Амерыканская школа вачыма беларускага настаўніка.
Замест прадмовы.
Пачну з таго, як можна звычайнаму настаўніку патрапіць у Амерыку.
Аказалася, вельмі проста. Я ведала пра сваіх калегаў, якія ўжо мелі досвед падобных паездак, таму сачыла за аб’явамі розных адукацыйных стажыровак, і як убачыла ў адной з рассылак абвестку Амерыканскага адукацыйнага цэнтра пра праграму прафесіянальнага абмену, падала заяўку. І праз тры месяцы я была ў штаце Вермонт, што вядомы кляновым сіропам, прыгожымі зялёнымі гарамі, прэстыжнымі універсітэтамі і высокім узроўнем жыцця.
Калі я пісала заяўку, было вядома, што беларускія ўдзельнікі стажыроўкі будуць жыць у амерыканскіх сем’ях. Я пазначыла, што буду вельмі задаволеная, калі ў маёй прымаючай сям’і будуць дзеці-школьнікі. Я проста марыла параўнаць нашыя школы з усіх бакоў, а таксама мець магчымасць пагаварыць пра школу з дзецьмі і бацькамі.
І вось я патрапіла ў сям’ю Боба і Бэверлі Дылін, якія маюць шасцёра дзяцей і шасцёра ўнукаў, праўда, старэйшыя дзеці з унукамі жывуць асобна, а ў школу ходзяць толькі малодшыя прыёмныя з Расіі Іван 16 год і Аляксандра 14 год. Вучні адпаведна 10 і 8 класаў. Бэверлі сама працавала ў школе, але вымушаная была сысці з працы і стаць хатняй настаўніцай для сваёй малодшай дачкі, якую сям’я ўдачарыла амаль у трынаццаць год, і якая тады ні слова не разумела па-англійску.
Мае спадзевы, што я змагу гаварыць з дзецьмі на рускай мове, не спраўдзіліся. Іван прыехаў у Амерыку ў 4 гады. Яго Дыліны ўсынавілі ў 1996 годзе і забралі з Краснаярскага шпіталю. Хлопчык тады амаль нічога не гаварыў і важыў 23 фунты (крыху больш за 10 кілаграмаў). А Аляксандра прыехала ў 2006 годе і ведае мову добра, але ўпарта адмаўляецца гаварыць. Відаць з рускай мовай, як і Расіяй наогул, у яе асацыююцца жахлівыя ўспаміны пра інтэрнацкае жыццё, п’янства маці, уцёкі з дзіцячага дому, савецкую сістэму “выхавання”, “добрых” рускіх настаўнікаў і выхавацелек, што яна за 3 тыдні майго побыту ў іх сям’і не змагла выціснуць з сябе ні слова. Пра сваё жыццё ў Бірабіджанскім дзетдоме яна крыху расказала мне па-англійску, і я зразумела, што пакуль не трэба трывожыць пачуцці дзяўчынкі. Гаворым па-англійску. Я нават заву яе Алекс, бо Сашай яна быць не хоча.
Я шмат чула, што самае вялікае адрозненне паміж амерыканскімі і нашымі дзецьмі, што тыя любяць хадзіць у школу. Я, шчыра кажучы, крыху сумнявалася, што гэта праўда, таму ў першы ж вечар нашага знаёмства я адразу задала гэтае пытанне дзецям. Аказалася, што насамрэч любяць. Любіць школу і Іван, якому цяжка даецца вучоба – ён займаецца па спецпраграме ІEP (Individual Educational Program), але вучыцца разам з астатнімі дзецьмі, і Алекс, якая мае моўныя цяжкасці для вучобы. Яны мне доўга тлумачылі, што ў школе вельмі цікавыя настаўнікі, шмат вольнага часу, шмат сяброў, можна весела правесці час, у кафетэрыі смачная ежа, цікавыя і часам складаныя дамашнія заданні, і наогул, яны любяць вучыцца, але я так нічога і не зразумела, пакуль на свае вочы не пабачыла і не адчула сапраўдную атмасферу, якая пануе ў амерыканскай школе.
Гэты артыкул не прэтэндуе на грунтоўнасць і аналітычнасць. Тут сабраныя ўражанні ад наведвання некалькіх амерыканскіх школаў, размоваў з калегамі, дзецьмі і бацькамі пра праблемы адукацыі.
Williston Middle School – сельская базавая школа па-амерыканску.
У Амерыцы, як і ва ўсім цывілізаваным свеце, 12-гадовая сістэма школьнага навучання. У будынку вясковай школы Williston middle school, якую наведвае Алекс, месціцца адразу дзіцячы садок, пачатковая і сярэдняя (па-нашаму базавая) школа. Там дзеці навучаюцца да 14 год (8 класаў). Потым яны ідуць у іншую, вышэйшую школу (high school), дзе вучацца да 18 год і атрымліваюць атэстат. Па дзяцей зранку заязджае школьны аўтобус, які пасля заняткаў іх і развозіць па хатах. Усё гэта бясплатна для бацькоў, бо на гэта ідуць іхныя падаткі.
Першае, што мы ўбачылі, адчыніўшы дзверы, – горы заплечнікаў на калідоры. Нам патлумачылі, што заплечнікі не заўсёды пакідаюць на падлозе. Гэта звалка каля актавай залі – там выступае школьны тэатр. Ёсць адмысловыя шафкі, ячэйкі, ці проста ўбітыя цвікі. Але і на падлогу ніхто не забараняе класці. Аказваецца, дзеці рэчы не носяць з сабой з класа ў клас, а пакідаюць на калідорах, каб не заміналі. Бяруць толькі патрэбнае для ўрока. (Во дзе б нашай санстанцыі ды пажарнікам раздолле – во разжыліся б на штрафах! – адразу падумалася мне).
Сам школьны калідор – асобная размова. Гэта зусім не музей з дошкай гонару і нагляднай агітацыяй, а прастора для самавыяўлення. Тут няма адчування, што нельга ні да чаго дакранацца. Напрыклад, месцы для сваіх заплечнікаў дзеці афармляюць, як ім захочацца. Хтосці над сваёй шафкай ці кручком малюе сваю руку, хтосьці смешны аўтапартрэт, а хтосьці змяшчае цэлую анекту з фотаздымкам, каб іншыя змаглі больш пра яго даведацца. Вельмі часта на дзвярах кабінетаў заўважаліся партрэты настаўнікаў. Прымаляваныя вусы ці рогі – не, такога мы не бачылі. Але, пастаяўшы каля аднаго кабінета, мы даведаліся, што настаўнік містэр Мэрыл мае рост 6 футаў 3 цалі, сінія вочы, двух братоў Тода і Этана, сабаку па мянушцы Максін, любіць выкладаць гісторыю і навуку, любімы метад выкладання – даследаванне, наймацнейшым метадам лічыць кінестэтыку, хобі – бейсбол і медыяцыя.
Часта на калідорах вывешваюцца прэзентацыі праектаў вучняў, бо праектнае навучанне вельмі распаўсюджана ў амерыканскай школе. Часам на сценах проста намаляваныя графіці, вельмі шмат фотаздымкаў, але, крый божа, не са школьных мерапрыемстваў і святаў, а збольшага партрэты асобаў ды групавыя партрэты класа, аформленыя, напрыклад, у форме карабля. Асоба і індывідуальнасць тут галоўнае, таму ёй і прысвечана ўсё навокал.
Заняткі
Першае дзіва, незразумелае нашаму настаўніку, – амаль усе дзьверы ў класныя пакоі былі расчыненыя. Некаторыя класы наогул не мелі дзвярэй. Бэверлі смела зайшла ў першы ж клас і жэстам рукі запрасіла нас далучыцца. Ішоў урок чытання ў 5 класе.
Настаўнік – барадаты дзядзечка сярэдніх гадоў у джынсах і красоўках – сядзеў на высокім крэсле, закінуўшы нагу за нагу. Прычым ногі паставіў на іншае, крыху ніжэйшае крэсла. Дзеці сядзелі за асобнымі сталамі, як у кавярні, і ўважліва слухалі, часам нешта каментавалі. Дзіўна было тое, што на нас ніхто не звярнуў увагі. Дзеці і настаўнік працягвалі працаваць у звыклым рытме. Некалькі хвілінаў мы аглядалі сцены, абсталаванне, прыслухоўваліся да зместу прадмета. Скончыўшы праверку хатняга задання, настаўнік падыйшоў да нас, прывітаўся, запытаўся адкуль мы прыехалі і пайшоў працаваць далей.
Як выглядае класны пакой, апісаць немагчыма. Гэта трэба ўбачыць. Афармаленне класа – справа густу настаўніка і вучняў. Тут усё, што ёсць на сценах, паліцах, падлозе – усё створана для зручнасці і ўтульнасці. Класныя пакоі вельмі адрозніваюцца і маюць свой твар, відаць, што розныя асобы іх афармлялі. У адным класе мы ўбачылі цэлую калекцыю капелюшоў, якія віселі пад самай столлю. У іншым – велічэзны канадскі сцяг і яшчэ два шэзлонгі з кляновым лістом. Мы запыталіся ў настаўніка, што гэта азначае. Ён сказаў, што ягоная жонка – канадыйка яму гэта падаравала, а ён прыцягнуў у школу. Настаўніка ў школе таксама паважаюць як асобу. Таму ніхто яму не можа забараніць самавыражацца. А мы па звычцы шукалі палітыку.
Але ў кожным класе абавязкова прысутнічаюць некалькі рэчаў: дзяржаўны сцяг, паштовыя скрыні для вучняў, дошкі, фліп-чарты. Амаль паўсюль мы бачылі скрынкі з камп’ютэрамі-ноўтбукамі. Іх вучні бяруць падчас заняткаў у разе патрэбы. Затое не заўсёды ў класе ёсць сталы і нават крэслы.
Наступны ўрок, на які мы ўжо зайшлі смялей, быў урок англійскай мовы (ELL) у 3-м класе. Наcтаўнік – малады высокі мужчына – займаўся з асноўнай групай вучняў. У куточку таго ж пакоя трое вучняў сядзелі і ляжалі на падлозе з падручнікамі і сшыткамі – з імі на падлозе сядзела і настаўніца, дакладней, асістэнт настаўніка. Тут такіх пасадаў вельмі шмат. Гэта не лабаранты, а менавіта асістэнты, якія могуць падчас урока надаць увагу больш слабым вучням, вучням з абмежаванымі магчымасцямі, ці пазаймацца з больш таленавітымі. Трэцяя купка вучняў сядзела за камп’ютэрамі. Яны выконвалі індывідуальныя заданні.
На ўроку грамадазнаўства (Social Studies) мы ўбачылі настаўніка, знешне вельмі падобнага да нашага. Гэта містэр Данкан – у строі з гальштукам. Ён адзіны, хто нам сустрэўся быў апрануты ў “дзелавы стыль” і не ўсміхаўся. Потым Алекс і яе сяброўкі-васьмікласніцы мне расказалі, што містэра Данкана яны не вельмі любяць, таму што на ўроках ён шмат гаворыць і ніколі не застаецца пасля заняткаў, каб паразмаўляць з дзецьмі, зрабіць разам нешта цікавае, як гэта робяць іншыя настаўнікі. Не дарма ён нам нагадаў класічны ўзор савецкага педагога-ўрокадавальніка, якога нічога не цікавіць акрамя ўласнага прадмета.
Напрыканцы мы зайшлі да сяброўкі Бэверлі, у яе скончыўся ўрок мастацтва англійскай мовы (Language Art) у 8-класе, і дзеці паціху складалі раздадзеныя ноўтбукі ў агульную скрыню. Гэта быў апошні ўрок, таму мы мелі час паразмаўляць з вучнямі. Мяне ўжо не вельмі цікавіў адказ на пытанне, чаму яны любяць сваю школу. Я ўсё зразумела і сама паспела яе палюбіць.
Адрозненне амерыканскай школы ад нашай – у той школе шмат свабоды. Менаіта за СВАБОДУ дзеці любяць сваю школу. У вучняў у дзённіках нават няма месца для адзнак, толькі для самаадзнакі.
Кожны сам пазначае, што ён выканаў, а на што яму яшчэ трэба звярнуць увагу. Дзяцей не прымушаюць вучыцца, іх вучаць правільна размяркоўваць свой час, каб выканаць заданні і здаць абавязковыя крэдыты (залікі). Галоўная якасць, якая выхоўваецца ў школьнікаў – адказнасць. Адказнасць у першую чаргу за сябе, свае поспехі, сваю будучыню. Таму працэс навучання пабудаваны так, што большасць інфармацыі вучань здабывае самастойна: у бібліятэцы, у інтэрнэце, а настаўнік арганізуе працэс навучання, дапамагае разабрацца ў інфармацыі, тлумачыць, калі што няясна.
Любы занятак нагадвае мурашнік. Усе дзеці нешта робяць, а настаўнік назірае за працэсам і калі-нікалі дапамагае. Мы не бачылі, каб камусьці было сумна, ці хтосьці проста адседжваўся. Як не бачылі і настаўнікаў, якія б глядзелі ў вакно, пакуль дзеці працуюць. Вучэбныя заняткі ў амерыканскіх школах пазбаўленыя той напружанасці, якая ўласьцівая для нашых навучальных установаў. У класах навучальны працэс часцей за ўсё арганізаваны такім чынам, што вучні з'яўляюцца не пасіўнымі слухачамі тлумачэнняў настаўніка, а актыўнымі ўдзельнікамі працэсу навучання. Гэта дасягаецца альбо за кошт дыялогу з настаўнікам, які пастаянна «правакуе» пытанні з боку вучняў, альбо шляхам арганізацыі працы навучэнцаў у малых групах, у выкананні імі творчых заданняў. Актыўныя і інтэрактыўныя метады навучання вельмі шырока ўжываюцца ў школе, толькі ў апошніх класах, калі вучні мэтанакіравана і адказна выбіраюць сабе патрэбныя прадметы, і ідзе моцная мультыпрфільная падрыхтоўка, дадаюцца традыцыйныя методыкі, а таксама праектнае навучанне, даследаванні, лекцыі, практычныя работы.
Падчас урока навучэнцы могуць адносна вольна перамяшчацца па класным пакоі, карыстацца розным прыладамі (дзіраколы, стэплеры), а таксама выкарыстоўваць камп’ютэры, падлучаныя да Інтэрнэту. Такая вольная атмасфера падчас заняткаў не стварае «выбуху» на перапынках, характэрных для нашых школаў, калі дзеці зрываюцца, як з ланцуга, пасля напружаных і статычных 45 хвілінаў урока.
Хатнія заданні маюць творчы ці праблемны характар. Часцей ад дзяцей патрабуецца не завучыць параграф, а вырашыць праблемную сітуацыю, ці прапанаваць практычнае прымяненне адпаведнай тэорыі. У школьным раскладзе прадугледжаны час на выкананне хатняга задання, таму толькі частку заданняў дзеці выконваюць дома. Самастойна працуюць амерыканскія школьнікі даволі шмат.
Пра ўзровень сярэдняй адукацыі.
Большасць беларусаў глядзіць на свет праз расійскае тэлебачанне, таму мы маем стэрэатыпныя ўяўленні пра Амерыку і амерыканцаў. Відаць, дзякуючы гумарысту Задорнаву, я чакала, што адукацыя ў амерыканскай школе будзе нізкага ўзроўню. Дык вось, мяркуйце самі: у 8 класе 5 абавязковых прадметаў: англійская мова, літаратура, матэматыка, сацыяльныя навукі, навука і навыкі для жыцця (асновы хіміі, фізікі, біялогіі, геаграфіі). Яшчэ дзённік прадугледжвае 3 пустыя клетачкі, куды можна ўзяць 3 прадметы паводле выбару. Гэта можа быць музыка, тэхналогія, тэатральнае мастацтва, кіраванне аўтамабілем і шмат чаго іншага. Вялікая ўвага надаецца спорту. А наогул, цэнтралізаванай сістэмы адукацыі ў Амерыцы няма. Чаму і ў якім аб’ёме вучыць дзяцей, вырашаецца на мясцовым узроўні праз школьную Раду. Яе абіраюць усе мясцовыя жыхары на некалкі год, а Рада аб’яўляе конкурс і прызначае дырэктара школы. Ні міністэрства адукацыі, ні адміністрацыя штата на гэты працэс не мае ўплыву.
У Williston Middle School праграма 8 класа па матэматыцы нічым не адрозніваецца ад праграмы нашай школы – дробы, дзесятковыя дробы, ступені, плошчы фігураў, аб’ёмы целаў – усё ёсць. Праўда, задачнік зусім іншы. Ён больш падобны на часопіс “Разгадайка”, які нашыя вучні скупляюць у кіёсках і рашаюць задачкі без прымусу. У амерыканскім задачніку больш заданняў на логіку, кемлівасць і практычнае прымяненне тэорыі. Затое, узяўшы кантрольную па грамадазнаўстве, я змагла адказаць толькі на адно пытанне з пятнаццаці. Маіх практычных ведаў пра сацыяльнае ўладкаванне сучаснага свету нават пасля універсітэцкага курсу грамадазнаўчых навук не хапіла на сярэдні ўзровень амерыканскага васьмікласніка.
Вышэйшая ступень сярэдняй школы (High School) мае асобнае памяшканне і больш сур’ёзнае абсталяванне. Напрыклад, у школе, якую наведвае Іван, мы бачылі чатыры кабінеты біялогіі, кожны абсталяваны сваёй лабараторыяй, адмысловымі прыладамі і адпаведнай літаратурай для вывучэння розных галінаў біялагічных навук.
Асобна скажу пра праграму англійскай мовы. Яе вывучаюць на двух занятках ELL (English Language Learning) і Language Art. Прадмет моўнае мастацтва прадугледжвае навучанне прыгажосці мовы. Гэта і каліграфія, і прыгожае пісьменства, і яснае выкладанне думак і якаснае напісанне дзелавых папераў.
Зразумела, у Амерыцы ёсць усякія школы: і слабейшыя, і мацнейныя. Williston middle school – звычайная сярэднестатыстычная бясплатная дзяржаўная школа, якая займае 40-е месца ў рэйтынгу ў сваёй акрузе. У такіх школах навучаюцца каля 90 працэнтаў амерыканскіх дзяцей. Астатнія наведваюць прыватныя школы ці знаходзяцца на хатнім навучанні, якое становіцца ўсё больш папулярным. Лічыцца, што хатняе навучанне больш якаснае. Бацькі самі вырашаюць, у якую школу аддаць дзіця.
Праца настаўніка.
У адрозненні ад беларускіх калегаў, амерыканскія настаўнікі маюць адзіны абавязак – вучыць дзяцей . Ім можна толькі пазайздросціць. У размовах высветлілася, што настаўнікі – свабодныя людзі, якія не баяцца ні праверак, ні камісій, ад іх не патрабуюць ні паўрочных планаў, ні выхаваўчай работы, ні бясконцых папяровых справаздачаў, ні адпаведнага стылю вопраткі. Настаўнік цалкам аддае сябе любімай працы, прычым робіць гэта з відавочным задавальненнем. Настаўнік – гаспадар свайго ўрока, сам выбірае метады выкладання, падручнікі ці праграмы. Калі ёсць жаданне, можна напісаць свой падручнік ці праграму, і працаваць. Аўтарскія праграмы толькі вітаюцца, а зацвярджаць свой падручнік нідзе не трэба.
Настаўніцкіх пакояў у школе даволі шмат.
Яны больш нагадваюць добра абсталяваныя офісы. У дадатак ёсць і працоўныя пакоі для настаўнікаў. Там стаяць ксераксы, камп’ютэры, ляжаць стосы паперы розных колераў, фарбы, фанера, прылады для рэзкі паперы і шмат чаго яшчэ.
У амерыканскай школе працуе шмат мужчынаў. Добры заробак і гендэрны баланс дазваляе падтрымліваць добразычлівую працоўную атмасферу ў калектыве. У настаўніка шмат памочнікаў. Каб пазбегнуць ізаляцыі, амерыканцы імкнуцца інтэграваць дзяцей з праблемамі ў звычайнае грамадства, таму на занятках можа дапамагаць лекар, асістэнт настаўніка, сурдапедагог і г.д. Уражваюць і стасункі настаўнікаў з дзецьмі. Няма ні субардынацыі, ні панібратцтва. Відаць, педагагічныя ўстановы даюць дастаткова прафесійных навыкаў, каб настаўнік змог выбудаваць такія роўныя, добразычлівыя, паважлівыя адносіны з усімі вучнямі.
Стасункі бацькоў і школы.
Амерыканцы ў большасці незадаволеныя сваёй сярэдняй школай, але вельмі ганарацца універсітэтамі. Кажуць, што сярэдняя школа дае мала акадэмічных ведаў, і універсітэты вымушаныя кампенсаваць гэтыя прагалы.
Бэверлі Дылін сама працавала ў школе ўсё жыццё, мае старэйшага сына, якому 40 год і малодшую дачку – васьмікласніцу, яна гаворыць, што цяжка вызначыць, чым яна незадаволеная, бо школа ўвесь час змяняецца. Яна памятае часы, калі лепшым метадам навучання лічылася палка ад мятлы і тады думалі, што гэта добра. Бацькі моцна ўплываюць і на змест навучання, і на методыкі. Яны адразу падымаюць праблему, калі штосьці не задавальняе – і праблема вырашаецца. Вось, напрыклад, два гады таму, калі яе сын Роб збіраўся паступаць у тэхнічны каледж, яны выступілі з прапановай да сваёй школы, каб забяспечыць здольных вучняў большым аб’ёмам акадэмічных ведаў, і іх пачулі.
Зараз Бэверлі вядзе перапіску з дырэктарам школы, каб той забяспечыў дадатковае навучанне для Алекс. Ліст маці да дырэктара, якога яна не ведае асабіста, пачынаецца са словаў “Прывітанне, Шон!” Бэверлі тлумачыць, што Алекс – здольная дзяўчынка і дадатковыя заняткі па навуцы, гісторыі і англійскай мове дазволяць ёй пазбегнуць навучання па спецыяльнай праграме і будуць інвестыцыяй, якая прынясе плён для грамадства ў будучыні. Яна просіць прызначыць дадатковага т’ютэра для дачкі, які б на працягу году дапамогаў падцягнуць веды Адекс да ўзроўню астатніх дзяцей школы. у лісце Бэверлі пералічвае пяць пунктаў, чаму дырэктар абавязаны гэта зрабіць. У адным з пунктаў нагадвае, што сям’я плаціць падаткі, і ахвяруе грошы на сацыяльныя праграмы, якія ідуць і на ўтрыманне школы. Я, маючы досвед падобных зносінаў паміж беларускімі педагогамі і бацькамі, запыталася, ці не баіцца, што пасля такога ліста на Алекс можа быць уціск з боку школьнай адміністрацыі, і яна не зможа наведваць гэтую школу, ці не прасцей бы было ўзяць рэпетытара. Бэў доўга не магла зразумець змест майго пытання, а калі зразумела, сказала, што такога не бывае, бо тады на пасаду дырэктара школьная Рада знойдзе іншага чалавека. І калі школьная сістэма не забяспечвае раскрыцце патэнцыяла кожнага школьніка, трэба змяняць сістэму, а не шукаць іншага выйсця. Вось так!
А наогул пра рэформу школы ў Амерыцы ніхто не кажа, бо школа рэфармуецца пастаянна, каб адпавядаць жыццю. У дзень нашага ад’езду ў мясцовай газеце быў надрукаваны артыкул бацькоў, якія выступалі супраць стварэння рознаўзроставых групаў у сярэдней школе. Значыць, пасля майго ад’езду ўжо нешта змянілася. Галоўны кірунак школьных зменаў апошніх год – паляпшэнне якасці адукацыі, удасканаленне падрыхтоўкі педагагічных кадраў, змена зместу адукацыі ў бок пашырэння акадэмічнай часткі і падвышэнне тэхнічнай абсталяванасці школаў.
Высновы.
У любой адукацыйнай сістэме існуюць асноватворныя прынцыпы. Галоўныя каштоўнасці амерыканскай сістэмы – у заахвочванні пошуку, спазнанні навучэнцамі сябе і свайго месца ў знешнім свеце, у развіцці індывідуальнай адказнасці, падтрымцы нефармальных, дэмакратычных зносінаў паміж настаўнікамі і навучэнцамі і бацькамі. Дзеля рэалізацыі гэтых прынцыпаў настаўніку, вучню, і школьнай адміністрацыі даецца поўная свабода.
Амерыканская сістэма вельмі адрозніваецца ад беларускай. У першую чаргу, амерыканская сістэма адукацыі арыентавана на індывідуальнасць, а не на калектыў. Тут шукаецца індывідуальны падыход да кожнага дзіцяці, культывуецца свабода асобы і яе значнасць, адказнасць за сваё жыццё. Каб нашыя дзеці мелі больш свабоды ў школе, можа б мы не мелі столькі інфантыльных безадказных дарослых, якія не могуць пастаяць за сябе і за блізкіх. Інфантыльнасць – гэта як раз якасць нашых вучняў, бо інфантыльнасць – вынік залішняга кантролю, адсутнасці свабоды выбару. Ды і п’янства, сацыяльнаяе сіроцтва і іншыя сацыяльныя праблемы – гэта вынік безадказнасці асобы, чаму спрыяе палітыка патэрналізму беларускай дзяржавы, закладзеная ў падмурак новай “дзяржаўная ідэалогіі”.
Другое адрозненне – у практычнай скіраванасці ведаў. Тут школа імкнецца не столькі нагрузіць дзіця ведамі, колькі навучыць яго іх ужываць у штодзённым жыцці. Нездарма незалежныя эксперты, навукоўцы з розных краін, якія займаюцца параўнальнай адукацыяй (Comparative Education), адзначаюць вялікую прыстасаванасць амерыканскіх дзяцей да рэальнага жыцця. У сучасным свеце больш каштоўна мець канкрэтныя навыкі работы, напрыклад, на персанальным камп’ютэры, карыстацца магчымасцямі інтэрнэту, кіраваць аўтамабілем, мець неабходны мінімум эканамічных і юрыдычных ведаў, ведаць як скласці дзелавы ліст, падлічыць падаткі, прэзентаваць сябе і ўладкавацца на працу – гэта ўсё змест школьнай праграмы. А колькім з нас прыходзілася скарыстацца абавязковымі ведамі беларускай сярэдняй школы: знайсці натуральны лагарыфм ці скарыстаць трэці пастулат Бора, каб разлічыць стацыянарныя арбіты атамаў? Атрымліваецца, нашая школа адбірае ў вучняў і настаўнікаў шмат жыццёвых сілаў і часу, пры гэтым асноўныя веды прыходзіцца атрымліваць самастойна.
Я як фізік падчас навучання ў школе і ва універсітэце, чатыры разы праходзіла адны і тыя ж фізічныя законы, толькі з розным узроўнем матэматычнага апарату. Але сваю спецыяльнасць (электроніка) і англійскую мову, прыйшлося асвойваць самастойна ўжо на працы. І справа не толькі ў тым, што сур’ёзнай літаратуры па фізіцы на рускай мове, як і на астатніх славянскіх проста няма. Нашая школа і універсітэт не рыхтюць ні да жыцця, ні да працы.
Боб Дэлін – мой калега. Ён распрацоўвае мікрасхемы для фірмы IBM, фізіку вучыў двойчы. Адзін раз – школьная фізіка для жыцця і другі раз – універсітэцкі сур’ёзны, у тым ліку, вузкапрафесійны курс. А вызвалены час і з’эканомленыя сілы ён выдаткаваў на пабудову кар’еры, сям’ю, клопат пра двух выратаваных ад галечы сібірскіх дзяцей Івана і Алекс.
Трэцяе адрозненне – прызнанне каштоўнасці адукацыі. Камп’ютэр з 1 ГБ аператыўнай памяці ў Амерыцы можна набыць за 399 долараў, але толькі за адну антывірусную праграму трэба заплаціць 129 долараў дадаткова, за Microsoft Office яшчэ 200. Каштуе не жалеза, а мазгі!
Палітыка Амерыкі скіраваная на збіранне мазгоў з усяго свету. Толькі па грын-карце штогод з нашай краіны туды з’язджае больш за 1000 сем'яў. У асноўным, гэта інжынеры і выкладчыкі. І пакуль у Беларусі паклеіць шпалеры ў адным пакоі будзе каштаваць больш, чым прачытаць лекцыю ў ВНУ ці напісаць праграму, датуль ніякія прапагандыскія заклікі пра сіліконавыя даліны, прымусовыя размеркаванні, забароны замежных паездак, замаскаваных указамі пра супрацьдзеянне гандлю людзьмі, дзейнічаць не будуць. Мазгі будуць уцякаць туды, дзе іх цэняць.
Магчыма, існуе шмат перавагаў нашай сістэмы школьнай адукацыі над амерыканскай, але, прабачце, я пра іх не магла думаць. Думалася пра іншае. Пакуль мы будзем пазбаўленыя свабоды выбару, пакуль у нашай краіне міністэрства адукацыі ці невядома хто будзе вырашаць, чаму і як вучыць, у што апранацца, у якія арганізацыі ўступаць, датуль нашыя дзеці будуць марыць з’ехаць з гэтай краіны.
З’язджаюць зараз не ад голаду, а за свабодай. І ўсе нашыя перавагі не маюць ніякага значэння, калі яны не працуюць на карысць нашага грамадства.
Тамара Мацкевіч, 27 траўня 2008 г.