Настаўніцкае шчасце Наталлі Аржанавай

27.06.2011

У школах закончыўся навучальны год. Закончыўся ён і для першакласнікаў адзінага на ўвесь Магілёў беларускага класа. Для мяне, настаўніка, які марыў выкладаць любімую мною матэматыку на не менш любімай роднай мове, было вельмі цікава даведацца, як закончыўся год менавіта ў гэтым класе.

– Добра закончыўся, – усміхаецца Наталля Аляксандраўна. – Праграму першага класа мы паспяхова закончылі датэрмінова. Апошнія некалькі месяцаў працавалі па праграме другога класа.

– Дык так вы праграму чатырох гадоў за тры гады асвоіце.

– Маглі б і за два. Але хто ж нам такое дазволіць?

Сакрэт поспеху класа Наталлі Аржанавай мае некалькі прычын. Але спачатку крыху гісторыі.

Пачатак беларускай незалежнасці 90-х гадоў суправаджаўся і нацыянальным адраджэннем. У школах Магілёва пачалі стварацца беларускамоўныя класы. Працэс гэты ішоў небеспраблемна. Былі тыя, хто супраціўляўся гэтаму, былі і тыя, хто радаваўся і ахвотна аддаваў сваё дзіця ў такі клас. У 1994 годзе 6 працэнтаў маленькіх магілёўцаў вучыліся па-беларуску. Але вынікі майскага рэферэндуму-95, адпаведна якому руская мова была прыроўнена да беларускай, і некаторымі ўпраўленцамі сістэмы адукацыі, і, на жаль, многімі дырэктарамі школ былі ўспрыняты своеасабліва. Беларускія класы сталі ў масавым парадку пераводзіць на рускую мову і ў канцы стагоддзя беларускіх класаў у Магілёве не стала. Але людзі, якія хацелі, каб іх дзяцей вучылі на роднай мове, засталіся. І яны раз-пораз турбавалі і гарадскія, і абласныя адукацыйныя структуры сваімі просьбамі-прапановамі-патрабаваннямі. На жаль, такіх людзей было няшмат, на больш-менш прыстойны клас дзяцей не набіралася. А бацькі не былі дастаткова актыўнымі, каб патрабаваць выканання сваіх правоў болей энергічна.

Усё ж пад націскам Таварыства беларускай мовы ўлады пайшлі на саступкі. У 2002 годзе было абвешчана аб адкрыцці сёмага (!) матэматычнага (!) класа з беларускай мовай навучання на базе нацыянальнай гімназіі. Абвестка з’явілася ў сродках інфармацыі досыць позна, толькі ў чэрвені, але ўсё ж яе заўважылі. На вучобу ў такім класе паступіла 4 заявы. Сустрэча прадстаўнікоў ТБМ з галавой абласной адміністрацыі Б.Батурам закончыўся станоўча: згода на адкрыццё такога класа была атрымана. Але ў адміністрацыі Кастрычніцкага раёна сродкаў на такі клас не знайшлося.

Прайшло яшчэ некалькі гадоў. У маладой сям’і Надзеі і Зміцера Салаўёвых нарадзілася дочка Ялінка і бацькі пачалі думаць, як дапамагчы Ялінцы атрымаць прыстойную адукацыю на роднай для іх мове. У гэтых людзей энергіі ўжо хапіла, каб пад іх націскам была створана беларуская група ў адным з дзіцячых садкоў, якую наведвалі чацвёра дзетак. І зараз адкрыты беларускі клас з трыма вучнямі. На гэты раз сродкі знайшліся.

Клас адкрыты на базе сярэдняй школы № 1. Выбар школы зроблены разумна. Школа знаходзіцца ў цэнтры горада, куды зручна дабірацца гарадскім транспартам з любога кутка горада. Праблема ўзнікла з настаўніцай. Сваіх настаўнікаў, якія прыстойна валодаюць мовай, у школе не было. Давялося шукаць у іншых школах. Знайшлі.

Наталля Аржанава ўжо працавала з беларускім класам на пачатку 90-х. І ў яе вуснах беларуская мова ажыла і загучала вельмі добра, хаця выгадавалася ў рускамоўнай сям’і. Генная памяць тут спрацавала. Дапамагла і другая, ужо філалагічная адукацыя: скончыла завочна беларускае аддзяленне Магілёўскага філфака.

Таму на працу з беларускім класам пагадзілася ахвотна, хаця вельмі не хацелася развітвацца з калектывам калег-настаўнікаў, з якімі працавала амаль дваццаць гадоў і, лічы, зраднілася.

– А як новы калектыў вас успрыняў? – цікаўлюся.

– Прыязна! Тут вельмі добрая дырэктарка. І вельмі прыемныя людзі працуюць.

– У класе толькі тры вучні. Лёгка працаваць?

– І так, і не. Працаваць прыемна і радасна, бо дзеткі разумныя. Добра ўспрымаюць, ахвотна выконваюць, што трэба. Але я б не сказала, што лёгка. Тое заданне, з якім я магла правазіцца доўга ў іншым класе, тут выконваецца хутка. А значыць, планаваць на ўрок я павінна болей. Планы павінны быць больш насычанымі і больш разнастайнымі, каб не стамляць дзяцей стандартнымі заданнямі, каб падтрымліваць іх увагу і зацікаўленасць.

– Вам хочацца, каб гэты клас папаўняўся?

– Несуменнна. І я ўпэўнена, што ён будзе папаўняцца. Ужо маецца адна заява…

– Мне дзіўна, шо толькі адна. Цікава, чаму бацькі так асцярожнічаюць. Можа, думаюць: вось аддадзім мы сваё дзіця ў гэты клас, і яно, побач з вашымі развітымі дзеткамі, будзе адчуваць сябе няўтульна.

– Такім бацькам я магла б сказаць вось што. Я дастаткова вопытная настаўніца, каб паўплываць на такую сітуацыю. Невялікія праблемы могуць быць толькі на самым пачатку года, бо яны заўсёды ўзнікаюць, калі вучань пераходзіць у іншы клас. Але калі яны хочуць, каб і такіх праблем не было, то магу сказаць, што ўвесь жнівень я буду працаваць. Прывядзіце сваё дзіця да мяне ў жніўні, – і я падрыхтую яго да вучобы ў гэтым класе. Не будзе ні моўных, ні матэматычных, ні іншых праблем.

– Як ставіцца да вас і вашага класа адміністрацыя школы я ўжо ведаю. А больш высокае кіраўніцтва?

– Добра ставіцца. Мне падаецца, што для іх адкрыццё такога класа ў Магілёве – справа гонару. І я ўпэўнена, што хутка такі клас будзе не адзін.

Сапраўды, беларускамоўны клас у абласным цэнтры (не толькі ў Магілёве) – рэч пакуль унікальная. Лідарам тут з’яўляецца сталіца. У Мінску ўжо каля дзесятка школ, у якіх маюцца беларускія класы, і дзве беларускія гімназіі. Але мяне калісьці зацікавіла іншае. У сталічнай школе № 168 працуе настаўнік матэматыкі Ул.Мартысюк. Школа рускамоўная, але настаўнік вядзе свае ўрокі па-беларуску. Дырэкцыя школы спачатку супраціўлялася такой ініцыятыве настаўніка, але ўрэшце здалася, бо настаўнік дае добрыя веды сваім вучням і ў яго класы бацькі ахвотна аддаюць сваіх дзяцей. “У яго класы нават конкурс існуе,” – не хаваючы здзіўлення, сказала мне адна з кіраўнікоў упраўлення адукацыі.

Мяркую, што тое, што ўжо зразумелі мінскія бацькі, хутка зразумеюць і ў Магілёве. Беларускамоўная адукацыя ніколькі не горшая за рускамоўную. А калі ўлічыць, што ў беларускамоўных класах працуюць людзі, для якіх Беларусь і яе мова – не проста гукі, а рэчы, дзеля якіх варта жыць, варта аддаваць свае сілы, свае таленты, то натуральна, што ў такіх класах больш спрыяльная атмасфера для поспеху.

Дарэчы, пачынальнікі беларускага руху ў Магілёве маюцца: адзін з найбольш папулярных магілёўскіх рэпетытараў па матэматыцы працуе з вучнямі на беларускай мове. Матэматыкі ўвогуле тут наперадзе. Шмат выкладчыкаў матэматыкі ў ВНУ Беларусі і Магілёва ў прыватнасці чытаюць лекцыі на беларускай мове.

Закончыць свае нататкі хочацца двума заклікамі.

Шаноўныя бацькі, чые дзеткі перайшлі ў другі клас! У вас яшчэ ёсць шанец аддаць сваё дзіця ў другі-г клас сярэдняй школы № 1.

Шаноўныя настаўнікі! Праз тры гады гэты клас стане пятым класам, для якога спатрэбяцца беларускамоўныя настаўнікі матэматыкі, біялогіі, геаграфіі, іншых дысцыплін. Мяркую, што на працу ў гэтым класе будзе настаўніцкі конкурс. Рыхтуйцеся да ўдзелу ў такім конкурсе.

Міхась Булавацкі, настаўнік, журналіст
«Вечерний Могилёв» 22.06.2011

***

Што засталося па-за публікацыяй

У дзень, калі я наведаў беларускі клас, там была толькі Ялінка, іншых двух – Любу і Паўла – бацькі кудысьці забралі. Пакуль размаўляў з настаўніцай, Ялінка займалася нейкімі сваімі справамі. Потым захацеў пагаварыць з ёю. Але яна засаромелася чужога чалавека і на мае пытанні не адказвала. “Ну пагаварыце з ёй,” – сказала настаўніца і вышла. Ялінка і без яе на кантакт са мной не пайшла. І калі я ўжо вырашыў пакінуць свае спробы разгаварыць яе, дзяўчынка неяк сур’ёзна паглядзела ў мой бок і ціха сказала: “Я не люблю міліцыянтаў, яны майго татку арыштоўваюць.”

Вось зараз сяджу і ўспамінаю гэты ціхі голас. Чаму яна вырашыла сказаць мне менавіта гэта? Мабыць, гэта для яе зараз самае важнае. Уяўляю, якое ўзрушэнне было ў дзіцяці, калі яе татка аднойчы не вярнуўся дадому, бо быў арыштаваны за тое, што “лаяўся на вуліцы”. Гэта тое, што запомніцца надоўга.