Прафесіяналы супраць ідэолагаў
Беларускія настаўнікі выказалі адкрытую нязгоду з пазіцыяй галоўнага ідэолага Анатоля Рубінава. 4 красавіка 2008 г. на сайце міністэрства адукацыі з'явіўся ліст настаўнікаў пад назвай «Пачуйце настаўніка», які пачынаецца наступнымі словамі: " Артыкул А. Рубінава “Педагагічны сверб рэфарматарства” (“СБ. Беларусь сегодня", 6 сакавіка 2008 г) выклікаў вялікі рэзананс у настаўніцкім асяроддзі. Адзін толькі загаловак сцебануў сваёй іранічнасцю, безапеляцыйнасцю і акадэмічнай самаўпэўненасцю."
У лісце, у прыватнасці, зазначаецца: «Пераход да 12–гадовай сярэдняй адукацыі адпавядае сусветным падыходам і з'яўляецца лагічна абгрунтаваным этапам развіцця сістэмы адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь.»
Бароняць прафесіяналы і профільнае навучанне: «Пераход старэйшай школы на профільнае навучанне, на наш погляд, з'яўляецца прагрэсіўным крокам у развіцці адукацыі краіны. І няслушна, што профільнае навучанне “панізіць узровень сярэдняй адукацыі". Вучні, якія будуць навучацца ў старэйшай школе, атрымаюць поўны аб'ём ведаў па ўсіх базавых прадметах і дадатковыя веды па профільных. І найважнейшае: профільнае навучанне дазваляе ім самавызначыцца ў выбары прафесійнай будучыні. Пры гэтым прадугледжаная магчымасць змены профіля.
Пераход старэйшай школы на профільнае навучанне, на наш погляд, з'яўляецца прагрэсіўным крокам у развіцці адукацыі краіны. І няслушна, што профільнае навучанне “панізіць узровень сярэдняй адукацыі”. Значныя перспектывы мае выкарыстанне тэхналагічнага профіля, які дазваляе атрыманне спецыяльнасці па сканчэнні сярэдняй школы”.
Прафесіяналы зазначаюць, што праблема, паднятая ў нашумелым артыкуле, неактуальная для настаўнікаў – непасрэдных выканаўцаў навучальнага працэсу: «Сярод калегаў яна выклікала неадкладную рэакцыю – не перашкаджайце працаваць! Дайце рэалізаваць тое, што было задумана, не эксперыментуйце на сотнях тысяч вучняў у які раз. І над намі таксама.»
Напрыканцы аўтары адзначылі, што «публічнае абмеркаванне праблем адукацыі зараз вядзецца хутчэй на эмацыйным, а не на прафесійным узроўні. Прафесійна ж навучаннем дзяцей займаюцца толькі педагогі. І якасць адукацыі ў нашай дзяржаве не ў апошнюю чаргу вызначаецца прэстыжам настаўніцкай працы і стаўленнем грамадства да настаўніка, увагай да яго меркавання, а не толькі да меркаванняў уладатрымальнікаў".
Падпісалі ліст пераможцы і лаўрэаты Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў Рэспублікі Беларусь “Настаўнік года” 2001—2006 гг.:
Клявец Ірына Рамуальдаўна – настаўнік біялогіі гімназіі № 4 г.Смаргоні Гарадзенскай вобласці,
Шпетны Вадзім Паўлавіч – намеснік дырэктара, настаўнік геаграфіі Ланскай сярэдняй школы Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці,
Амбрушкевіч Таццяна Львоўна – настаўнік рускай мовы гімназіі г.Асіповічы Магілёўскай вобласці,
Шчасновіч Вольга Анатольеўна – настаўнік інфарматыкі Варатынскай сярэдняй школы Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці,
Мацкевіч Дзмітрый Генадзевіч – настаўнік матэматыкі Браслаўскай гімназіі Віцебскай вобласці,
Гузаў Віталь Васільевіч – настаўнік працоўнага навучання сярэдняй школы № 13 г.Жлобіна Гомельскай вобласці,
Клунін Алег Аляксандравіч – настаўнік выяўленчага мастацтва і ОМХК сярэдняй школы № 27 г.Брэста,
Рылко Іна Міхайлаўна – настаўнік хіміі гімназіі г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці,
Вінаградава Зоя Яўгенаўна – настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 1 г.Лагойска Мінскай вобласці,
Карніцкая Гелена Валянцінаўна – настаўнік замежнай мовы Наваполацкай гімназіі Віцебскай вобласці,
Сташалеўская Вікторыя Эдуардаўна – настаўнік пачатковых класаў сярэдняй школы № 11 г.Мазыра Гомельскай вобласці.
PS. Nastaunik.info раіць пачытаць водгукі калегаў на нашумелы артыкул Рубінава на сайце газеты СБ-Беларусь сегодня.