Цэнтрвыбаркам Беларусі ўзначаліў Ігар Карпенка. Да гэтага ён пяць гадоў кіраваў Міністэрствам адукацыі.
Ігар Карпенка нарадзіўся ў 1964-м у Новакузнецку ў Сібіры. Пасля школы адслужыў у войску (1982—1984). Будучы міністр скончыў Педінстытут па спецыяльнасці «Гісторыя і замежная мова».
Цікавыя факты пра яго.
1) Пачынаў кар'еру з камсамола і выхаваўчай працы. З 1989 да 2001 года быў сакратаром камітэта камсамола, начальнікам аддзела выхаваўчай працы ў БДПУ, пасля на пару гадоў стаў начальнікам упраўлення выхаваўчай працы і яшчэ на год — прарэктарам па выхаваўчай працы. Т
2) Быў дэпутатам парламента двух скліканняў. У парламенце трэцяга склікання Карпенка ўвайшоў у камісію па ахове здароўя, фізкультуры, справах сям'і і моладзі. На наступных выбарах ён ужо прадстаўляў Камуністычную партыю.
3) За 30 гадоў жыцця ў Беларусі Карпенка не працаваў нідзе, апроч плошчы Незалежнасці! Педуніверсітэт знаходзіцца на плошчы Незалежнасці ў Мінску. У суседнім будынку працуюць урад і парламент, праз дарогу знаходзіцца Мінгарвыканкам.
4) Падчас прэзідэнцкай кампаніі-2010 Карпенка, які адкрыта заклікаў сваю партыю падтрымаць Лукашэнку, узначаліў Мінскую выбарчую камісію.
5) Карпенка на пасадзе галоўнага ідэолага сталіцы запомніўся барацьбой з беларускай лацінкай у метро. Іншая яго ініцыятыва — прапанова ўвесці адказнасць за фальсіфікацыю гісторыі Другой сусветнай вайны.
6) Карпенка не проста партыец, а яшчэ і сакратар (кіраўнік) Камуністычнай партыі Беларусі. Арганізацыю ён узначальвае з 2012 года.
«Несумненна, у аснове нашай праграмы ляжыць тэорыя марксізму-ленінізму… Гэта партыя, якая сёння прапагандуе ідэі грамадства сацыяльнай справядлівасці, на мой погляд, мы павінны заняць левы фланг палітычнай дзейнасці ў нас у Беларусі», — заявіў ён пасля абрання.
7) У снежні 2016 года ён узначаліў Міністэрства адукацыі. Падчас кіраўніцтва Карпенкі сістэма адукацыі не зведала сур’ёзных рэформаў.
Дэбюракратызацыя, павышэнне прэстыжу працы настаўніка, стварэнне спрыяльных умоў для развіцця адукацыі на беларускай мове — усё гэта не рэалізаванае.
Асноўныя цытаты Ігара Карпенкі як міністра адукацыі
«Настаўнік, як і раней, застаўся апорай дзяржаўнай улады і суверэнітэту краіны. Таму палітыка прэзідэнта па абароне настаўнікаў, іх сацыяльнай падтрымцы, умацаванні станоўчага іміджу педагога і школы заўсёды атрымлівае станоўчы водгук у педагагічнай супольнасці. У сваю чаргу гэта накладае і пэўную адказнасць на педагога за якасць і вынік яго дзейнасці».
«Паўлегальныя прыватныя дзіцячыя садкі і школы пад шыльдай індывідуальных прадпрымальнікаў, грамадскіх ці рэлігійных аб'яднанняў у большасці выкарыстоўваліся ў палітычных мэтах, станавіліся апорай для каляровай рэвалюцыі. А іх супрацоўнікі і кіраўнікі апынуліся ў дэструктыўных арганізацыях рознага ўзроўню».
Па матэрыялах прэсы