Новая рубрыка!

11.06.2012

Шаноўныя сябры сайта nastaunik.eu!

Ідучы насустрач вашым пажаданням, мы пачынаем змяшчаць інфармацыю пра школьныя падручнікі замежжа. Нашыя настаўнікі цікавяцца тым, як «нараджаюцца» ў іншых краінах падручнікі па гісторыі, грамадазнаўстве, літаратуры, краіназнаўстве: хто кіруе працэсам, як вызначаецца змест пэўных раздзелаў, хто праводзіць экспертызу, наколькі шараговыя педагогі-практыкі могуць уплываць на працэс стварэння падручнікаў, у якой ступені гэты працэс цэнтралізаваны дзяржаўным заканадаўствам, якую свабоду выбару навучальных дапаможнікаў мае настаўнік і г. д.

Мы спадзяемся, што вы далучыцеся да стварэння рубрыкі і будзеце дасылаць нам звесткі пра тыя кнігі з іншых краін, якія патрапяць вам у рукі, раскажаце, пра што вы даведаліся з жывых кантактаў з настаўнікамі іншых краін ці прачыталі ў замежных друкаваных выданнях ды інтэрнэце.

Раім смялей уключацца ў інтэрнэт-пошук, набіраючы ключавыя словы на вядомых вам мовах па тэме «Допуск падручнікаў». Па-нямецку гэтае слова – Schulbuchzulassung. Па-англійску – Schoolbook Authorization ці Textbook Authorization. Пры першай спробе англійскага пошуку вы адразу выйдзеце, напрыклад, на назву «Textbook Authorization System in the Republic of Korea». Паўднёвая Карэя, ці проста Карэя, – на сённяшні дзень адна з самых перадавых краін свету паводле школьнай ды універсітэцкай адукацыі. Неўзабаве яна, пэўна, перагоніць найлепшыя ўніверсітэты Брытаніі. Па-французску можна набраць ключавыя словы «Autorisation de livres de classe dans + назва краіны па-французску» і атрымаць цікавую інфармацыю. Французы кажуць: «Падручнікі гісторыі ствараюць народ». У французаў добрыя школьныя падручнікі.

Распачынаем рубрыку артыкулам Пётры Садоўскага пра тое, як ствараюцца школьныя падручнікі ў ФРГ.