Ці будзе ў Глыбокім школа імя Віталя Гарановіча?

12.05.2014

Горад, які склаўся з былых трох мястэчак, харашэе і будзе квітнець, дзякуючы духоўнасці продкаў, пераемнасці іх працалюбія, ахвярнасці па стварэнні і захаванні святых камяніц.

На зямлі былога мястэчка Юрыя Зяновіча – міратворцы канца 15 стагоддзя, месціцца школа №3 – цэнтр духоўнага роста і станаўлення юных глыбачан. Тут на працягу болей двух дзесяцігоддзяў шчыраваў Віталь Гарановіч. Паэт, дырэктар-адраджэнец беларускамоўнай школы. Тут у актавай зале школы адбывалася вечарына памяці Віталя Гарановіча, як успамін двухгадовых праводзін паэта ў апошні шлях. Была паўнюткай зала, а на сцэне вялі грэй вучаніцы і вучні 9 класа, настаўніцы, паэты. Гучалі словы вершаў паэта і шчымлівыя песні Ганны Шакола на вершы Віталя Гарановіча. Драматург Уладзімір Сауліч са сцэны сказаў, што ён прышоў у школу Віталя Гарановіча. А сапраўды, чаму б не назваць школу №3 школай імя Віталя Гарановіча? Ён быў любімы і застаўся ў сэрцы соцен удзячных бацькоў вучняў школы, выхаванцаў школы, настаўніц, якіх паважаў і лілеяў, ствараючы глыбоцкі дух навучання і асветы.

Віталь Гарановіч быў паважаным настаўнікам. Пры пахаванні да яго неслі жывыя кветкі і шчырыя словы ўдзячнасці. Стары-стары дзядок, шаркаючы ножкамі, з дрыжачымі рукамі паднёс да ног Віталя жывы букецік-збаночак. Вядома ж, ён расціў кветку на падаконніку, песціў яе, а калі здарылася нясчасце з настаўнікам, прынёс да яго кветку, як прызнанне любові.

Пры пахаванні я нёс крыж Віталя Гарановіча і бачыў доўгую многасоценную жалобную працэссію праводзіўшых Віталя ад школы ў накірунку да Маскоўскай вуліцы, яго апошняй сцяжынкі па глыбоцкай зямлі. Глыбоцкага апостала дабрыні і справядлівасці. Бацькі, радзіўшага і падняўшага разам са сваёй Лілеяй трох добразычлівых сыноў.

Было б добра ўсталяваць мемарыяльную дошку памяці Настаўніка, адкрыць разліковы дабрачынны рахунак у банку па збору ахвяраванняў для вырабу дошкі на аснове конкурса.

Генадзь Плавінскі, http://www.westki.info/

Яшчэ па тэме