Лявон Карповіч, вёска Луна
Так склалася, што большую частку свайго жыцця я адпрацаваў настаўнікам. А значыць, у працы над сабой і з дзецьмі, бо настаўнікам можна быць да той пары, пакуль вучышся сам.
Першапачаткова я атрымаў адукацыю механіка сельскай гаспадаркі ў Жыровіцкім тэхнікуме і паглыбіў яе ў Беларускім інстытуце механізацыі і электрыфікацыі. Нават два гады адпрацаваў механікам аўтапарку, але лёс неўмольна штурхаў на настаўніцкі шлях. Ужо ў тэхнікуме даводзілася замяняць настаўніка матэматыкі, калі таму трэба было некуды сысці. У арміі 2,5 гады займаўся навучаннем і выхаваннем салдат у знакамітых Печах. Нарэшце апынуўся ў школе, яшчэ не маючы педагагічнай адукацыі. Таму адначасова з інстытутам механізацыі скончыў Педагагічны інстытут імя Янкі Купалы ў Гародні. Вучыў дзяцей па-расейску, размаўляў на расейскай мове, быў камуніста-ідэалістам. Гэта значыць верыў, што мы будуем светлую будучыню чалавецтва, а ў Амерыцы страляюць неграў, прастытуцыя і галеча. Карацей гаворачы – манкурт на ўсе сто. Скінуць гэтую скураную абалонку з галавы было вельмі не проста. Першы штуршок, мабыць, быў ад Андрэя Платонава. Яго «Чавянгур» проста ўвёў у шок. Аказваецца, мелі рацыю марксісты-ленінцы: ісціна пазнаваемая. было знаёмства з Алесем Белакозам і першы рашучы крок да вызвалення – выхад з КПСС згодна пададзенай заяве. Наступны крок быў заканамерны – удзел у працы Беларускага Народнага Фронту, які працягваецца да сёння ў Кансэрватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ. Карэннае змяненне поглядаў працягвалася пад уплывам новых сяброў, удзелу ў фронтаўскай працы, азнаямленнем з працай грамадскіх арганізацый, прыватнага і культурнага жыцця Чыкага (ездзіў, як пераможца конкурсу), наведвання Рыму, Венецыі, Парыжу, Вільні, многаразовых наведванняў Польшчы ў якасьці «чаўнака» і ўдзельніка курсаў і семінараў па авалодванню інтэрактыўнай мэтодыкай выкладання, кнігаў, сустрэчаў, выклікаў у пракуратуру і да следчых і г.д. Аж да ператрусу перад выбарамі 2006 г. з кафіскацыяй архіву. Гэта значыць, пад уплывам жыцця.
Усё гэта прывяло да пэўных перакананняў.
Упэўнены ў тым, што ў створаным Богам свеце ўвесь час ідзе барацьба паміж Дабром і Злом, як вакол чалавека, так і ў яго душы. І, як казаў Станіслаў Ежы Лец: «У чалавека няма выбару – ён павінен быць чалавекам». Значыць тварыць дабро. Тут пачынаюцца ўсе праблемы. Перш за ўсё, як адрозніць дабро ад зла? Зрабіць гэта бывае нялёгка. Бо калі дабру не трэба прытварацца, то зло найчасцей прыкідваецца дабром. Таму мне так падабаецца прыпавесць пра чалавека, які сваім жыццём заслужыў на тры просьбы да Бога. І ён папрасіў: «Божа, дай мне магчымасьць тварыць дабро! Божа, дай мне сілы змагацца са злом! Божа, дай мне мудрасць арозніваць першае ад другога!»
Адной з пачварных спраў камуністычнага строю было стварэнне новай адмены людзей – людзей без сумлення. Жыццё без сумлення вызваляе ад пакутаў, як жыццё без розуму вызваляе ад неабходнасці думаць. Чалавек губляе душу і становіцца зброяй д’ябла. Лукашызм вылучае людзей без сумлення як эліту. Таму гэта Зло, таму трэба з ім змагацца.
Даволі часта людзі не могуць дамовіцца, бо ў аднолькавых словах бачаць розны сэнс. Тады размова ідзе, як сляпога з глухім. Таму некалькі слоў аб, можа, спрэчным значэнні некаторых паняццяў у маім разуменні. Моднае цяпер слова – ідэалогія… Ідэалогія – сістэма поглядаў, уяўленняў у сведамасці, якія выражаюць адносіны да рэчаіснасці. Палітыка – дзейнасць, вызначаная ідэалогіяй і інтарэсамі. Патрыятызм, ён жа нацыялізм – усведамленне прыналежнасці да народу, пачуццё грамадзянскага абавязку, адданасць Радзіме, любоў да Бацькаўшчыны, яе культуры і народу. Народ – частка насельніцтва краіны, якая зяўляецца носьбітам нацыянальнай ідэі. І, нарэшце, нацыянальная ідэя ў маёй сведамасці – сакральны для нашага народу дрэвадуб, ствалом якога з’яўляецца сам народ, каранямі – хрысціянскія каштоўнасці, кронай з’яўляецца незалежная краіна ЛітвінаБеларусь з неад’емнымі вызначальнымі каштоўнасцямі: беларускай мовай, Бел-Чырвона-Белым сцягам, Гербам «Пагоня» і Гімнам «Магутны Божа». Незалежнасць – гэта мова, сімвалы, дзяржава, храм, а не газ і не нафта…
Перасэнсаванне каштоўнасцей прывяло мяне да крытычнага аналізу стану агульнаадукацыйнай школы ў Беларусі. З чым можна параўнаць сённяшні стан школы на Беларусі? На мой погляд, найбольшае падабенства з савецкай сталоўкай, дзе з дрэнных прадуктаў настаўнік-кухар гатуе шкодную для душы і здароўя ежу і прымушае яе есці. Дык будзеш есці і без прымусу, бо іншай няма. Праз пэўны час усе становяцца хворымі і фізічна, і духова.
Было б несправядліва казаць, што ўсе школы такія. Не, нясуць яшчэ на сваіх плячах настаўнікі школы-макдональдсы. Там другі тэмп жыцця. І, хоць ежа не нашмат лепшай якасці, але з забаўкай. Таму ў школу-макдональдс дзеці ідуць з ахвотай і ад настаўніка залежыць ступень калецтва.
Самыя лепшыя (мізерная колькасць) – гэта школы-агароды, дзе настаўнік спачатку рыхтуе глебу, потым сее, даглядае кволыя ўсходы, ахінае ласкаю і любоўю. Шчаслівыя дзеці, якім пашчасціла патрапіць у такую школу, якая існуе не дзякуючы, а насуперак…
Але ў маёй краіне я мару не пра такую школу. Я мару пра школу-сад, дзе настаўнік – садоўнік. Ён з даручэння народу мае штодзённы доступ да самага дарагога нацыянальнага багацця – душы, розуму, думак, пачуццяў дзяцей. Ніякая сістэма не здольная пракантраляваць гэты доступ. Усведамляючы, што будучыня належыць моладзі, відавочнай ёсць гістарычная роля настаўніка, як праектыроўшчыка будучыні. Сёння ў нацыянальна сведамага настаўніка застаецца адзін шлях – шлях грамадзянскай адукацыі. Абавязкова трэба абмяркоўваць усе пытанні, застаючыся вонкава нейтральным, але накіроўваючы і дапамагаючы кожнаму выхаванцу фармаваць асабістую думку па розным пытанням, разуменне права кожнага на выбар і прыняцце рашэння.
5 тысячаў гадоў назад Канфуцый казаў, што для поўнага шчасця чалавеку трэба ведаць слаўную гісторыю свайго народу. Так Канфуцый падштурхнуў мяне да адкрыцця, пазнання, спагады і разумення мінулага маёй краіны. І яшчэ. Упершыню папаўшы за «кардон» у Польшчу гадоў 30 таму, я ад свайго стрыечнага брата з Легніцы прывёз турыстычны вымпел Польскага Таварыства Турыстычна-Краязнаўчага з надпісам: «Толькі пазнаўшы свой край можна горача яго любіць і плённа для яго працаваць». Палякі разумелі гэта заўсёды. Я зразумеў нядаўна. Гісторыя беларускай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага захапіла мяне ад першай сустрэчы і не адпускае… Каб больш поўна адлюстраваць гісторыю Бацькаўшчыны, мною быў рэалізаваны праект па выпуску серыі з больш як 40 тэматычных паштовых канвертаў, прысвечаных усім Вялікім Князям ВКЛ, паўстанцам, пісьменнікам, сімволіцы, БНР… Прайшоўшы пошту, гэтыя канверты сталі філатэлістычным матэрыялам і патрапілі ў калекцыі філатэлістаў. Філатэлія гэта тое, чым варта і цікава займацца. Вялікая просьба да нашых мастакоў, выдаўцоў – каб рабілі рэпрадукцыі сваіх твораў у выглядзе паштовак. Мастак Марачкін намаляваў карціну «Плошча Каліноўскага». Колькі народу ўбачыць яе? А паштоўку купілі б дзясяткі тысяч і не толькі ў Беларусі.
Сучасны стан Беларусі для мяне адлюстроўваецца станам Гарадзенскай Каложы. Храм – вароты ў неба. Пабудаваны ў 12 ст., калі закладалася беларуская дзяржаўнасць, ён падзяліў лёс краіны. Палова Каложы ў 1853 г., не вытрымаўшы здзекаў акупацыі, абвалілася ў Нёман. Толькі ў 1889 г. да ацалеўшай часткі дабудавалі драўляную і накрылі дахам. Так і стаіць напалову мураваная, напалову драўляная… у сваёй прыгажосці, велічы і калецтве.
Мая бабуля, калі ёй было ўжо за 80 гадоў, сказала: «Не хачу паміраць, бо ў труне працаваць немагчыма». Характэрная рыса нашага народа – працатворчасць. Ці не прыгожае, ці не галоўнае чалавечае жаданне?
Калі казаць аб тым, чаго нам, беларусам, найбольш не хапае – дык гэта салідарнасці. Бывае, што праява салідарнасці не патрабуе ніякіх высілкаў і каштуе вельмі танна. Напрыклад, як проста праявіць салідарнасць, падпісаўшыся на беларускамоўную газету «Наша слова». Але… Кажуць, у старажытныя часы нашы продкі на Дзень Св.Юр’я тапілі цмока ў Нёмне, каб утапіць зло. Цмок тануў, а зло…
Нехта разумны сказаў: «Калі што вельмі жадаеш, то абавязкова споўніцца. Калі не споўніцца – слаба жадаў». Для некатарых жаданняў няма і перашкодаў. Хто можа перашкодзіць любіць Радзіму, кахаць жанчыну, быць добрым?..
«Божа, поўны міласці і ласкі, памажы і нам змяняць нашы дзеі на лепшыя і заўжды іх удасканальваць».