Грамадская дыскусія: Ці трэба школе альтэрнатыва?

06.03.2012

Ідэальнай школы няма, як няма нічога ідэальнага. Прэтэнзіі да сістэмы адукацыі і прапановы наконт таго, як яе палепшыць, будуць існаваць заўсёды, у любой краіне. Напрыклад, у свой час мы, ствараючы Беларускі гуманітарны ліцэй, бралі за ўзор мадэлі французскага і польскага ліцэяў. Тады яны нам здаваліся проста дасканалымі. А не так даўно і ў Польшчы, і ва Францыі адбыліся магутныя выбухі пратэстаў якраз у галіне адукацыі. Але, як кажуць, нам бы іх праблемы...

Школа паўсюль мусіць пастаянна ўдасканальвацца, мяняцца, адаптоўвацца да патрэбаў часу. І, разам з тым, яна павінна быць абароненай ад рэзкіх хістанняў і рамантычных авантураў. А ролю пляцоўкі для смелых эксперыментаў, якія, тым не менш, неабходныя для ўдасканальвання і эвалюцыі ўсёй сістэмы, павінны выконваць якраз альтэрнатыўныя школы. Гэта — галоўная функцыя такіх пляцовак. Хаця могуць быць, безумоўна, і іншыя. Што да прыватных школаў, то ў нас гэта перадусім — падвышаны камфорт і нібыта больш высокі ўзровень навучання. Хаця апошняе як раз не можа быць гарантавана, асабліва ў нашых умовах.

Галоўныя мэты і кірункі пошукаў альтэрнатыўных школаў павінны не проста адпавядаць перспектывам развіцця краіны. Яны павінны значна выпярэджваць гэтае развіццё, рыхтаваць будучых лідараў пераменаў.

Што да Беларускага гуманітарнага ліцэя — мэты мы бачылі абсалютна ясна.

Па-першае: даць магчымасць маладым беларусам вучыцца па-беларуску.

Па-другое: пазбавіць гуманітарную сферу ад ідэалагічнай тэндэнцыйнасці, прапагандысцкай хлусні, якой былі працятыя праграмы і падручнікі па гісторыі, літаратуры...

Па-трэцяе: разняволіць вучня, даць яму магчымасць выбару таго кірунку, які яго найбольш цікавіць. Асабліва — у старэйшых класах, дзе адбываецца працэс ператварэння падлетка ў дарослую маладую асобу.

Гэтыя галоўныя мэты вымагалі вырашэння шматлікіх іншых задач: пошуку адпаведных сучасных методык, стварэння новых праграм і падручнікаў, іншых захадаў для навучання і выхавання сучаснай моладзі, гатовай да функцыянавання ў сённяшнім і заўтрашнім грамадстве.

Але, як ні парадаксальна гэта гучыць, і сёння, у нібыта незалежнай Беларусі, усе праблемы нашай адукацыйнай сістэмы выглядаюць практычна гэтаксама, як і ў савецкія часы.

Безумоўна, заўсёды былі і ёсць настаўнікі-самародкі, ёсць школы, дзе воляю лёсу падабраўся ўдалы педагагічны калектыў. Але гэта — выключэнні. Для ўсёй беларускай сістэмы адукацыі неабходнасць у альтэрнатыўных пляцоўках сёння папросту крытычная. Без іх мы рызыкуем атрымаць новыя маладыя пакаленні беларусаў, якія не будуць гатовыя да выклікаў не толькі будучыні, але і сучаснасці. І Беларусь, з яе аўтарытарна-калгасным менталітэтам на дзяржаўным узроўні, які цяпер рэпрадукуецца праз сістэму адукацыі, проста знікне з мапы свету, таму што будзе не ў стане адстойваць сваё месца ў працэсе глабалізацыі.

Відавочна, нехта лічыць, што так і трэба. Але мы думаем іначай.