Рэцэпт кактэйлю творчага росту

15.12.2008

Добра працуе той, хто ўмее добра адпачываць. (Сказаў хтосьці разумны)



Вы калі-небудзь атрымлівалі асалоду ад ад працы ў калектыве аднадумцаў? Ці здаралася Вам адпачываць у намётах на ўлонні прыроды? Вы заўважалі, як калышуцца зоркі, на воднай роўнядзі ракі?
Калі на ўсе пытанні Вы адказалі «НЕ», то можаце не губляць час на чытанне гэтага артыкула. Але калі ўсё ж Вы вырашыцеся яго прачытаць, тады, хутчэй за ўсё, Вам што-небудзь, ды спадабаецца.

На першы погляд, не вельмі сур’ёзны пачатак для сур’ёзнага артыкула. Але такім няхітрым спосабам Мікалаю Іванавічу Запрудскаму ўжо ў дзевятнаццаты раз атрымалася прывабіць паўсотні творчых настаўнікаў фізікі з усёй краіны на курсы ў Альхоўку. Упадабанае месца, гасцінная школа, сустрэча са старымі і новымі сябрамі – усё гэта аказвала жыватворны ўплыў на засваенне новага матэрыялу і яго творчую перапрацоўку. Актуальнасць аўтарскіх курсаў М.І.Запрудскага “Педагагічныя асновы і арганізацыя даследчай дзейнасці навучэнцаў па праблеме энергазберажэння” выклікала непадробную цікавасць ва ўсіх удзельнікаў. Цікава, што экалога-асветніцкі змест курсаў цесна перасякаўся са стылем жыцця ў лесе. Такім чынам, у чым жа складаецца рэцэпт кактэйлю творчага росту педагогаў?
Вядома ж, у якасных кампанентаў і дасканалых прапорцыяў.



Кампанент №1
У камп’ютэрным класе з мультымедыйнай прэзентацыяй выступіў М.І.Запрудскі. Яго інтэрактыўная лекцыя па тэме курсаў не пакінула абыякавым нікога, бо кожны ўдзельнік змог не толькі праслухаць, але і прааналізаваць змест лекцыі, выканаўшы адно з экспертных дзеянняў:
1. скласці і задаць пытанні, датычныя зместу лекцыі (ПЫТАННІ),
2. сфармуляваць тэзісы выступу (ТЭЗІСЫ),
3. вылучыць асноўныя паняцці тэмы (ПАНЯЦЦІ),
4. намаляваць структурную схему атрыманай інфармацыі (СХЕМА),
5. выступіць у ролі апазіцыі да дакладчыка (АПАЗІЦЫЯ),
6. абараніць дакладчыка ад апазіцыі (АБАРОНА),
7. агучыць свае асацыяцыі, якія ўзніклі падчас заняткаў (АСАЦЫЯЦЫІ),
8. абстрагаваўшыся ад навуковых паняццяў і тэрмінаў, выказаць сваё меркаванне ў якасці чалавека «АД САХІ".

Кампанент №2
Супрацоўнік Міністэрства адукацыі Кастусь Пятроў азнаёміў усіх прысутных са зменамі ў выкладанні фізікі ў школе, што мяркуюцца ў новым навучальным годзе. Пад кіраўніцтвам прадстаўніка “Экадому” Яраслава Бекіша, у “зялёным” дэбат-клубе, прайшло гарачае абмеркаванне будаўніцтва новых электрастанцый на тэрыторыі нашай краіны. Дэбат-клуб аказаўся “зялёным” ва ўсіх сэнсах: па-першае праходзіў ён на зялёнай лясной паляне, а па-другое досведу ўдзелу ў дэбатах у настаўнікаў фізікі аказалася зусім мала. Кампанент №3 Пасля “Альхоўкі 2004” на прасторах інтэрнэту пачалі развівацца сайты, створаныя альхоўцамі. А “Альхоўка 2008” была насычаная прэзентацыямі ўжо вядомых і толькі створаных сайтаў педагагічнай тэматыкі. Так, напрыклад, Аляксандр Саковіч прадставіў два сваіх творы: абноўлены сайт www.alsak.ru “Школьная фізіка ад Саковіча” і цалкам новы www.physbook.ru “Электронны падручнік па фізіцы”. Таксама былі прадстаўленыя абноўленыя сайты Аляксандра Плятнёва “Парта для настаўніка” (partainter.net) і “Асабісты сайт А.Плетнева” (pletnev.moy.su). Прыемна адзначыць, што прэзентацыі Вольгі Званцовай і Івана Кульбеды аб кірунках даследчай дзейнасці іх навучэнцаў штогод маюць поспех. Але на гэтым прэзентацыі “альхоўскіх прадуктаў” не скончыліся, бо слухачы курсаў часта становяцца аўтарамі кніг і дапаможнікаў. Свае новыя сшыткі для лабараторных работ анансаваў Юрый Клімовіч. Алена Валадзько, Аляксандр Сугакевіч і Аляксандр Плятнёў – творчы калектыў, “народжаны” у Альхоўцы. Сёлета ён прадставіў сваю новую кнігу “Акуніся ў неба або таямніцы нябеснага акіяна” – падарунак удзельнікам конкурсу “Каласок”.
Ну, і як належыць лідэру курсаў, Мікалай Запрудскі прэзентаваў адразу два сваіх творы: “Мадэляванне і праектаванне аўтарскіх дыдактычных сістэм” і “Партфоліо па фізіцы”.



Старанна перамешваем
Ну і якая жа Альхоўка без традыцыйных мерапрыемстваў?
“Баль пад хвоямі” (арганізатары Анатоль Шуба, Аля Шэлудзякова), як заўсёды, быў рамантычным і непаўторным. Вы толькі ўявіце сабе: у цэнтры – дамы ў вячэрніх сукенках, кавалеры ў белых кашулях, а вакол бярозы ды сосны. А хіба можа быць нешта выдатней за вальс каля вогнішча?
“Фізіка-спартовая паласа перашкод”, арганізаваная М.І. Запрудскім, зноў стала нечаканай для ўдзельнікаў. На этапах каманды развязвалі задачы, разгадвалі крыжаванкі, шукалі інфармацыю ў Інтэрнэце і як мага хутчэй фармулявалі сваё экалагічнае крэда. А сакрэтны этап (зараз інфармацыя ўжо рассакрэчаная) каманды маглі пакінуць, толькі калі іх робат пройдзе вызначаную адлегласць.
Усеагульным жаданнем і неймаверным стараннем Аляксандра Якубоўскага, Віктара Кірэева, Аляксандра Саковіча і інш. на беразе ракі Страча была арганізаваная паходная лазня, якую, па сціплых падліках, наведалі 80% жыхароў летніка.
Альхоўскі тэатр сёлета складаўся ўжо з трох аддзяленняў. Яўген Жвірко, Яраслаў Бекіш, Сяргей Федарына і Міша Макаед прымусілі гледачоў не толькі смяяцца і пляскаць у далоні, але і граць галоўныя ролі.
Рэгістрацыю рэкордаў летніка, ужо другі год выдатна падрыхтаваў А.Саковіч.
“Акадэмія” – адно з самых сур’ёзных і ўрачыстых мерапрыемстваў” – так пачалі свой выступ яе вядоўцы Юрый Шчасны і Святлана Каўганка.
Сёлета з’явіліся першыя член-карэспандэнты Альхоўскай акадэміі навук: Віктар Кірэеў, Марына Катлярова, Ніка Цішчанка, Алена Гаўруковіч, Аляксандр Якубоўскі і Юрый Клімовіч. Гэтыя шасцёра шчасліўчыкаў шэсць раз наведалі Альхоўку.
Усяго праз чатыры Альхоўкі яны стануць акадэмікамі, а на іх квадратных шапках з’явяцца доўгачаканыя пэндзлікі.
Доўгачаканым сертыфікатам “5 гадоў у Альхоўцы” узнагароджаныя А.Саковіч, А.Казакевіч, А.Плятнёў.
Дзякуючы Анатолю Аўсейчыку сёлета прайшлі традыцыйныя турыстычныя спаборніцтвы “Плабут”, ідэя якіх складаецца ў дастаўцы пластыкавых бутэлек у вызначанае месца па азначаным маршруце. Раз у год гэта варта перажыць.
Альхоўскія традыцыі пастаянна абнаўляюцца. І гэтым разам Мікалай Іванавіч Запрудскі патрапіў у яблычак, прапанаваўшы Аляксандру Плятнёву, Сяргею Федарыну і Міхасю Макаеду прылюдна папрактыкавацца ў “вастаслоўі” (не блытаць з брыдкаслоўем). Гледачы, вядома, не засталіся без удзелу. Так нарадзілася новая традыцыя – “Вечар экспромтаў”. Напрыканцы, падсілкаваўшыся энергіяй і выказаўшы свае эмоцыі, Людміла Марціна, Наталля Прыбыткіна, Алена Сарока, Таісія Гузіч паказалі выдатны традыцыйны “Канцэрт першагодак”.
А ці смачны атрымаўся кактэйль?
Пра смак атрыманага “кактэйлю” самы час будзе казаць праз год-два, калі педагогі змогуць увасобіць у жыццё свае новыя ідэі, апрабіраваць веды, атрыманыя ў летніку, калі іх вучні рэалізуюць свае даследаванні па энергазберажэнні.
А вось водар “кактэйлю творчага росту педагогаў” ужо лунаў у летніку апошнія колькі дзён, на працягу якіх творчыя групы распрацоўвалі методыкі кіравання навучальным даследаваннем вучняў, абаранялі свае прэзентацыі і рабілі высновы з крытычных заўваг калегаў. Дзякуючы аператыўнай працы Ігара Макатуна і Яўгенія Жвірко, матэрыялы, распрацаваныя ўсімі, атрымаў кожны альховец.
(А некаторыя з іх ужо можна спампаваць тут – заўвага Nasaunik.info).
“Водар” узмацняўся адным з галоўных прынцыпаў арганізацыі летніка – самавызначэннем.
Па-першае: усе ўдзельнікі патрапілі на курсы свядома, запоўніўшы і даслаўшы заяўку.
Па-другое: кожны сам выбіраў ролю, якую ён будзе граць як падчас актыўнага адпачынку, так і падчас заняткаў.
Па-трэцяе: нават нялёгкая фізічная праца па добраўпарадкаванні летніка і дзяжурства па кухні – справа добраахвотная.
Жадаеш? – Дзяжуры сёння.
Не жадаеш? – Заўтра і пазаўтра.



Пабочныя дзеянні “кактэйлю творчага росту”


Моцна выражанае “творчае пахмелле” мае некалькі сімптомаў:
1. Тыдзень праляцеў, як адзін дзень. Вельмі не хочацца развітвацца. Таму прадуктыўныя творчыя зносіны працягваюцца круглы год на канферэнцыях, семінарах, алімпіядах, конкурсах навукова-даследчых работ, па тэлефоне і інтэрнэце, у суаўтарстве кніг, дапаможнікаў, праграм.
2. Хочацца ўжыць новыя веды, выпрабаваць усе ідэі неадкладна, таму ў ліпені цягне на працу. Дзіўна, але да верасня гэта мінае.
3. Хочацца тварыць, бо ў Альхоўцы радыя любым тваім дасягненням: і ў працы, і ў творчасці, і ў сям’і. Добра б і на працы так…
4. Хочацца дзякаваць усім, хто дапамог “замуціць” гэта выдатны кактэйль.
5. Зноў хочацца ў Альхоўку: зрабіць глыбокі крэатыўны ўдых і выдыхаць да наступнага летніка.
Калі Вам захацелася стаць бурбалкай у юбілейным «кактэйлі творчага росту», уважліва чытайце часопіс ”Фізіка. Праблемы выкладання”. Бо ў 2009 годзе курсам у Альхоўцы спаўняецца 20 гадоў.
Матэрыялы мінулых і анонсы будучых летнікаў чытайце на сайтах
http://olxovka2004.at.tut.by
http://olxovka2005.at.tut.by
http://olxovka2006.at.tut.by
http://olxovka2007.at.tut.by
www.alsak.ru
www.PARTAinter.net
www.academy.edu.by/details/personnels/zaprudsky
На жаль, у артыкуле немагчыма апісаць усе падзеі і перадаць усе эмоцыі.
Дзякуй усім, хто на працягу гэтага тыдня прымаў удзел у зарадцы маіх “творчых акумулятараў”.
Да сустрэчы ў Альхоўцы-2009.
Аўтар артыкула чакае водгукаў у інтэрнэце на сайце www.PARTAinter.net