Нататкі пасля летняй школы пад Варшавай

Мікалай Запрудскі
09.07.2014

Як і мы, польскія педагогі, заклапочаны  якасцю адукацыі вучняў. Яны бачаць вырашэнне дадзенай праблемы ў павышэнні суб’ектнасці школьнікаў і стымуляванні  іх актыўнасці. Выкарыстанне актыўнай ацэнкі (АА) паказала, што менавіта гэтая сістэма навучання дае найбольшы адукацыйны эфект (чытачы нашага сайта ведаюць пра поспехі польскіх вучняў у даследаванні PISA).

Мне пашчасціла разам з Тамарай Мацкевіч і Аленай Радзевіч 4 дні паўдзельнічаць у працы Лабараторыі адукацыйнай практыкі, дзе настаўнікі разам з дырэктарамі школ навучаліся метадам паглыблення практыкі выкарыстання АА. Удзельнікі семінара з польскага боку – прадстаўнікі ўстаноў, якія належаць да руху “школ, якія вучацца”, школ у якіх сістэмна выкарыстоўваецца АА.  Мы пераканаліся, што ў АА заключаны больш глобокі патэнцыял ангажавання школьнікаў ў вучэбна-пазнавальную дзейнасць, чым гэта падаецца на першы погляд. Метады, якія вывучаліся на семінары,  тычацца ўзаемнага навучання настаўнікаў у групах, аналізу фактаў, абмену вопытам работы паміж настаўнікамі і школамі і да т.п.

Ніжэй прыведзены меркаванні аўтара наконт аднаго з метадаў: назіранне за выбранымі школьнікамі.  Як сведчылі ўдзельнікі семінара да таго, як яны пачалі назіраць і аналізаваць  дзейнасць вучняў, яны думалі, што працуюць лепш, чым на самой справе. У выніку вывучэння ў іх сфарміраваўся новы погляд на вучня, як на суб’екта дзейнасці.

Ідэя гэтага метаду простая. Яна выражаецца вядомай прымаўкай: з боку лепш відаць. Сапраўды, настаўнік, у якога 25 вучняў у классе, не мае магчымасці ўважліва назіраць за кожным з іх. Таму вынікі назірання з боку калег даюць яму важную інфармацыю.    

Назіранне за выбранымі вучнямі адбываецца ў адпаведнасці з наступнымі правіламі:

  • настаўнік выбірае 1-2 вучняў, якія ў яго выклікаюць пэўную занепакоенасць;
  • назіранне на ўроку праводзяць тыя настаўнікі, якія самі не працуюць з гэтымі вучнямі;
  • пры назіранні выкарыстоўваюцца крытэрыі, якія распрацоўваюць члены назіральнай групы. Яны адпавядаюць элементам АА, напрыклад, удзел вучня ў мэтавызначэнні, рэакцыі яго на зваротную інфармацыю і інш. (ствараецца наштобузу назірання). Назіральнікі могуць уключыць наступныя моманты: знешні выгляд, міміка, настрой, уважліваць, паводзіны, праца над настаўніцкімі заданнямі, колькі часу працаваў, ці часта паднімаў руку, якія тэмы яго больш цікавяць, узаемадзеянне ў пары  і групе і інш.;
  • пад час наведвання ўрока назіральнік вядзе пратакол назірання за вучнем;
  • сустрэча ўдзельнікаў назірання пасля наведвання ўрока;
  • пад час сустрэчы настаўнікі называюць толькі факты, але не даюць ацэначныя меркаванні;
  • на падставе назіранняў за асобнымі вучнямі робіцца характарыстыка класа;
  • адбываецца падрыхтоўка і складанне адпаведных рэкамендацый настаўніку гэтага вучня і бацькам.

Па сведчанні польскіх настаўнікаў, яны заўважылі, што ў выніку прымянення практыкі назірання ў школе дзеці сталі больш актыўнымі, матываванымі, іх вучэбныя дасягненні павысіліся. Яны ўбачылі  пазітыўны эфект не толькі ў вучняў, за якімі назіралі, але і ў іншых вучняў класа, бо многія праблемы з’яўляюцца тыповымі для навучэнцаў.

Канешне, назіранне за выбранымі вучнямі патрабуе дадатковага часу, але, калі настаўнікі разумеюць, што патэнцыял павышэння якасці адукацыі знаходзіцца ў дзейнасці вучняў, то яны ідуць на гэтыя выдаткі.