Грамадская дыскусія: Асіміляцыя ў адукацыі

31.03.2012

Не будзем удавацца ў падрабязнасці, на якой дакладна стадыі знішчэння і самазнішчэння цяпер нацыянальная культура, мова беларусаў, але тое, што яна знаходзіцца ў даволі крытычным стане і набліжана да клінічнай мяжы – не выклікае сумнення.

Пасля так званай школьнай рэформы сярэднія адукацыйныя ўстановы згубілі прадмет «Айчынная і сусветная культура», які прадугледжваў вывучэнне спецкурсаў і факультатываў фальклорна-этнаграфічнага кірунку. Акрамя таго, школы былі пазбаўлены паглыбленага і профільнага навучання, г. зн. зніклі этнакласы, дзе можна было развіваць мастацкія навыкі, нацыянальную свядомасць. Закрываюцца адпаведныя факультэты і кафедры ва ўніверсітэтах. Развіваецца іншая ідэалогія.

Прааналізуем дапаможнік «Народная педагогика», рэкамендаваны рэдакцыйна-выдавецкай радай БДПУ (Воронецкая Л.Н., Мелешко Ю.В. Народная педагогика. Минск: Красико-Принт, 2007).

Дапаможнік напісаны на рускай мове і рэкамендаваны настаўнікам-прадметнікам, класным кіраўнікам, выкладчыкам ВНУ, студэнтам педагагічных спецыяльнасцей, аспірантам.

Ва ўступным артыкуле робіцца абстрактная спроба абгрунтавання псіхалагічна-педагагічных перадумоў фармавання нацыянальнай свядомасці асобы. Дэкларуецца, што аўтары засноўваюцца на высновах беларускіх вучоных, якія займаюцца праблемай нацыянальнай самасвядомасці (і ўказваюцца сапраўды беларускія крыніцы), але асноўны раздзел «Методика формирования национального сознания школьников на материале народной педагогики» ім супярэчыць.

У дапаможніку пададзена праграма з дзесяці тэмаў і метадычна-тэхналагічнае забеспячэнне. У першай з іх («Народная педагогика: ее воспитательный потенциал») аўтары ўмудрыліся абысці няёмкае наўпростае пытанне: свядомасць якой нацыі яны будуць фармаваць у беларусаў, чыю культуру будуць ім насаджаць? У сцэнары занятку прысутнічаюць звычайныя пытанні пра Радзіму, продкаў у трэцім калене, народныя святы і культуру, а таксама прыводзіцца выраз: “Народ осуждал тех, кто по своей воле очутился на чужой стороне – «Кто язык и веру менял, тот мать предавал»” [с. 44].

У другой тэме «Славянский фольклор как средство воспитания личности» нават са спісу літаратуры можна прыйсці да высновы, што славяншчына – гэта толькі руская культура.

У сёмай тэме пра гісторыю рускага этыкету, які, як вядома, адрозніваўся ў розных фармацыях і эпохах, педагог даведаецца пра сенсацыйныя падзеі: Кастрычніцкая рэвалюцыя адмяніла этыкет… і рэабілітаваны ён у савецкую эпоху ў 30-я гг. – гады «адлігі», калі пачалі наладжвацца міжнародныя сувязі. [с. 74].

Іншыя тэмы проста ўказваюць пра рускую народную музыку, харэаграфію і г.д. Усё гэта падаецца як роднае.

Зразумела, што вывучэнне чужой культуры не з’яўляецца заганай, а наадварот, мерылам выхаванасці, а вось насаджэнне праз адукацыю ў свядомасць дзяцей чужой культуры і свядомае перавыхаванне ў іншую нацыянальнасць – гэта і ёсць гвалтоўная асіміляцыя.

На жаль, такое здараецца ў краіне, калі ў аснову дзяржаўнага кіравання закладваюцца недэмакратычныя прынцыпы, якія спараджаюць непрафесіяналізм і карупцыю.

Ва ўніверсітэтах выявіўся сёлета вялікі недабор на спецыяльнасцях беларускай філалогіі, таму многія з іх проста закрываюцца. Будзе выпускацца больш спецыялістаў рускай мовы і літаратуры, якія вывучаюць, дарэчы, рускі фальклор. І вось прыходзяць падобныя «спецыялісты» у школы і пачынаюць вывучаць і ставіць на школьнай сцэне святы рускага гадавога кола і забываць матчыны калыханкі, бабуліны песні і дзедавы казкі.

Як бы адрэагавалі на свядомую асаміляцыю свайго этнасу бацькі народнай педагогікі: чэх Ян Амос Каменскі, англічанін Джон Лок, француз Жан Жак Русо, швейцарац Іаган Генрых Песталоцці, рускія Канстанцін Ушынскі, Леў Талстой? Пытанне рытарычнае…

Спадзяюся, прысутныя тут спецыялісты-навукоўцы, практыкі вышэйшай і сярэдняй школ з Мінска і рэгіёнаў Беларусі прымуць актыўны ўдзел у абмеркаванні актуальных праблем нацыянальнай адукацыі і пошуку іх развязанняў.