Гл. таксама: Алена Ананчыкава. Крытэрыі дынамічнага ацэньвання
У сёлеташнім дакладзе Адкрытага ўніверсітэта Вялікабрытаніі вылучаны дзесяць найбольш значных новаўвядзенняў, якія сур'ёзна змяняюць адукацыйную практыку. Пачнем разгляд гэтых інавацый з дынамічнай ацэнкі (ацэнкі для падтрымкі навучання).
Прадстаўленне вучню персаналізаванай інфармацыі, каб падтрымаць яго навучанне.
Асноўнае палажэнне дынамічнай ацэнкі: больш важна ацаніць патэнцыял вучня ў навучанні, чым вымераць тое, што ён ужо зрабіў.
Тэсціраванне (або праверка ведаў) выступае ў якасці дыягнастычнага інструмента, што дазваляе настаўніку або камп’ютару прапанаваць у працэсе ацэнкі рэкамендацыі для вучня. Такім чынам, яно адрозніваецца ад звычайнага тэсціравання як у ацэнцы, так і ў суправаджэнні (падказванні кірунку) прагрэсу вучня.
Адносіны паміж ацэншчыкам і вучнем не з'яўляюцца нейтральнымі, паколькі агульная мэта – знайсці прыдатныя спосабы падтрымкі навучання вучня.
Роля ацэншчыка – выявіць цяжкасці ў навучанні, а затым прапанаваць вучню адпаведныя стратэгіі пераадолення гэтых цяжкасцяў. Ацэнка і ўздзеянне на працэс навучання аб’ядноўваюцца ў працэсе дынамічнай ацэнкі.
Як спосаб непасрэднай падтрымкі вучня, дынамічная ацэнка можа паведаміць настаўніку пра тэмы і засваенне навыкаў, з якімі многія вучні маюць праблемы, і гэта можа дапамагчы настаўніку ўдасканаліць і палепшыць працэс выкладання.
Таксама дынамічная ацэнка можа матываваць навучэнца задумацца аб сваім навучанні і вырашыць, якія веды яму трэба палепшыць. Гэта асабліва каштоўна для развіцця навыкаў ХХІ стагоддзя: аргументацыі, вырашэння праблем, прыняцця рашэнняў, лідарства, крэатыўнасці і граматнасці.
Зона бліжэйшага развіцця
Падвойная функцыя ацэнкі і паляпшэння навучальных дасягненняў вучня абапіраецца на паняцце зоны бліжэйшага развіцця (ZPD).
Гэта адрозненне паміж тым, што вучань можа зрабіць без старонняй дапамогі, і тым, што можа зрабіць з дапамогай.
Напрыклад, вучню, які спрабуе выдумаць спосаб вымярэння вышыні будынка, можна прапанаваць скарыстацца таймерам або датчыкам нахілу, які ёсць амаль у кожным мабільным тэлефоне. Падказаць, што мабільны тэлефон можа быць выкарыстаны для вырашэння гэтай задачы, а затым, як гэта можна зрабіць без ведання алгебры. (Знайсці кропку, з якой верх дома будзе бачны пад вуглом 45 градусаў, тады адлегласць да будынка будзе роўнай вышыні дома).
Камбінаванне вымярэння фактычнага ўзроўню развіцця вучняў з працай над зонай бліжэйшага развіцця (тым, што яны маглі б дасягнуць з адпаведнай дапамогай) дазваляе дасягнуць нашмат большых навучальных вынікаў, чым простая ацэнка ўзроўню вучня, як, напрыклад пры здачы тэсту IQ.
Метады
Метады дынамічнай ацэнкі распрацаваны такім чынам, каб дазволіць ацэншчыку (гэта можа быць настаўнік ці камп'ютарная праграма-рэпетытар) вымераць эфект уздзеяння або ўрока на дасягненні вучня. Як правіла, для гэтага праводзіцца папярэдняе тэсціраванне ведаў або ўменняў вучня, за якім ідзе ўрок або іншае ўздзеянне на навучанне, і пасля зноў тэст, каб убачыць, як веды ці ўменні змяніліся.
«Папярэдні тэст – уздзеянне – выніковы тэст». Метад нагадвае традыцыйную праверку, але тут мэта не правесці навуковае даследаванне, а выкарыстаць атрыманую інфармацыю, каб скіроўваць кожнага вучня і інфармаваць настаўніка. У такім «сэндвіч-фармаце» вучні атрымліваюць кощчынг паміж уваходным і выніковым тэстам. У якасці альтэрнатывы існуе «фармат пірага», калі вучань атрымлівае падказкі падчас тэсціравання. Гэтыя два метады можна камбінаваць. Як у прыведзеным вышэй прыкладзе, вучню можна даць падказку: скарыстацца дапамогай датчыка нахілу, або знайсці вугал, пры якім не спатрэбяцца алгебраічныя вылічэнні. Затым усе вучні ідуць на вуліцу, каб вымераць вышыню будынка школы, і яны выконваюць заданне індывідуальна, каб праверыць і ўбачыць, ці яны могуць прымяніць свае веды на практыцы.
Існуе таксама інтэрактыўная метадалогія, якая засяроджваецца на зоне бліжэйшага развіцця. У гэтым выпадку настаўнікі і вучні працуюць над задачай разам, настаўнік пры гэтым увесь час дае адпаведныя рэкамендацыі.
Адрозненні паміж дынамічнай і звычайнай статычнай ацэнкай ў тым, што:
• фокус дынамічнай ацэнкі накіраваны на будучыню, на развіццё, у той час як статычная ацэнка вымярае мінулыя дасягненні;
• адносіны ацэншчыка і вучня адрозніваюцца, так як ацэншчык умешваецца ў працэс;
• пры дынамічнай ацэнцы існуе зваротная сувязь з вучнем у працэсе ацэнкі.
Прыклады
Прыкладам дынамічнай ацэнкі ва ўніверсітэце было размеркаванне студэнтаў на курс іспанскай мовы па групах з розным узроўнем ведаў.
У гэтым выпадку ацэншчыца прапанавала студэнтам перагледзець свае адказы, у якіх былі памылкі.
Некаторыя студэнты скарысталіся прапановай і змаглі палепшыць свае вынікі, у той час як іншыя не змаглі. Тыя, хто змог перагледзець свае адказы правільна, былі залічаныя ў групы з вышэйшым узроўнем выкладання.
Другі прыклад узяты з школьнай практыкі.
Урок з дзецьмі ва ўзросце 8 - 9 гадоў, якія вывучалі магнетызм. Настаўнік абмяркоўваў тэму з дзецьмі і быў вельмі ўважлівы, каб адчуць зону бліжэйшага развіцця кожнага дзіцяці, дапамагаючы класу перайсці ад паўсядзённых словаў, такіх як «прыліпае», «уцякае», да выкарыстання навуковых тэрмінаў, такіх як «прыцягваецца» і «адштурхоўваецца».
Прадстаўленне дынамічнай ацэнкі кожнага вучня і даванне своечасовых рэкамендацый з'яўляецца складанай задачай для настаўніка ў класе.
Робяцца спробы, накіраваныя на распрацоўку праграмнага забеспячэння для выканання гэтага працэсу. Напрыклад, сістэма OpenEssayist дае імгненную зваротную сувязь для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў па праектах іх эсэ. Сістэма аналізуе эсэ і прапануе кароткі выклад ключавых фраз, якія дазваляюць навучэнцам ўдакладніць сваю працу.
Высновы
Дынамічная ацэнка падвяргаецца крытыцы на падставе яе надзейнасці. Для таго, каб пабудаваць надзейны тэст, пункты павінны быць стабільнымі, але працэдура дынамічнай ацэнкі свядома звязана са змяненнем, а не з стабільнасцю.
Тым не менш, галоўная каштоўнасць у высновах, наколькі добра вучань прагрэсуе, і ў дынамічнай ацэнцы гэтыя высновы з'яўляюцца абгрунтаванымі. Дынамічная ацэнка ставіць новыя патрабаванні да настаўнікаў, кантрольна-вымяральныя прыборы для выкарыстання ў класе ўжо збудаваныя.
Дынамічную ацэнку варта разглядаць як частку дыяпазону інструментаў ацэнкі, якія індывідуальна дапамагаюць навучэнцам поўнасцю раскрыць свой патэнцыял у навучанні.