14-е «Беларускае пяціборства» (фота)

Быць канкурэнтаздольным у чалавечым асяродку

Міхась Булавацкі, старшыня журы беларускага пяціборства

Нядаўна давялося падслухаць размову двух мужыкоў.

– Ты слышал: новый министр образования заявил, что история будет преподаваться по-белорусски?

– Какой маразм!

Я не ўтрымаўся:

– А я чуў, што ў Францыі гісторыю выкладаюць па-французску.

– Га, так это ж Франция!

– А ў нас што?

– У нас Беларусь.

– І на якой мове тут выкладаць?

– Так тут белорусский язык уже забыли. Его не существует.

– Гэта вы забылі сваю мову. А я не забыў.

– Ну и кто, кроме вас, ею пользуется?

– Сярод маіх знаёмых такіх шмат. А нядаўна ва ўніверсітэце было праведзена “беларускае пяціборства”, спаборніцтва для лепшых школьнікаў. Добраахвотна рашаць матэматычныя задачы па-беларуску сабраліся 45 маладых людзей з усёй вобласці.

– Да ну!..

Суразмоўцы пераглянуліся, паціснулі плячыма і пайшлі.

Чамусьці тое, што знаходзяцца ахвотнікі развязваць матэматычныя задачы на беларускай мове, усё яшчэ некаторых здзіўляе. Шчыра кажучы, гэта і мяне, ініцыятара пяціборства, крыху здзіўляе. Але ж такія знаходзяцца. Яны прыходзяць з сваім кволым веданнем роднай мовы, дапускаючы па дзесяць-дваццаць памылак на сотню слоў, папрактыкавацца ў карыстанні роднай мовай у раней неасвоенай для іх моўнай прасторы. Амаль усе з рускамоўных школ, у якіх (нярэдкая з’ява) настаўнікі беларускай мовы і літаратуры па-за ўрокамі пераходзяць на рускую мову, дэманструючы тым самым непатрэбнасць роднай мовы ў жыцці.

Хто навучыў беларускай мове? – пытаецца ў іх анкета пяціборства. Вядоўца падкрэслівае: адкажыце не “хто вучыў”, а “хто НАвучыў”. І яны адказваюць з дзіцячай шчырасцю: навучыла бабуля – 4 адказы, навучылі бацькі (ці бацька, ці маці, ці брат) – 5 адказаў, навучылі бацькі з настаўнікамі – 4 адказы, навучыўся сам (сама) – 2 адказы. Усё ж большасць (29 з 45) прызналі ў гэтай справе галоўную ролю настаўнікаў. А той, чыя мова і чые веды ў літаратуры былі прызнаны лепшымі, напісаў амаль цытатай: “Наўчыўся я слоў беларускіх ад бацькі і дум беларускіх без школы і кніг.” Тут, праўда, паўстае пытанне: як можна “без кніг” так добра ведаць літаратуру? Але істотна тое, што чалавек ставіць тут школу далёка не на першае месца.

За чым яшчэ прыходзяць на пяціборства? Магчымасць папрактыкавацца ў беларускамоўным словаўтварэнні для большасці з іх тут не галоўнае. Больш важкая прычына ў тым жа, за чым ідуць на РТ (рэпецытыйнае тэставанне): вызначыць сваю канкурэнтаздольнасць у чалавечым асяродку. Самі яны яшчэ не сфармулююць гэта падобнымі словамі, але сутнасць менавіта такая.

Ёсць людзі, якія баяцца спаборнічаць, бо баяцца прайграць. Некалькі разоў я запрашаў дзяцей сваіх знаёмых на пяціборства і некаторыя з іх адмаўляліся – маўляў, я напішу нейкае глупства і журы будзе смяяцца. Ну і што, – кажу, – няхай пасмяемся, затое потым скажам табе, што гэта няправільна і ты крыху паразумнееш. Не, не хачу, каб смяяліся, – адразала амаль дарослае дзіця.

Але баішся – значыць ужо прайграў. Прайграў, нават не спрабуючы пазмагацца. А ў выніку так і застанешся самым слабым, без прэтэнзій на высокія жыццёвыя ролі.

Тыя, хто прыходзіць на пяціборства, ужо выйгралі. Выйгралі, бо пераадолелі ў сабе баязлівасць прэтэндаваць на нешта. Нават той, хто заняў апошняе месца, перамог процьму тых, хто збаяўся прыйсці, каб пазмагацца. Радуе, што такіх “смельчакоў” становіцца ўсё болей. На гэты раз яны амаль запоўнілі вялікую ўніверсітэцкую залу.

Як і раней пасля кніжнай латарэі і ўступнага слова кіраўніка пяціборства спаборнікі прыступілі да выканання заданняў – з матэматыкі, гісторыі Беларусі, мовы, літаратуры і прыродазнаўства. На гэта давалася сто хвілін. На выхадзе, здаючы працу, кожны атрымаў аркуш з адказамі, па якіх адразу мог вызначыць праўдзівасць дадзеных ім самім адказаў.

Гэты элемент спаборніцтва яго ініцыятары зараз лічаць ці не найважнейшым. Дастаткова паглядзець, з якой звышцікавасцю ўглядаюцца юнакі і дзяўчаты ў тыя аркушы. Інфармацыя, здабытая з такім эмацыйным накалам, застанецца ў памяці надоўга, калі не назаўсёды. Як зрабіць, каб так чыталіся школьныя падручнікі?! І ў апошнія гады арганізатары пяціборства вырашылі гэта скарыстоўваць, каб узмацніць адукацыйную ролю спаборніцтва.

Вось Магілёў займеў новы герб. Новы, але той, які быў нададзены Магілёву яшчэ ў 17-м стагоддзі. Падзея не шараговая. Хто ведае гісторыю гэтага герба? – Амаль ніхто. Разумеючы гэта, мы ўстаўляем ў пяціборства пытанне пра гісторыю герба. Адказы амаль нулявыя. Але вось яны прачыталі пра той герб у аркушы з адказамі на выхадзе. Цяпер пра гісторыю магілёўскага герба будуць ведаць і яны, і іх сябры, іх родныя.

Тое ж – пра нядаўна адноўленую магілёўскую ратушу. Або пра знакавыя юбілеі падзей і герояў беларускай гісторыі.

На гэты раз мы вырашылі звярнуць увагу і на асобныя творы расійскай літаратуры. Напрыклад, адкуль узялося слова “манкурт” і што яно азначае. Панятак для нашага народа зараз даволі актуальны.

14-е “Беларускае пяціборства” з рэкорднай колькасцю ўдзельнікаў прайшло паспяхова. У той дзень журы не паспела падвесці вынікі. Яны з’явіліся некалькімі днямі пазней. І зараз можна агучыць імёны пераможцаў.

Трэцяе месца заняла дзевяцікласніца Асіповіцкай гімназіі Насця Шухава, дзякуючы найперш добрым ведам у матэматыцы. На другім месцы – васьмікласнік школы № 21 Магілёва Ілля Касакоў з лепшымі ведамі ў мове і літаратуры. Перамагла ж дзесяцікласніца 3-й Бабруйскай гімназіі Ангеліна Жыркевіч, найлепшым чынам развязаўшы ўсе матэматычныя задачы (чаго іншага было чакаць ад пераможцы абласной матэматычнай алімпіяды) і даўшы лепшы адказ на пытанне з гісторыі. Ангеліна перамагае на беларускім пяціборстве ўжо трэці раз – гэта рэкорд. Двойчы пераможцы ўжо былі. Напрыклад, яе старэйшая сястра Насця (зараз студэнтка БДУ) перамагала два разы. А тройчы пераможца з’явіўся толькі зараз. У Ангеліны маецца магчымасць давесці колькасць перамог да чатырох у наступным годзе, чаго мы ёй і зычым.

Гл. таксама: Беларускае пяціборства XIV: заданні і адказы