Лявон Баршчэўскі, кандыдат філалагічных навук,
літаратар і педагог
Працуючы некалькі гадоў запар у складзе журы конкурса «Ноўтбук для актыўнага настаўніка», я заўсёды звяртаў увагу на моўнае афармленне прац канкурсантаў. Безумоўна, тут былі пэўныя расчараванні, якія часам выклікалі раздражненне, але, разам з тым, ува мне расло перакананне, што нашы найбольш актыўныя і ініцыятыўныя настаўнікі беларускую мову ведаюць лепш, чым можна было б чакаць, калі пагартаеш сучасныя беларускамоўныя падручнікі або вучэбныя дапаможнікі, ухваленыя міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. У сувязі з гэтым узніклі пэўныя развагі. Да іх схіліла і пастаяннае азнаямленне з сайтам Нацыянальнага інстытута адукацыі (www.adu.by). На гэтым сайце ўвесь час публікуюцца інфармацыйныя матэрыялы пра розныя нарады, абмеркаванні, звязаныя з вучэбным кнігавыданнем. Трэба заўважыць, што за апошнія гады я нешта ні разу не знайшоў інфармацыі пра хоць бы пастаноўку праблемы якасці навучальнай літаратуры, што выпускаецца на беларускай мове. Складаецца цвёрдае ўражанне, што Нацыянальны інстытут адукацыі, а пагатоў адпаведнае міністэрства ніякіх праблем у гэтай сферы не бачаць. Усе звязаныя з роднай мовай захады гэтых устаноў у апошнія гады былі звязаныя хіба што з укараненнем рэформы беларускага правапісу (зрэшты, непаслядоўнай і недапрацаванай). Але каб жа пытанне правапісу было найважнейшай праблемай у дзейнасці беларускай адукацыйнай сістэмы, якая на працягу вось ужо больш як пятнаццаці гадоў метадычна і паслядоўна маргіналізуе і нават дыскрэдытуе культурную беларускую мову!
Таму мне падалося цікавым прагледзець роўна дваццаць вучэбных кніг – з ліку тых, што ў апошнія гады атрымалі грыф айчыннага міністэрства адукацыі.
Напачатку трэба было разабрацца ў пытанні: на якой мове пісаліся арыгінальныя рукапісы. На маю думку, было б абсалютна натуральна, калі б аўтары ці аўтарскія калектывы напрыканцы другога дзесяцігоддзя існавання Беларусі як незалежнай дзяржавы былі ў стане прапаноўваць дзве самастойныя моўныя версіі рукапісаў вучэбных кніг. З дваццаці разгляданых намі пазіцый, як высветлілася, па-беларуску ў арыгінале былі напісаныя падручнікі ці вучэбныя дапаможнікі: па гісторыі Беларусі [гл. 2; 20], сусветнай гісторыі для 8-х і 9-х класаў [гл. 15; 16], матэматыцы [гл. 17], а таксама частка 2-я дапаможніка “Гісторыя старажытнага свету” для 5 класа. Найбольш дасканалым з моўнага гледзішча, на маю думку, выглядае падручнік па гісторыі Беларусі для 7 класа Г.В.Штыхава, Ю.М.Бохана і М.А.Красновай [20]. Вядома, і тут аўтараў, сярод якіх два дактары гістарычных навук, часам “заносіць” на ўскладненыя канструкцыі. Напрыклад, на стар.42 кнігі чытаем: “Для пабудовы сярэдневяковых замкаў патрабавалася шмат будаўнічых матэрыялаў: цэглы, кафлі, чарапіцы для пакрыцця дахаў”. Па-беларуску – а я сказаў бы, і больш па-людску – было б сказаць проста і ясна: “Каб будаваць сярэднявечныя замкі, патрэбныя былі розныя будаўнічыя матэрыялы: цэгла, кафля, дахоўка”. Або на стар. 79 таго самага дапаможніка чытаем: “Нядобразычліўцы Глінскага сталі пераконваць Жыгімонта ў намеры роду Глінскіх захапіць уладу”. Вядома, куды больш зразумела і натуральна гэты сказ гучаў бы, напрыклад, так: “Тыя, хто быў супраць Глінскага, пачалі пераконваць Жыгімонта, нібыта род Глінскіх збіраецца захапіць уладу”. Можна было б паспрачацца з аўтарамі і наконт правамернасці ўжывання некаторых тэрамінаў: напрыклад, чаму аўтары паслядоўна ўжываюць тэрмін княства, але прыметнік ад яго ўтвараюць не княскі – што было б абсалютна лагічна – а княжацкі? Але, паўтаруся, недасканаласці беларускага тэксту тут наогул не такія і шматлікія.
Падобныя хібы можна знайсці ў дапаможніку па той самай дысцыпліне для 8 класа аўтараў В.А.Белазаровіча, І.П.Крэня і Н.М.Ганушчанкі [гл. 2]. На стар. 37 у кнізе, напрыклад, стаіць чорным па белым: “Дадатковай павіннасцю лічыліся згоны – тэрміновыя сельскагаспадарчыя работы, звязаныя са жнівом, сенакосам, узворваннем глебы”. Зноў-такі прасцей было б напісаць: “За дадатковую павіннасць лічыліся згоны – пільная сельскагаспадарчая праца: напрыклад, жаць збожжа, касіць сена, араць зямлю”. На стар. 112 чытаем: “У сярэдзіне XVII—пачатку XVIII ст. па прычыне войнаў і разгрому рэфармацыйнага руху склаліся неспрыяльныя ўмовы для навуковай дзейнасці”. Ці не лепей было б напісаць проста: “Войны і разгром рэфармацыйнага руху ў сярэдзіне XVII—пачатку XVIII ст. стварылі неспрыяльныя ўмовы для заняткаў навукай”?
Серыя вучэбных дапаможнікаў па матэматыцы напісана па-беларуску магіляўчанамі Л.А.Латоціным і Б.Дз.Чабатарэўскім. Гэтыя кнігі часам моцна крытыкуюць настаўнікі-практыкі, наракаюць на іх метадычную недасканаласць – мы ж тут спынімся толькі на моўным аспекце. З сінтаксічнага гледзішча істотных прэтэнзій да аўтараў увогуле няшмат. Але немагчыма тут абмінуць тэму ўжывання адпаведнай тэрміналогіі. У 2001 годзе тысячным накладам па-беларуску была апублікаваная “Матэматычная энцыклапедыя” [гл. 25], галоўным рэдактарам якой з’яўляецца вядомы беларускі матэматык, доктар фізіка-матэматычных навук В.І.Бернік, а сярод навуковых кансультантаў – акадэмікі І.В.Гайшун і М.А.Ізобаў, член-карэспандэнт НАН Беларусі Л.А.Яновіч. дактары фізіка-матэматычных навук В.М.Абрашын, Э.І.Звяровіч, Г.А.Мядзведзеў, Я.В.Радына, В.М.Русак, А.С.Фядэнка, В.І.Янчэўскі, доктар філалагічных навук П.У.Сцяцко… Здавалася б, напрацоўкі вядомых сучасных навукоўцаў у галіне матэматычнай тэрміналогіі трэба было б узяць пад увагу і аўтарам цяперашніх школьных дапаможнікаў. Але ў апошніх мы па-ранейшаму бачым такія тэрміны, як аднімаемае, дзялімае, памяншаемае, складаемае (штo абазначае тут ніякі род назоўніка? Напэўна, рускае число), двухчлен, першавобразная, ураўненне і г.д. – хоць у “Матэматычнай энцылапедыі” адпаведныя паняцці называюцца па-беларуску наступным чынам: адымнік, дзеліва, зменшыва, складнік, двухсклад, першаісная, раўнанне. Большасць гэтых тэрмінаў, дарэчы, актыўна ўжывалася ў беларускай матэматычнай літаратуры яшчэ ў 20-х гадах мінулага стагоддзя; былі выдадзеныя і адпаведныя слоўнікі [яны, дарэчы, нядаўна перавыдадзеныя факсімільным спосабам: гл. 23, кн. 1 і 2]. Потым, як вядома, большасць тых матэматыкаў, што пісалі свае артыкулы і кнігі па-беларуску, была арыштаваная і ў шэрагу выпадкаў расстраляная за “нацыянал-дэмакратызм”. Здаецца, сёння ініцыятары тых рэпрэсій і расстрэлаў асуджаныя грамадствам, але іх справа, як бачым, жыве і надалей.
Таксама ў арыгінале па-беларуску напісаныя падручнікі па сусветнай гісторыі для 8-х і 9-х класаў пад рэдакцыяй прафесара У.С.Кошалева. Пры чытанні гэтых кніг кідаецца ў вочы, што аўтары “не любяць” пэўныя чыста беларускія словы ці выразы, замяняючы іх не вельмі ўдалымі калькамі з рукай мовы. Напрыклад, замест натуральнага “штодзённы”, яны паслядоўна ўжываюць “паўсядзённы”, замест “складовая частка” або “складнік” – “састаўная частка”, замест “шмат якія” – “многія”… Любяць яны і проста памудрагеліць. Паспрабуйце, не запнуўшыся, прачытаць па-беларуску такое: “Іншыя манархі сталі прытрымлівацца ўзору абсалютнай манархіі Людовіка XIV” [гл. 16, с.63]. Мяркую, дзецям было б куды больш зразумела, калі б гэты сказ гучаў, прыкладам, наступным чынам: “Іншыя манархі пачалі браць за ўзор абсалютную манархію Луі XIV”. Часам здаецца, што аўтары проста імкнуцца дасягнуць загадзя вызначанага аб’ёму тэксту. Іначай чым можна растлумачыць з’яўленне ў дапаможніку сказаў накшталт: “Згодна з загадам цара суд прыгаварыў царэвіча Аляксея да смяротнага пакарання…” [гл. тамсама, с.146]? Тут само напрошваецца куды як карацейшае: “Паводле царскага загаду царэвіч Аляксей быў асуджаны на смерць…” Можна прывесці яшчэ дзясяткі няўдала збудаваных, каструбаватых сказаў накшталт: “Яны [прыхільнікі ўтапічнага сацыялізму] жорстка крытыкавалі заганы ўзніклага капіталізму, абвясціўшы галоўнай крыніцай усіх бедстваў прыватную ўласнасць і эксплуатацыю чалавека чалавекам” [гл. 15, с.51] (Параўнайце: “Яны сурова крытыкавалі заганы новапаўсталага капіталізму, абвяшчаючы, што прычына ўсіх нягод – у прыватнай уласнасці і эксплуатацыі чалавека чалавекам”). Аўтары 2-й часткі дапаможніка “Гісторыя старажытнага свету” для 5 класа (выдадзенага пад рэдакцыяй таго ж прафесара Кошалева) часам здзіўляюць проста нейкімі выдуманымі зваротамі. Чаму, напрыклад, замест звыклага беларускага “на думку”, трэба пісаць “па меркаванні” [гл 5, ч.2, с.95]? Навошта 11-ці—12-цігадовым дзецям усе гэтыя “для падтрымання”, “для забяспечвання”, “для вылечвання” – замест простых і зразумелых: “каб падтрымаць”, “каб забяспечыць”, “каб вылечыць”?.. Паспрабуйце таксама адразу расшыфраваць наступны сказ: “Вантробы жывёлы даследаваліся, каб устанавіць, як адносіцца да ахвяры і такім чыам да людзей бажаство” [гл тамсама, с.45].
І тым не менш, названыя дапаможнікі ў цэлым выглядаюць з моўнага гледзішча лепш, чым тыя, якія былі напачатку напісаныя па-руску, а потым перакладзеныя на беларускую.
Са здзіўленнем я даведаўся, што першую частку згаданага вышэй дапаможніка “Гісторыя старажытнага свету” для 5 класа на беларускую мову пераклаў В.А.Рабкоў. Калі я не памыляюся, гэты паважаны чалавек доўгія гады працаваў… загадчыкам гаспадарчага аддзела дзяржаўнага выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя”. Вядома, добрыя пераклады ў прынцыпе могуць рабіць людзі, для якіх гэтае рамяство робіцца ўлюбёным заняткам. Але мне нешта раней не даводзілася сустракаць перакладаў Рабкова (які, між тым, мае ўжо досыць салідны ўзрост). Вось і чытаем мы ў згаданым дапаможніку: “Мужчыны-паляўнічыя часта прыносілі дахаты дзіцянят забітых звяроў. Маленькія жывёлы настолькі прывыкалі да чалавека, што рабіліся хатнімі” (стар.22); “З часам некаторыя плямёны зрабіліся настолькі шматколькаснымі, што падзяліліся. Але яны па-ранейшаму ведалі аб сваім радстве” (стар.26); “Узнікненне земляробства і жывёлагадоўлі прынясло ў жыццё людзей вялікія змены” (стар.28); “Да даліны Ніла прылягалі чырвоныя землі пустыні…” (стар.31) і т.д., і т.д. Назваць гэтую мову беларускай неяк і язык не да канца паварочваецца…
Іншыя вучэбныя кнігі, што мы бяром тут для ўзорнага разгляду, перакладала некалькі асоб, творчыя біяграфіі якіх нам, на жаль, таксама амаль невядомыя. Таму мы спынімся на пэўных момантах працы гэтых перакладчыкаў, так бы мовіць, у алфавітным парадку.
Пераклады Н.М.Алганавай.
У яе перакладах выдадзеныя вучэбныя дапаможнікі па алгебры (пад рэдакцыяй Л.Б.Шнэпермана) і інфарматыцы.
У дапаможніку па алгебры для 9 класа [гл. 1] мы сутыкаемся зноў-такі з тэрміналогіяй, не адпаведнай вышэйзгаданай “Матэматычнай энцыклапедыі”. Акрамя таго, у кнізе раз-пораз сустракаюцца фармулёўкі задач накшталт наступнай:
Д.104. 1) Таццяна Уладзіміраўна заўважыла, што час, які яна затраціла на дарогу ад дому да гімназіі і на адваротны шлях з наведваннем магазінаў, выражаецца ў гадзінах двума ўзаемна адваротнымі лікамі. Вызначце гэтыя лікі, калі вядома, што на наведванне магазінаў пайшло 50 мін. [1, с.238].
Я прапанаваў бы перафармуляваць задачу, напрыклад, наступным чынам:
Таццяна Уладзіміраўна адзначыла, што час, які спатрэбіўся ёй на дарогу з дому да гімназіі і назад, калі яна таксама рабіла пакупкі ў крамах, можна выразіць у гадзінах праз два ўзаемна адваротныя лікі. Вызначце гэтыя лікі, калі вядома, што настаўніца наведвала крамы на працягу 50 хвілін.
Пераклад дапаможніка па інфарматыцы для 9 класа [гл. 9] мае свае хібы. Перакладчыца чамусьці аддае перавагу такім небеларускім словам, як, прыкладам: саставіць, рэзультат, даныя, вобласць, замест скласці, вынік, звесткі, абсяг і да т.п. Яна таксама ігнаруе шэраг удалых напрацовак прафесара М.І.Савіцкага, які ці не першы ў Беларусі свайго часу пачаў выкладаць інфарматыку студэнтам па-беларуску і выдаў “Тлумачальны слоўнік па інфарматыцы” [гл. 27]. Напрыклад, замест нармальных кадаванне, сартаванне, маскаваны, адкарэктаваць, заблакаваць, прадубляваць у перакладзе Н.М.Алганавай мы сустракаем выразна скалькаваныя з рускай мовы кадзіраванне, сарціроўка, маскіруемы, адкарэкціраваць, заблакіраваць, прадубліраваць.
Пераклад Л.Г.Кісялёвай, Н.У.Морневай
У перакладзе Кісялёвай і Морневай выдадзены “пераходны” вучэбны дапаможнік па сусветнай гісторыі для 11 класа [гл. 14]. Мы ўжо ведаем, што прафесар Кошалеў сам па-беларуску напісаў (ці адрэдагаваў) шэраг іншых падручнікаў і дапаможнікаў па сусветнай гісторыі: магчыма ў гэтым выпадку ў яго не хапіла часу на беларускую версію. Пераклад, відавочна, таксама рабіўся ў спешцы і выглядае сухавата, а часам і занадта “зашыфравана”. Ёсць і відавочныя перакладчыцкія “ляпы”. Параўнайце наступныя фрагменты з розных раздзелаў кнігі: “Між тым нідзе за межамі Заходняй Еўропы не адбылося самастойнага і натуральнага ўзнікнення капіталізму” (стар.18), “Стварэнне новых галін вытворчасці і буйных прадпрыемстваў абумовіла з’яўленне акцыянавання як новай формы арганізацыі капіталу” (стар.54), “Пасля жахлівых нягод і яшчэ большых страт людзі па праве спадзяваліся на лепшае і справядлівейшае ўпарадкаванне свету” (стар.84), “Аднак найбольшы ўздым вызваленчай барацьбы вызначыўся пасля Другой сусветнай вайны” (стар.86) і інш. У цэлым, аднак, пераклад дапаможніка “Сусветная гісторыя. 11 клас” – не найгоршы сярод іншых, што мы тут разглядаем.
Пераклады В.У.Клімко.
Гаворка пойдзе пра пераклад вучэбнага дапаможніка па біялогіі для 11 класа [гл. 18]. На жаль, некаторыя пасажы ў гэтым перакладзе гучаць занадта мудрагеліста, а часам і камічна. Параўнайма: “Разнастайнасць экалагічных фактараў па паходжанні ў асяроддзі пражывання дазваляе падзяліць іх на тры вялікія групы” (стар.7), “Яны здольны доўга вытрымліваць недастатковае ўвільгатненне” (стар.26), “Гэта тлумачыцца ўдзелам у такіх пірамідах асобін, не раўнацэнных па памерах” (стар.78), “Укарачэнне пазваночнага слупа ў чалавека забяспечвае ўстойлівае становішча цела на ніжніх канечнасцях” (стар.166) і да т.п.
У перакладзе вучэбнага дапаможніка па біялогіі для 9 класа [гл. 19] таксама не бракуе “цьмяных месцаў”. Паглядзім, да прыкладу, як па- беларуску гучыць вызначэнне рэфлексу:
Рэфлекс… – рэакцыя арганізма ў адказ на раздражненне са знешняга або ўнутранага асяроддзя, якая ажыццяўляецца нервовай сістэмай (стар.28).
Параўнаем, якім чынам тое самае паняцце вызначаецца ў чатырнаццатым томе “Беларускай энцыклапедыі”:
Рэфлексы… – рэакцыі арганізма, якія выконваюцца нервовай сістэмай у адказ на ўздзеянне знешніх або ўнутраных раздражняльнікаў.
Хоць энцыклапедыя разлічаная пераважна на дарослых карыстальнікаў, мне падаецца, што дэфініцыя тут больш зразумелая.
У перакладах В.У.Клімко таксама не раз можна заўважыць, што перакладчыца або не ведае, або свядома ігнаруе тэрміналагічныя напрацоўкі ў галіне анатоміі і агульнай біялогіі, выклдзеныя ў аўтарытэтных айчынных слоўніках [параўн. 21; 26] : напрыклад, лістагрызучы, залозісты замест натуральных лістаедны, залозавы. Часам перакладчыца не робіць адрозненняў паміж паняццямі харчавання, жыўлення і сілкавання.
Пераклад Г.І.Кулеш.
У вучэбным дапаможніку па біялогіі для 8 класа [гл. 13] можна таксама ўбачыць ігнараванне перакладчыцай напрацовак аўтараў слоўніка “Биологическая терминология и номенклатура” [гл. 26]. Замест рэкамендаваных гэтым слоўнікам жабравы, жывародны, птушаняткавы тут, напрыклад, ужываюцца жаберны, жывародзячы, птушанятавы; нярэдка сустракаюцца сказы кшталту: “Яны здольны ўтвараць часовыя і пастаянныя групоўкі асобін (сем’і, статкі, чароды, каланіяльныя пасяленні), што павышае іх ахаванасць ад ворагаў і зніжае гібель ад неспрыяльных фактараў знешняга асяроддзя” [13, с.107]. Што абазначае “павышае іх ахаванасць” або “зніжае гібель” – пра гэта васьмікласнікі павінны здагадвацца самі.
Пераклады Н.Г.Ляўчук
Разгледзім пераклады падручніка па фізіцы для 8 класа і дапаможніка па той самай дысцыпліне для 9 класа, выкананыя гэтай перакладчыцай [гл 11; 12]. У гэтым выпадку таксама можна было б задаць пытанне: чаму перакладчыца ігнаруе досвед папярэднікаў у распрацоўцы фізічнай тэрміналогіі? Маю на ўвазе не толькі выдадзены ў 1929 г. пад рэдакцыяй прафесара Я.Сіроціна “Слоўнік фізычнае тэрмінолёгіі” [гл. 23, кн.3, с.114—397], але і “Руска-беларускі фізічны слоўнік”, што накладам у 10220 экземпляраў выходзіў у 90-х гадах мінулага стагоддзя. Рэцэнзентам названага слоўніка, сярод іншых, быў і акадэмік Уладзімір Піліповіч [гл. 28]. Але ў гэтым выпадку выбар перакладчыцы неяяк можна патлумачыць – напрыклад, тым, што названыя слоўнікі сёння дэ-факта не лічацца нарматыўнымі. Праблема, аднак, палягае ў тым, што і з граматыкай у перакладчыцы не-не ды таксама сустракаюцца праблемы. Напрыклад, на стар.47 падручніка для 8 класа чытаем: “Чым вышэй тэмпература вадкасці, тым большая скорасць выпарэння” (відавочна, трэба было б пісаць: “Чым вышэйШАЯ…”; аналагічная памылка мае месца, напрыклад, і на стар. 90 дапаможніка для 9 класа: “Ці лягчэй штанга на Месяцы, чым на Зямлі?”), а на стар. 162 нас сустракае сапраўдны моўны “шэдэўр”: “Прамень 2 не зведвае праламлення”. Не менш мудрагелістыя выразы сустракаюцца ў дапаможніку для 9 класа: “масу можна знайсці шляхам узважвання” (стар.90), “недапушчальнае павышэнне цэнтра цяжару карабля, выкліканае няправільным размяшчэннем грузаў, можа прывесці да страты ўстойлівасці і перакульвання судна” (стар. 142) і да т.п.
Пераклад Т.А.Світы, М.В.Супрунчука.
Навучальны дапаможнік па грамадазнаўстве для 10 класа [гл. 7], перакладзены названымі асобамі, цяпер, здаецца, рэкамендаваны міністэрствам адукацыі і ў якасці стабільнага падручніка. Гэта, дарэчы, не робіць вялікага гонару рэкамендатарам, бо, прынамсі, з моўнага гледзішча і рускі арыгінал, і беларускі пераклад надта прыемнага ўражання не робяць. Кніга амаль уся напісаная сказамі накшталт: “Найбольш негатыўным з’яўляецца ўстойлівае перавышэнне смяротнасці над нараджальнасцю, што ў доўгатэрміновай перспектыве ставіць нацыю пад пагрозу знікнення” (стар.40). Калі б адкінуць “суконную” мову, гэтую самую думку можна было б выказаць, да прыкладу, наступным чынам: “Найбольш адмоўныя наступствы мае сітуацыя, калі смяротнасць у краіне пастаянна вышэйшая за нараджальнасць; калі глядзець далей наперад, гэта можа пагражаць нацыі поўным выміраннем”. Амаль на кожным кроку тут сустракаюцца сінтаксічна небеларускія выразы – напрыклад: “яны адрозніваюцца па ўзроўні…” (трэба: “яны адрозніваюцца ўзроўнем…”) або: “ствараць сацыяльную гармонію прызвана галоўным чынам дзяржава…” (чытэльна было б: “сацыяльную гармонію мае ствараць перш за ўсё дзяржава”) і г.д.
Пераклады М.Л.Страхі.
Працы гэтага перакладчыка ствараюць дваістае ўражанне. Здаецца, ён — сам адзін з аўтараў дзейнага падручніка па геаграфіі для 9 класа — беларускай мовай валодае няблага. У тэрміналагічным плане Страха збольшага трымаецца напрацовак аўтараў аўтарытэтнага даведніка “Геаграфічныя тэрміны і паняцці” [гл. 24]. Разам з тым, здзіўляе, што гэты паважаны спецыяліст, напрыклад, не ведае, што па-беларуску будзе не “збор кофе”, а толькі “збор кававых бабоў”; што ЗША – гэта “НАЙбуйнейшая” (а не проста “буйнейшая”) з гледзішча эканомікі краіна ў Паўночнай Амерыцы). Асабліва, аднак, расчароўвае зроблены М.В.Страхой пераклад зусім нядаўна выдадзенага дапаможніка “Грамадазнаўства. 11 клас [гл. 8]. Што праўда, тут нехта можа запярэчыць: маўляў, руская версія кнігі напісана выключна… нават не “суконнай”, а “дубовай” мовай і нагадвае афіцыёзныя старонкі “Советской Белоруссии”. Разам з тым, пэўныя намаганні перакладчыка ўсё-ткі маглі б хоць крыху падправіць арыгінал. Выразы накшталт “палітыка беларускай дзяржавы нацэлена…”, “заканадаўства не ўтрымлівае вызначэння…” або “адной з найважнейшых задач з’яўляецца…”, безумоўна, можна было б і збеларусіць, але перакладчык, відаць, па-сапраўднаму такой мэты сабе і не ставіў.
Пераклады Т.Р.Сяржант і Л.А.Цімафеевай.
Т.Р.Сяржант паўдзельнічала ў перакладзе вучэбных дапаможнікаў па досыць аддаленых адна ад адной дысцыплінах. Самастойна яна пераклала падручнік па фізіцы для 7 класа [гл. 10], а разам са сваёй калегай адзначылася і перакладам дапаможніка па сусветнай гісторыі для 7 класа [гл. 6]. У межах тэрміналагічнай парадыгмы, прынятай дэ-факта ў існуючых школьных падручніках фізікі, пераклад Т.Р.Сяржант у цэлым падаецца лепшым за вышэйзгаданыя пераклады дапаможнікаў па фізіцы, выкананыя Н.Г.Ляўчук. Вядома, пры гэтым мне цяжка пагадзіцца з выразамі накшталт: “Зрабіце вывад аб суадносіне сіл, што дзейнічаюць на блок” (10, с.165). Не так шмат відавочных недахопаў утрымлівае і тэкст дапаможніка па сусветнай гісторыі: у сваёй большасці гэтыя хібы выпраўляюцца простай заменай аднаго слова на другое.
Падсумоўваючы сказанае, нельга не прыйсці да наступных высноў:
— і міністэрства адукацыі і нацыянальны інстытут адукацыі, відавочна, не ўсведамляюць праблему дасканалай арганізацыі навучання ў і без таго нешматлікіх беларускамоўных сярэдніх школах, гімназіях, ліцэях;
— нягледзячы на тое, што беларускае міністэрства адукацыі выдала нямала дакументаў аб “моўным і арфаграфічным рэжыме”, яно, у прыватнасці, само не выконвае функцыі моўна-арфаграфічнага кантролю за якасцю выдаванай па-беларуску вучэбнай літаратуры; гэта ж, у сваю чаргу, вядзе да далейшага паніжэння ўзроўню моўнай культуры сярод тых настаўнікаў, якія павінны выкладаць і весці выхаваўчую працу па-беларуску;
— праблема выдання якаснай беларускамоўнай вучэбнай літаратуры не стаіць на парадку дня дзейнасці гэтых устаноў;
— ніякім чынам не стымулюецца напісанне падручнікаў, навучальных дапаможнікаў у арыгінале на беларускай мове;
— беларускія адукацыйныя чыноўнікі перакананыя, што перакладам рускамоўных рукапісаў на беларускую мову сфармуляваная вышэй праблема можа быць вырашаная цалкам;
— якасць перакладаў вучэбнай літаратуры на беларускую мову фактычна не кантралюецца нікім: усё гэта аддадзена на водкуп выдавецкім рэдактарам, сярод якіх трапляецца нямала выпадковых людзей;
— заказы на пераклады вучэбнай літаратуры не размяшчаюцца сярод тых, хто мае багаты досвед выкладання па-беларуску адпаведнай дысцыпліны; да гэтай справы практычна не прыцягваюцца ні навукоўцы, якія працуюць у Акадэміі навук або ў ВНУ краіны, і прафесійныя літаратары-перакладчыкі.
Выкарыстаныя крыніцы
а) Аналізаваныя падручнікі або вучэбныя дапаможнікі
1. Алгебра. 9 клас / Пад рэд. Л.Б.Шнэпермана. (Пераклад Н.М.Алганавай). Мн.: Нар. асвета, 2008.
2. Белазаровіч В.А., Крэнь І.П., Ганушчанка Н.М. Гісторыя Беларусі: Другая палова XVI— XVIII ст. 8 клас. Мн.: Выд цэнтр БДУ, 2010.
3. Галай І.П. і інш. Пачатковы курс геаграфіі. 6 клас. (Пераклад М.Л.Страхі). Мн.: Нар. асвета, 2010.
4. Геаграфія мацерыкоў і краін. 8 клас / Пад рэд. П.С.Лопуха. (Пераклад М.Л.Страхі). Мн.: Нар. асвета, 2009.
5. Гісторыя старажытнага свету. 5 клас. Ч.1 (Пераклад В.А.Рабкова). Ч.2. / Пад рэд У.С.Кошалева. Мн.: Нар. асвета, 2009.
6. Гісторыя сярэдніх вякоў. 7 клас / Пад рэд. В.А.Фядосіка. (Пераклад Т.Р.Сяржант, Л.А.Цімафеевай). Мн.: Нар. асвета, 2009.
7. Грамадазнаўства. 10 клас / Пад рэд. М.І.Вішнеўскага. (Пераклад Т.А.Світы, М.В.Супрунчука). Мн.: Нар. асвета, 2009.
8. Грамадазнаўства. 11 клас / Пад рэд. М.І.Вішнеўскага. (Пераклад М.Л.Страхі). Мн.: Нар. асвета, 2010.
9. Забароўскі Г.А., Лапо А.І., Пупцаў А.Я. Інфарматыка. 9 клас. (Пераклад Н.М.Алганавай). Мн.: Нар. асвета, 2009.
10. Ісачанкава Л.А., Ляшчынскі Ю.Дз. Фізіка. 7 клас. (Пераклад Т.Р.Сяржант). Мн.: Нар. асвета, 2009.
11. Ісачанкава Л.А., Ляшчынскі Ю.Дз. Фізіка. 8 клас. (Пераклад Н.Г.Ляўчук). Мн.: Нар. асвета, 2010.
12. Ісачанкава Л.А., Пальчык Г.У., Сакольскі А.А. Фізіка. 9 клас. (Пераклад Н.Г.Ляўчук). Мн.: Нар. асвета, 2010.
13. Камлюк Л.В., Шалапёнак А.С. Біялогія. 8 клас. (Пераклад Г.І.Кулеш). Мн.: Нар. асвета, 2010.
14. Кошалеў У.С. Сусветная гісторыя. 11 клас. (Пераклад Л.Г.Кісялёвай, Н.У.Морневай). Мн.: Выд цэнтр БДУ, 2009.
15. Кошалеў У.С. Сусветная гісторыя Новага часу: ХІХ—пачатак ХХ ст. 9 клас. Мн.: Выд цэнтр БДУ, 2010.
16. Кошалеў У.С., Кошалева Н.У., Цемушаў С.М. Сусветная гісторыя Новага часу: ХVI—XVIII ст. 8 клас. Мн.: Выд цэнтр БДУ, 2010.
17. Латоцін Л.А., Чабатарэўскі Б.Дз. Матэматыка. 10 клас (12-гадовая школа). Мн.: Нар. асвета, 2006.
18. Маглыш С.С., Карэўскі А.Я. Біялогія. 11 клас. (Пераклад В.У.Клімко). Мн.: Нар. асвета, 2010.
19. Машчанка М.В., Барысаў А.Л. Біялогія. 9 клас. (Пераклад В.У.Клімко). Мн.: Нар. асвета, 2011.
20. Штыхаў Г.В., Бохан Ю.М., Краснова М.А. Гісторыя Беларусі. 7 клас. Мн.: Нар. асвета, 2009.
б) Слоўнікі і даведнікі
21. Анатомический словарь / С.П.Ярошевич и др. Мн.: Дизайн ПРО, 1998.
22. Андрыеўская З.Я., Галай І.П. Руска-беларускі фізіка-геаграфічны слоўнік. Мн.: Нар. асвета, 1994.
23. Беларуская навуковая тэрміналогія: У чатырох кнігах. Мн.: ARCHE, 1010.
24. Геаграфічныя паняцці і тэрміны: Энцыкл. даведнік. / Рэд. калегія: М.М.Курловіч і інш. Мн.: БелЭн, 1993.
25. Матэматычная энцыклапедыя. / Гал. рэд. В.Бернік. Мн.: Тэхналогія, 2001.
26. Радкевич В.А. и др. Биологическая терминология и номенклатура: Словарь русско-белорусско-латинский, белорусско-русский. Мн: Вышэйшая школа, 1993.
27. Савіцкі М. Тлумачальны слоўнік па інфарматыцы. Мн.: Энцыклапедыкс, 2009.
28. Самайлюкевіч У. і інш. Руска-беларускі фізічны слоўнік. Мн.: Наувка і тэхніка, 1994.
29. Хімічны слоўнік навучэнца. / Б.М.Качаргін і інш. Мн.: Нар. асвета, 2003.
30. Чалавек і грамадства: Энцыкл. даведнік. / Рэд. калегія: Г.П.Пашкоў, Я.М.Бабосаў і інш. Мн.: БелЭн, 1998.