Тамара Мацкевіч
Серыю артыкулаў пра рэформу адукацыі ў Славаччыне лагічна завяршыць тым, што кінулася ў вока беларусам, якія высновы мы для сябе зрабілі.
- Спачатку трэба мяняць людзей, а потым законы
Славаччына мае больш агульнага з Беларуссю, чым многія іншыя посткамуністычныя краіны. У прыватнасці, тое, што неўзабаве пасля атрымання незалежнасці да ўлады прыйшоў рэжым папуліста і былога камуніста Мэч’яра, пры якім у дзяржаўных структурах, у тым ліку і ў міністэрстве адукацыі, інстытутах павышэння кваліфікацыі засталіся людзі старой сістэмы. Здаецца, дробязь – законы ж памянялі! Але застарэлыя стэрэатыпы чыноўнікаў, якія замацаваліся ў кабінетах і прадукуюць сабе падобных, не даюць сістэме развівацца, і законы, нават самыя дэмакратычныя, пры іх даюць збой.
Нешта мне падказвае, што такое можа здарыцца і ў нас. Лявон Баршчэўскі некалі сказаў, што трэба спачатку мяняць людзей, а потым законы, інакш яны працаваць не будуць. У Славаччыне мы мелі магчымасць пераканацца, што так яно і бывае.
Наведваючы дзяржаўныя ўстановы, мы заўважылі, наколькі адрозніваюцца людзі, якія выступалі перад намі ў дзяржаўных структурах, ад тых, хто “працуе ў полі”: настаўнікаў, сябраў грамадскіх ініцыятываў і нават бізнэсоўцаў, якія выдаюць школьныя газеты і метадычныя часопісы. У дзяржаўных кабінетах нас сустракалі такія знаёмыя нам стомленыя жанчынкі. Яны заўсёды здаюцца старэйшымі за свой ўзрост, бо створаная імі ж самімі атмасфера і разуменне дзелавога стылю адзення прымушае насіць маскі “начальнікаў сярэдняга звяна”. Менавіта людзі з дзяржаўных структур у адзін голас выступалі за неабходнасць школьнай формы, расхвальвалі свае праграмы, скардзіліся, што настаўнікам мала плацяць, і былі ўпэўненыя, што ў кепскай паспяховасці дзяцей вінаватыя бацькі… Адзінае – у Славаччыне ім не столькі волі, як у нас. Грамадскія арганізацыі, якія робяць за іх частку працы, яны недалюбліваюць, але “дэструктыўнымі” назваць іх не адважацца. І хаця паўнамоцтваў у іх няшмат, гэтыя мурашкі бюракратычнай працы могуць стаць тэрмітамі і знішчыць усё здаровае, што расце без іхнага кантролю. Менавіта гэта мы бачылі ў Славаччыне, дзе прынятыя прагрэсіўныя дэмакратычныя законы часта не працуюць з-за бюракратычных перашкодаў.
Я проста не ўяўляю, што будзем рабіць мы, калі здабудзем больш свабоды. Ці застануцца да той пары ў краіне людзі са стратэгічным мысленнем, здольныя працаваць у міністэрствах? Ці будзем мы ў стане пазбавіцца баласту ў нашых кабінетах, ці хопіць мужнасці сказаць дзякуй – вы нам больш не патрэбны?
Пакуль маюць уладу чыноўнікі – яны самі сабе знаходзяць занятак: выдумляць інструкцыі і кантраляваць іх выкананне. І ніякія загады пра скарачэнне папяровай працы і неўласцівых абавязкаў не паправяць сітуацыю настаўніка.
- “Не так важна, каб вучань ведаў, колькі у павука ног, важна, каб не адрываў іх”
Славакі незадаволеныя станам сваёй адукацыі: не хапае кваліфікаваных кадраў, фінансаў (заробак настаўніка 500—700 еўра, што складае толькі 60% ад заробку чалавека з вышэйшай адукацыяй у іншых галінах эканомікі). Аднак часцей за ўсё мы чулі не пра заробак, а пра каштоўнасны складнік у адукацыі. Менавіта захаванне і трансляцыю каштоўнасцяў славакі лічаць найгалоўнейшай мэтай адукацыі і вельмі занепакоеныя, што гэтая мэта выконваецца недастаткова.
Мне здаецца, гэта самы важны пасыл, які мы павінны ўсвядоміць і ўлічыць на будучыню.
Славакі кажуць, што ў іх школа пакуль не зарыентаваная на асобу: сістэма адукацыі прызвычаілася працаваць з “чалавечай масай”, не ўсе настаўнікі ўсведамляюць сапраўдныя мэты адукацыі – выхаванне маральных якасцяў і адказнасці. Толькі самарэалізаваны і накіраваны на супрацу індывід будзе прыносіць карысць грамадству. Уладзімір Бур’ян, былы супрацоўнік міністэрства адукацыі, а цяпер кіраўнік фірмы, якая займаецца даследаваннямі і выдае часопіс “Dobrá Škola,” праілюстраваў сапраўдную мэту навучання цытатаю настаўніцы: “Не так важна, каб вучань ведаў, колькі ў павука ног, важна, каб не адрываў іх”.
Славаччына пайшла нашмат далей за нас. Там ужо зразумелі, што каб пазбавіцца сацыяльнай агрэсіі, трэба даць больш свабоды, стварыць умовы, каб у школе вучню было ўтульна, каб ён адчуваў, што ён каштоўны для школы і для сваёй краіны. Пры недастатковым фінансаванні мы бачылі абадраныя сцены і нефарбаваныя фасады, але на калідорах – мяккія канапы, сталы і крэслы, індывідуальныя шафкі для ўсіх вучняў, падушкі ў бібліятэцы і дываны на падлозе ў пачатковых класах, на якіх можна прылегчы, калі вучань стаміўся. Тэндэнцыя ў свеце такая, што вучні вымушаныя ўсё больш часу праводзіць у школах: дзяцей да 5 класа павінны абавязкова забіраць бацькі. Таму ні пра якую сінтэтыку, пінжакі ды іншую школьную форму гаворкі быць не можа – дзецям павінна быць зручна і вучыцца, і адпачываць. Калі з’яўляюцца фінансы, школа іх траціць не на новы стэнд ці еўрарамонт, а на гэтыя зручнасці – прыкладам, паставілі душы і ракавіны для ног у раздзявальні перад спортзалай.
У нас жа школа не толькі не лічыцца з патрэбамі вучняў, а, наадварот, знішчае этычныя нормы. Вядома, што аўтарытарныя рэжымы не даюць рынку развівацца, каб захаваць сваю ўладу – беднымі лягчэй кіраваць. Але эканоміка, паводле Ральфа Дарэндорфа, адбудоўваецца за 6 год, а свядомасць за 60! Нашмат страшней, што несвабодная, нерэфармаваная з савецкіх часоў беларуская школа прывучае да маральнага рэлятывізму, несправядлівасці, канфармізму, замоўчвання важных тэмаў. Стала нормай, што настаўнікі ставяць “дзясяткі” не за прадметныя веды, а за наведванне хакею. Псеўдаграмадскія арганізацыі скажаюць паняцці добраахвотнасці і патрыятызму – вучні ўступаюць у БРСМ, бо іх палохаюць, што будуць праблемы з паступленнем. У школах нормай стала спісванне (г. зн. падман), самацэнзура. Прыпіскі, планы платных паслугаў, хамства адміністрацыі і неабмежаваныя паўнамоцтвы чыноўнікаў прывялі да таго, што ў школе цалкам знішчана атмасфера супрацоўніцтва, добразычлівасці, спагады, шчырасці. У гэтай атмасферы растуць нашы дзеці, думаючы, што так пабудаваны свет, пераносяць гэтыя “нормы” ў дарослае жыццё.
Тут мне ўзгадалася, як амерыканскі шаснаццацігадовы юнак-двоечнік вёз мяне на машыне і хваліўся, што ён добры кіроўца, ніколі не парушае правілы. Там устаноўку паважаць закон, клапаціцца пра сваю і чужую бяспеку і камфорт фармуе школа. Не парушаць закон – там прэстыжна. Уявіце, чым хваляцца нашы кіроўцы ці двоечнікі, калі распавядаюць пра свае подзвігі! У плане фармавання актыўнай каштоўнаснай пазіцыі і славацкай школе, і – асабліва – нашай ёсць куды расці.
- Чым больш свабоды, тым менш перашкод
Педагагічныя выданні
Некалі ў славацкіх настаўнікаў была дзяржаўная “Настаўніцкая газета”. Аднак яна дэградавала, а прымусовай падпіскі там не існуе, і газета знікла. Цяпер педагагічная прэса і метадычныя выданні – гэта камерцыйныя праекты, яны існуюць ва ўмовах рынку, таму друкуюць толькі патрэбную для настаўнікаў інфармацыю. Існуюць два папяровыя выданні з інтэрнэт-версіямі “Добра школа” і “Спадар настаўнік”. Настаўнікі на іх ахвотна падпісваюцца, дасылаюць свае артыкулы. Прыкладам, “Добра школа” мае наклад 4 тысячы асобнікаў, а ў рэдакцыі працуе 3 чалавекі – былыя настаўнікі. Метадычныя выданні (у тым ліку інтэрнэт-пляцоўкі) – таксама прыватныя бізнэсы: школы плацяць за падпіску ці за доступ да банку метадычных матэрыялаў. (Для параўнання, у беларускай дзяржаўнай “Настаўніцкай газеце працуюць каля 30 чалавек; камерцыйных выданняў, акрамя паслугаў напісання гатовых курсавых работ, шпаргалак і рэфератаў, – няма).
Трэба сказаць, што, паглядзеўшы на метадычныя дапаможнікі і праграмы, мы маглі б сёе-тое перадаць славакам з беларускага досведу. Прыкладам, мы не знайшлі ў Славаччыне больш-менш сучаснай пляцоўкі доўгатэрміновай узаемнай падтрымкі настаўнікаў праз дыстанцыйнае навучанне. Не бачылі вялікіх груп настаўнікаў, аб’яднаных якойсьці інавацыйнай ідэяй. Відаць, славацкія настаўнікі, хоць і знаходзяцца ў незайздросным у параўнанні з суседзямі стане, але не дайшлі яшчэ да стану беларускіх, якім зусім няма на каго спадзявацца. Таму апошнія самаарганізуюцца пад дэвізам “ратуем сябе самі”.
Прафсаюз – для абароны правоў, а не для размеркавання цукерак на Новы год.
Свабоды дэмакратычнай дзяржавы дазволілі настаўнікам аб’яднацца ў сапраўдны прафсаюз – Калегію выкладчыкаў, які бароніць іх інтарэсы. Цяпер у ім каля 3 тысяч настаўнікаў і шмат прыхільнікаў. У Славаччыне існуе і стары прафсаюз, які дастаўся ў спадчыну з савецкіх часоў, але, відаць, яго чакае такі самы лёс, як і тамтэйшую “Настаўніцкую газету”. Мэта Калегіі выкладчыкаў – змагацца за статус настаўніка ў грамадстве. Калегія выкладчыкаў звяртаецца ў парламент, лабіюе прыняцце законаў, змагаецца за павышэнне аплаты працы настаўнікаў, выступае супраць непрадуманай рэформы адукацыі, манаполіі дзяржавы на павышэнне кваліфікацыі. Калегія выкладчыкаў кантралюе кіраўнікоў школ і адміністрацыю, каб тыя не перавышалі свае працоўныя паўнамоцтвы. Старшыня Калегіі Уладзімір Црмоман зазначыў, што бывае, калі адміністрацыя школы не задаволена дзеяннямі і крытыкай актывістаў Калегіі, але не было ніводнага выпадку, каб кагосьці звольнілі. Пра пераслед актывістаў арганізацыі у дэмакратычнай дзяржаве гаворкі не можа быць.
Грамадскія ініцыятывы
Славакі маюць моцныя грамадскія арганізацыі, якія фінансуюцца міжнароднымі адукацыйнымі фондамі. Шмат якія з іх працуюць з настаўнікамі і дзецьмі з праблемных сем’яў – кампенсуюць недахопы афіцыйнай сістэмы адукацыі. Вядома, умовы для працы славацкіх грамадскіх арганізацый нашмат лепшыя за беларускія. Любая школа можа правесці трэнінг ці стаць пляцоўкай для апрабацыі інавацыйнай праграмы. Ніякіх дазволаў ёй не патрэбна – усё вызначае дырэктар. Дарэчы, дырэктар школы выбіраецца настаўнікамі і бацькамі. Таму ён толькі ім і падпарадкоўваецца. Міністэрства не мае права яго звольніць. Славацкія грамадскія арганізацыі маюць кваліфікаваных экспертаў і трэнераў, пішуць дапаможнікі для настаўнікаў. Аднак падручнік яны напісаць не могуць – тут міністэрства адукацыі мае сваю манаполію. Таксама, каб навучанне у межах праграмы грамадскіх арганізацый было залічана настаўніку як курс павышэння кваліфікацыі, трэба папярэдне атрымаць акрэдытацыю гэтай праграмы ў міністэрстве. Змест адукацыі ў Славаччыне палепшыць цяжка, настаўнікі гэтым не задаволеныя.
- Крокі, якія мусяць зрабіць беларусы
Калі паглядзець навокал, куды рухаецца свет, а потым на беларускую школу, становіцца ясным як дзень, што трэба зрабіць, хаця б дзеля таго, каб з нас не смяяліся.
- Даць паўнамоцтвы настаўнікам, школам, бацькам! Тое, што зрабілі ва ўсім свеце, рабілі і мы – беларусы – у раннія 1990-я, калі за год-два без кантролю, без прымусу былі створаны і ліцэі, і гімназіі, і мультыпрофільнае навучанне, і праграмы, і падручнікі, як грыбы пасля дажджу раслі беларускія школы… Тыя падручнікі, хай без карцінак, колішнія вучні ўзгадваюць дагэтуль, а настаўнікі называюць той небагаты на грошы час “росквітам беларускай адукацыі”.
Пад прымусам, пад двайным прэсам міністэрства і прэзідэнцкай вертыкалі, пабудаванай пазней, школа толькі дэградуе. Беларускае адукацыйнае начальства дайшло да таго, што не давярае настаўніку выбраць задачнік, а бацькам вырашыць, у што зручней апрануць уласнае дзіця, быццам бы тыя – самыя галоўныя яго ворагі! І самае страшнае, што гэтыя “нормы” праз несвабодныя сродкі масавай інфармацыі і інструкцыі індактрынуюцца ў галовы людзей, якія пачынаюць думаць “а можа так і трэба”.
Школы ўсяго цывілізаванага свету самі сабе абіраюць дырэктараў, і нічога. У фінскай школе настаўнікаў зусім не кантралююць – кантрольныя органы скарацілі, а сістэма Фінляндыі – найлепшая ў Еўропе. Для свету стала аксіёмай: чым болш свабоды мае чалавек, тым больш адказнасці за свае дзеянні ён бярэ на сябе. І настаўнік тут – не выключэнне. Толькі ў Беларусі ўсё больш закручваюцца гайкі, і нехта чакае, што ў школу-турму прыйдуць працаваць найлепшыя людзі.
- Акрамя дэцэнтралізацыі (п. 1), неабходна змяніць сістэму фінансавання ў адукацыі. Па-першае, трэба адразу і паўсюль увесці ваўчарнае фінансаванне, каб дзеці “прыносілі” грошы з бюджэту ў тую школу, якую выбралі іх бацькі. Па-другое, даць навучальным ўстановам сапраўднае (а не паперы) права распараджацца сваім бюджэтам. Тады школы будуць шукаць і стымуляваць лепшых настаўнікаў, выкарыстоўваць эфектыўныя і ашчадныя да здароўя навучальныя тэхналогіі, каб прывабіць вучняў, а не гарадзіць на калідорах стэнды з залатымі літарамі для праверак.
І тут магчыма абысціся без вялікіх выдаткаў. Скараціўшы армію кантралёраў і ідэолагаў, можна значна павысіць заробкі настаўнікам, і яшчэ застануцца сродкі на павышэнне кваліфікацыі. А разам з лішнімі чыноўнікамі знікнуць і перашкоды для прафесійнай самарэалізацыі, найперш бюракратыя.
- Ну і самае галоўнае – гэта каштоўнасці. Дзякуючы славакам мы зразумелі, што без паляпшэння агульнай атмасферы, без супрацы паміж ўсімі суб’ектамі адукацыйнага працэсу, без арыентацыі на нацыянальныя інтарэсы і каштоўнасці адукацыйная сістэма не будзе выконваць сваёй функцыі нават пры самым дэмакратычным і ліберальным заканадаўстве. Пакуль беларусы гэтага не ўсведамляюць – і гэта самая вялікая наша праблема!
Адукацыйныя ўлады робяць усё магчымае, каб школа была варожай да чалавека, які ў ёй працуе ці вучыцца. Менавіта атмасфера недаверу, падазронасці, скажоныя ўяўленні пра тое, якія функцыі павінен выконваць настаўнік, жаданне бачыць у любой арганізацыі ці ініцыятыве “дэструктыўную сілу” разбурае нашу адукацыю.
Настаўнікам кажуць: вы дзяржаўныя людзі – выконвайце патрабаванні начальства і прытрымлівайцеся ідэалогіі. Прабачце, гэта хлусня. Школа – гэта не падатковая інспекцыя ці выканкам. Настаўнікі – не чыноўнікі, якіх наймае дзяржава! Інакш бы яны мелі льготы, персанальныя пенсіі і ўсе іншыя выгоды, якія належаць дзяржаўным службоўцам. Настаўнікаў дзяржава “купляе” за народныя грошы на рынку працы для выхавання грамадзян. За колькі купляе – такая да іх і павага ў гэтай дзяржавы. Гледзячы на заробкі – настаўнік дзяржаве нічым не абавязаны.
У нашай краіне добры настаўнік хутчэй місіянер, які за сімвалічную плату нясе сваю місію: вучыць, выхоўвае, даглядае, каб не страціць для краіны наступнае пакаленне. У вольны ад работы час ён яшчэ спрабуе зарабіць грошы: хто на рэпетытарстве, хто на вырошчванні цыбулі. Дзяржава яму перашкаджае, як можа – прымушае зрываць урокі дзеля хакею ці дзяжурстваў у сталоўках. Тут спіс неўласцівых функцыяў можна доўжыць бясконца. Настаўнік, ды і вучань, для дзяржавы – не каштоўнасць! Каштоўнасці – не клопат сённяшняй дзяржавы. Гэта наша з вамі справа – справа людзей, беларусаў, грамадства – не дзяржавы, а краіны Беларусі.
Паціху беларускае грамадства гэта пачынае ўсведамляць. Дзякуючы намаганням бацькоў захоўваюцца беларускія школы, дзе дзеці растуць без комплексаў нацыянальнай непаўнавартаснасці, настаўнікі самаарганізуюцца для метадычнага навучання, перадачы досведу, самі пішуць для калег дапаможнікі, вядуць курсы і майстар-класы. Узнікаюць альтэрнатыўныя адукацыйныя асяродкі ў выглядзе клубаў, курсаў, гурткоў, дзе дзеці вучацца пасля школы, а таксама разам падарожнічаюць, абмяркоўваюць літаратурныя навінкі, удзельнічаюць у конкурсах… Пакуль усё здаровае, вартае ў нашай краіне расце знізу, на ўзбочыне ад афіцыйнай сістэмы адукацыі. Калі гэты новыя парасткі не замацаваць інстытуцыйна – будзем адраджацца ў падполлі кожныя сем год. І знікнем, калі не здолеем захаваць і перадаць наступным пакаленням нашыя каштоўнасці.
Гл. таксама:
1. Зузана Зімэнава: Рэформа – перадусім дэцэнтралізацыя
2. Марцін Крыж: Пра падводныя камяні, памылкі і перспектывы рэформы адукацыі
3. Грамадскія арганізацыі: Калі не можам змяніць міністэрства адукацыі, будзем яго выхоўваць