Грамадская дыскусія: Каштоўнасці і псіхалогія дзейнасці

14.03.2012

Алена Палейка, мінскі ліцэй №2

Паводле сацыялагічнага апытання, праведзенага сярод старшакласнікаў ды іх настаўнікаў, тройка сучасных каштоўнасцяў выглядае так: сям’я (90%), справядлівасць (70%), стабільнасць (60%). Такія каштоўнасці як «уласнасць», «салідарнасць» у якасці прыярытэтных не выбралі ні дзеці, ні настаўнікі. А свабода як каштоўнасць сталася прывабнай для 50%. Вынікі цікавыя. З аднаго боку, квітнее «махровы» кансерватызм. З іншага, назіраецца «памяркоўная» ліберальнасць. І поўная адсутнасць разумення, што быць свабодным, не маючы нічога, і чакаць справядлівасці, не праяўляючы салідарнасці, немагчыма.

«Мая сям’я перш за ўсё!» — кажуць школьнікі, бацькі і настаўнікі, якім даводзіцца кожны дзень выконваць загады, дырэктывы, пастанаўленні і распараджэнні. Кожнаму свае: дзіцяці — загады настаўнікаў, настаўнікам — распараджэнні школьнай адміністрацыі, бацькам — загады кіраўніцтва. І гэта вельмі зручна: выканаў (ці зрабіў выгляд, што выканаў) загад і … зняў з сябе адказнасць. Гэта працуе як уласнае апраўданне, бо ўся адказнасць перакладаецца на кіраўніка, адміністрацыю, уладу. «Ад мяне нічога не залежыць? Што я магу зрабіць? Вы самі ўсё добра разумееце…»

Гэткі канфармізм у спалучэнні са спажывецкім стаўленнем да жыцця і ёсць асновай сённяшняй філасофіі жыцця беларускага грамадства. З аднаго боку, гэта выклікае жах: такая моладзь абсалютна не падрыхтаваная да паспяховага жыцця ў сучасным зменлівым свеце — а дарослыя, сталыя людзі не змогуць спадзявацца на спакойную, забяспечаную старасць.

З іншага боку, з’яўляецца спадзеў, бо ў грамадстве ўзрастае разуменне складанасці сучаснага цівілізацыйнага «выкліку» і нараджаецца здольнасць прыняць адказнае рашэнне аб неабходных зменах у сістэме адукацыі. Гэты «адказ» трэба даць супольнасці дзяцей, бацькоў, настаўнікаў. Сучасныя менеджары і лідэры- адукатары, слова за намі!