Што кажуць пра новую школьную праграму па літаратуры людзі

15.03.2007

Што кажуць пра новую школьную праграму па літаратуры людзі:

Лявон Баршчэўскі,
настаўнік літаратуры, укладальнік зборнікаў літаратуры: «Нічога новага, калі параўнаць гэтую сітуацыю з 30-і гадамі, няма. Адзінае, што тады яшчэ і расстрэльвалі пісьменнікаў". >>>
Вольга Іпатава, пісьменніца: “Справа нават ня ў тым, што асобныя пісьменнікі адтуль выключаныя. Мне здаецца, што адтуль выразаецца ўсё, што зяўляецца нацыяўтваральным элементам. І я вельмі баюся, што замест высокаталенавітых і высокамастацкіх твораў там будзе нашта сярэдняе і непрывабнае."  >>>
Алесь Лозка, старшыня «Таварыства беларускай школы»: “Я быў у міністэрстве, мне паказвалі і гаварылі, што прапануюць розныя рэвізоры “зверху”. Па-першае, нават выключыць з праграмы п’есу “Тутэйшыя” Янкі Купалы — вось такі падарунак да юбілею Янкі Купалы і Якуба Коласа. Выключыць аповесць Васіля Быкава “Аблава”, усю паэзію Рыгора Барадуліна. Такога ніколі не было, нават у савецкі перыяд. Як гэта так, каб народныя пісьменнікі, іхныя творы разыходзіліся з ідэалогіяй дзяржавы? Значыць, дзяржава неяк не так складзеная”.  >>>
Вінцук Вячорка, старшыня Партыі БНФ: «Сойм Партыі БНФ вырашыў арганізаваць конкурс школьных сачыненняў па забароненых творах, праводзіць літаратурныя сустрэчы і творчыя мерапрыемствы ў Мінску і абласцях з удзелам пісьменнікаў, а таксама паказаць па рэгіёнах выставу Аляксея Марачкіна, якая зараз экспануецца ў сядзібе Партыі БНФ».  >>>
Алена Сом, настаўніца СШ №5 г. Полацка: «Праграмы складзеныя так, што і зараз цяжка зацікавіць дзяцей прапанаванымі творамі беларускай літаратуры, нават у параўнанні з рускай. Нашыя дзеці ўжо належаць да гарадской культуры, – ім больш цікава чытаць пра князёў, прынцэс, чым пра пастушкоў. А на працягу апошніх 7 год мэтанакіравана выдаляюцца з праграмы якасныя і сучасныя творы. Дзяцей мэтанакіравана адштурхоўваюць ад нацыянальнай культуры.»
А рэдакцыя Nastaunik.info шчыра верыць ў беларускага настаўніка, які заўсёды знойдзе магчымасць працаваць на карысць Беларусі. Праграмы, міністры і прэзідэнты мяняюцца, а каштоўнасці застаюцца.

Цікава, што мінскія мінакі ў апытанні “Чые творы вы б хацелі дадаць да школьнай праграмы па літаратуры?” называлі прозвішчы менавіта тых пісьменнікаў, чые творы з яе цяпер нібыта збіраюцца выключыць, ці прынамсі зменшыць іх колькасць...