Марат Гаравы

Грамадская дыскусія: Галоўным месцам адукацыі становіцца не школа, а медыі

12.03.2012

Марат Гаравы, Новы Час

Галоўным месцам адукацыі становіцца не школа, а медыі. Пра гэта 10 сакавіка ў Мінску на пасяджэнні круглага стала «Альтэрнатывы ў адукацыі» (арганізатары – грамадскія аб’яднанні «Таварыства беларускай школы» і «Цэнтар Супольнасьць», а таксама інтэрнэт-партал nastaunik.eu) заявіў вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтру праблем развіцця адукацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандр Палоннікаў.
Паводле яго слоў, згодна з дадзенымі статыстыкі, сёння ў Мінску 70% сем’яў маюць камп'ютары, а гадоў пяць таму гэты паказнік не перавышаў 50%. А згодна з даследаваннямі сацыёлагаў, каля 70% інфармацыі маладзёны атрымліваюць з інтэрнэту, а не з тэлебачання, якое застаецца галоўнай крыніцай навінаў для людзей сярэдняга і старэйшага ўзростаў, адзначыў Палоннікаў. Паводле яго слоў, сярод крыніц інфармацыі для навучэнцаў школа сёння займае ледзь не апошняе месца.