Як ствараюцца школьныя падручнікі ў ФРГ

11.06.2012

Распачынаем рубрыку артыкулам пра тое, як ствараюцца школьныя падручнікі ў ФРГ. Гэты выбар невыпадковы. Германія – краіна, якая здолела за адносна кароткі тэрмін прайсці шлях ад таталітарнай да сучаснай дэмакратычнай дзяржавы з моцнай эканомікай і сацыяльнай стабільнасцю. На якіх кнігах там вучацца дзеці, як працуюць настаўнікі – пытанне не пустое. І яшчэ адна акалічнасць. На поўначы Германіі ў Браўншвейгу (Ніжняя Саксонія) знаходзіцца ўнікальная даследчая ўстанова – Інстытут міжнароднага даследавання школьных падручнікаў імя Георга Экерта (ГЭІ), які спецыялізуецца на даследаванні школьных падручнікаў розных краінах па гісторыі, геаграфіі і грамадазнаўству з адпаведным выхадам на тэксты навучальнага матэрыялу па літаратуры і мовах.

ЧАСТКА І

Асноўныя прынцыпы даследаванняў – мультыперспектыўнасць і ўхіленне канфліктаў праз пабудову зместу. Асноўная задача – праз аналіз пэўных гістарычных падзей з розных пунктаў погляду (супастаўляючы сучаснае і мінулае) і праз напісанне супольных падручнікаў паступова прыйсці да ўзаемаразумення, прывесці колішніх апанентаў і ворагаў да дыялогу. Асобны кірунак даследаванняў – адлюстраванне ў падручніках грамадазнаўства працэсаў трансфармацыі таталітарных грамадстваў у дэмакратычныя. Апошнім часам вялікая ўвага надаецца суіснаванню еўрапейскага хрысціянства з ісламскім светам. Існуюць праекты: Ізраіль – Германія, Ізраіль – арабскі свет, Японія – Кітай, Германія – Польшча, Францыя – Германія, Расія – Германія і г. д. У гэтых праектах, якія падтрымліваюцца ўрадам ФРГ, вучоныя з розных краін з удзелам супрацоўнікаў ГЭІ працуюць над сумеснымі спрэчнымі тэмамі. Інстытут мае гіганцкую бібліятэку (папяровую і электронную), падтрымлівае сталыя сувязі з камісіямі па школьных падручніках на ўсіх кантынентах. Запачаткаваныя ў 90-х гадах мінулага стагоддзя сувязі з беларускімі аўтарамі падручнікаў па гісторыі, на жаль, плённага развіцця не атрымалі.

Агулам працэс ідзе цяжка. Разыходжанні і стэрэатыпы пераадольваюцца не адразу. Працяглы нямецка-польскі дыялог сумесных працоўных груп Польшчы і Германіі, якія меркавалі напісаць супольны падручнік гісторыі для вучняў старэйшых класаў, не прывёў да станоўчага выніку. Больш-менш паспяховым можна назваць супрацоўніцтва Інстытута з Літвой, Латвіяй і Эстоніяй. Найбольшы прагрэс – з’яўленне пад куратарствам Інстытута двухтамовага супольнага нямецка-французскага падручніка па гісторыі (ад Венскага кангрэса да 1945 г. і ад 1945 г. да нашага часу). Кнігі выйшлі ў 2006 г. ў нямецкім выдавецтве Klett у Лейпцыгу. Прэзентацыя адбывалася ў Берліне з удзелам французскіх аўтараў і выдаўцоў. Французскія і нямецкія тэксты супадаюць слова ў слова. А немцы ж былі з французамі заклятымі ворагамі падчас абедзвюх усясветных войнаў!

Пра такое нам толькі можна марыць. Уявіце сабе, што з’явіўся падручнік па гісторыі для расіян і беларусаў з абсалютна аднолькавым тэкстам, дзе ўрэгуляваныя ўсе спрэчныя пытанні. Або літоўска-беларускі ці польска-беларускі!..

Тэкст, які мы прапануем для азнаямлення нашым чытачам – скарочаны пераказ дакладу доктара Георга Штэбэра (Georg St?ber, кіраўнік аддзела «Школьны падручнік і канфлікт»), які ён зрабіў на 4-ым Швейцарскім сімпозіуме па навучальных сродках у студзені 2010 г. Поўная версія рэферату была надрукавана ў серыі Eckert.Beitr?ge 2010/3. Нямецкая назва: Georg St?ber. Schulbuchzulassung in Deutschland. Grundlagen, Verfahrensweisen und Diskusionen. У нашым перакладзе: «Допуск школьных падручнікаў да выдання ў Германіі. Асноўныя палажэнні, працэдура і дыскусіі»

УСТУПНАЯ ЗАЎВАГА 

Паводле заканадаўчага рэгулявання ФРГ, падручнікамі з’яўляюцца апублікаваныя навучальныя дапаможнікі, якія ўключаюць навучальны матэрыял для цэлага года або семестра (паўгадавы тэрмін). У большасці Фэдэральных земляў Германіі такія публікацыі падлягаюць пэўнай працэдуры допуску. Паколькі пытанні культуры, адукацыі з’яўляюцца выключнай кампетэнцыяй Федэральнай зямлі (Bundesland), то адпаведна маюць месца значныя разыходжанні ў самой працэдуры, крытэрыях і органах, якія кіруюць гэтым працэсам. Трэба мець на ўвазе, што адзінага погляду на гэтае пытанне ў Германіі не існуе. 

КАРОТКІ ЭКСКУРС У ГІСТОРЫЮ 

Спробы кантраляваць школьныя падручнікі назіраліся ў Германіі ўжо з 16 стагоддзя. Напачатку гэта была царква, потым дзяржава пашырыла свае кампентэнцыі. Аднак мясцовыя ўлады ўвесь час імкнуліся захаваць свой уплыў. У эпоху феадальнага абсалютызму, які панаваў у Землях, у сферы публічнай адукацыі выключнае права і слова суверэна было вырашальным. Прыватныя навучальныя ўстановы кіраваліся сваімі правіламі карыстання падручнікамі. Абсалютнай цэнтралізацыі пытанне допуску школьных падручнікаў дасягнула пры гітлераўскім нацысцкім рэжыме і ў ГДР падчас дыктатуры Сацыялістычнай адзінай партыі Германіі.

Пасля ўтварэння ФРГ, пачынаючы з 1949 г., пытанні стварэння школьных падручнікаў былі перададзены ў выключную кампетэнцыю Федэральных земляў.

Для змяншэння разыходжанняў у школьнай справе паміж тэрытарыяльнымі адміністрацыйнымі адзінкамі ў 1951 г. была створана Пастаянная канферэнцыя міністраў культуры Федэральных земляў (St?ndige Konferenz der Kultusminister, KMK) як інструмент інфармавання, абмеркавання і каардынацыі. У 1972 г. у змест працы камісіі былі ўнесены некаторыя змены для ўніфікацыі патрабаванняў пастановы «Кантроль і дазвол да друку школьных падручнікаў» у частцы адпаведнасці вучэбных планаў агульным патрабаванням заканадаўства і Канстытуцыі.

ПРАВАВЫЯ РАМКІ

Федэральныя землі Берлін, Гамбург, Заарланд і Шлезвіг-Гольштэйн ужо некалькі год не маюць ніякай строга рэгламентаванай працэдуры допуску. Астатнія Землі карыстаюцца даволі разнастайнымі, у большай ці меншай ступені строгімі, патрабаваннямі, якія ў адпаведных пастановах і распараджэннях міністэрстваў, кіруючых у станоў і зямельных школьных законаў апісваюцца юрыдычнай формулай з дапамогай выразаў: «падручнікі могуць выкарыстоўвацца ў школах, калі ...», «адказнае міністэрства можа забараніць выкарыстаннне падручніка, калі ...», «падручнікі дапускаюцца міністэрствам, калі ...», «дазвол на выкарыстанне можа быць забраны, калі ...».

Законы аб школе («Schulgesetze») усіх Федэральных земляў абавязкова ўказваюць на тое, што школьныя падручнікі не павінны ўваходзіць у супярэчнасць з Канстытуцыяй і астатнімі законамі, адпавядаць дыдактычным патрабаванням, навучальным планам і эканамічным разлікам. Апошнім часам у школьных законах некаторых земляў паглыблены раздзелы, дзе патрабуецца належная ўвага гендэрнаму фактару і тэкстуальным акцэнтам у апісаннях расава-рэлігійных адметнасцяў пэўных груп грамадзян.

Акрамя зямлі Райнланд-Пфальц у заканадаўчых актах усіх федэральных адміністрацый апісваецца, якім павінен быць падручнік:

- друкаваны, у цвёрдым пераплёце (як правіла), для кожнага вучня;
- з дызайнам, арыентаваным на спецыфіку прадмета;
- для аднаго прадмета або з міжпрадметным зместам;
- арыентаваны на навучальны план або стандарт;
- з пэўнымі мэтамі, кампетэнцыямі і зместам;
- разлічаны паводле матэрыялу на поўны навучальны год або семестр (паўгода);
- як галоўны навучальны сродак.

Як падручнікі (з усімі далейшымі патрабаваннямі) разглядаюцца таксама атласы і зборнікі тэкстаў. Электронныя навучальныя сродкі не кваліфікуюцца як падручнікі. Слоўнікі, граматыкі замежных моў і зборнікі формулаў могуць часткова кваліфікавацца як падручнікі і тады падлягаюць працэдуры допуску.

Без спецыяльнага допуску ў некаторых землях дазваляецца карыстанне кнігамі ў пачатковых класах, падручнікамі для прафесійнага навучання, у спецшколах з малой колькасцю навучэнцаў (з абмежаваннем паводле зроку, слыху і агульнага развіцця). У Саксоніі вызвалены ад працэдуры допуску падручнікі па сорбскай мове (так у немцаў называюць нацыянальную меншасць серба-лужычан).

Калі падручнікі і рабочыя сшыткі не падлягаюць працэдуры допуску, маецца на ўвазе, што ў іх не павінна быць значных адхіленняў ад агульнапрынятых патрабаванняў.

З улікам геаграфічнай спецыфікі рэгіёнаў і складу насельніцтва, змест падручнікаў па розных федэральных землях можа адрознівацца і канкрэтызавацца праз дадатковыя рэгіянальныя матэрыялы: адказнасць багатых краін перад бяднейшымі, профарыентацыя мясцовага насельніцтва, бізнэс і рэгіянальны крос-маркетынг, гендэрны фактар ў прыватным бізнесе і г. д.

За допуск школьных падручнікаў да друку і выкарыстанне ў навучальным працэсе ў розных землях адказваюць міністэрствы культуры або спецыяльныя педагагічныя даследчыя установы. У чатырох землях строга сфармуляваная працэдура допуску адсутнічае. Ніжэй падаецца карта, дзе пазначаны носьбіты кампетэнцыі допуску (цёмны круг – міністэрствы, ромбікі – даследчыя інстытуты, пусты круг – адсутнасць апісанай працэдуры, даданая зорачка – ідзе працэс удасканалення). Карта адпавядае стану на студзень 2010 г. 

Як бачна, кампетэнцыі размеркаваліся наступным чынам: міністэрствы кіруюць гэтым працэсам у Баварыі, Паўночным Рэйне-Вестфалія, у Гесэне і Цюрынгіі. У Бадэн-Вюртэмбергу – Зямельны інстытут школьнага развіцця, у Брэмене – Зямельны інстытут па школьных справах, у Ніжняй Саксоніі – Зямельны інстытут удасканалення і перападрыхтоўкі настаўнікаў і спецыялістаў па сродках навучання, у Саксоніі – Дзяржаўны інстытут адукацыі і школьніцтва (паводле гістарычнай традыцыі Саксонія, як і Баварыя, лічацца дэ-юрэ «дзяржавамі»). У Шлезвіг-Гольштэйне да 2008/2009 г. допуск адбываўся праз міністэрства пасля адпаведнага кантролю Зямельным інстытутам практыкі і тэорыі ўладкавання школьніцтва. Такім чынам, кантроль і допуск арганізацыйна раздзяляліся.

Змест падручнікаў і выкладанне рэлігіі як прадмета каардынуецца звычайна з адпаведнымі рэлігійнымі абшчынамі. Вучням, якія не хочуць вывучаць рэлігію, даюцца ўрокі этыкі.

У некаторых землях па асобных прадметах можа практыкавацца так званы спрошчаны допуск, калі прызнаецца дастатковым пісьмовае сведчанне выдавецтва, што падручнік адпавядае агульнапрынятым патрабаванням.

ПРАЦЭДУРА ДОПУСКУ ПРАЗ МІНІСТЭРСТВА

(на прыкладзе Баварыі)

Адказнае міністэрства – адукацыі. Баварская сістэма кантролю – бадай, самая аб’ёмная. Асноўныя палажэнні выкладзены ў Законе аб выхаванні і выкладанні школьных прадметаў, дзе выдзяляюцца сродкі выкладання і навучання, а таксама фармулююцца правілы допуску падручнікаў, рабочых сшыткаў і рабочых фармуляраў. Закон дазваляе міністэрству выдаваць дадатковыя пастановы для кантролю і допуску падручнікаў.

Калі якое-небудзь выдавецтва хоча выпусціць на кніжны рынак новы падручнік, яно падае пісьмовую заяву на допуск. У заяве называецца прадмет і ўзроставая група для адпаведнага тыпу школы. Да заявы прыкладаюцца два кантрольныя экземпляры падручніка. Калі падручнік можа выкарыстоўвацца ў розных тыпах школ, для кожнага тыпу прыкладаюцца па два экземпляры. У якасці кантрольных прымаюцца «надрукаваныя экземпляры навучальнага дапаможніка» або поўныя (з усімі дадаткамі) і збрашураваныя рукапісы з прадугледжанымі каляровымі ілюстрацыямі, калі дадзеные выданне не павінна быць выканана ў чорна-белым фармаце.

ЯК ПРАЦУЮЦЬ РЭЦЭНЗЕНТЫ?

Пасля прагляду ў міністэрстве дасланых папер на камплектнасць і першай ацэнкі знешняга выгляду кантрольных экземпляраў падручнікаў пачынаецца працэс экспертызы. З «пулу экспертаў», які міністэрства мае для кожнага прадмета, выбіраюцца два спецыялісты з выключна высокай падрыхтоўкай. Як правіла, выбіраюцца эксперты рознага ўзросту з розных частак Баварыі, якія, акрамя навуковай кваліфікацыі, маюць досвед практычнага выкладання. Экспертам прапаноўваецца змешчаны ў інтэрнэце (даступны для ўсіх зацікаўленых) на сайце міністэрства каталог з назвай «Крытэрыі для экспертнай ацэнкі навучальных сродкаў» (Kriterien zur Begutachtung von Lernmittel) памерам на 13 старонак. Яшчэ на гэтым жа сайце побач ёсць дадатковыя тлумачэнні і патрабаванні для асобных прадметаў і пэўных тыпаў школ (27 – 28 старонак). Актуальная версія патрабаванняў адпавядае ранейшай, можа быць толькі трохі дапрацаванай. Апошнім часам з’явілася патрабаванне, каб рэцэнзенты не давалі занадта навуковых заўваг на адрас выдавецтва і аўтараў, а строга прытрымліваліся рэкамендацый каталога.

У каталозе фармулююцца асноўныя прынцыпы, фармальныя патрабаванні для афармлення, аспекты, звязаныя з аб’ёмамі і зместам навучальных планаў, а таксама звяртаецца ўвага на тое, каб у падручніку не было элементаў рэкламы. Па асобных пунктах каталог утрымлівае патрабаванні, сфармуляваныя ў форме «падручнік павінен ...», аднак у ім звяртаецца ўвага на тое, што рэцэнзент мусіць кіравацца «здаровым сэнсам» і катэгорыямі «прыдатнасць», «адпведнасць» і г. д. Тут рэцэнзент шмат што вырашае сам. Патрабаванні каталога больш скіраваныя на спецыфіку прадмета, аднак яны не ціснуць на агульны падыход эксперта, каб атрымаць «інтэрсуб’ектыўныя параўнальныя ацэнкі». І гэта якраз можа стаць крыніцай разыходжанняў паміж рэцэнзентамі і паміж выдавецтвам і аўтарам, якія ўжо ў сваіх папярэдніх кантактах прыйшлі да пэўнага разумення асобных праблемаў. Усе недахопы з пункту гледжання розных бакоў павінны быць запратакаляваны і абгрунтаваны, каб потым быць узгодненымі і папраўленымі.


Табліца «Працэдура допуску падручнікаў да друку ў Баварыі»

Рэцэнзентам даецца шэсць тыдняў, каб падрыхтаваць заключэнне аб’ёмам 10–20 старонак. У канцы рэцэнзіі павінна быць змешчана заключэнне пра допуск. Калі заключэнне станоўчае, эксперт можа адзначыць, што публікацыя магчымая ў пэўныя тэрміны пры ўмове выпраўлення неістотных недахопаў. Як неістотныя называюцца такія, напрыклад, як: выкрэсліванне без замены пэўных сказаў, скарачэнне без замены пэўных ілюстрацый, выкіданне пэўных абзацаў, замена некаторых тэкставых пасажаў на ўжо раней вядомыя і г. д.
Ганарары рэцэнзентам аплочваюцца за кошт выдавецтваў.

На аснове заключэння экспертаў міністэрства прымае рашэнне. Крытычныя заўвагі экспертаў аналізуюцца. Пры разыходжанні ацэнак міністэрства прымае сваё рашэнне. На адрас выдавецтва можа быць складзены спіс заўваг рэцэнзентаў (ананімна) і дадатковых заўваг міністэрства для правак перад друкам.

Калі ўсе неабходныя змены зроблены і ўсе сумненні зняты, падручнік дапускаецца да друку. Пры гэтым на сайце Міністэрства адукацыі і культуры сярод іншых наяўных змяшчаецца інфармацыя пра новы дапушчаны падручнік. Калі па нейкіх прычынах падручнік знікае пазней са спісу сайта, дазвол лічыцца скасаваным. Пакуль назва пэўнага падручніка застаецца на сайце, ён можа выкарыстоўвацца, пакуль не «зносіцца». Магчымыя далейшыя перавыданні падручніка. Звычайна гэта адбываецца праз 5 гадоў. Пры перавыданнях абавязкова ўлічваюцца магчымыя змены, звязаныя з заўвагамі педагогаў-практыкаў ці іншымі фактарамі. Натуральна, змены ўносяцца, калі мяняюцца праграмы. Змены зместу даводзяцца да выдавецтва за 6 месяцаў.

Працэдура допуску падручнікаў, якой кіруюць даследчыя педагагічныя цэнтры ці інстытуты, мала чым адрозніваецца ад вышэй апісанай баварскай. што курыруецца міністэрствам. У Паўночным Рэйне-Вестфаліі быў адзінкавы выпадак, калі допускам займалася спецыяльная камісія, утвораная ў 1972 г. пад кіраўніцтвам Георга Экерта. У камісію ўваходзілі 20 экспертаў (вучоныя і настаўнікі-практыкі). Яны займаліся выключна аналізам зместу падручнікаў па гісторыі. Пазней камісія перадала свае кампетэнцыі педагагічнаму даследчаму цэнтру.

У другой частцы публікацыі пра «нараджэнне» школьных падручнікаў у Германіі вядзецца пра досвед Федэральнай зямлі Берлін, дзе гарадскі сенат цалкам перадаў кампетэнцыю экспертызы і выбару падручнікаў прадметным метадычным аб’яднанням і нарадам кіраўнікоў школ, якія ўлічваюць меркаванні настаўнікаў-практыкаў і бацькоўскіх камітэтаў.

На заключэнне ідзе кароткі агляд дыскусійных пытанняў у асяродку нямецкіх настаўнікаў па закранутай тэме і дадзены спіс перыядычных выданняў ФРГ, дзе абмяркоўваюцца праблемы падручнікаў. Большасць дыскутантаў схіляецца да думкі. што залішняя цэнтралізацыя становіцца тормазам для развіцця інавацый і эўрыстычнага мыслення навучэнцаў.

***

Увогуле, цікаўным раім смялей уключацца ў інтэрнэт-пошук, набіраючы ключавыя словы на вядомых вам мовах па тэме «Допуск падручнікаў». Па-нямецку гэтае слова – Schulbuchzulassung. Па-англійску – Schoolbook Authorization ці Textbook Authorization. Пры першай спробе англійскага пошуку вы адразу выйдзеце, напрыклад, на назву «Textbook Authorization System in the Republic of Korea». Паўднёвая Карэя, ці проста Карэя, – на сённяшні дзень адна з самых перадавых краін свету паводле школьнай ды універсітэцкай адукацыі. Неўзабаве яна, пэўна, перагоніць найлепшыя ўніверсітэты Брытаніі. Па-французску можна набраць ключавыя словы «Autorisation de livres de classe dans + назва краіны па-французску» і атрымаць цікавую інфармацыю. Французы кажуць: «Падручнікі гісторыі ствараюць народ». У французаў добрыя школьныя падручнікі.

ЧАСТКА ІІ

Як настаўнікі самі рэцэнзуюць і выбіраюць падручнікі (берлінскі досвед)

У Федэральнай зямлі Берлін гарадскі сенат перадаў цалкам кампетэнцыю экспертызы і выбару падручнікаў прадметным метадычным аб’яднанням і нарадам кіраўнікоў школ, якія ўлічваюць меркаванні настаўнікаў-практыкаў і бацькоўскіх камітэтаў. Гэта адбылося ў 2008 г. 

За Берлінам да гэтага працэсу далучыліся Заарланд і Шлезві

г-Гольштэйн. Прадметнае метадычнае аб’яднанне і дырэктар школы пакідаюць настаўнікам права самім выбіраць падручнік. Паколькі падручнікі бясплатныя, то трэба ўкладацца ў пэўны ліміт. У «Законе аб школе», які прымаецца зямельным сенатам, настаўнік-прадметнік мае права, паводле прынцыпу «мультыперспектыўнасці», сам уносіць пэўныя ўдакладненні і пашыраць падразглядную праграмную праблематыку. Пры прыняцці рашэння аб выбары таго ці іншага падручніка, акрамя думкі дырэктара, прадметнай камісіі ды настаўніка, улічваецца і меркаванне вучняў (пачынаючы з 8-га класа), якое фармулюецца «спікерам класа» (Klassensprecher).

У невялічкай зямлі Заарланд, абмежаванай у сваіх фінансавых магчымасцях, дазваляецца карыстацца падручнікамі, выдадзенымі ў суседніх Федэральных землях, натуральна, з захаваннем адпаведных прававых нормаў. У некаторых выпадках (пры адпаведнай кваліфікацыі) настаўнік мае права працаваць увогуле без падручніка. Галоўнае – «вынік на выхадзе».

Абраны падручнік, аднак, павінен абавязкова:
- не пярэчыць агульным прававым нормам,
- адпавядаць мэтам, зместам і стандартам рамачных навучальных планаў,
- карэктна суадносіцца з метадычнымі і дыдактычнымі педагагічнымі патрабаваннямі,
- быць на ўзроўні дасягненняў сучаснай навукі і не ўтрымліваць памылак у прадметных апісаннях,
- не спрыяць гендэрным, рэлігійным і расавым узрушэнням.

Мультыперспектыўнасць : падручнік, настаўнік, вучань (з уласнага досведу аўтара)

У першай частцы нашай публікацыі пра нямецкія школьныя падручнікі ўжо адзначалася, што адным з галоўных патрабаванняў да кожнай новай кнігі з’яўляецца прынцып так званай мультыперспектыўнасці, які чырвонай ніткай праходзіць праз усе ўзроўні, пачынаючы ад тых, якімі займаюцца вучоныя-канфліктолагі, што складаюць, напрыклад, мадэлі сумесных падручнікаў гісторыі з іншымі краінамі, і да метадычна-дыдактычнага выкладу матэрыялу, які б праграмаваў і стымуляваў розныя пункты погляду навучэнцаў на падразглядныя праблемы.

Супрацоўнічаючы на працягу пяці гадоў (1997 – 2001) з Інстытутам Георга Экерта, я меў магчымасць назіраць за практычнымі заняткамі (семінарамі) па грамадазанаўстве, гісторыі ды эканамічнай геаграфіі ў выпускных класах гімназій, навучэнцы якіх мелі намер займацца ва ўніверсітэтах. Пэўным недахопам гэтых наведванняў было тое, што ўсё ж кіраўніцтва школы і настаўнікі былі праінфармаваныя пра магчымы візіт стажораў і аўтараў з ГЭІ. Апішу толькі адны семінарскія заняткі (два спараныя ўрокі) у 12-м класе гарадской гімназіі па інтэграванай тэме «Шляхі мінімізацыі беспрацоўя» ў невялікім гарадку Хаген, што недалёка ад Дортмунда і Бохума. Варта адзначыць, што гэтыя заняткі я наведаў зусім выпадкова. Ні настаўнік, ні дырэктар не ведалі, што на ўроку будзе нейкі госць. Па маёй просьбе ў гімназію мяне прывяла загадчыца прыватнай юрыдычнай канторы, якая ўзначальвала мясцовае партнёрскае таварыства «Хаген – Пінск», дзе я, як былы амбасадар, выступаў з лекцыяй пра Беларусь.

Цікава, што адразу была дадзена згода на наведанне без усялякіх пытанняў. Наадварот, настаўнік узрадваўся: «Я і Вас выкарыстаю: раскажаце, як змагаюцца з беспрацоўем пры рынкавым сацыялізме з пераважнай дзяржаўнай уласнасцю». Быў 1998 год.

Знешнія ўражанні: на парковачнай пляцоўцы для навучэнцаў гімназіі (для настаўнікаў была асобная) было дзясяткі два машын. Прыязджаюць і дзеці з наваколля. Сцены галоўнага фае зроблены як бы з гумы, лёгка праціраюцца. Гардэроб у класе. У кутку нешта накшталт буфета. Вучні сядзяць за сталамі. На сталах мінеральная вада, ноўтбукі, дыктафоны, нават – шалікі, кофты. Не пытаючыся дазволу, некалькі вучняў выходзілі на кароткі час з класу. Клас невялікі – 14 чалавек.

Па тэме настаўнік загадзя даў спіс літаратуры і тэматычны матэрыял: праграма мінімізацыі беспрацоўя Федэральнага ўраду, Саюзу германскіх прафсаюзаў і фірмы «Фольксваген». Сярод спісу рэкамендаванай літаратуры была і англамоўная. Памятаю, было нешта з ключавым словам «кейнзіянства», дзе гаварылася пра ўнутраны рынак спажывання, грашовую масу і памер выплатаў для беспрацоўных. Быў дадзены план крытычнага разбору з абавязковым уласным рэзюмэ. Пытанні размяркоўваліся загадзя. Вялі семінар два мадэратары-вучні. Адзін рэпрэзентаваў хрысціянскіх дэмакратаў (кіруючая партыя), другі – сацыял-дэмакратаў (апазіцыя). Пасля трох 10-хвілінных паведамленняў адбылася дыскусія. Такі маленькі парламент. Уражанне выдатнае. Дыскусія вялася лагічна: тэзіс – антытэзіс – тэзіс. Цытаванне апанентаў. Настаўнік умешваўся толькі некалькі разоў кароткімі рэплікамі. Цікава, што некаторыя дзеці з не вельмі заможных сем’яў ( даведаўся пра гэта пазней) выступалі шчыра і эмацыйна як правыя кансерватары. Тады, у канцы 90-х, і «хадэкі» яшчэ не пазіцыянавалі сябе як «правыя цэнтрысты».

Прынцып «мультыперспектыўнасці» быў закладзены і ў адпаведным раздзеле падручніка па грамадазнаўстве, які называўся «Politik» (з дадаткам задач-пытанняў), і ў тэкстах праграмаў ураду, прафсаюзаў і паспяховай фірмы. У дыскусіі было выказана шмат цікавых заўваг. Двое вучняў незапланавана рабілі спасылкі на праграму Маргарэт Тэтчэр. У канцы настаўнік зрабіў рэзюмэ. Адзнакі выступоўцам выстаўляліся калектыўным галасаваннем. Настаўнік меў два галасы. Пыталіся і маю думку. Выступіць і расказаць пра Беларусь я не паспеў. Запрасіў гімнзістаў на гутарку ўвечары ў ратушу. Некалькі мясцовых прыйшлі і задавалі пытанні.

Дыскусіі навукоўцаў, настаўнікаў і рэцэнзентаў

Аб праблемах допуску падручнікаў вядзецца шмат спрэчак на метадычным і палітычным узроўнях.

Input- і Outputmodell

Паколькі апошнім часам, паводле прынцыпаў PISA, прыярытэт аддаецца «выніку на выхадзе» (Output-Modell), замест ранейшых патрабаванняў строгага кантролю навучальнага працэсу на «ўводзе» (Input-Modell), можна меркаваць, што ў бліжэйшы час нельга чакаць узмацнення цэнтралізаванага кантролю пры допусках падручнікаў.

Крытыка дзяржаўнага кантролю за падручнікамі такая ж старая, як сам гэты працэс. Пачынаючы з прускага рэфарматара адукацыйных працэсаў Ёгана Вільгельма Зювэрна (Johann Wilhelm Süvern, 1813/1814), цэнтралізацыю гэтай справы кляймяць як тормаз інавацый і развіцця эўрыстычнага мыслення навучэнцаў у практычным выкладанні. Прыхільнікі дзяржаўнага кантролю прыводзілі і прыводзяць як контраргумент некаторыя факты з’яўлення на рынку падручнікаў няякасных танных выданняў, што дыктуецца чыста грашовымі меркаваннямі. Пры гэтым, як сцвярджаюць «дзяржаўнікі», выдавецтвы, якія маюць добрыя стасункі з уладнымі структурамі, часта заплюшчваюць вочы на групавыя інтарэсы аўтараў, рэцэнзентаў і выдаўцоў.

Разам з фундаментальнай крытыкай цэнтралізацыі ёсць яшчэ адзін дыскусійны аспект праблемы, які не вынікае з кантрольнага працэсу як такога, а тычыцца так званых рэкамендаваных «пазітыўных каталогаў» патрабаванняў да новага падручніка. Многія аўтары і выдаўцы называюць кашмарам нярэдкі «фатальны начальніцка-дзяржаўны закасцянелы максімалізм», які патрабуе бязмежнага ўдасканалення паводле гэтага «пазітыўнага каталогу». Яны лічаць, што павінен быць уведзены «негатыўны каталог», у якім павінны быць сфармулявана тое, што недапушчальна. Усё астатняе павінна быць дазволена, калі яно пакрывае праграмны змест. Інакш «інстанцыя, якая фармулюе патрабаванні» будзе бязмежна «купацца ў сваёй вучонасці». Гэтая дыскусія шырока асвятлялася на старонках часопіса «Гісторыя ў навуцы і выкладанні» («Geschichte in Wissenschaft und Unterricht»).

Свабоднае спаборніцтва супраць групавога канфармізму

У 1998 годзе гэты часопіс прысвяціў тэматычны выпуск праблеме ўзважанай арганізацыі працэсу допуску падручнікаў. Адным з ініцыятараў дыскусі быў вядомы аўтар падручнікаў гісторыі Ёахім Рольфэс (Joachim Rohlfes). Ён падзяліўся сваім багатым – у тым ліку і значным негатыўным – досведам назірання за працэсам рэцэнзавання міністэрскімі «пуламі» новых падручнікаў. Паводле ягонага меркавання, міністэрскія рэцэнзенты застаюцца дэ-факта «адзінай інстанцыяй», а не «незалежнай калегіяй». Гэтая «адзіная інстанцыя» працуе за зачыненымі дзвярыма і робіць немагчымым публічны дыскурс з удзелам навуковай супольнасці. Закрытая праца спрыяе нецярпімасці адносна нават дробных адхіленняў ад «ідэальных уяўленняў пра бездакорны падручнік», які мае ў сваім уяўленні абраная карпарацыя рэцэнзентаў. Больш за тое, пры такой сітуацыі манапалізуецца права своеасаблівага ўласнага разумення «палітычнай карэктнасці» ў сферы гуманістыкі і грамадскіх дысцыплін. «У руках прыдзірлівых, гіперкрытычных рэцэнзентаў з іхнымі суб’ектыўнымі ўяўленнямі, якія яны фармулююць, кіруючыся вельмі агульнымі крытэрамі з каталогаў, права негатыўнага вердыкту дазваляе ім «расстраляць» любы новы праект», – лічыць аўтар некалькіх падручнікаў гісторыі Ёахім Рольфэс. На ягоную думку, адзінае выйсце выбраць добры падручнік – свабоднае спаборніцтва праз адкрыты выбар кампетэнтнай настаўніцкай калегіі.

Такім чынам, альтэрнатывай жорсткаму цэнтралізаванаму кантролю выстаўляецца прынцып адпаведнасці магчымага «негатыўнага каталогу»: «Падручнікі дапускаюцца, калі яны не ўступаюць у супярэчанне з тымі або іншымі пунктамі».

Федэралізм і фінансавыя магчымасці

Дыскусіі сярод навукоўцаў, настаўнікаў, выдаўцоў і датычных да справы чыноўнікаў федэральнага ды зямельнага ўзроўняў не заўсёды ўлічваюць фінансавы стан пэўнай тэрыторыі. Падобна на тое, што бальшыня насельніцтва, як бацькі і падаткаплацельшчыкі, згодная паступіцца зямельнай спецыфікай і карыстацца абменам падручнікамі з суседнімі землямі, калі гэта менш затратна, чым рабіць новы падручнік дома. Так, былая міністарка культуры зямлі Бадэн-Вюртэмберг спн. Шаван, якая ў свой час выступала за зямельную спецыфіку, стаўшы федэральным міністрам адукацыі, у сітуацыі недахопу федэральных сродкаў пачала ў 2007 годзе схіляцца да магчымасці ўводу адзіных падручнікаў для ўсёй Германіі. Ва ўсялякім разе, яна настойвала на адзіных падручніках, напрыклад, па матэматыцы, дзе адукацыйныя стандарты ва ўсіх землях абсалютна супадаюць. Аднак не заўсёды была пачутая. Гэтыя дыскусіі звычайна праходзяць у мёртвы інфармацыйны сезон і толькі «затыкаюць летнія дзіркі» ў сродках масавай інфармацыі», мала на што ўплываючы.

Уважлівае назіранне за дыскусіямі паказвае таксама, што шматлікія працэдуры кантролю не заўсёды гарантуюць высокую якасць прадукту. Так, у 2007 годзе спецыяльная кампетэнтная камісія у рамках Фонду «Таварны тэст» правяла праверку якасці некаторых школьных падручнікаў, што падлягалі раней строгаму допуску. Вынікі аказаліся амаль разгромнымі. Маніторылася дыдактычная якасць і наяўнасць фактычных памылак. Важна адзначыць: некаторыя інспектары менш зважалі на прадметныя хібы, чым на так званыя «перспектывы выкладу матэрыялу» (параўнанне, кантраст, эмацыянальнае, рацыянальнае і г.д. ) і даступнасць выкладу, пры якім змяншаецца колькасць складаных тлумачэнняў. У выніку: тыя «скандальныя» факты аб практычных памылках, што канстатаваліся грамадскасцю, атрымаліся ўжо не такія страшныя. Галоўная крытыка скіравалася на дыдактычныя хібы. Гэты факт сведчыць пра тое, што ні рэцэнзенты (настаўнікі-прадметнікі), ні аўтары падручнікаў (таксама часта настаўнікі), ні рэдактары не ў стане сфармаваць ідэальнае бачанне раскрыцця тэмы ў патрэбным аб’ёме як «эксперты». Гэта дае права заключыць: абсалютна беззаганны падручнік – гэта толькі ідэальная мара. Да гэтага можна наблізіцца, толькі ўвёўшы ў працэс рэцэнзавання і вытворчасці спецыяльных экспертаў. Аднак і яны могуць не справіцца з задачай скарачэння складанасцяў пры тлумачэннях пэўных раздзелаў. Прыцягненне спецыяльных экспертаў нясе з сабой новыя выдаткі. Падручнік без памылак, відавочна застанецца асімптотай, прамой лініяй, якая набліжаецца да бясконцай крывой, не маючы шанцаў яе дагнаць.

Германія ў кантэксце міжнародных рэкамендацый па допуску падручнікаў

(Вытрымкі з артыкула былога дырэктара ГЭІ праф. Фалька Пінгеля. Паводле «Дакументацыі нарады навукоўцаў і адказных за выпуск падручнікаў». Нарада адбылася у Штробле-на-Вольфгангзее 6 – 7.12.1999 г. у Аўстрыі)

Мэта рэцэнзавання школьных падручнікаў, паводле азначэння пазітыўная, на жаль часта трактуецца экспертамі, аўтарамі і грамадскасцю як нейкі бар’ер, што перашкаджае інавацыям. Наадварот: яна стымулюе і забяспечвае якасць агульнай адукацыі. Скепсіс праціўнікаў дзяржаўнага кантролю базуецца на стэрэатыпным недаверы да дзяржаўных органаў. Аднак я магу прывесці дадзеныя па розных краінах, дзе яскрава відаць, што гэты кантроль уплывае значна менш на якасць падручнікаў, чым агульны палітычны клімат краіны. У Вялікабрытаніі, напрыклад, дзе сістэма кантролю ўвогуле адсутнічае, дзе настаўнікі абсалютна свабодныя ў выбары, дзе нямецкая сістэма здаецца строгай патэрналісцкай, можна толькі ўмоўна гаварыць пра большы аб’ём прапановаў на рынку падручнікаў. Аўстрыйская сістэма допуску падручнікаў падобная на нямецкую. Ёсць краіны, дзе ўсе школы карыстаюцца адзінымі падручнікамі, якія да таго ж выпускаюцца выдавецтвамі, падначаленымі дзяржаве. Паводле метадычных прынцыпаў і зместавай структуры нямецкія падручнікі можна без вялікіх агаворак параўноўваць з італьянскімі, хаця там працэс допуску праводзіцца даволі груба – арыентуюцца толькі на праграмны змест і на асноўныя каштоўнасці Канстытуцыі. Падобна выглядае сітуацыя і ў Францыі, дзе існуе свабодны рынак падручнікаў. Аднак там пэўная аднастайнасць зыходзіць з выдавецтваў, дзе існуе традыцыя пэўнай паслядоўнасці раздзелаў і аднолькавых методык у кніжных серыях.

Сістэмы розныя – вынікі блізкія

Як растлумачыць, што вынікі ў розных сістэмах допуску адрозніваюцца няшмат? Спосабы рэцэнзавання менш аказваюць уплыву на кніжны рынак, чым тое значэнне, якое надаецца падручніку настаўнікам, бацькамі і ўвогуле грамадскасцю. Я тут маю на ўвазе гуманістыку, напрыклад, падручнікі па гісторыі. Важна ўлічваць, ці абмяркоўваюцца ў грамадстве тэмы, якія вучні вывучаюць паводле праграмы, і як пабудавана выхаваўчая сістэма, – рэгіянальна, федэратыўна або кіруецца з цэнтру. Цікавы ў гэтым сэнсе досвед ЗША, дзе перакрыжоўваюцца розныя сістэмы. У асобных штатах настаўнікі абсалютна вольныя ў сваім выбары, у іншых – кантралююцца вельмі ўважліва грамадскасцю. У адрозненне ад Аўстрыі і Германіі, дзе ў працэсе задзейнічаны міністэрствы, выдавецтвы і рэцэнзенты, у ЗША сваё слова гавораць так званыя «групы ўплыву» – прафсаюзы, царква і бацькоўскія камітэты. Далікатныя тэмы, як, напрыклад, гісторыя ЗША і ўсясветная гісторыя, гендэрная палітыка, палітыка іміграцыі ды інш., дыскутуюцца вельмі глыбока, каб прыйсці да ўзважанага варыянту. Пры такім падыходзе на рынак выходзіць няшмат падручнікаў, часам нават усяго адзін. Пры гэтым пэўныя выдавецтвы атрымліваюць выдатныя шансы зарабіць вялікія грошы. Натуральна, у найбольш выйгрышным становішчы часцей за ўсё аказваюцца два найбольш вялікія штаты – Тэхас і Каліфорнія.

У Германіі «групы зацікаўленых» уступаюць у гульню не як правіла, а толькі тады, калі нешта не задавальняе пэўных удзельнікаў працэсу і праз медыі выходзіць ў грамадскасць.

У Англіі з часу з’яўлення «National Curriculum» (дзяржаўныя праграмы навучання для школ) назіраецца адчувальны неафіцыйны ціск на школьныя выдавецтвы з мэтай дасягнення агульнай згоды. Тут няма спецыяльнай установы, якая адказвае за допуск, аднак «School Curriculum und Assessment Authority» («Упраўленне школьных праграм і кантролю») час ад часу дае сваю ацэнку пэўным падручнікам, каб дапамагчы настаўнікам выбраць кнігі, што найбольш адпавядаюць зместавым і метадычным патрабаванням навучальных праграм. Спачатку гэтыя рэкамендацыі выклікалі пэўны супраціў, але потым былі станоўча ацэненыя, бо дапамагалі будаваць у Англіі канкурэнтаздольную сістэму адукацыі ў параўнанні з астатнімі членамі ЕС. Станоўчую ролю для ўніфікацыі навучальнага працэсу і ў пэўным сэнсе зместу падручнікаў адыгралі створаныя «Examination Boards» (экзаменацыйныя рады), таму што яны сфармулявалі канкрэтна прадмет праверкі. Чым бліжэй заняткі набліжаюцца да экзамену, тым больш уважліва настаўнікі і вучні павінны канцэнтравацца на экзаменацыйных раздзелах, якія штогод вызначаюцца рэгіянальна арганізаванымі экзаменацыйнымі камісіямі. Экзаменацыйныя камісіі і рады такім чынам ставяць пэўныя рамкі свабоднаму выбару настаўніка.

У экзаменацыйныя рады ўваходзяць прадстаўнікі школ, універсітэтаў і рэгіянальных выхаваўчых установаў. У гэтых камісіях рэалізуецца інтэграцыя педагогікі, навукі і палітыкі. Такім чынам пры адсутнасці працэсу допуску падручнікаў у Англіі ўтварыліся інстытуцыянальныя каналы і неафіцыйныя шляхі ўплыву, якія прыводзяць да працэсу збліжэння.

Канешне, можна жыць і без працэсу допуску, як гэта робяць у Нідэрландах, але і там рынак падручнікаў не большы, чым у Германіі. Нідэрланды – маленькая краіна, тыражы там маленькія, і гэта вядзе да змяншэння шматстайнасці. Там, праўда, шмат хто з настаўнікаў працуе па копіях, зробленых з розных падручнікаў або ўласных распрацовак. Для гэтага не патрабуецца ніякага допуску. У Германіі велізарны рынак і федэралізацыя супрацьдзейнічаюць цэнтралізацыі. Аднак настаўнікі павінны стаяць пастаянна пад самакантролем, каб не пайсці супраць «духу» часу, не парушыць сістэму каштоўнасцей, прынятую ў грамадскасці і Канстытуцыі.

Некаторыя кароткія рэкамендацыі

• Настаўнікам з добрай навуковай падрыхтоўкай не забывацца, што матэрыял падручнікаў мае селектыўны характар. Трэба спыняць свае спакусы заглыбляцца ў навуку на ўроках. Для гэтага ёсць іншыя формы.

• Адрозніваць і размяжоўваць мову аўтараў падручнікаў і мову цытаваных крыніцаў. Тое ж тычыцца і фактаў. Калі мы цытуем дакументы нацыянал-сацыялізму, гэта не значыць, што мы распаўсюджваем гэтыя ідэі. Калі мы агучваем (часта тэндэнцыйную) статыстыку сацыяльна-палітычных сістэмаў, якія не адпавядаюць нашым каштоўнасцям, гэта не значыць, што мы пагаджаемся з гэтай статыстыкай.

• Не трэба баяцца даваць у падручніках па грамадазнаўстве супрацьлеглыя пункты погляду. Наадварот, гэта трэба рабіць. Вучань павінен толькі ўмець патлумачыць гэта сваімі словамі, а не паўтараць па-напісанаму. На жаль, пакуль толькі ў ЗША і некаторых краінах Еўропы падручнікі напісаны з захаваннем прынцыпу мультыперспектыўнасці і плюралізму. У краінах Усходняй Еўропы і ў шматлікіх нееўрапейскіх краінах падручнікі даюць закрытую карціну гісторыі сваіх дзяржаў, што мае на мэце выхаваць асобы з закасцянелым аднастайным поглядам на ўласную гісторыю. Трэба пазбягаць цытавання, вырванага з шырокага кантксту. Гэтым злоўжываюць таталітарныя сістэмы адукацыі.

Дадатак: прыкладны план аналізу падручніка

1. Агульныя аспекты
- структура школьнай сістэмы / праграм
- структура рынку падручнікаў
- працэдура допуску

2. Бібліяграфічныя дадзеныя
- назва, аўтар і г.д.
- адрасат (клас)
- тэрыторыя
- тып дапаможніка (падручнік, зборнік матэрыялаў і г.д.)
- рабочы канспект для настаўніка

3. Дыдактычная канцэпцыя / структура кнігі
- аўтарскае разуменне мэты
- мэты навучання
- аўтарскі тэкст
- ілюстрацыі / статыстыка / карты і г. д.
- крыніцы
- пастаноўка задач

4. Аналіз зместу (якасны, колькасны)
- дакладнасць фактаў і канстатацый
- актуальнасць
- тыповасць / рэпрэзэнтатыўнасць / адзінкавасць
- ступень дыферэнцыяцыі
- інтэрпрэтацыя фактаў

5. Перспектывы падачы матэрыялу
- праблематызацыя
- меркаванні і ацэнкі (экспліцытныя, імпліцытныя)
- падача матэрыялу: параўнальная / кантрастыўная
- рацыянальная / эмацыянальная