Грамадская дыскусія: Ці трэба школе альтэрнатыва?
Ідэальнай школы няма, як няма нічога ідэальнага. Прэтэнзіі да сістэмы адукацыі і прапановы наконт таго, як яе палепшыць, будуць існаваць заўсёды, у любой краіне. Напрыклад, у свой час мы, ствараючы Беларускі гуманітарны ліцэй, бралі за ўзор мадэлі французскага і польскага ліцэяў. Тады яны нам здаваліся проста дасканалымі. А не так даўно і ў Польшчы, і ва Францыі адбыліся магутныя выбухі пратэстаў якраз у галіне адукацыі. Але, як кажуць, нам бы іх праблемы...
Школа паўсюль мусіць пастаянна ўдасканальвацца, мяняцца, адаптоўвацца да патрэбаў часу. І, разам з тым, яна павінна быць абароненай ад рэзкіх хістанняў і рамантычных авантураў. А ролю пляцоўкі для смелых эксперыментаў, якія, тым не менш, неабходныя для ўдасканальвання і эвалюцыі ўсёй сістэмы, павінны выконваць якраз альтэрнатыўныя школы. Гэта — галоўная функцыя такіх пляцовак.