Жыццё ў наш час мяняецца вельмi хутка. І навучыцца хутка рэагаваць на новыя патрэбы і праблемы немагчыма, калі працэс адукацыі ізаляваны ад жыцьця школьнымі сценамі. Таму школа робіцца больш адкрытай для зменаў. У дадатак сусветныя працэсы глабалізацыі, падзелу рыка працы патрабуюць уніфікацыі адукацыйных сістэм розных краінаў. Паглядзеўшы на суседзяў, можна даволі дакладна спрагназаваць, якая рэформа нас чакае. Артыкул разглядае як у бліжэйшы час будуць мяняцца змест, методыкі, сістэма кіравання адукацыяй. Артыкул цалкам… ( zip )
Дата выдання - 2003 г.
Тамара Мацкевіч
Роля школы ў сучасным дэмакратычным грамадзтве або якая рэформа нас чакае.
Школы дэмакратычных краiнаў ужо даўно не накiраваныя толькi на тое, каб «даць адукацыю». Задача школы значна шырэйшая. Жыцьцё ў наш час мяняецца вельмi хутка. І навучыцца хутка рэагаваць на новыя патрэбы й праблемы немагчыма, калі працэс адукацыі ізаляваны ад жыцьця школьнымі сьценамі. Таму школа робіцца больш адкрытай для іншых суб’ектаў супольнасьці.
Iдзе рэфармаваньне адукацыйнай сыстэмы ня толькі ў транзытыўных краінах, але і ў разьвітых. Вялікабрытанія ды Германія маюць вельмі гнуткія адукацыйныя сыстэмы й гавораць пра ролікавую (г. зн. пэрманэнтную) рэформу.
Дзеля хуткага рэагаваньня на гэтыя зьмены ў дэмакратычных краiнах ствараюцца мэханiзмы, каб на зьмест адукацыi маглi ўплываць усе зацiкаўленыя суб’екты грамадзтва. А сацыяльную замову да сыстэмы адукацыi фармуюць дзяржава, грамадзтва, бацькi ды самi навучэнцы.
Як бачна з табліцы, у нашай краiне сыстэма адукацыi пакуль выконвае толькi сацыяльную замову дзяржавы.
Але такое становiшча ня можа захоўвацца доўгі час па наступных прычынах:
Па-першае, усе нашыя суседзі распачалі рэфармаваньне сваіх адукацыйных сыстэмаў, бо працэс глябалізацыі вымагае ўніфікацыі стандартаў навучаньня. Беларусь ня можа доўга заставацца выспай ў цэнтры Эўропы й рана ці позна будзе вымушаная далучыцца да сусьветных працэсаў.
Па-другое, дзяржава ня мае сродкаў, каб трымаць манаполію над адукацыйнай сыстэмай. А для прыцягненьня дадатковых сродкаў ад бацькоў ды ад іншых крыніцаў трэба будзе аддаць і частку паўнамоцтваў – а гэта ўжо і ёсьць адной з складовых частак рэформы.
Па-трэцяе, рэформа пачнецца (можна сьцьвярджаць, пачалася ўжо) зьнізу. Настаўнікі й бацькі, грамадзтва, якіх не задавальняе становішча, пачалі самастойна шукаць выйсьце: ствараюцца новыя альтэрнатыўныя навучальныя асяродкі (рэпетытарства, платныя курсы), асвойваюцца новыя мэтодыкі выкладаньня, мяняецца на патрэбы часу зьмест адукацыі.
Разгледзім асноўныя складнiкi рэформы адукацыi, каб ведаць, што нас чакае ў будучынi.
Якая рэформа нас чакае?
Зьмест
Амаль ва ўсіх краінах школа ня лічыць сваёй задачай даць як мага больш разнастайнай iнфармацыi вучню, бо яна ў нашыя часы павялiчваецца з геамэтрычнай прагрэсiяй. Галоўнае – даць вучню падставовыя сыстэмныя веды й практычныя навыкi, неабходныя для самараскрыцьця асобы, для выяўленьня здольнасьцяў, дапамагчы яму зрабiць асэнсаваны выбар адпаведнага кiрунку i даць магчымасьць разьвiваццца ў гэтым кiрунку.
Дзеля гэтага зьмест школьных падручнiкаў будзе больш наблiжаны да жыцьця. Прадметы ня будуць абмяжоўвацца тэорыяй, але й мусяць даваць практычныя веды, неабходныя амаль для ўсіх прафэсіяў. З гэтага пункту гледзішча, у першую чаргу патрабуюцца зьмены ў падручнiках інфарматыкі, грамадазнаўчых навук, эканомікі, навук, арыентаваных на патрэбы чалавека.
Мэтодыкi й тэхналёгіі
Бадай, самы важны складнiк рэформы адукацыi – пераход да новых тэхналёгiяў навучаньня. Гэты працэс патрабуе ня толькi намаганьняў настаўнiка, але часам i ломкi стэрэатыпаў, прыняцьця новай фiлязофii. Але без сучасных мэтодыкаў рэфармаваньне ўсiх астатнiх сфэраў адукацыi ня дасьць эфэкту.
Як правiла, беларускiя школы дагэтуль карыстаюцца мэтадамi традыцыйнага навучаньня: iнфармацыйна-рэцэптыўным цi iлюстрацыйна-тлумачальным. Вынiкам навучання з дапамогаю такiх мэтодык будзе граматны, дысцыплiнаваны выканаўца зададзеных праграмаў, функцыянэр, канфармiст, манiпулятар i сам аб’ект для манiпуляцыяў.
Зразумела, што такiмi людзьмi лёгка кiраваць, – таму дзяржава не зацiкаўлена ўводзiць новыя, асабова арыентаваныя тэхналёгii, якiя шырока распаўсюджаны ў дэмакратычных краiнах.
Актыўныя формы навучаньня базуюцца на дэмакратычных каштоўнасьцях і прынцыпах. Яны дазваляюць выхаваць асобу ня толькі адукаваную, але і самастойную, адказную, здольную прымаць рашэньні й вырашаць праблемы. Дэвіз актыўнага навучаньня – мы вучым таму, з дапамогай чаго вучым. З дапамогай традыцыйных мэтодыкаў немагчыма навучыць ставiць мэты, здабываць iнфармацыю, прэзэнтаваць свае ўменьні, рабiць выбар, вырашаць праблемы, працаваць у камандзе. Менавiта гэтыя навыкi патрэбныя сучаснаму маладому чалавеку, каб дасягнуць посьпеху ў жыцьцi.
Структура й кiраваньне
Як у краiнах сталай дэмакратыi, так i ў транзытыўных краiнах, якiя правялi рэформу, усталявалася вельмi падобная структура адукацыйнай сыстэмы. 12-гадовая (у нашым разуменнi) сярэдняя школа падзеленая на 3 узроўнi: пачатковая школа (6 гадоў), гiмназiя (3–4 гады), лiцэй з ухiлам (3–4 гады) i/цi А-level (перадунiвэрсытэцкая падрыхтоўка), як, напрыклад, у Вялiкабрытанii. На кожным роўнi школьнiкi атрымлiваюць магчымасьць выбару прыярытэтнага кiрунку адпаведна сваiм здольнасьцям. Вышэйшая адукацыя таксама мае 3 роўнi, якiя дазваляюць атрымаць ступень бакаляўра, магiстра цi доктара.
У грамадзтвах, дзе школа не падпарадкаваная таталiтарнай iдэалёгii, адбываецца дэцэнтралiзацыя адукацыйнай сыстэмы. Гэта азначае, што i нам у хуткiм часе трэба будзе разьвiтацца з такiмi структурамi, як раённыя, гарадзкія ці абласныя ўпраўленьні адукацыі. Памiж мiнiстэрствам адукацыi, якое й надалей будзе выконваць свае кантрольныя функцыi, i дырэктарам цi рэктарам навучальнай установы зьнiкне непатрэбная адукацыйная вэртыкаль, i школы атрымаюць аўтаномiю, а разам зь ёю больш свабоды i больш адказнасьцi. Гэта дазволiць кожнай школе выбiраць (цi ствараць свае) праграмы навучаньня, падручнiкi, выбiраць дырэктараў, пашырыць кампэтэнцыi грамадзкiх органаў кiраваньня бацькоўскiх цi школьных радаў.
Важным крокам рэформы школы будзе перадача навучальных установаў органам мясцовага самакiраваньня. Як паказвае прыклад Польшчы й Украiны, з фармальнага гледзішча, гэта таксама дзяржаўныя школы, аднак у сьвядомасьці людзей яны пад апекай самакіраваньняў, «нашыя» – у тым сэнсе, што імі займаюцца ўлады мясцовага самакіраваньня, а значыць людзі, якія рэпрэзэнтуюць мясцовую грамаду. Дзяржаўны бюджэт надалей (на 70%) іх фінансуе, аднак органам кіраваньня зьяўляецца гміна цi рада, якая клапоціцца пра ўсё астатняе: зацьвярджае дырэктараў, распрацоўвае дэталёвыя прапановы па навучаньні, згодна з патрэбамі сям’і, мясцовай грамады й сямейнай грамадзкай палітыкі.
Ідэалягізацыя
Аўтарытарызм і дыктатура ня могуць стварыць доўгатэрміновых і надзейных палітычных ды эканамічных рычагоў дзеля свайго панаваньня. Спраўджаны на практыцы спосаб падоўжыць сваё існаваньне – прымяненьне ідэалягічнай зброі.
Досьвед посткамунiстычных краiнаў паказвае, што дэiдэалягiзацыя адукацыi – гэта адзiны складнiк рэформы, якi адбываецца хутка i не патрабуе асаблiвых намаганьняў.
Як толькi зьнiкае дзяржаўнае фінансаваньне псэўдапатрыятычнах дзіцячых і моладзевых арганізацыяў, на зьмену iм зьяўляюцца шмат сапраўдных: скаўцкiх, спартовых, клюбаў па iнтарэсах ды iнш. Вiдавочна, што ў нашых школах разам са зьнiкненьнем абавязковых палітінфармацыяў, скіраваных на «правільную ідэалёгію», зьнiкнуць i «табу», i ў школах можна будзе абмяркоўваць усе пытаньнi, якiя цiкавяць моладзь: палітычныя, эканамічныя, нацыянальныя, маральныя.
Як відаць, рэформа адукацыі – толькi складовая частка рэформы палітычнай і эканамічнай сыстэмы Беларусі. Але дэмакратычныя зьмены непазьбежныя, і мы павінны быць гатовымi да гэтых зьменаў.