Што робіць школы паспяховымі: даследаванні PISA 2012

08.03.2014

PISA лічыцца самым аўтарытэтным даследаваннем якасці сярэдняй адукацыі ў свеце. 

Нагадваем, што РISA даследуе падрыхтоўку 15-гадовых школьнікаў да самастойнага жыцця, наколькі яны могуць карыстацца набытымі ў школе ведамі і ўменнямі. Аднак мэта даследавання – не параўнанне выпускнікоў, а ацэнка эфектыўнасці адукацыйных сістэм і адукацыйнай палітыкі розных краін свету. Тэсты праходзяць тынэйджары, а высновы робяцца пра адукацыйныя стандарты і працу міністраў адукацыі. Можа менавіта з гэтай прычыны беларускія адукацыйныя ўлады выступаюць супраць удзелу Беларусі ў гэтым даследаванні? 

У апошніх даследаваннях PISA 2012 прынялі ўдзел 65 краін і адміністратыўных рэгіёнаў (такіх, як Шанхай), што складае больш за 80% сусветнай эканамічнай прасторы. Даследаванні рабіліся ў трох кірунках: матэматычная кампетэнтнасць, чытанне і разуменне тэкстаў і кампетэнтнасць у прыродазнаўчых навуках. Рэйтынг эфектыўнасці адукацыйнай палітыкі прыведзены ў табліцы

Прапануем некаторыя высновы, якія зрабілі спецыялісты з даследаванняў PISA 2012 года. 

Што робіць школы паспяховымі? Рэсурсы, палітыка і практыка 

• Найлепшыя вынікі паказалі краіны і адміністратыўныя рэгіёны, якія зрабілі стаўку на павышэнне прафесіяналізму настаўнікаў. 

• Cупрацоўніцтва паміж школамі і настаўнікамі, спрыяльная адукацыйная атмасфера і добрыя ўзаемаадносіны паміж настаўнікамі і вучнямі былі больш эфектыўнымі, чым рыначныя механізмы. 

• Школы з большай аўтаноміяй, якія маюць незалежныя навучальныя праграмы і сістэмы ацэнкі, як правіла, працуюць лепш, чым школы з меншай свабодай, якія з'яўляюцца часткай школьных сістэм і маюць больш механізмаў справаздачнасці. 

• Аналіз дадзеных PISA паказаў, што для атрымання добрых вынікаў важна, як размяркоўваюцца рэсурсы, а не толькі колькасць наяўных рэсурсаў. Найбольш паспяховыя адукацыйныя сістэмы, якія паказалі добрыя вынікі навучання, як правіла, размяркоўваць рэсурсы больш справядліва, незалежна ад сацыяльна-эканамічных паказчыкаў школ. 

• Школы большасці краін паміж 2003 і 2012 гадамі сталі лепш укамплектаванымі і лепш абсталяванымі. 

• Вырасла (у параўнанні з 2003 годам) колькасць вучняў, якія прайшлі прынамсі адзін год дашкольнай адукацыі. Дзеці, якія не навучаліся ў дашкольных установах, мелі ніжэйшыя паказчыкі. 

• Калі бацькі маюць магчымасць выбіраць школу для свайго дзіцяці, яны хутчэй за ўсё разгледзяць такія крытэрыі, як «бяспечнае школьнае асяроддзе» і «добрая рэпутацыя школы», чым «добрая паспяховасць вучняў у школе». 

• У 37 краінах – удзельніцах даследаванняў сярод вучняў, якія наведваюць прыватныя школы (як падпарадкаваныя, так і незалежныя ад дзяржавы), большсацыяльна-эканамічна паспяховых, чым сярод вучняў, якія наведваюць дзяржаўныя школы. 

• У перыяд з 2003 па 2012 год існавала выразная тэндэнцыя выкарыстоўваць ацэнку вучнямі школы для параўнання школ паміж сабою або складання нацыянальнага рэйтынгу школ. 

• Паводле апытання вучняў, адносіны настаўнік – вучань палепшыліся за перыяд з 2003 па 2012 год ва ўсіх, акрамя адной краіны, і адукацыйны клімат і дысцыпліна таксама палепшыліся ў гэты перыяд, у сярэднім па краінах АЭСР і ў 27 асобных краінах і эканоміках.  

Гатоўнасць да вучобы: Матывацыя, стымулы і самаацэнка 

• Расслаенне ў школьным навучанні, якое з'яўляецца вынікам палітыкі (пакіданне на другі год, ранняе раздзяленне дзяцей па кірунках адукацыі ці тыпах школ), адмоўна ўплывае на вынікі навучання, і вучні ў моцна стратыфікаваных сістэмах, як правіла, менш матываваныя, чым у сістэмах з меншым расслаеннем. 

• Вучні, чые бацькі ўскладаюць вялікія надзеі на іх, маюць чаканні, што іх дзеці атрымаюць вышэйшую адукацыю і ў будучыні будуць працаваць на кіраўнічых пасадах ці рабіць прафесійную кар’еру, як правіла, больш настойлівыя, больш унутрана матываваныя да навучання матэматыцы і больш упэўненыя ва ўласных здольнасцях у матэматыцы, чым вучні з аналагічным сацыяльна-эканамічным статусам і акадэмічнай паспяховасцю, але чые бацькі маюць менш амбіцыйныя чаканні адносна іх. 

• У той час, як чатыры з пяці вучнях у краінах – сябрах АЭСР згодныя або цалкам згодныя з тым, што яны адчуваюць прывязанасць да сваёй школы і шчаслівыя ў школе, не ўсе вучні аднолькава схільныя паведамляць пра моцнае пачуццё прыналежнасці. 

• Адсутнасць пунктуальнасці і прагулы адмоўна звязаныя з паспяховасцю навучэнцаў: у сярэднім па краінах АЭСР спазненні ў школу звязаныя са стратай 27 балаў у матэматыцы, у той час як пропускі ўрокаў паказваюць зніжэнне на 37 балаў у матэматыцы – эквівалент амаль поўнага года фармальнай школьнай адукацыі. 

• Вучні, адкрытыя для рашэння матэматычных задач (г.зн. тыя, хто лічыць, што яны могуць успрыняць шмат інфармацыі, хутка зразумець умовы, адшукаць тлумачэнне, лёгка звязаць факты разам і хацелі б рашаць складаныя задачы), у сярэднім паказваюць на 30 балаў лепшыя вынікі па матэматыцы, чым тыя, хто менш адкрыты для рашэння задач. Сярод здольных вучняў розніца паміж гэтымі дзвюма групамі яшчэ большая – у сярэднім 38 балаў. 

• У большасці краін непаспяховыя ў матэматыцы вучні таксама паказваюць больш нізкія ўзроўні заангажаванасці, удзелу, матывацыі і самаацэнкі. Вучні, якія пераадолелі сваю непаспяховасць і дасягнулі больш высокага ўзроўню, пазбаўляюцца гэтай залежнасці, насамрэч, яны набываюць многія з якасцей, які спрыяюць высокай паспяховасці. 

• Чым лепшыя стасункі паміж вучнямі і настаўнікамі ў школе, тым большая заангажаванасць вучняў у навучанне. 

• Адна з прычын нізкай самаацэнкі вучняў – гэта трывога перад матэматыкай. Каля 30% вучняў паведамілі, што адчуваюць сябе бездапаможнымі, калі робяць заданне па матэматыцы: 25% хлопчыкаў, 35% дзяўчат; 35% слабых і 24% здольных вучняў паведамілі, што адчуваюць тое самае. 

• Вынікі PISA паказваюць, што нават, калі дзяўчаты выконваюць тыя ж матэматычныя заданні, што і хлопчыкі, яны, як правіла, праяўляюць менш настойлівасці, менш жадання да рашэння задачы, менш унутранай матывацыі да вучобы, менш веры ў сябе, у свае здольнасці да навучання матэматыцы, чым хлопчыкі. У сярэднім яны часцей за хлопчыкаў звязваюць няўдачы ў матэматыцы з сабой, чым са знешнімі фактарамі. 

Што гэта значыць для палітыкі і практыкі 

Сыходзячы з таго, што станоўчы навучальны клімат з'яўляецца неабходнай перадумовай для лепшых навучальных дасягненняў, важна прыцягваць найбольш таленавітых педагогаў у самыя складаныя класы і забяспечыць, каб дзеці з розных сацыяльна-эканамічных слаёў мелі карысць з такога клімату. 

Прыемна адзначыць, што навучальнае асяроддзе значна палепшылася за перыяд з 2003 да 2012 год, нягледзячы на тое, што яшчэ застаюцца школы з дрэнным навучальным асяроддзем ва ўсіх краінах і эканамічных прасторах. 

Вынікі PISA паказваюць: пры параўнанні дзвюх школ, дзяржаўных ці прыватных, аднолькавага памеру, якія знаходзяцца ў адным і тым жа месцы, з вучнямі, якія маюць аднолькавае сацыяльна-эканамічнае становішча – адукацыйны клімат, як правіла, лепшы ў той школе, якая не пакутуе ад недахопу кваліфікаваных настаўнікаў. Недахоп настаўнікаў і адукацыйны клімат ўзаемазвязаныя паміж сабой.  

Якасць школы не можа быць лепшай за якасць яе настаўнікаў і кіраўнікоў. Краіны, якія палепшылі свае паказчыкі ў PISA, такія як Бразілія, Калумбія, Эстонія, Ізраіль, Японія і Польшча, прытрымліваюцца паслядоўнай палітыкі па паляпшэнні якасці выкладчыцкага складу. Гэтыя краіны патрабуюць наяўнасці выкладчыцкай ліцэнзіі, ствараюць стымулы для самых паспяховых навучэнцаў, каб заахвоціць іх да педагагічных прафесій, павышаюць заработную плату, каб зрабіць гэтую прафесію больш прывабнай, або прапаноўваюць стымулы для настаўнікаў, каб яны ўдзельнічалі ў трэнінгах і педагагічных праграмах. Хаця аплата працы настаўнікаў – гэта толькі частка раўнання: больш высокія зарплаты могуць дапамагчы школьнай сістэме прыцягнуць лепшых кандыдатаў у настаўніцкую прафесію. 

Вынікі PISA паказваюць, што сярод краін, дзе ВУП на душу насельніцтва большы за 20 000 долараў ЗША, найлепшыя паказчыкі маюць сістэмы школьнай адукацыі, дзе настаўніку плацяць больш за суму, якую складае нацыянальны даход на душу насельніцтва. 

Сістэмы адукацыі таксама павінны гарантаваць, што настаўнікі размяркоўваюцца ў школы і да вучняў, дзе яны могуць прынесці найбольшую карысць. Маюцца на ўвазе: адпаведная сістэма найму для забеспячэння таго, каб непаспяховыя школы атрымлівалі дастаткова кваліфікаваных выкладчыкаў; распрацоўка стымулаў і праграмы прыцягнення кваліфікаваных выкладчыкаў у гэтыя школы; упэўненасць, што настаўнікі ў непаспяховых школах удзельнічаюць ў навучанні і трэнінгах (даследаванні паказваюць, гэтыя настаўнікі маюць менш шанцаў прыняць удзел у прафесійнай перападрыхтоўцы). 

Настаўнікі і дырэктары школ павінны выяўляць вучняў з прыкметамі адсутнасці матывацыі і працаваць з імі індывідуальна, інакш пасіўнасць атрымае трывалыя карані. Школам варта дапамагаць вучням у паляпшэнні іх навучальнага навыка, развіваць іх гатоўнасць вырашаць праблемы, стымуляваць іх настойлівасць і здольнасць да ўпартай працы. Настаўнікі могуць дапамагчы вучням развіваць настойлівасць і матывацыю шляхам падтрымкі іх намаганняў, усталявання высокіх чаканняў іх дасягненняў, перадачы ім вялікай ступені адказнасці за свае дасягненні, а таксама выкарыстання памылак вучняў як магчымасцей для навучання. 

Настаўнік можа спрыяць павышэнню у вучняў цікавасці і гатоўнасці мець справу са складанымі заданнямі. Выкарыстанне стратэгіі кагнітыўнай актывацыі, напрыклад, прадастаўленне заданняў, якія патрабуюць думаць над імі доўгі час, пастаноўка задач, для якіх не існуе хуткага ці відавочнага спосабу рашэння, і дапамога вучням вучыцца на памылках, якія яны зрабілі. 

Сапраўды, вучні, якія паведамілі, што іх выкладчыкі матэматыкі выкарыстоўваюць ясныя інструкцыі (напрыклад, настаўнік дае выразныя мэты для навучання і просіць вучняў прадставіць свае рашэнні ці развагі на працягу пэўнага часу) і актыўную ацэнку (напрыклад, настаўнік дае вучню зваротную сувязь пра яго моцныя і слабыя бакі ў матэматыцы), паказалі высокі ўзровень настойлівасці, адкрытасці да вырашэння праблем, і гатоўнасці вывучаць матэматыку для далейшай кар'еры. Тым не менш, выкарыстанне такіх стратэгій сярод настаўнікаў не атрымала шырокага распаўсюджвання: толькі 53% вучняў паведамілі, што іх настаўнікі часта даюць задачы, якія патрабуюць, каб яны думалі працяглы час, і 47% паведамілі, што іх настаўнікі часта даюць задачы, для якіх няма адразу бачнага спосабу рашэння. У сярэднім у краінах АЭСР толькі 17% вучняў паведамілі, што іх настаўнік выкарыстоўвае ў якасці заданняў праекты, якія патрабуюць прынамсі аднаго тыдня працы.  

Канада з'яўляецца больш паспяховай у гэтым плане: 60% вучняў паведамілі, што іх настаўнікі часта давалі задачы, для якіх няма адразу бачнага адказу ці спосабу рашэння, і 66% паведамілі, што іх настаўнікі часта выкрыстоўваюць заданні, якія патрабуюць абдумвання на працягу доўгага прамежку часу. 

Сістэмы адукацыі могуць і павінны больш спрыяць развіццю здольнасцей навучэнцаў працаваць у напрамку доўгатэрміновых мэтаў. 

Бацькі, якія маюць амбіцыйныя чаканні ад іх дзяцей, матывуюць і накіроўваюць іх у працэсе навучання, – ствараюць умовы, якія спрыяюць акадэмічнай паспяховасці і набыццю навыкаў. 

Сістэма адукацыі таксама можа спрыяць высокай матывацыі да навучання, калі яна забяспечвае стаўленне да ўсіх вучняў як да патэнцыйна паспяховых. PISA паказвае, што, калі сістэма адукацыі рана раздзялае вучняў на аснове здольнасцей і накіроўвае іх у розныя плыні і школы, матывацыя да навучання і паспяховасць вучняў падае. Гэта сведчыць пра тое, што толькі тады, калі сістэма адукацыі культывуе, стымулюе, падтрымлівае і артыкулюе веру, што ўсе вучні могуць дасягнуць больш высокага узроўню, толькі тады вучні адчуваюць у сабе жаданне дзейнічаць, і дасягаюць лепшых вынікаў у навучанні. 

Цікавыя факты 

- Найлепшы рэйтынг навучальных дасягненняў мае Шанхай, найгоршы – Перу. Разрыў у балах паміж верхнім і ніжнім радкамі рэйтынгу эквівалентны шасці гадам навучання.

- В’етнам мае больш высокі ўзровень адукацыі, чым у Злучаных Штатах. 

Дзеці Паўднёвай Карэі з’яўляюцца найменш шчаслівымі ў школе, а таксама яны маюць адну з самых высокіх паспяховасцей. 

• Самыя шчаслівыя школьнікі, паводле дадзеных, сабраных PISA, жывуць ў Інданезіі і Перу. Яны маюць найгоршыя вынікі ў свеце. 

Вялікабрытанія не змагла паказаць ніякіх рэальных прыкмет руху. Прадстаўнік АЭСР лічыць, што для паляпшэння сітуацыі Вялікабрытаніі неабходна адысці ад «індустрыяльнага мыслення», а настаўнікам павінна быць нададзена «высокая ступень прафесійнай аўтаноміі». 

- Калі б штат Масачусэтс ЗША быў у рэйтынгу як асобная краіна, ён бы меў адны з найлепшых паказчыкаў у свеце. 

- Уражвае розніца паміж поўначчу і поўднем Італіі. Рэгіён Венета на поўначы трапляе ў сусветныя лідэры, а Калабрыя на поўдні знаходзіцца ў рэйтынгу побач з Казахстанам. 

• Чылі мае найлепшыя школьныя вынікі ў Паўднёвай Амерыцы, Перу – найгоршыя. 

- У сярэднім па краінах АЭСР 13% вучняў могуць выконваць заданні па матэматыцы на ўзроўні 5 або 6. Яны могуць працаваць з мадэлямі для вырашэння складаных сітуацый, працаваць стратэгічна, выкарыстоўваючы шырокае, добра развітае мысленне, развагі, навыкі. У той жа час 23% вучняў у краінах АЭСР і 32 % вучняў ва ўсіх краінах, якія ўдзельнічалі ў даследаваннях, не дасягнулі базавага ўзроўню 2. На гэтым узроўні вучні могуць атрымаць неабходную інфармацыю з адной крыніцы і выкарыстоўваць асноўныя алгарытмы, формулы, працэдуры для рашэння задач, у якіх задзейнічаны цэлыя лікі. 

- У перыяд з 2003 па 2012 год Італія, Польшча і Партугалія павялічылі колькасць моцных вучняў,і і адначасова скарацілі долю непаспяховых у матэматыцы. 

- Хлопчыкі лепш за дзяўчат у матэматыцы толькі ў 37 з 65 краін, якія ўдзельнічалі ў PISA 2012, а дзяўчаты апярэджваюць хлопчыкаў у пяці краінах.  

- У сярэднім па краінах АЭСР 8% вучняў паказваюць вынікі ў чытанні на ўзроўні 5 або 6. Гэтыя вучні могуць апрацоўваць незнаёмыя тэксты па форме або па змесце і могуць праводзіць дэтальны аналіз тэкстаў. 

- Паміж ацэнакамі PISA 2000 і 2012 гадоў Албанія, Ізраіль і Польшча павялічылі працэнт вучняў, якія выконвалі заданні на самым высокім ўзроўні і адначасова знізілі працэнт вучняў, якія не спраўляліся з заданнямі ў чытанні. 

- Паміж 2000 і 2012 гадамі гендэрны разрыў на карысць дзяўчат у прадукцыйнасці ў чытанні пашырыўся ў 11 краінах. 

- Шанхай – Кітай, Ганконг – Кітай, Сінгапур, Японія і Фінляндыя увайшлі ў пяцёрку лідэраў PISA 2012 г. у навуковай кампетэнтнасці. 

- У перыяд з 2006 па 2012 год Італія, Польшча і Катар, а паміж 2009 і 2012 гадамі – Эстонія, Ізраіль і Сінгапур павялічылі працэнт вучняў, якія выконваюць заданні на самым высокім узроўні і адначасова знізілі працэнт вучняў, якія не спраўляліся з заданнямі ў навуцы. 

- У краінах АЭСР 8% вучняў спраўляюцца з заданнямі ў навуцы на ўзроўні 5 або 6. Гэтыя вучні могуць вызначыць, растлумачыць і прымяніць навуковыя веды ў розных складаных жыццёвых сітуацыях. 

Як выглядае у даследаваннях PISA Еўропа 

Пакінем у спакоі першую пяцёрку лідараў. Па-першае, большасць лідараў прадстаўляюць не краіны, а азіяцкія гарады і адміністратыўныя адзінкі, хай сабе і вельмі шматлюдныя. У наступных даследаваннях 2015 года Кітай будзе выступаць як краіна, і лічбы рэйтынгаў будуць больш аб’ектыўнымі. Па другое, азіяцкія метады дасягнення вынікаў не заўсёды падыходзіць сваім «коштам» для астатняга свету. Муштра і перагрузкі карэйскіх школьнікаў, прыкладам, прывялі да таго, што яны пачуваюцца самымі нешчаслівымі сярод усіх даследаваных краінаў. Калі б асобныя штаты ЗША былі занесены ў рэйтынгавую табліцу паасобку, то, прыкладам, штат Масачусэтс перагнаў бы ўсе еўрапейскія краіны і трапіў бы ў пяцёрку лідараў па ўсіх трох кірунках даследаванняў, і гэта без ужывання патагоннай сістэмы ў адукацыі. Аднак ЗША як краіна выглядае не найлепшым чынам. Тое самае можна сказаць і пра вялікія па памерах паўднёва-амерыканскія краіны, і пра Расію, якая па ўсіх трох параметрах патрапіла ў раздзел адсталых. Сярод іншых краін вельмі добра выглядаюць Канада і Новая Зеландыя, Аўстралія. Афрыканскія краіны няма з чым параўноўваць, бо даследаванні праводзіліся толькі ў Тунісе. 

Таму больш лагічна разгледзець асобна Еўропу, насельніцтва, цывілізацыйныя каштоўнасці і тэрыторыя большасці краін якой сувымерныя з Беларуссю. 

Паводе PISA 2012 Фінляндыя па-ранейшаму займае першае месца сярод еўрапейскіх краін у прыродазнаўчых навуках і чытанні. Аднак у матэматыцы фіны саступілі свае пазіцыі адразу чатыром краінам: Ліхтэнштэйну, Швейцарыі, Нідэрландам і Эстоніі. Самы вялікі рывок па ўсіх кірунках зрабіла Польшча і Германія. Польшча заняла 3-е месца па чытанні і прыродазнаўстве і 6-е па матэматыцы сярод 35 краін Еўропы. Добрыя вынікі сярод посткамуністычных краін змаглі атрымаць толькі тыя, якія сканцэнтраваліся на сучаснай метадычнай падрыхтоўцы і стымуляванні працы настаўнікаў. А, прыкладам, Літва, дзе за павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў адказваюць па-ранейшаму адукацыйныя аддзелы пры раённых адміністрацыях, хоць і атрымала вялізныя грошы ад Еўрасаюза для рэфармавання сістэмы адукацыі, не мае добрых вынікаў. Германія таксама палепшыла свае паказчыкі, хаця значна адстае ад Польшчы і Эстоніі. Вялікабрытанія «топчацца на месцы» (10 – 13 месца), а Швецыя наогул зніжае свае паказчыкі. У краінах старой Еўропы шмат імігрантаў, і, адпаведна, гэтыя краіны вырашаюць праблему перабудовы сваіх адукацыйных сістэм пад новыя выклікі, каб падцягнуць паспяховасць і забяспечыць доступ да адукацыі для дзяцей з сем’яў з нізкім сацыяльна-эканамічным статусам – найперш імігрантаў. 

PISA 2012 паказала, што доля вучняў–імігрантаў у краінах АЭСР ўзрасла з 9% у 2003 годзе да 12% у 2012, аднак за той жа перыяд розніца ў дасягненнях вучняў-імігрантаў, у параўнанні з вучнямі без імігранцкага мінулага, але з аналагічным сацыяльна–эканамічным статусам, скарацілася на 11 балаў. 

Расійская школа, на якую дагэтуль арыентуецца нашая краіна, застаецца несучаснай. Расійскія школьнікі пакуль не дэманструюць высокіх дасягненняў ва ўменні прымяняць школьныя веды ў жыцці, аднак іх функцыянальная пісьменнасць – матэматычная, чытацкая і прыродазнаўчая паступова расце, што эксперты звязваюць з «эфектам развіцця пакаленняў», а не з фармальнай адукацыяй. Пры гэтым застаюцца праблемы са школьнымі падручнікамі і падрыхтоўкай настаўнікаў, лічыць віцэ-прэзідэнт Расійскай акадэміі адукацыі. На яго думку, дапамагчы можа ўкараненне новых стандартаў для асноўнай школы, распрацаваных у «кампетэнтнасным» і «дзейнасным» падыходзе, а не ў духу «вывучы – запомні – паўтары». «І калі школа рэальна, а не на паперы, пяройдзе на новыя адукацыйныя стандарты, расійскія вынікі ў даследаванні PISA стануць значна лепшымі», – падкрэсліў эксперт. 


Тамара МацкевІч

Больш інфармацыі на афіцыйнай старонцы oecd.org