Наталля Ільініч
Група беларускіх настаўнікаў і метадыстаў прынялі ўдзел у летняй міжнароднай медыяшколе ў горадзе Буча ля Кіева. Арганізатарамі выступілі Акадэмія ўкраінскай прэсы (АУП) разам з праектам MyMedia / DANIDA, Інстытутам інавацыйных тэхналогій і зместу адукацыі Міністэрства адукацыі і навукі Украіны. Украінскія медыяпедагогі і вучні старэйшых класаў тых школаў, дзе ажыццяўляецца медыянавучанне, разам з беларускімі настаўнікамі і метадыстамі на працягу шасці дзён практычна асвойвалі, як стварыць школьную газету, блог.
Медыятрэнеры Сяргей Чарняўскі і Іна Гадзінская распрацавалі і ажыццявілі інтэнсіўны навучальны курс, у якім акрамя невялікіх, але вельмі насычаных, лекцый былі практычныя заняткі ў групах. Усе 42 ўдзельнікі падзяліліся на групы-“рэдакцыі “, размеркавалі ролі і стварылі пад канцец трэнінга гатовыя медыяпрадукты: 3 тэматычныя блогі і 2 сапраўдныя газеты. Вучнёўская школьная была названая “12 балаў”, а дарослыя сваю гарадскую газету назвалі “Праспект”. Калі навучанне скончылася, з рэдакцыі прывезлі свежанадрукаваныя газеты і кожны з удзельнікаў атрымаў на рукі па некалькі экземпляраў.
У час трэнінгу адбыліся сустрэчы з цікавымі асобамі – рэдактарамі газеты «Дзеркало тижня» Ірынай і Уладзімірам Маставымі, стваральнікам Грамадскага тэлебачання Украіны Андрэем Сайчуком.
Пасля вячэры украінскія медыяпедагогі правялі шэраг майстар-класаў, дзе прэзентавалі свой вопыт медыяадукацыі.
Беларуская каманда расказала пра дасягненні і праблемы медыяасветы ў сваёй краіне.
Вялікую цікавасць выклікала прэзентацыя медыяпедагога, праваабаронцы з Ялты Вольгі Скрыпнік “Як арганізаваць школьны медыяклуб”. Спадарыня Вольга таксама на практыцы паказала методыку абмеркавання фільмаў для педагогаў і правяла занятак па абмеркаванню фільма з вучнямі-юнкорамі.
У апошні дзень былі падведзены вынікі працы семінара і ўручаны сертыфікаты. Пасля гэтага для ўдзельнікаў семінара арганізатары зрабілі абзорную экскурсію па Кіеву.
Пра свае ўражанні ад медыяшколы гавораць беларускія ўдзельнікі
Іван Песенка, настаўнік гісторыі з Бабруйска
“Уражанні ад летняй медыяшколы толькі станоўчыя. Шчыра прызнаюся, чаканні былі трывожныя. Занадта шмат было негатыву ў СМІ перад сустрэчай. Але ўсё было арганізавана на вышэйшым узроўні. Ніякіх бытавых праблем не ўзнікала.
Нягледзячы на шчыльны графік (заняткі з 9 раніцы да 9 вечара ), усе ўдзельнікі працавалі з задавальненнем і, як вынік, за кароткі тэрмін мы стварылі 3 сайты і 2 газеты. Спадзяюся, што гэта была не апошняя наша вандроўка ў Кіеў.
І таксама спадзяюся, што калісьці у Беларусі адбудзецца і наша медыя-школа”.
Алена Палейка, настаўніца гісторыі, супрацоўніца Нацыянальнага інстытута адукацыі
“ Арганізатары медыяшколы добра ўсведамляюць (і здолелі данесці да нас):
- сваечасовасць нашай медыяшколы (суперактуальнасць масавай медыяадукацыі для нашых краін, для дзяцей і дарослых, ўвогуле ў сучасным медыяінфармацыйным свеце)
- разнастайнасць спосабаў медыяадукацыі (у школе і па-за школай, журналістыка, кіно, грамадзянская самаарганізацыя праз сацыяльныя сеткі)
- магчымасці інтэграцыі медыяадукацыі ў школу (праграмы-курсы-урокі і інш.)
Асабіста мяне больш за ўсё ўразілі людзі, іх стойкасць. Сонечныя дзеці, сапраўды свабодныя людзі, наша галоўная надзея!
Сяргей Фадзін, настаўнік фізікі з Гродна
“Больше всего запомнились: встреча с Юлией Мостовой и ее оценка ситуации в Украине, порадовало общение с украинскими детьми и сами дети просто замечательные, а по медиаобразованию больше всего понравилась инфографика, которую я планирую применять на уроках физики.”
Міхась Кудзейка, старшы выкладчык педуніверсітэта імя М. Танка
“Самым каштоўным з'яўлялася практыкаарыентаванасць семінара, дзе кожны з удзельнікаў атрымаў цікавы вопыт выдання школьнай газеты, арганізацыі блога. Вельмі ўразіў вопыт калег па арганізацыі кінаклуба. Склаліся ўяўленні аб магчымасці выкарыстоўваць элементы медыяадукацыі ў навучальным працэсе, на ўроках. Вельмі карыснымі былі сустрэчы з цікавымі людзьмі. Прысутнасць на семінары дзяцей дала магчымасць убачыць іх зацікаўленасць медыяадукацыяй і ўстанавіць станоўчы вынік іх самастойнай творчай дзейнасці.”
Настаўнік гісторыі
“Вельмі хацелася паехаць на Украіну і паглядзець сваімі вачыма, што там адбываецца. Ад навін пра ўкраінскія падзеі апошнія месяцы было вельмі балюча, проста сэрца крывёю аблівалася. Цяпер я ўбачыў украінцаў – гэта годныя, светлыя, мэтанакіраваныя людзі. Яны спакойныя, бо ўпэўненыя ў сваёй перамозе, што іх справа справядлівая.
Што тычыцца зместу семінара, то для сябе, як настаўнік гісторыі, я ўзяў вопыт пра арганізацыю выдання школьнай газеты і пра стварэнне школьнага медыяклуба. Пастараюся ажыццявіць такія праекты са сваімі вучнямі.”
Таццяна Архіпенка
“Медыяшкола пакінула найлепшыя ўражанні. Праграма цудоўна спалучала інфармацыйную частку з практычнай, што асабліва важна, бо дало магчымасць убачыць ў працэсе, як ствараюцца мультымедыйныя блогі і школьная газеты, атрымаць гатовы прадукт. Была магчымасць абмяняцца і міжнацыянальным досведам, паглядзець ,у якім кірунку развіваюцца ўкраінскія школы – гэта цудоўна матывуе на далейшую дзейнасць ў сферы медыяадукацыі.
Дзякуй вялікі арганізатарам і лектарам! “
Усе матэрыялы медыяшколы змешчаны тут
Адрасы блогаў у інтэрнэце, створаных удзельнікамі медыяшколы ў час навучання
- Бучанскі парк. Што трэба ведаць турысту: http://buchapark.blogspot.com/
- Ці можа давяраць медыя? http://stopwrong.blogspot.com/
- Україна і Беларусь: пад адным небам: http://friendship-of-nations.blogspot.com/
Украінскі сайт “Медыяадукацыя і медыяграматнасць”
Ва ўкраінскіх медыяадукатараў ужо ёсць некалькі падручнікаў і дапаможнікаў, шмат распрацовак урокаў, прэзентацый вопыту. Усё гэта можна знайсці на спецыяльным сайце па медыяадукацыі:
Яшчэ фота пра медыяшколу ў Бучы можна паглядзець на сайце Акадэміі ўкраінскай прэсы тут