Безадзнакавы прарыў або правал? Давайце разбярэмся…

Міхась Кудзейка

Сучаснае дэмакратычнае грамадства не прымае таптання на месцы сістэмы адукацыі, якая затрымалася дзесьці ў мінулым стагоддзі. Сучасны вучань – гэта не той ружовашчокі хлапчук або дзяўчынка з павязаным на шыі чырвоным гальштукам, гатовы на ўсё дзеля чыёйсьці ідэі. Сучасны вучань практычны і рацыянальны, самабытны і індывідуальны. Яго не прымусіш рэалізоўваць нечыя ідэі, ён сам ідэйны і мэтанакіраваны, калі гэтаму спрыяюць жыццёвыя ўмовы.
Адсутнасць такіх умоў мадэлюе сітуацыю адрыньвання ад рэальнай рэчаіснасці. Як вынік, мы бачым, з якім нежаданнем нашы дзеці ходзяць у школу, як сучасная інфармацыйная прастора (Інтэрнэт, тэлебачанне) складае ўсю большую канкурэнцыю інфармацыйнаму полю ўстановы адукацыі. Калі падумаць, то дзяцей можна зразумець: ці паўстане ў вас жаданне, у век развіцця камп’ютарных тэхналогій, дэмакратызацыі грамадскіх адносін хадзіць па адукацыю ў «мінулае», дзе пастаянна навязваюць «актуальныя» веды рэпрадуктыўнымі спосабамі выкладання, дзе вызначаюць паспяховасць навучання па рэйтынгавай сістэме, у якой асабовыя якасці не ўлічваюцца, як не ўлічваюцца інтарэсы, магчымасці і здольнасці саміх дзяцей… Вось і атрымліваецца, што наведванне школы звязана з неабходнасцю – але ніяк не з патрэбай. Як гэтую неабходнасць ператварыць у патрэбу? Рашэнне гэтай праблемы трэба пачынаць не з вучня, а з сістэмы адукацыі.