запоўніць. Прасіла перадаць, што надалей яны разлічваюць на больш прадуктыўную супрацу і хацелі б наступны семінар для краін-удзельніц Усходняга Партнёрства правесці ў Беларусі. Аднак такое мерапрыемства можа прайсці толькі тады, калі ў краіне да таго часу вызваляць усіх палітзняволеных. Пазіцыя Еўракамісіі ў пытанні вызвалення невінаватых людзей, якія сядзяць у турмах Беларусі толькі за свае палітычныя погляды, вельмі прынцыповая.
Падчас семінара ўсе краіны-суседзі актыўна абменьваліся досведам. Малдаване дзяліліся вынікамі эксперыменту так званай ваўчарнай сістэмы фінансавання школаў. Яны паспяхова, як і Грузія, пераходзяць на гэтую агульнапрынятую ў Еўропе сістэму, калі грошы з бюджэту размяркоўваюцца не па школах, а «ідуць за вучнямі». Якую школу выберуць бацькі для навучання, туды і прынясе свой фінансавы ўнёсак (ваўчар) вучань. Малдаўскія прадстаўнікі Міністэрства адукацыі распавялі пра першыя станоўчыя вынікі – падвышэнне матывацыі школаў мець добрых педагогаў і стымуляваць настаўнікаў – прафесіяналаў, і пра перасцярогі – патрэбу падыходзіць гнутка да закрыцця малакамплектных сельскіх школаў. Украінцы і грузіны маюць альтэрнатыўныя дзяржаўныя і недзяржаўныя цэнтры падвышэння кваліфікацыі, якія больш мабільныя і працуюць эфектыўней. У Грузіі, у дадатак, удалося адстаяць і не аддаць пад уплыў дзяржаве прафсаюз настаўнікаў, які дзейсна бароніць іх інтарэсы, асабліва цяпер, калі Саакашвілі стаў пераймаць метады кіравання сваіх аўтарытарных калег.
Усе ўдзельнікі абмяркоўвалі крытэры ацэнкі якасці адукацыі ў сучасных умовах, калі агульнапрыняты кампетэнтнасны падыход. Прычым, найбольш абмяркоўваліся кампетэнцыі, якімі павінен валодаць настаўнік. Бо сёння настаўнік больш не разглядаецца як транслятар ведаў. Ён павінен быць больш адказны. Ён павінен развіваць кампетэнцыі навучэнцаў, вучыць іх самарэфлексіі. Ды і кампетэнцыі вучня немагчыма вызначыць з дапамогай тэстаў. Тут патрабуюцца іншыя метады. Кіраўнік Чэшскага нацыянальнага інстытута адукацыі праілюстраваў гэта трапным прыкладам: для кіравання машынай кіроўцу патрэбныя веды: правілы дарожнага руху, уладкаванне машыны, навыкі націскання педаляў і рычагоў. Але ведаў недастаткова, каб добра ездзіць у вялікім горадзе – тут патрэбныя кампетэнцыі. У дадатак патрабаванні сучаснага свету палягюць на тым, каб кіроўца аднолькава камфортна сябе адчуваў на вуліцах Лондана, Мінска і Нью-Ёрка. Шкада, што наш кіраўнік нацыянальнага інстытута адукацыі, ды і іншыя рэктары ВНУ, не маюць жадання пашыраць свой прафесійны кругагляд і набываць прафесійныя кампетэнцыі ў дыскусіях з еўрапейскімі калегамі і вядуць нашую адукацыю самі не ведаюць куды.
Цікава было паслухаць чэхаў, якія распавялі пра этапы посткамуністынай рэформы адукацыі. Пачалі яе ў 1989 годзе, на першым этапе (1989 – 1991) вызначылі змест рэформы, падрыхтавалі рамачныя ўмовы, потым амаль 15 год рабілі апрабацыю, карэкцыю і толькі ў 2005 годзе настаў этап імплементацыі, а ў 2010 – этап першай ацэнкі вынікаў.
І чэхі, і венгры хваліліся новымі падыходамі да ацэнкі ведаў навучэнцаў, якая падвышае матывацыю да навучання. Яны пачалі ўкараняць новую сістэму ацэнкі ведаў – актыўную ацэнку (formative assessment) у 2010 годзе і атрымалі вельмі станоўчыя вынікі. Беларускія НДА пачалі знаёміць з гэтай сістэмай настаўнікаў на год раней, ёсць дапаможны сайт http://aacenka.by, але калі захоча пазнаёміцца з гэтым падыходам нашае міністэрства – невядома.
Уразілі беларусаў і даклады кранаў Усходняга Партнёрства пра паспяховыя адукацыйныя праекты пры падтрымцы праграмы ТEMPUS (праграма супрацоўніцтва паміж універсітэтамі, якую падтрымлівае Еўракамісія). У межах праграмы ТEMPUS грузінскі ўніверсітэт (Ilia State University) узяўся за кіраванне праектам і атрымаў больш за 760 тысяч еўра на ўкараненне актыўных метадаў для далучэння студэнтаў да навуковай дзейнасці. Малдаўскія калегі з дапамогай ТEMPUS маюць магчымасць знаёміць настаўнікаў з інклюзіўнай адукацыяй. А лінгвістычны ўніверсітэт Азербайджана (краіны далёка не беднай) не лянуецца напісаць праект і атрымаць больш за мільён еўра на ўдасканаленне выкладчыкаў замежных моваў. Гэтыя фінансы ідуць і на паездкі, і на заробкі, і на паляпшэнне матэрыяльнай базы ўніверсітэтаў. Узнікае пытанне: ці нашыя выкладчыкі і ўніверсітэцкая навука настолькі добра аплачваецца, што не прымаюць ўдзелу ў падобных праектах? Ці універсітэтам не хапае самастойнасці, акадэмічных свабод, каб арганізаваць супрацоўніцтва з сабе падобнымі? А можа проста ў Міністэрстве адукацыі не засталося зацікаўленых у развіцці адукацыі людзей?
Шмат розных думак і аналогій ўзнікала падчас семінара і падчас кароткага знаёмства з Азербайджанам. Азербайджан – гэта багатая краіна, якая мае нафту і вельмі бедны народ. Рэжым дэмакратычным назваць цяжка, на вуліцах Баку вельмі шмат людзей у форме, але затое чыста – нашмат чысцей, чым у Мінску. Так як і ў нас, у Азербайджане існуе і падтрымліваецца дзяржавай культ Еўрабачання. Тэлевізія там з двума тварамі – Ільхама Аліева і ягонай жонкі Мехрыбан. Адрознівае нас хіба што ментальнасць. Прыкладам, дзяўчына-экскурсавод праз слова завучана паўтарае, што Азербайджан гэта вельмі дэмакратычная і свецкая краіна, дзе жанчына адчувае сябе вельмі свабоднай. Для пацвярджэння распавядае прыклад: калі бацькі выбіраюць жаніха для сваёй дачкі, яна можа не пагадзіцца выходзіць за яго замуж, тады яны яе не прымушаюць, а шукаюць іншага. Тым не менш, Азербайджан лічыць сябе ўсходнееўрапейскай краінай.
Пра Беларусь экскурсаводы таксама распавядаюць, што наша краіна еўрапейская, дэмакратычная і незалежная. Сумнення не выклікае толькі першае. У дэмакратычнасць і незалежнасць будзе верыцца тады, калі ўніверсітэты змогуць свабодна далучацца да еўрапейскай адукацыйнай прасторы, а чыноўнікі будуць зацікаўленыя мець аб’ектыўніую і рознабаковую інфармацыю, каб лепей кіраваць, бо ў іншым выпадку яны могуць страціць сваё месца.
Тамара Мацкевіч, ТБШ