Грамадская дыскусія: Галоўным месцам адукацыі становіцца не школа, а медыі

12.03.2012

Матэрыялы з круглага стала – неўзабаве на нашым сайце!

Марат Гаравы, Новы Час

Галоўным месцам адукацыі становіцца не школа, а медыі. Пра гэта 10 сакавіка ў Мінску на пасяджэнні круглага стала “Альтэрнатывы ў адукацыі” заявіў вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтру праблем развіцця адукацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандр Палоннікаў.

Паводле яго слоў, згодна з дадзенымі статыстыкі, сёння ў Мінску 70% сем’яў маюць камп'ютары, а гадоў пяць таму гэты паказнік не перавышаў 50%. А згодна з даследаваннямі сацыёлагаў, каля 70% інфармацыі маладзёны атрымліваюць з інтэрнэту, а не з тэлебачання, якое застаецца галоўнай крыніцай навінаў для людзей сярэдняга і старэйшага ўзростаў, адзначыў Палоннікаў. Паводле яго слоў, сярод крыніц інфармацыі для навучэнцаў школа сёння займае ледзь не апошняе месца. “І тады ўзнікае пытанне пра тое, дзе адбываецца адукацыя. Мы маем на ўвазе, што гэты працэс адбываецца ў школе і настаўнік па-ранейшаму адыгрывае галоўную ролю ў адукацыі. Але ці так гэта? І што рабіць настаўніку, калі з кожным днём зніжаецца яго аўтарытэт сярод вучняў? Так, 50% студэнтаў Педагагічнай акадэміі Кракава ў Польшчы з’яўляюцца больш кампетэнтнымі ў галіне інфарматыкі, чым іх выкладчыкі. Можа маладыя людзі вучацца ў настаўнікаў, як прыстасавацца да гэтай сістэмы з яе іспытамі і тэставаннямі, а потым на ўсё гэта забыцца? Ад адукацыі ў школе застаецца адзін толькі рытуал, а сама яна сыходзіць ў нейкае іншае месца”, – падкрэсліў Палоннікаў.

На ягоную думку, у гэтай сітуацыі грамадскасць павінна звярнуць увагу на самаадукацыю і адукацыйныя суполкі, перш за ўсё – у віртуальнай прасторы. “Можа там трэба змагацца за мову гэтай прасторы, а не з сістэмай”, – адзначыў Палоннікаў. На яго меркаванне, у адукацыйныя суполкі павінны згуртоўвацца людзі, для каго адукацыя з’яўляецца сэнсам жыцця.

Настаўніца Валянціна Быстрык з Навагрудку (Гродзенская вобласць) вызначыла станоўчыя і адмоўныя бакі рэпетытарства. Сярод апошніх яна назвала ўмовы няшчырасці, у якія ставіць сама неабходнасць дзіцяці плаціць настаўніку за ўрок. “Рэпетытарства – сухая схема, дзе ў адрозненне ад жывой школы няма інтрыгі, драматызму, пачуцця калектыву і перамогі. Ды і час абмежаваны на лірычныя адступленні. Тым не менш, я, як асоба, магу ўплываць на сваіх вучняў. І калі мы вывучаем назоўнік “opposition”, я ім тлумачу, што апазіцыя гэта “насупраць”, а не страшны звер. Пасля пытання “Якіх колераў дзяржаўны сцяг Беларусі?” я запытваю “А якіх колераў гістарычны сцяг краіны?“. У сувязі з падзеямі на сталічнай плошчы Незалежнасці 19 снежня 2010 года я пытаюся “А ці маюць людзі права выходзіць пратэставаць?” Страшэнны мінус – жудасная занятасць дзяцей. Акрамя таго, рэпетытарства нясе з сабой фактар няроўнасці і сацыяльнай напружанасці”, – сказала настаўніца. Разам з тым, паводле яе слоў, рэпетытарства падштурхнула да развіцця настаўнікаў, сярод іх адбыўся натуральны адбор і найбольш паспяховыя атрымалі нейкі дадатак да заробка, а дзеці – магчымасць здзейсніць сваю мару і паступіць на вучобу ў абраную ВНУ.

Паводле слоў настаўніцы з Мінска Алены Палейкі, сярод адміністрацыі школ, настаўнікаў, дзяцей і іх бацькоў пануе спажывецка-канфармісцкая цалкам прагматычная псіхалогія. “Яна адначасова праяўляецца як у патрабаваннях, так і ў прыстасоўванні да сітуацыі, але цалкам выключае актыўную жыццёвую пазіцыю. Прычым такая псіхалогія цалкам задавольвае настаўніка, які адчувае сябе ахвярай, але нічога не робіць дзеля таго, каб змяніць сітуацыю. Адсюль і сентэнцыі кшталту “А што я магу зрабіць? Вы ж самі ўсё вельмі добра разумееце”, – адзначыла Палейка.

Яна паведаміла, што згодна з сацыялагічным даследаваннем, якое штогод праводзіцца ў школе сярод дзяцей і настаўнікаў, галоўнымі каштоўнасцямі былі названыя сям’я, стабільнасць і справядлівасць. Пры гэтым такія каштоўнасці, як салідарнасць і прыватная маёмасць не набралі ні аднаго голасу, а свабода заняла толькі чацвёртае месца ў рэйтынгу, сказала Палейка. На яе думку, гэтыя вынікі сведчаць пра унутраны дысананс паміж абыякавасцю і голасам сумлення, паміж жаданнем быць, як усе, і цікавасцю да нармальнага, добрага і нацыянальнага, якое змагаецца.

Намеснік старшыні грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай школы” Аляксандр Сядзяка прывёў вынікі маніторынгу вучняў 10 “А” класа сталічнай сярэдняй школы №30 у 2010 годзе: на пытанне “Калі б ў цябе была магчымасць працягваць навучанне за мяжой, ці вучыўся б ты ў Беларусі?” усе вучні выбралі вучобу за мяжой. “Атрымліваецца, што сістэма дзяржаўнай адукацыі не выконвае галоўную сваю задачу – выхаванне грамадзяніна сваёй краіны. І калі дзяржаўная адукацыя гэта не робіць, узнікае альтэрнатыўная адукацыя, якая павінна выхоўваць патрыётаў сваёй краіны. А гэту справу немагчыма рабіць на грунце чужой мовы і ігнаравання нацыянальнымі каштоўнасцямі”, – падкрэсліў Сядзяка.

Першы пасол Беларусі ў Германіі, кандыдат філалагічных навук Пётра Садоўскі прапанаваў падрыхтаваць папулярнае выданне пра нацыянальныя каштоўнасці ў сістэме сучасных гуманістычных ведаў. Паводле яго слоў, такая настольная кніга для настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў з умоўнай назвай “Хто мы і дзе мы знаходзімся?” ўяўляецца як нешта інтэграванае, што аб’ядноўвала б у сабе “нацыянальныя міфы” з асноўных раздзелаў гуманістыкі: гісторыі, культурнай антрапалогіі, рэлігіі і фармавання этнасу і нацыі, фальклору і мастацкай літаратуры. Садоўскі лічыць, што да кніжкі неабходна падрыхтаваць дадаткі ў адпаведнасці з раздзеламі выдання. Прычым, асноўныя тэксты павінны складацца з вывераных матэрыялаў, як у энцыклапедыях, напісаных папулярна, патрыятычна, але без абразаў што да суседзяў. Паводле яго слоў, у такой кніжкі ўжо ёсць папярэднікі, у тым ліку: нарыс Уладзіміра Караткевіча “Зямля пад белымі крыламі”, ”150 пытанняў і адказаў” па гісторыі Беларусі, брашура Зміцера Санько “Асобы, якія тварылі гісторыю”, кніжкі з серыі “Нашы славутыя землякі”, а таксама папулярныя нарысы Кастуся Тарасава, Уладзімера Арлова ды Генадзя Сагановіча. “Ёсць у нас і дасведчаныя людзі ў галіне рэлігіі, фальклору і літаратуразнаўства. Галоўнае — выбраць дастатковы мінімум. Напрыклад, у літаратурным дадатку — 50 лепшых беларускіх вершаў, якія можна вучыць на памяць. Або кавалкі прозы... Даць узоры тэкстаў, па якіх можна адрозніць Кузьму Чорнага ад Якуба Коласа. Так, як мы паводле першых акордаў адрозніваем Моцарта ад Бетховена”, – сказаў Садоўскі. .

На ягоную думку, “мы не павінны пераарыентоўвацца на мадэрных даследчыкаў беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, што раяць нам развітацца з гістарычным “праектам” “Наша Ніва” — Купала — БНР — Адраджэнне — БНФ канца 1980-х – пачатку 1990-х гадоў ды будаваць дэмакратычную “грамадзянскую” дзяржаву без уласнай мовы, культуры і гісторыі”.

Арганізатарамі пасяджэння выступілі грамадскія аб’яднанні “Таварыства беларускай школы” і “Цэнтар Супольнасьць”, а таксама інтэрнэт-партал nastaunik.eu.

Матэрыялы з круглага стала – неўзабаве на нашым сайце!