Еўрапейскія перспектывы беларускай адукацыі

29.07.2010

Еўрапейскія перспектывы беларускай адукацыі
На тле чарговага зруху свядомасці галоўнага чыноўніка нашай краіны — на гэты раз у бок далучэння да Балонскага працэсу — у зацікаўленых асобаў не назіраецца ніякага энтузіязму. Досвед сведчыць, што праз які месяц-два маятнік можа хістануцца ў іншы бок, як гэта было з рэформай 2008 года.
Стомленыя гарачынёй і адсутнасцю навінаў у сезон адпачынкаў журналісты высветлілі стаўленне да далучэння беларускай сістэмы адукацыі да Балонскага працэсу. Аказалася, што эксперты выказваюць сумневы наконт магчымасці поўнай інтэграцыі беларускай адукацыйнай сістэмы да агульнаеўрапейскай.
Уладзімір Дунаеў лічыць, што напоўніць гэтую рэформу адпаведным сэнсам будзе ў цяперашніх умовах вельмі складана. Ва ўмовах Беларусі ніхто не разумее важнасьці лібэралізацыі адукацыі.
Супрацоўніца універсітэту Лазарскага (Польшча) Наталля Арцёменка мяркуе, што Балонскі працэс пайшоў значна далей за тыя рэчы, пра якія кажуць у мінадукацыі.
А студэнты ясна разумеюць, якія перавагі атрымаюць, калі раптам такі цуд здарыцца, але ў адзін голас цвердзяць, што “нельга перавесьці савецкую сістэму адукацыі на еўрапейскую. Улада можа паставіць «галачку», так і будзе.”
Найгоршыя прагнозы студэнтаў пацвярджае старшыня камісіі па навуцы, адукацыі і культуры ў Палаце прадстаўнікоў Уладзімір Здановіч. Ён дэмагагічна гатовы прычапіць да еўрапейскіх акадэмічных свабодаў нават прымусовае размеркаванне: «Таму што ўсе краіны Еўропы патрабуюць ад уладальнікаў дыпломаў, каб яны паказалі не толькі веды, але і ўменне працаваць. Таму для іх уводзіцца альбо спецыяльны тэст, альбо спецыяльная стажыроўка цягам да двух гадоў. Таму мы, па сутнасці, знаходзімся ў Балонскім працэсе.”
Алена Чмель