Алена Сьвержань, Настаўнік.info
Упершыню за гісторыю беларуска-літоўскага суседзтва выйшла граматыка літоўскае мовы па-беларуску. Гэта чарговае выданьне сэрыі “ЭўраГраматыкі”, дзе ўжо пабачылі сьвет граматыкі польскай, лацінскай, ангельскай, швэдзкай, латыскай, славацкай і нідэрляндзкай моваў, пад агульнай рэдакцыяй Л. Баршчэўскага.
Аўтар “Кароткай граматыкі літоўскай мовы” лінгвіст Вінцук Вячорка адказаў на пытаньні карэспандэнта Настаўнік.info.
- Навошта граматыка літоўскае мовы па-беларуску?
- Мы суседзім прынамсі тысячу гадоў, зь іх бальшыню часу пражылі ў супольнай – ня самай кепскай – дзяржаве. Але цягам апошніх двух стагодзьдзяў, калі абодва народы былі пад расейскай і савецкай акупацыяй, нашыя веды адзін пра аднаго зьмізарнелі. Літоўцы пра нас думалі ў катэгорыях “усходняга славянства”, а звычайныя беларусы запазычылі ў “старэйшага брата” крыўдны для любога ўнікальнага народу выраз “прыбалты” (якім азначалі зусім розныя народы: балтаў літоўцаў і латышоў ды фіна-вуграў эстонцаў). Дык жа настала пара зноў знаёміцца даўно знаёмым, асабліва праз мовы.
- Для каго вы ўкладалі кнігу?
- Для тых, хто бярэцца вывучаць сучасную літоўскую літаратурную мову. Нягледзячы на навукова-папулярны жанр, я спыняўся на спрэчных момантах упарадкаваньня літоўскае граматыкі; на працэсах у жывой літаратурнай мове. Але кніга і для тых, хто цікавіцца месцам беларускае мовы ў сьвеце. Хаця асноўны аб’ём кнігі, як і папярэдніх выданьняў сэрыі “ЭўраГраматыкі”, займаюць граматычныя выклады й табліцы, я паказаў нямала ўнікальных беларуска-літоўскіх паралеляў.
- У якой ступені блізкія беларуская й літоўская мовы?
- Літоўская мова, якая належыць да балцкае групы індаэўрапейскай сям’і, надзвычай багатая граматычна й лексычна, знакамітая блізкасьцю гукавога складу да моваў-продкаў. І яна сярод усіх неславянскіх найбліжэйшая да беларускае. Гэта вынік ня толькі пазьнейшых узаемаўплываў (як беларусізмы kvietka, cibūlė ў літоўскай ці літуанізмы дзірван, кумпяк у беларускай). Паходжаньне беларускай мовы як асобнай непарыўна зьвязанае з прысутнасьцю балцкага кампанэнту. Тое сьведчаць назвы нашых рэк: Нача, Лоша, Менка, Шчара, Дрыса… Літоўская зьберагла старажытныя граматычныя рысы, якія мова нашых продкаў таксама некалі мела (часам мае рэшткі). Гэта парны лік у дадатак да адзіночнага і множнага, будучы час дзеепрыметнікаў ды інш. А вось канчаткі -as, -is (якія ўспрымаюцца пабочным назіральнікам як індыкатар літоўскае мовы) дадаюцца да асновы іменных часьцінаў мовы толькі ў назоўным склоне, у іншых склонах яны зьмяняюцца.
- Што канкрэтна знойдзе ў кнізе чалавек, які цікавіцца беларускаю моваю ў шырэйшым кантэксьце?
- Я падкрэсьліваў паралельныя граматычныя зьявы літоўскае і беларускае мовы, якія часам ня маюць адпаведнікаў у расейскай ці польскай. У літоўскай клічная форма назоўнікаў (як нашыя Божа! браце!) лічыцца паўнацэнным склонам. Тлумачачы літоўскія лічэбнікі для абазначэньня цэлага ліку з паловаю, я з задавальненьнем нагадваю нашыя спрадвечныя – у дадатак да паўтара – паўтраця (2,5), паўчварта (3,5) і г.д. У літоўскай проціпастаўляюцца паводле блізкасьці да моўцы тры паказальныя займеньнікі, якія адпавядацьмуць нашым гэты – гэны – той. Літоўскі дзеяслоўны чыньнік – адна з трох нязьменных формаў дзеяслова – блізкі нашым утварэньням на –ма: бегма бяжыць, варма варыць.
- А наколькі для вас гэта была новая тэма?
- Уласна кажучы, літуаністыкай я цікаўлюся з маладых гадоў, нават унівэрсытэцкі дыплём абараняў на тэмы балта-беларускіх моўных сувязяў; адзін час чытаў беларусазнаўства для літоўцаў у Віленскім унівэрсытэце.
- Ці штосьці не ўвайшло ў кніжку?
- Літоўцы штогод ладзяць агульнанацыянальную дыктоўку (гэта ў іх запазычыў ідэю наш Уладзімір Падгол). І спалучаюць зь ёю іншыя цікавыя моўныя конкурсы. Так, у літоўскай граматыцы вылучаецца як асобная часьціна мовы ištiktukas – форма імгненнага дзеяньня, накшталт нашых зірк ці кульгець, але непараўнальна больш сыстэмная і шматлікая. Дык вось падчас нацыянальнае дыктоўкі 2010 году літоўцы галасавалі за самы папулярны ištiktukas – і выбралі такі патройны triokšt pokšt keberiokšt, які абазначае гучнае падзеньне. Бязьлітасная выдавецкая рука, уціскаючы мяне ў адведзены аб’ём, скрэсьліла гэты й шэраг іншых цікавых экстралінгвістычных момантаў, але сёе-тое для душы ў сухім таблічным жанры граматыкі засталося. І падкрэсьлю, што належыць вялікая падзяка Амбасадзе Літоўскай Рэспублікі ў Менску, асабіста амбасадару Эдмінасу Багдонасу і да нядаўняга часу супрацоўніку Амбасады Дарусу Віткаўскасу, якія падтрымалі ініцыятыву.
Вячорка В. Кароткая граматыка літоўскай мовы. – Мн.: Радыёла-плюс, 2010. – 116 с. – (Сэрыя “Беларускія ЭўраГраматыкі”)