Стан беларускамоўнага навучання на 2008 г. 

06.08.2008

Алесь ЛОЗКА,
старшыня РГА “Таварыства беларускай школы”

Стан беларускамоўнага навучання ў адукацыйных установах даўно выклікае трывогу шырокай грамадскасці. Калі ў 1993–94 навучальным годзе бацькі без праблем прыводзілі сваіх дзяцей у першыя класы з беларускай мовай навучання (76% ад усіх першакласнікаў, а ў сталічнай вобласці 92,6%), то цяпер створаны такія ўмовы, што гэтая планка стала ніжэй 18% (нават гэтую статыстыку і сапраўдную сутнасць міністэрства хавае ад народа). На сайце Міністэрства адукацыі (www.minebu.unibel.by ) вы толькі знойдзеце статыстыку трохгадовай даўніны (за 2005/2006 нав. год). Усяго на беларускай мове сёлета навучалася 20,9% ад агульнай колькасці.
(гл. табліцу).
Гэта даволі крытычныя межы існавання нацыі. Па вызначэнні ЮНЕСКО, народ знаходзіцца на мяжы знікнення, калі на роднай мове размаўляе менш 30% дзяцей. Не цяжка падлічыць, што з такой хуткасцю (прыблізна 1% ў год) поўнае знішчэнне беларускай адукацыі адбудзецца праз дваццаць гадоў. Гэтага нельга дапусціць!

Не лепшыя справы і ў дашкольным выхаванні. Хоць у Міністэрстве адукацыі нам далі звесткі, што на пачатак 2007 года ў краіне 41,3% груп дашкольных устаноў поўнасцю вядуць працу з дзецьмі на беларускай мове, а ў сельскай мясцовасці нават – 77,4%. Мы ж ведаем якасць той працы, калі ў садках поўнасцю не захоўваецца роднамоўны рэжым, як і ў школах. У краіне, якая нібы ўзяла курс на незалежнасць і суверэнітэт, адсутнічае сістэма вышэйшай школы на нацыянальнай мове.
У прадчуванні набліжэння нацыянальнай небяспекі ў народзе больш выразна сталі праяўляцца нацыянальныя пачуцці і пратэстныя ўчынкі, асабліва ў моладзі. Штогод павялічваецца колькасць жадаючых здаваць тэсты па беларускай мове (87 000 абітурыентаў) у той час, як колькасць выпускнікоў школ з беларускай мовай навучання памяншаецца (каля 20 000 у мінулым годзе). Сёлета ўжо гэтыя паказчыкі крыху паменшаны (недзе на 3%). Але затое, тэсты па-беларуску здалі лепш, чым па-руску, кожны трэці іспыт па рускай мове завалены (набрана менш 20%). Па гісторыі на беларускай мове праходзіла тэставанне ў тым жа 2007 годзе 27 490 чалавек з 37 717 абітурыентаў, сёлета – 22 тысячы з 28 479. А тут адсоткі абітурыентаў, якія абралі іспыты на роднай мове, значна ўзраслі (недзе на 4%). І гэта нягледзячы на тое, што Міністэрствам адукацыі быў зроблены нашумелы перавод выкладання гісторыі і геаграфіі на рускую мову. Насуперак адміністрацыйнаму ціску, самавольству і неспрыяльным умовам працягваецца набор у першыя беларускамоўныя класы. І ўсіх жадаючых вучыцца на роднай мове дзяржаўныя школы не задавальняюць, а для вольнага адкрыцця недзяржаўных не створаны спрыяльныя ўмовы. Непераадольным бар’ерам для многіх бацькоў з’яўляецца патрабаванне стварэння паўнавартаснага класа (колькаснае напаўненне).
Прааналізаваўшы працу адукацыйных ўстаноў апошняга дзесяцігоддзя, неабходна канстатаваць аб паніжэнні ў цэлым росту прафесіяналізму, пачуцця нацыянальнага гонару і наогул маральнасці калектываў самога Міністэрства адукацыі і яго ўпраўленняў. Многія чыноўнікі поўнасцю страцілі імунітэт на нацыянальную бяспеку. Яны зусім не разумеюць, што гэта такое, для чаго яно, або падмяняюць паняцце самі ведаеце якімі “понятиями”.
Апошнія 12 гадоў вызначаюцца нестабільнасцю функцыянавання ўстаноў адукацыі. Часта змяняліся вучэбныя планы, праграмы, падручнікі, правілы прыёма ў ВНУ, зачыняліся не горшыя школы, ліцэі і ВНУ. Гэты перыяд у цэлым можна характарызаваць некалькімі трывожнымі “не”: нестабільнасць, некампетэнтнасць, непрафесіяналізм, непрадказальнасць, небяспека...
Калі на пачатку падставай зменаў дапаможнікаў магла быць наяўнасць у іх гістарычнага сімвалу, як, напрыклад, у “Буквары” ў 1996 годзе, то цяпер ужо дайшла чарга да выключэння з праграмаў твораў таленавітых, нават народных, пісьменнікаў, скасавання прадметаў, неапраўданага злучэння ў адзін, ці значнага скарачэння гадзін на іх вывучэнне. Прадузятаму рэфармаванню найперш падвяргаюцца дысцыпліны адукацыйных устаноў, якія фармуюць грамадзянскія пачуцці, высокія маральныя якасці ў вырашальны перыяд умацавання беларускай дзяржаўнасці. Відавочныя грэблівыя адносіны да роднай мовы (адной з дзяржаўных!) і нацыянальнай культуры, нізкі кадравы падбор на кіруючыя пасады. Нават дзяржаўная “цэнзура” СМІ прапускае недаравальныя “ляпы” высокіх чыноўнікаў, якія дзівяць і смешаць народ, натхняюць на стварэнне “шматтомных” выданняў цытатнікаў і г.д. Выратоўвае яшчэ тое, што існуе негалосная забарона на вялікія выступы па тэлебачанні і радыё міністраў і іншых чыноўнікаў.
Пра глыбокі крызіс у адукацыйнай сферы таксама сведчаць факты неадпаведнасці еўрапейскім стандартам беларускай адукацыі, яе недастатковай фінансавай падтрымкі і жорсткага ідэалагаічнаг ўціску; сотні прафесіяналаў збягаюць на працу за мяжу, моладзевая эміграцыя набыла самыя маштабныя памеры, павялічваецца колькасць паспяховых студэнтаў, якія выключаюцца з універсітэтаў за палітычныя погляды (?).
У абарону прафесіяналізму і педагагічнай кампетэнтнасці адкрыта выступілі настаўнікі-пераможцы рэспубліканскіх конкурсаў розных гадоў, былыя работнікі Міністэрства адукацыі, прызнаныя, найбольш свядомыя і знаныя ў гэтай сферы спецыялісты ўсё разумеюць, але многія з іх баяцца з-за рэпрэсіяў выказвацца, захвалявалявася бацькоўская грамадскасць. Пакуль не праяўляюць грамадзянскай актыўнасці запалоханыя педагогі і кіраўнікі адукацыяй, якія ў сваёй большасці ўсё-такі разумеюць вартасць еўрапейскага выбару і нікчэмнасць сучасных скараспелых псеўдарэформ. Некаторых нават не палохае будучае вялікае скарачэнне. А гэта ж не тыя 20–30 тысяч педагогаў згубяць працу, што называліся ў прэсе. Пойдзе ланцужковае скарачэнне нават факультэтаў у ВНУ, педкадраў у інстытутах павышэння кваліфікацыі і г.д.
Рэзкай незапатрабавальнасці ў адукацыі набудуць не толькі абвешчаныя “рэпрэсіямі” спецыяльнасці беларускай мовы і літаратуры, гісторыі, музыкі, сусветнай і айчыннай культуры, але і замежных моў, матэматыкі, фізікі, біялогіі, хіміі. Яны ж у асноўным складалі профілі і спецкурсы, якія цяпер становяцца непатрэбнымі дзеля дзіўнага прынцыпу “ўраўнілаўкі” ў адукацыі.
Планы і дзейнасць устаноў сістэмы адукацыі не адпавядаюць нацыянальным інтарэсам, часцей іх змест скіраваны на дэкларатыўнасць і павярхоўнасць, не закранаючы глыбіннай сутнасці вырашэння надзённых праблем нацыянальнай адукацыі, выхавання сапраўдных грамадзянскіх пачуццяў, не вызначаецца сістэмнасцю і паслядоўнасцю. У прыватнасці:
• Не забяспечаны належны кантроль за выкананнем дзяржаўнымі ўстановамі артыкулаў 17 і 50 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (права на выкарыстанне беларускай мовы).
• Не забяспечваецца дастатковае фінансаванне устаноў адукацыі згодна закона “Аб агульнай сярэдняй адукацыі” (у Мінску дашкольныя ўстановы і школы перапоўнены, не ўсюды ўтрымліваецца прынятая норма напаўняльнасці класаў і груп, не справядліва змяншаюцца тэрміны адпачынкаў асабліва работнікаў дашкольных устаноў); адукацыя па ранейшаму застаецца галіной для эканоміі сродкаў.
• Штогод асабліва ў педагагічных ВНУ зніжаецца планавая колькасць прыёму абітурыентаў (сёлета ў БДПУ – больш 400).
• Паўсюдна не выконваецца пастанова Міністэрства адукацыі ад 27 жніўня 2002 г. №48 “Праграма дадатковых мер па пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў сістэме адукацыі”; не праводзілася справаздач аб яе выкананні. Штогод у сістэме Міністэрства адукацыі закрываецца больш ста школ з беларускай мовай навучання, вучні якіх пераводзяцца ў рускамоўныя ўстановы; не праводзяцца рэальныя захады па стварэнні прэстыжу роднай мовы ў грамадстве, падтрымцы нацыянальна свядомага настаўніцтва. Без такіх дысцыплін, найперш, як “Беларусазнаўства”, “Гісторыя Беларусі”, “Беларуская мова”, “Беларуская літаратура”, “Айчынная і сусветная мастацкая культура”, якія церпяць ад непрадуманых рэформ, немагчыма існаванне незалежнай Беларусі. За названыя дысцыпліны нам неабходна змагацца.
• Многія кіраўнікі, выкарыстоўваючы адміністрацыйны рэсурс, ідуць на адкрыццё ў і без таго малалікіх беларускамоўных школах класаў з рускай мовай выкладання, якія паступова выцясняюць першыя (сёлета, напрыклад, насуперак усяму ў разрад двухмоўных устаноў пераведзена адзіная гарадская ў Віцебскай вобласці СШ № 3 Глыбокага; у Мінску яшчэ раней – СШ № 190 і інш.).
• Не забяспечаны ўмовы на права выбару мовы навучання ва ўніверсітэце, роднамоўная пераемнасць паміж школай і сярэднімі спецыяльнымі і вышэйшымі навучальнымі ўстановамі; у ВНУ на самой справе адсутнічаюць беларускамоўныя плыні, а яны прапісаны ў законе “Аб вышэйшай адукацыі” (22 арт.).
• Не ў поўнай меры працуюць на незалежнасць Беларусі рускамоўныя радыё, тэлебачанне, газеты і часопісы, кнігавыдавецтвы, адміністрацыйныя ўстановы. • Не надаецца належнай увагі ў адукацыйных установах выхаванню агульначалавечых нормаў, у людскім абыходзе не выкаранена яшчэ з царскага часу шавіністычная выдумка, што беларуская мова – “нацыяналістычная”. Ды што тут разважаць, калі з самых высокіх трыбун без цені сумнення заяўляецца: “Мы с этим (нацыяналізмам – А.Л.) бороться начали давно. Из школьных программ по моей инициативе были убраны все националисты, так называемые писатели”.
• Маральны клімат адукацыйных устаноў даўно жадае паляпшэння: без зменаў кардынальнай сістэмы грамадскіх адносін у краіне рэпрэсіўныя меры не прыносяць належнага стану, выкаранення карупцыі, прыпісак, крадзяжоў і нават маральнай разбэшчанасці (гэтаму спрыяе чыноўніцкая ўседазволенасць, крывадушша, пазбяганне праблемнасці і праўдзівасці ў СМІ, суды штампуюць абвінавачванні прадстанікам грамадскай інтэлігенцыі за ... “ругательства”, “избиения милиции”, патрабаванні бланка на роднай мове і г.д.).
• Пратэстная плынь супраць знішчэння роднай мовы, нацыянальнай асветы вынесла ў вір барацьбы нават школьнікаў, як сведчаць затрыманні і суды апошняга часу. Дабіваючыся справядлівасці, нацыянальнай годнасці ўпершыню навучэнцкая моладзь вымушана была прымяняць галадоўкі.
• Рэзка павысілася колькасць палітычна матываваных выключэнняў з універсітэтаў як выкладчыкаў, так і студэнтаў (дайшло да таго, што выдатнікаў вучобы выключаюць за пропускі заняткаў і іншыя надуманыя матывы, як гэта здарылася з Таццянай Хома – БДЭУ, Юрасём Алейнікам – Акадэмія кіравання, Дзмітрыем Жалезнічэнка – ГДУ, Франакам Вячоркам, Антонам Каліноўскім і інш.
• Не знаходзячы рэалізацыі сваім нацыянальным памкненням у Беларусі, моладзь з’язджае вучыцца ці працаваць за мяжу (тут патрэбны не сілавыя і запалохваючыя меры, а стварэнне еўрапейскіх умоў на радзіме).
• Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, якая не далучылася да Балонскага працэсу (вышэйшая адукацыя не адпавядае агульна прынятым нормам, а цяпер яшчэ і сярэдняя адукацыя адкідваецца ў мінулы савецкі тупік).
• З адменай ільготаў, пачынаючы з малодшага школьнага ўзросту, значна панізілася матэрыяльная забяспечанасць і дабрабыт сем’яў, асабліва адчуваецца недахоп інтэрнатаў.
• Прыняцце Закона “Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” выглядае паспешным, несвоечасовым, без папярэдняга шырокага абмеркавання спецыялістамі ў СМІ і навуковых канферэнцыях.
• Падвяргаюцца прадузятаму, тэндэнцыйнаму, рэвізаванню праграмы і падручнікі (творы класікаў, народных пісьменнікаў, агульнапрызнаных майстроў замяняюцца менш значнымі, а то і нізкапробнымі пісаннямі).
• Педагагічныя, студэнцкія і вучнёўскія калектывы адукацыйных ўстаноў ўсіх формаў, бацькоўская грамадскасць стаміліся ад частых зменаў навучальных планаў, праграм, падручнікаў і правілаў прыёму.
Не скончыўшы як след адну рэформу, у якую ўклалі вялікія народныя рэсурсы, пачынаюць паспешна іншую, не скіраваную ні на еўрапейскі досвед, ні на падтрымку беларускай ідэнтычнасці, нібы даючы прастор у бліжэйшы час для чарговых затратных зменаў.
Дзейнічаем па прынцыпу народнай прымаўкі: «Акуля, што шыеш не адтуля, а я,матушка, яшчэ пароць буду». Так, адукацыя не дасягнула, каб першы клас вывучаў грамату ў гульнявой форме, каб 11 і 12 класы сталі профільнымі, у якіх навучаюцца тыя, хто будзе паступаць на вызначаную спецыяльнасць. Непрадуманым крокам назад неабходна лічыць скасаванне ўжо названых важнейшых у станаўленні грамадзянскасці дысцыплін і скарачэнне на іх вывучэнне колькасці гадзін, адмена профільнага і паглыбленага навучання, прыніжэння ролі гімназій і ліцэяў. Чалавек ад нараджэння ўжо мае неаднолькавыя магчымасці, здольнасці, таму і прынцып пад “адзін капыл” не прыдатны. Гэта – педагагічная ісціна і справы, звязаныя з навучаннем і выхаваннем, павінны вырашаць прафесіяналы.
У складзеных варунках было б лепш пакінуць рэфармаванне на будучае. Заява пра вартасць і эканомію ў скарачэнні 12-гадовага навучання разлічана на простага абывацеля, які паддаецца на часовыя эмацыянальныя ўплывы, неразборлівага ў спецыфічных тонкасцях справы. Нават асобная альтэрнатыўная інфармацыя, якая б магла дайсці да шырокага кола людзей, павінна змяніць першапачатковыя настроі: за 12 гадоў аптымальна спланаванай вучэбнай дзейнасці дзеці засвояць больш ведаў, чым за 11, значыць нашы выхаванцы будуць адставаць ад сваіх равеснікаў за мяжою, дзе ўсюды існуе 12-гадовае (і больш) навучанне, не змогуць інтэгравацца ў сусветную адукацыйную прастору; нават у Расіі, з якой абвешчана інтэграцыя беларускай адукацыі існуе прадмет СМК з пятага класа і да выпускнога і ў большай колькасці гадзін, як гэта было ў нас (адна гадзіна ў тыдзень у трох класах); як можна прапусціць заняткі у школе ўсім цэлы год, калі ўзнікае праблема пропускаў аднаго дня... Адразу зразумелі небяспеку тыя бацькі, якія першымі адчулі хваляванне за лёс сваіх дзяцей з-за наступнага падвоенага выпуску. А колькі патрэбна новых падручнікаў, планаў! За адно лета, паспешна, калі педагогі пайшлі ўжо ў адпачынкі, такую рэформу якасна зрабіць немагчыма. У апошнія гады не папулярная пазіцыя Міністэрства адукацыі адносна беларускай мовы і культуры, яго рэальныя крокі (нават тое, што міністр не валодае адной з дзяржаўных моў), непрадуманая мітусня ад аднаго кроку да супрацьлеглага, гаворыць аб адсутнасці канкрэтных канцэпцый і непрафесіяналізме, адмоўна адбіваецца на агульным прэстыжы Беларусі за межамі краіны, спакоі і развіцці ўнутры краіны (такую нізкую ацэнку працы з боку народа і еўрапейскай супольнасці ніколі не атрымліва ведамства і кіраўніцтва адукацыяй у цэлым). Калі задуманая рэформа не будзе адменена, ціхую краіну чакае неспакой, узбуджэнне.
Крызіс у адукацыі – прадвеснік агульнага завалу ў краіне. Ці зразумее гэта неадукаваны чыноўнік?