Навучанне па-беларуску – плюсы і прывілеі

18.11.2011

Адзіны ў Смаргоні першы клас з беларускай мовай навучання невялікі – 11 чалавек. У гэтым і бацькі дзяцей, і педагогі бачаць свае плюсы.

ВУЧНІ АДЗІНАГА Ў СМАРГОНІ БЕЛАРУСКАМОЎНАГА КЛАСА. 1 “В” СШ №1. ПЕРШЫ РАД: ЛІЗА ГНУСАРАВА, АЛЯКСЕЙ ПЛАТАНОВІЧ, ДАНІЛА СЕМЯНКОЎ, АЛІСА МАНЧАК. ДРУГІ РАД: АЛЯКСЕЙ ДЗЕВЯЦЕНЬ, ЯН ЛЯШЧЭВІЧ, АЛЯКСАНДРА КАЗАКЕВІЧ, НАСТАЎНІЦА ІРЫНА ШАНІХОВІЧ, МАРЫНА ДУРЭЙКА, МАКСІМ СВІРЫДЭНКА, МАРГАРЫТА БАЯРЧУК.

1 «В» клас з беларускай мовай навучання адкрыўся сёлета на базе СШ №1. Тут па-беларуску выкладаюць усе прадметы, акрамя рускай мовы. Уся дакументацыя вядзецца таксама на беларускай мове.

Цяпер дзеці разам са сваёй настаўніцай Ірынай Шаніховіч рыхтуюць ранішнік. Ён будзе прысвечаны восені і таму, што былыя дзетсадаўцы сталі першакласнікамі – дзеці атрымалі вершы, вучаць іх і рэпеціруюць свае выступленні. Невялічкі эпізод яны прадэманстравалі карэспандэнту «РГ». Восень (Аляксандра Казакевіч) завітала да дзяцей у госці.

– Я прынесла вам мукі, – кажа яна.

– Значыць будуць піражкі, – адказваюць ёй.

– Я прынесла грэчкі.

– Будуць перапечкі.

– Бурачкоў, капусты, круп...

– Будзе боршч і будзе суп.

Вымаўленне ў першакласнікаў нядрэннае, хоць большасць з іх закончылі сады з рускай мовай. Так што самая вялікая праблема, – малы запас беларускіх слоў. “Яго зусім няма. Мы цяпер не толькі засвойваем праграму першага класа, але і папаўняем слоўнікавы запас, развіваем маўленне”, – расказала Ірына Шаніховіч.

У Максіма Свірыдэнкі – большы запас беларускіх слоў. Хлопчык закончыў вішнеўскі дзіцячы сад, дзе выхаванне і навучанне ішлі на беларускай мове. Яго мама Валянціна шукала менавіта беларускамоўны клас.

“Я сама ў школе мову не вывучала: наша сям’я пераехала ў Вішнева з Расіі, калі я хадзіла ў восьмы клас. І экзамен па ёй не здавала. Але тэставанне, напрыклад, здавала менавіта па беларускай мове – так было лягчэй. І сыну, бачу, лёгка даецца: ён усё разумее і ловіць на ляту. У размовах са мной усё часцей чую беларускія словы: дзякуй, калі ласка, надвор’е, сшытак”, – расказала яна карэспандэнту «РГ».

Паводле яе слоў, Максіму падабаецца ў школе, асабліва настаўніца Ірына Міхайлаўна. І маму ўсё задавальняе: школа, клас, педагог і мова навучання. Яна думае, што і ў сярэдняй школе Максім будзе вучыцца па-беларуску.

Аляксей Дзевяцень закончыў гарадскі сад. І яго маму Святлану спачатку крыху страшыла перспектыва навучання на беларускай мове. Але цяпер яна задаволеная. Бачыць у гэтым некалькі плюсаў: “Дзяцей у класе мала – гэта добра, бо кожнаму патрэбная ўвага. Сына падбадзёрваю, што будзе ведаць шмат моў: беларускую, рускую, пазней яшчэ і замежную. Ён, праўда, і не скардзіцца: сын у мяне негаваркі”, – сказала яна.

Старэйшая дачка Святланы Дзевяцень у пачатковых класах таксама вучылася па-беларуску. Цяпер яна – у 9-м класе. Па беларускай мове мае адзнаку на бал вышэйшую, чым па рускай.

“Калі дачка пачынала вучыцца, таксама было страшнавата. Але мы купілі слоўнічак. Была неабходнасць – зазіралі ў яго. Калі пачалася матэматыка, звярталіся да майго бацькі: ён вучыўся ў беларускай школе, усё памятае і дапамагаў з перакладам тэрмінаў”, – расказала Святлана Дзевяцень.

У 1 «В» прыйшлі дзеці з розным узроўнем падрыхтоўкі: некаторыя дрэнна ведаюць літары, а іншыя, як Маргарыта Баярчук, ужо бегла чытаюць. Настаўніца з гэтым спраўляецца. “Для таго і існуе індывідуальны падыход. Даю вучням заданні розных узроўняў. Стараюся рабіць усё, каб ім было цікава. Рыхтую раздатачны, дыдактычны матэрыял. І нагляднасць – яркую, маляўнічую – дзеці вельмі любяць нагляднасць. І, натуральная ж, гульня. У навучанні першакласнікаў павінна быць як мага больш гульнёвых момантаў”, – патлумачыла Ірына Міхайлаўна.

У сярэдняй школе №1 – пяць класаў з беларускай мовай навучання. Акрамя 1 «В», яшчэ 5 «Б», 5 «Г», 6 «Б» і 7 «Б» – усяго 80 чалавек. Дырэктар школы Ала Коваль расказала, што для работы з імі падбіраюцца настаўнікі, якія маюць адпаведны вопыт. Некаторыя з іх працавалі ў вясковых школах, дзе ўсе прадметы выкладаюцца на беларускай мове. Яны самі, як правіла, закончылі школу з беларускай мовай навучання. “Класы з беларускай мовай мы забяспечваем усім самым лепшым, у тым ліку лепшымі настаўнікамі і класнымі кіраўнікамі. Напрыклад, настаўніца 1 «В», Ірына Шаніховіч, мае вышэйшую катэгорыю”, – адзначыла Ала Коваль.

Паводле яе слоў, асноўная праблема – не вучыць на беларускай мове, а далейшы адукацыйны маршрут. Большасць навучальных устаноў – каледжы, ліцэі, ВНУ – працуюць на рускай мове.

Педагогі СШ №1 адзначаюць, што беларуская мова дзецям падабаецца, нават тым, якія рэдка яе чуюць.

“Гарадскія дзеці на беларускай мове не гавораць зусім. Чытанне па-беларуску патрабуе ад іх канцэнтрацыі ўвагі. Калі я на першых уроках у пятым класе пачынаю гаварыць па-беларуску, у вучняў вочкі загараюцца. “Хочаце ўмець так гаварыць?” – пытаюся ў іх. “Так”, – адказваюць усе”, – расказала настаўніца Марыя Грынчук.

Паводле яе слоў, дзеці, якія ў пачатковай школе вучыліся на беларускай мове, прыкметна адрозніваюцца ад астатніх: у іх большы лексічны запас, яны больш разумеюць на ўроках беларускай мовы, лепш размаўляюць. “Гарадскія дзеці на беларускай мове не гавораць зусім. Чытанне па-беларуску патрабуе ад іх канцэнтрацыі ўвагі”, – сказала Марыя Грынчук.

У СШ №1 вядзецца актыўная работа па папулярызацыі беларускай мовы. Першы тыдзень навучальнага года быў прысвечаны роднай мове і літаратуры – адпаведныя мерапрыемствы адбываліся штодня. Для афармлення кабінета беларускай мовы і літаратуры цяпер купляюць новую мэблю.

Штогод вучні школы становяцца пераможцамі і прызёрамі алімпіяд. Напрыклад, Юля Паржон сёлета заняла другое месца ў абласной алімпіядзе па беларускай мове, удзельнічала ў рэспубліканскай. Школу закончыла з «залатым медалём». На цэнтралізаваным тэставанні мову здала на 85 балаў. Літаратуру падчас уступных экзаменаў у БДУ – на «дзясятку».

Сачыненні і навуковыя працы вучняў СШ №1 перамагаюць на раённых конкурсах і канферэнцыях.

У перспектыве запланавана ладзіць у школе Дзень беларускай мовы, у які ўсе настаўнікі і вучні будуць размаўляць па-беларуску.

Святлана Цішко, Рэгіянальная газета