Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Таварыства беларускай школы” (ТБШ) з 2007 года сістэматычна праводзіць конкурс “Беларускі Настаўнік года”. Ужо ганаравана нямала настаўнікаў і кіраўнікоў школ, ліцэяў і гімназій, якія вядуць навучанне на беларускай мове. Пераможцамі яго становяцца не толькі выдатнікі адукацыі, прафесары, але і простыя педагогі cярэдніх адукацыйных, дашкольных і пазашкольных устаноў рэспублікі.
Сёлета абвяшчаецца чарговы конкурс. У ім могуць прыняць удзел педагогі усіх тыпаў адукацыйных і выхаваўчых устаноў (ад дашкольных да каледжаў), акрамя ВНУ, са стажам працы не менш за тры гады. На кандыдата конкурса запаўняецца анкета рэкамендуючай арганізацыі, установы, або самім педагогам і дасылаецца да 10.05.2010 на адзін з адрасоў: tbskoly@tut.by, або іншыя, якія можна атрымаць па даведачнаму тэлефону 8029–7520821. Могуць дадавацца іншыя матэрыялы, што пацвярджаюць высокія вартасці кандыдата. Пры неабходнасці журы ТБШ можа наведаць установу канкурсанта.
Задачы конкурса:
• маральная падтрымка беларускамоўных педагогаў адукацыйных устаноў;
• прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблем роднамоўнага выкладання і выхавання ў базавых і сярэдніх школах, дашкольных і пазашкольных установах, ліцэях, гімназіях і каледжах;
• фарміраванне грамадскай думкі аб прэстыжнасці навучання па-беларуску;
• аб’яднанне беларускамоўных педагогаў, спрыянне іх супрацоўніцтву, абмену досведам працы, арганізацыі супольных праектаў і інш.
Крытэрыі вызначэння пераможцаў конкурса:
• выкладанне па-беларуску дысцыпліны ці правядзенне выхаваўчай працы на роднай мове;
• прафесіяналізм і наватарства, творчасць і навуковасць;
• аўтарытэт сярод калег, бацькоўскай грамадскасці і навучэнцаў;
• высокая грамадзянская пазіцыя.
Усе дастойныя кандыдаты будуць адзначаны дыпломамі ТБШ, асобна будуць ганараваны тры пераможцы-лаўрэаты да летніх вакацый. Паўторна могуць прымаць удзел у конкурсе ўсе дыпламанты ТБШ, акрамя пераможцаў.
Нядаўна журы Таварыства беларускай школы падвяло вынікі чарговага нацыянальнага конкурса “Беларускі Настаўнік 2009 года”. Імі прызнаны.
ЖУКОВІЧ Мікола Васільевіч – настаўнік беларускай мовы і літаратуры, дырэктар СШ № 1 г. Бярозы Брэсцкай вобласці. Нарадзіўся 4 красавіка 1964 г. у в. Здзітава Бярозаўскага раёна. Закончыў Брэсцкі педагагічны інстытут і аспірантуру пры Акадэміі паслядыпломнай адукацыі (1999). Кіраўнік дзіцячага драматычнага гуртка “Жывічка”. Пазаштатны лектар на курсах павышэння кваліфікацыі настаўнікаў у абласных інстытутах. Сябар Бярозаўскай раённай каардынацыйнай рады па пытаннях развіцця беларускай літаратурнай мовы і ўшанавання памяці Ніны Мацяш. На занятках выкарыстоўвае нетрадыцыйныя формы – альманахі, дыспуты, залікі, семінары, віктарыны і г.д. Запрашае на сустрэчы пісьменнікаў. Мае шмат цікавых распрацовак па вывучэнні праграмных празаічных твораў, правядзення пазакласных мерапрыемстваў, скіраваных на развіццё грамадзянскіх і нацыянальных пачуццяў.
Адкрыў у Інтэрнеце персанальны Web-праект “Каб харашэць душой”, першы ў краіне электронны навукова-метадычны дапаможнік для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры і адміністратара беларускамоўнай установы (www.zhukovich4.narod.ru).
Суаўтар метадычных дапаможнікаў па беларускай літаратуры для ІV і ІХ класаў. Мае каля паўсотні навукова-метадычных артыкулаў у часопісах “Роднае слова”, “Беларуская мова і літаратура” і інш. выданнях. Пра яго можна прачытаць у арт. метадыста БАІПКН Н. Левічавай “Залог поспеху – у абнаўленні” (Роднае слова, 2004, № 4); Д. Гуштын “Выкладчык, якога любяць дзеці” (Маладосць, 2009, № 11); матэрыялы “круглага стала” “Адукацыйныя тэхналогіі ў сучаснай школе” (“Беларуская мова і літаратура”, 2009, № 8) і інш.
БАРШЧЭЎСКІ Лявон Пятровіч – супрацоўнік эксперыментальнай лабараторыі “Беларуская школа ХХІ ст.” РГА “ТБШ”. Паэт, перакладчык, літаратар, педагог, грамадскі дзеяч.
Нарадзіўся 4 сакавіка 1958 г. у Полацку. Скончыў Менскі інстытут замежных моваў і яго аспірантуру. Кандыдат філалагічных навук. Працаваў гідам-перакладчыкам у Мінску, настаўнікам СШ № 10 г. Полацка, выкладчыкам Новаполацкага політэхнічнага інстытута, намеснікам дырэктара Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа (з 1991 г.). Дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі (1990 – 1995). Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў. Старшыня, ганаровы старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра.
Перакладае з лацінскай, старажытнагрэчаскай, нямецкай, англійскай, французскай, польскай, іспанскай і іншых моваў. Аўтар дапаможнікаў: Літаратура ад старажытнасці да пачатку эпохі рамантызму: папулярныя нарысы. Мн., 2003; Беларуская літаратура і свет: ад эпохі рамантызму да нашых дзён (у суаўтарстве). Мн., 2006; Еўраслоўнік. Уроцлаў, Менск, 2008 і інш.
Упершыню ў сусветнай практыцы Л. Баршчэўскі выпусціў слоўнік на 28 мовах “Еўраслоўнік”, які па праву можна ўнесці ў кнігу рэкордаў Гінеса.
ПРАКАПОВІЧ Ігар Міхайлавіч – настаўнік геаграфіі і астраноміі СШ № 1 г. Паставы Віцебскай вобласці. Педагог, паэт, краязнавец. Нарадзіўся 9 снежня 1960 г. у Паставах. Скончыў геаграфічны факультэт БДУ. Кіруе навукова-краязнаўчым таварыствам школьнікаў “Ювента”. Таксама працуе па сумяшчальніцтву кіраўніком краязнаўчых гурткоў Аб’яднання пазашкольнай работы, Пастаўскай раённай гімназіі. Скончыў аспірантуру Нацыянальнага інстытута адукацыі.
Сябар Саюза пісьменнікаў Беларусі, Вучонай рады Беларускага геаграфічнага таварыства, старшыня раённага ТБМ. Аўтар шэрагу індывідуальных і калектыўных зборнікаў паэзіі (Намагнічаны космас. 1996. Шляхі наканаванага бязмежжа. 1999. Я Вас каханнем растрывожу… 2005. Луска вечнасці. 2005. Калядны ранак. 2007).
Вядомы краязнавец. Падрыхтаваў і выдаў шмат метадычных дапаможнікаў.
Аўтар гісторыка-краязнаўчага курса “Паставазнаўства” (Мн., 2009. – 304 с.), вялікага шэрагу артыкулаў у часопісах, зборніках.
Па выніках конкурса дыпломамі ТБШ адзначаны: Сыраежкіна Галіна Станіславаўна, настаўніца геаграфіі СШ № 17 г.Барысава, а таксама шэраг настаўнікаў зачыненага Гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа.
Пераможцы конкурса “Беларускі Настаўнік 2007 года”
Бандарэнка Юрый Міхайлавіч, дырэктар Мінскай беларускай нацыянальнай гімназіі №4, настаўнік фізікі, выдатнік адукацыі СССР, БССР, РСФСР;
Мартысюк Уладзімір Кірылавіч, настаўнік матэматыкі СШ №168 г.Мінска, выдатнік адукацыі Расійскай Федэрацыі, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, узнагароджаны медалем Францыска Скарыны;
Тычына Міхась Аляксандравіч, доктар філалагічных навук, выкладчык літаратуры зачыненага Гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа.
Ільініч Наталля Валянцінаўна, настаўніца гісторыі, ЧГДз, айчыннай і сусветнай мастацкай культуры Талькаўскай СШ Пухавіцкага раёна, краязнавец;
Дрокіна Галіна Пятроўна, настаўніца геаграфіі і эканомікі Гімназіі №10 г.Маладзечна, лаўрэат (2-ое месца) Усебеларускага конкурса “Крыштальны журавель” 2000 г.;
Абрамовіч Антаніна Анатольеўна, намеснік дырэктара па этнакласах Мётчанскай СШ-сада Барысаўскага раёна, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, фалькларыст, кіраўнік узорнага дзіцячага фальклорнага гурта “Берагіня”.
Пераможцы конкурса “Беларускі Настаўнік 2008 года”
Трэгубава Ніна Барысаўна – настаўніца роднай мовы і літаратуры Лунінецкага ліцэю Брэсцкай вобласці.
Мянькоў Юры Уладзіміравіч – настаўнік беларускай мовы і літаратуры ўстановы “Баравабудскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – базавая школа Кармянскага раёна” Гомельскай вобласці.
Тухта Валеры Уладзіміравіч – настаўнік гісторыі і геаграфіі Слабадской СШ-сада Лепельскага раёна Віцебскай вобласці.
КОНКУРС “Беларускі Настаўнік 2010 года”
30.01.2010